Некаторыя словы заўсёды знаходзяцца побач з намі. Мы чуем іх у размовах, сустракаем у кнігах, выкарыстоўваем, амаль не задумваючыся пра іх гісторыю. Іншыя словы паступова адыходзяць убок. Яны застаюцца ў старых слоўніках, у творах класікаў і класікінь, у гаворцы нашых бабуль і дзядуль або жывуць толькі ў пэўным рэгіёне.
Часам такое слова можна нечакана пачуць у вёсцы, у размове з роднымі або падчас звычайнай вандроўкі. Яно нібыта нікуды не знікала – проста чакала, пакуль яго зноў заўважаць.
У новым падкасце «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Ўладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выпраўляюцца на пошукі такіх словаў. Яны збіраюць рэгіянальныя выразы, павяртаюць у актыўную мову падзабытыя словы, размаўляюць пра фемінітывы і назіраюць за тым, як беларуская мова стварае новыя формы.
Але чаму менавіта «лоўца слоўцаў» ці «лоўца слоў»?
Ідэя назвы ўзнікла з вобраза лаўца сноў – традыцыйнага абярэга, звязанага з культурай карэннага народа Аджыбвэ ў Паўночнай Амерыцы.
Асновай лаўца сноў звычайна служыць кола, унутры якога пляцецца сетка. Паводле адной з традыцый, добрыя сны знаходзяць праз яе шлях да чалавека, а цяжкія і трывожныя заблытваюцца ў павуцінні і знікаюць з першымі промнямі сонца. Пер’е, якое часта дадаюць да абярэга, звязваюць з паветрам і рухам сноў.
У адной з легенд распавядаецца пра павучыху, якая клапацілася пра дзяцей свайго народа. Калі людзі разышліся па розных землях і яна ўжо не магла знаходзіцца побач з кожным, яна пачала ткаць ахоўную сетку, каб аберагаць іх падчас сну.
Так лоўца сноў паступова ператварыўся ў лоўца слоў. Бо ў яго сетку трапляюць не сны, а словы, якія маглі згубіцца, застацца незаўважанымі або адысці ў пасіўную мову. Іх важна не толькі знайсці, але і разгледзець, зразумець, захаваць і вярнуць людзям.
Мову лёгка ўявіць вялікім хорам. Кожны голас у ім гучыць па-свойму, але разам яны ствараюць агульную мелодыю. Калі нейкія галасы знікаюць або іх прымушаюць маўчаць, увесь хор становіцца бяднейшым.
Так адбываецца і са словамі. Пад уплывам русіфікацыі, уніфікацыі мовы і іншых гістарычных працэсаў частка беларускай лексікі была выцесненая або змаргіналізаваная. Некаторыя словы перасталі выкарыстоўваць у публічнай прасторы, іншыя захаваліся толькі ў рэгіянальнай гаворцы або сямейнай памяці. Аднак падзабытае слова – яшчэ не страчанае слова.
Яно можа працягваць жыць у старым слоўніку, літаратурным творы або ў маўленні чалавека, які карыстаецца ім штодня і нават не лічыць яго такім рэдкім.
Таму ў гэтым сэнсе словы падобныя яшчэ і да амулетаў. Мы захоўваем іх, але адначасова і яны захоўваюць нас – нашу памяць, адметнасць і сувязь з людзьмі, якія размаўлялі на гэтай мове раней.
Чым больш такіх слоў вяртаецца да нас, тым больш абароненай ад забыцця становіцца сама мова.
Яшчэ адзін вобраз, з якога нарадзілася ідэя падкаста, – мова як вялізарны лес.
У гэтым лесе ёсць добра вядомыя дарогі, па якіх людзі ходзяць штодня. Але ёсць і патаемныя сцежкі, забытыя куткі, рэдкія расліны і незвычайныя знаходкі. Часам, каб іх заўважыць, дастаткова збочыць са звыклай дарогі і прыгледзецца да таго, што расце побач. Такой знаходкай можа стаць адно маленькае слова.
За ім часта хаваецца цэлая гісторыя: след канкрэтнага чалавека, часу, мясцовасці і культуры. Праз словы можна ўбачыць маленькія сусветы і пачуць галасы людзей, якія карысталіся імі дзесяцігоддзі або нават стагоддзі таму.
Падарожжа па гэтым моўным лесе будзе праходзіць па некалькіх асноўных сцежках.
Першая сцежка вядзе ў Віцебск і па ўсёй паўночна-ўсходняй Беларусі. Віцеблянізмамі ў падкасце называюцца словы і выразы, характэрныя для віцебскай гаворкі. Пры гэтым межы іх распаўсюджання не заўсёды супадаюць з адміністрацыйнымі межамі вобласці. Адны і тыя ж словы можна пачуць у Полацку, Воршы, Магілёве і іншых гарадах і вёсках паўночна-ўсходняга рэгіёна.
Напрыклад, слова «малец» часта ўспрымаецца як тыпова віцебскае. Аднак яго таксама выкарыстоўваюць у Полацку, Воршы і Магілёве. Проста Віцебск як абласны цэнтр нібыта прысвоіў сабе права прадстаўляць усю гаворку рэгіёна.
Існуюць і больш лакальныя прыклады. Адзін з іх – «калакалуха». Так у Віцебску і некаторых іншых мясцінах называюць чаромху.
Такіх слоў – сотні. Іх не трэба адразу выкладваць перад слухачамі вялікім слоўнікам. Значна цікавей лавіць іх паступова: па два або тры, уважліва разглядаць і высвятляць, дзе і як яны жылі.
Яшчэ адна важная сцежка – фемінітывы. Само гэтае слова часам выклікае спрэчкі або нават палохае людзей, хаця за ім хаваецца даволі простая з’ява. Фемінітывы – гэта назоўнікі жаночага роду, якія называюць жанчын паводле прафесіі, пасады, занятку або сацыяльнага статусу. Мастачка, сенатарка, аўтарка – усё гэта фемінітывы.
Для беларускай мовы яны не з’яўляюцца выпадковай модай або цалкам новай з’явай. Фемінітывы маюць доўгую гісторыю, але ў пэўныя перыяды многія з іх былі выцесненыя або маргіналізаваныя. У старабеларускай мове, напрыклад, існавала слова «караліца». Пазней больш звыклай стала форма «каралева».
Цяпер фемінітывы паступова вяртаюцца ў актыўную мову. Адны формы ўжо ўспрымаюцца натуральна, іншыя ўсё адно выклікаюць дыскусіі. Таму ў падкасце важна не толькі называць такія словы, але і разглядаць іх гісторыю, будову і кантэкст выкарыстання.
Некаторыя беларускія словы нельга назваць страчанымі. Яны існуюць у старых слоўніках, у творах беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц або ў маўленні старэйшых людзей. Але канешне большасць з нас рэдка сустракае іх у сучаснай публічнай мове.
Асабліва цікава пачуць слова, якое здавалася выключна слоўнікавым, але раптам гучыць у жывой размове. Яго можна знайсці ў слоўніку XIX стагоддзя і думаць, што яно даўно перастала існаваць. А пасля пачуць тое самае слова ад бабулі ў беларускай вёсцы ў XXI стагоддзі. У гэты момант становіцца зразумела: слова не знікла. Яно проста захавалася ў іншай прасторы.
Адзін з такіх прыкладаў – «кілчыба». Яго гісторыі і значэнню аўтары падкаста плануюць прысвяціць асобную размову.
Падзабытыя беларускія словы могуць аказацца трапнымі сінонімамі запазычанняў, якія сёння здаюцца нам звычайнымі і незаменнымі. Вяртаючы такія словы, мы канешне не спрабуем неяк адмежаваць беларускую мову ад іншых. Насамрэч мы толькі скарачаем разрыў паміж мовай мінулага і сучаснасцю.
Але мова не толькі захоўвае мінулае – яна пастаянна стварае новае. Моладзь гуляе са словамі, прыдумляе назвы для новых з’яў і ўтварае формы, якіх раней не існавала. Частка такіх наватвораў знікае амаль адразу, а іншыя замацоўваюцца і становяцца паўнавартаснай часткай мовы. Мовазнаўцы і сацыялінгвісты назіраюць за гэтым працэсам, фіксуюць новыя словы і складаюць спецыяльныя слоўнікі.
Таму неалагізмы, або наватворы, стануць яшчэ адным напрамкам падкаста. Гэта сцежка можа перасякацца з астатнімі. Новы фемінітыў адначасова можа быць наватворам. Рэгіянальнае слова можа раптам атрымаць новае значэнне і вярнуцца ў шырокі ўжытак. Бо ў моўным лесе сцежкі не заўсёды ідуць асобна. Яны сыходзяцца, перакрыжоўваюцца, ненадоўга становяцца адной дарогай, а пасля зноў разыходзяцца.
«Лоўца Слоўцаў» не павінен быць размовай толькі двух людзей, якія ведаюць нібыта ўсё і толькі перадаюць свае веды слухачам. Нават прафесійныя мовазнаўцы не могуць ведаць усіх рэгіянальных слоў і мясцовых асаблівасцей. Не заўсёды ёсць магчымасць паехаць у патрэбную мясцовасць і пачуць жывую гаворку. Таму гэты падкаст задуманы як двухбаковы працэс.
Слухачы і слухачкі могуць дзяліцца сваімі словамі, успамінамі, кантэкстамі і нюансамі. Распавядаць, як размаўляюць у іх горадзе, вёсцы або нават у іх сям’і. Удакладняць значэнні і дапаўняць гісторыі.
Калектыўны розум здольны захаваць значна больш, чым нават самы таленавіты асобны даследчык.
Можа быць, недзе проста зараз у размове гучыць слова, якога няма ў сучасных падручніках і медыя. Але для чалавека, які яго вымаўляе, яно цалкам звычайнае. А вось для ўсіх астатніх яно можа стаць новай сцежкай у вялікім лесе беларускай мовы.
Трэба толькі паспець яго пачуць – і злавіць.
Калі вы жадаеце даслаць свае слоўкі, дадаткова да каментароў прапануем наш e-mail для сувязі. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm



