Што рабіць, калі чуеш незнаёмае беларускае слова, шукаеш праз Google, але не знаходзіш зусім нічога? Можа, слова выдуманае, або хтосьці памыліўся? А можа, яго проста няма ў інтэрнэце? Такое можа здарацца, асабліва калі гаворка ідзе пра дыялектную лексыку, рэгіянальныя словы ці нават формы, якія захаваліся толькі ў некалькіх вёсках, у маўленні старэйшага пакалення. У новым эпізодзе «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) размаўляюць пра тое, дзе наогул шукаць такія словы, ці як іх правяраць. І чаму звычайнага інтэрнэт-пошуку можа быць недастаткова.
Пасля аднаго з папярэдніх эпізодаў слухачы звярнулі ўвагу на слова «водбіца». У пошуку знаходзіцца перш за ўсё «Водбіца», як «невялікая рака, прыток Дняпра». І таму ўзнікла пытанне: ці не памыліліся аўтары падкаста, калі згадвалі гэтае слова ў іншым значэнні?
Не памыліліся. Водбіца – сапраўды невялічкая рака, якая цячэ ў даволі глыбокай для беларускага ландшафту лагчыне. У мясцовай гаворцы назва ракі жыла як геаграфічная назва: можна было, напрыклад, сказаць «пад Водбіцу пайсці» – пайсці ў бок ракі. Але з часам яе назва стала яшчэ і вобразным словам. Лагчына, у якой цячэ Водбіца, стала мясцовым параўнаннем для падобных паглыбленняў: таму «водбіцамі пад вачыма» пачалі называць глыбокія мяхі пад вачыма, нібы гэта своеасаблівыя невялічкія лагчыны на твары.
Гэта не выпадкова прыдуманы выраз аднаго чалавека і не аказіяналізм, а слова невялікай мясцовай супольнасці. Паводле Уладзіка, яго ўжывалі ў некалькіх вёсках Аршаншчыны (Брылях, Крапіўне і Сяглаве), але нават там яно паступова знікае: старэйшыя людзі яшчэ ведалі такое значэнне, а маладзейшыя могуць успрымаць Водбіцу ўжо толькі як назву ракі. Тым болей, што нават звычайны інтэрнэт-пошук знаходзіць толькі геаграфічны аб’ект, але не знаходзіць сэнс слова ў мясцовай гаворцы.
Іншы каментар прынёс у падкаст яшчэ адно слова – «збіёдаць». Яго даслала слухачка са спасылкай на гаворку бабулі з Бярэзінскага раёна. Гэта слова мае вельмі цікавае значэнне. Паводле яе ўспамінаў, бабуля казала так, калі мела на ўвазе «страціць, знішчыць, змарнаваць». Уладзіслаў ведае падобную форму з Віцебшчыны і Аршаншчыны, але з літарай «а» – «збаёдаць». А ў дыялектных слоўніках сустракаюцца і іншыя варыянты: «збіёдаць» і нават «збыёдаць». Гэта якраз характэрная для дыялектаў рэч: адно і тое ж слова ў розных мясцовых гаворках можа крыху па-рознаму гучаць, але сэнс можа захоўвацца.
І калі больш падрабязна разглядаць значэнне гэтага слова, Уладзіслаў прыводзіць прыклады таго, як яго ўжываюць у знаёмай яму гаворцы. Могуць сказаць: «Ты ўсе нашы грошы збаёдаў» – то бок змарнаваў іх. Або, больш вобразна: «Ён збаёдаў усе мае маладыя гады». Тады мелася на ўвазе, што праз гэтага чалавека жанчына нібыта страціла сваю маладосць. Ёсць таксама слова «збаёда» – так называюць чалавека, які раскідваецца грашыма. А блізкае да яго па сэнсе слова – «раскідзёха». Пры гэтым «раскідзёха» – слова супольнага роду: так можна назваць і мужчыну, і жанчыну.
Калі слова не знаходзіцца праз Google, гэта можа азначаць не тое, што яго няма, а тое, што яно ніколі не трапіла ў добра праіндэксаваныя электронныя крыніцы. Беларуская дыялектная мова значна большая за тое, што можна лёгка знайсці ў інтэрнэце. Таму мовазнаўцы працуюць не з адной крыніцай, а адразу з некалькімі пластамі матэрыялу: з дыялектнымі слоўнікамі, са старымі і сучаснымі рэгіянальнымі выданнямі, з рукапіснымі слоўнікамі і архіўнымі матэрыяламі, літаратурнымі тэкстамі і нават палявымі запісамі і жывой гаворкай. Вядома, што такіх крыніц у інтэрнэце можна і не знайсці.
Канешне, частку гэтай працы сёння ўсё ж такі значна спрашчае інтэрнэт. Напрыклад, на сайце bydialects.org сабраныя амаль усе даступныя дыялектныя слоўнікі беларускай мовы. Там можна шукаць лексыку розных рэгіёнаў, у тым ліку Віцебшчыны, і параўноўваць, дзе і ў якіх формах сустракаецца патрэбнае слова.
І часам сапраўдны адказ знаходзіцца не на першай старонцы пошуку, а ў кнізе, якой больш за 100 гадоў, або ў рукапісе, які ўвогуле ніколі не друкаваўся. Адна з галоўных крыніц для даследавання віцебскай гаворкі – «Віцебскі краёвы слоўнік» Мікалая Каспяровіча, выдадзены ў 1927 годзе. Ён цікавы не толькі як гістарычны дакумент. Падчас палявых даследаванняў Уладзіслаў правяраў словы з гэтага слоўніка ў жывой гаворцы і бачыў, што значная частка лексікі, запісанай сто гадоў таму, усё яшчэ жыве ў маўленні старэйшых жыхароў рэгіёна.
Ёсць і значна больш сучасная крыніца – «Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны: у 2 частках», падрыхтаваны ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава. Першая частка выйшла ў 2012 годзе, другая – у 2014-м. Яго каштоўнасць у тым, што даследчыкі збіралі ўжо сучасную дыялектную лексыку падчас экспедыцый.
І гэтыя два слоўнікі добра дапаўняюць адзін аднаго: адзін паказвае, як гаварылі раней, іншы – што захавалася і што было зафіксавана пазней.
На гэтым спіс, вядома, не заканчваецца. Сярод важных крыніц Уладзіслаў таксама называе двухтомнік «Мова Сенненшчыны: дыялектны слоўнік». Гэта не мёртвыя ці архаічныя альбо гістарычныя словы, а сучасная жывая дыялектная беларуская мова.
А яшчэ «Вушацкі словазбор» Рыгора Барадуліна, з якім можна і пасмяяцца, і вельмі добра ўразіцца. І таксама спецыялізаваныя працы дыялектолагаў, напрыклад, даследаванне «З лексічных рэгіяналізмаў Віцебшчыны» мовазнаўцы Крывіцкага, апублікаванае ў 1976 годзе.
Асобнае месца займае вялікі рукапісны «Беларуска-польска-рускі слоўнік» Язэпа Ціхінскага. Менавіта ў ім Уладзіслаў калісьці знайшоў адказ на загадку слова «кільчыба» з гаворкі сваёй бабулі. Ціхінскі збіраў беларускую лексыку на мяжы XIX і XX стагоддзяў. Яму дапамагалі карэспандэнты з розных рэгіёнаў Беларусі, але сам слоўнік так і не быў выдадзены. Яго рукапіс захоўваецца ў Вільні, у Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх.
Гэта можа здавацца дзіўным, але для даследавання ўсходнебеларускіх гаворак карыснымі могуць быць і слоўнікі Смаленшчыны. Гістарычна гаворкі Віцебшчыны і суседняй Смаленшчыны былі вельмі блізкія, а сучасныя даследчыкі таксама канстатуюць моцны ўплыў беларускай мовы ў гэтым рэгіёне. У «Смаленскім абласным слоўніку» Уладзіміра Дабравольскага, які выйшаў у 1914 годзе пад арыгінальнай назвай «Смоленский областной словарь», можна знайсці шмат лексікі, блізкай да той, якой яшчэ карыстаюцца на ўсходзе Віцебшчыны. Там можна шукаць не толькі рэгіянальныя словы, але і фемінітывы, лаянку, вульгарную лексыку і іншыя пласты жывой мовы, якія часта не траплялі ў афіцыйныя беларускія слоўнікі.
Дапаўняе гэтую крыніцу і больш сучасны «Словарь смоленских говоров», які выдаецца з 1974 года. Ён грунтуецца ўжо на новых матэрыялах, але пры гэтым выкарыстоўвае працу Дабравольскага як адну з класічных асноў.
Гэта што датычыць навуковага падыходу, ці дыялекталагічнага, мовазнаўчага. Але ёсць і іншая спадчына, якая нават больш даступная – гэта літаратурная спадчына. Напрыклад, віцеблянізмы можна шукаць і ў літаратуры.
Юрка Віцьбіч свядома выкарыстоўваў у сваіх тэкстах рэгіянальную лексыку Віцебшчыны. У савецкі час яго нават крытыкавалі за дыялектызмы і архаізмы. Шмат мясцовых слоў можна сустрэць у творах Франца Сіўко, Сяргея Рублеўскага, а таксама ў кнізе Алены Пятровіч «Сіні дом. Мая гісторыя Віцебска». Такія тэксты паказваюць, што рэгіянальная мова – гэта не толькі «словы бабуль і дзядуль». Бо яна можа быць паўнавартасным літаратурным інструментам, часткай аўтарскага стылю.
Яшчэ адна крыніца – сучасныя палявыя даследаванні. Мовазнаўцы і сацыялінгвісты самі ездзяць у рэгіёны, запісваюць жывую гаворку і збіраюць словы, якія яшчэ не трапілі ў слоўнікі. Такія матэрыялы доўгі час могуць заставацца ў асабістых даследчых архівах.
Сярод сучасных даследнікаў дыялектаў Уладзіслаў узгадвае Вадзіма Шклярыка, аўтара кнігі «Як гавораць беларусы». Ён даследуе рэгіянальныя асаблівасці беларускай мовы і паказвае, як па фанетыцы, лексыцы і іншых моўных прыкметах часам можна нават вызначыць, з якой мясцовасці паходзіць чалавек.
Рукапісы, ліставанне, старыя газеты, чарнавікі кніг і неапублікаваныя матэрыялы мовазнаўцаў і гісторыкаў – гэта нават асобная тэма для даследаванняў. Яны захоўваюцца ў Менску, Вільні, Варшаве, Рызе і іншых гарадах. Асабліва шмат Уладзіслаў працуе ў Вільні з матэрыяламі даваеннага Беларускага музея. Сёння гэты архіў захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх.
І часам паміж рукапісам і выдадзенай кнігай ёсць істотная розніца. Рэдактары маглі прыбіраць дыялектныя формы, змяняць геаграфічныя назвы, выпраўляць правапіс або выкідаць фемінітывы. У выніку сучасны чытач ведае ўжо адрэдагаваны варыянт тэксту і можа нават не падазраваць, што аўтары першапачаткова пісалі інакш. Таму архіў дазваляе паглядзець не толькі на гісторыю літаратуры, але і на тое, як змянялася сама беларуская мова.
Асабліва добра гэта бачна на прыкладзе фемінітываў. Часам можна пачуць: «Такога слова ў беларускай мове ніколі не было». А пасля адкрыць дыялектны слоўнік і знайсці яго там. У рэгіянальных слоўніках захоўваюцца жаночыя формы, якіх няма ў афіцыйных нарматыўных выданнях. І гэта не абавязкова новыя словы – часам імі карысталіся дзесяцігоддзямі або стагоддзямі. Таму перад тым, як ствараць слова нанова, варта хаця б паглядзець, ці не прыдумалі яго беларусы раней. Можа высветліцца, што адказ ужо ёсць. Ён проста знаходзіцца ў старым слоўніку, кнізе ці недзе ў рукапісе або яшчэ не зафіксаваны і застаецца толькі ў размове чалавека, пакуль яго ніхто не паспеў запісаць.
Менавіта таму паляванне на словы – гэта не толькі пошук. Бо часам трэба ведаць, дзе гэтыя словы шукаць.
Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




