У беларускай мове сустракаецца шмат словаў, якія добра ведаюць у адным рэгіёне і якія амаль невядомыя ў іншым. Але гаворка не абавязкова пра старыя словы. Некаторыя з’явіліся ўжо ў наш час, напрыклад разам з першымі мабільнымі тэлефонамі. А некаторыя праз некалькі год нават паспелі знікнуць. Колькі такіх словаў мы ведаем сёння ўвогуле?
У новым эпізодзе «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) зноў вяртаюцца на ўлюбёную «віцебскую» сцежку. Гэтым разам сярод злоўленых словаў – «нагруднік», «баўкала», «усухі» і «цякунок». Адкуль яны ўзяліся і што азначаюць? А напрыканцы адказваем на пытанне: як па-беларуску назваць кабету, якая ходзіць у лес па грыбы? Слухайце проста зараз!
А калі вы шукаеце, дзе пачытаць Уладзіслава болей, нагадаем, што яго кнігі можна знайсці тут.
Першыя мабільныя тэлефоны былі вялікія – сапраўдныя «бандуры», як кажа Уладзік. Іх часцей за ўсё насілі на шыі, і сам тэлефон вісеў на грудзях. На Віцебшчыне такія мабільнікі пачалі называць «нагруднікамі». Можна было пачуць: «Здымі свой нагруднік» або «Твой нагруднік ужо баўкае». Потым тэлефоны змяніліся, іх пачалі насіць у кішэнях, мода на такія «нагруднікі» прайшла, таму і само слова амаль знікла. Гэта той выпадак, калі новая назва паспела з’явіцца ў мове, хаця патрэбная была ўсяго некалькі год.
А іншае слова засталося. На Віцебшчыне, Аршаншчыне, Лёзненшчыне і ў суседніх мясцінах можна пачуць «баўкаць». «Баўкні мне» – значыць «патэлефануй мне». «Баўкні доктарцы» – «патэлефануй доктарцы», запрасі яе прыйсці. Побач з дзеясловам ёсць і «баўкала» – тэлефон. Сёння так могуць называць ужо не толькі мабільнік, але часам і стацыянарны апарат. Дарэчы, «баўкнуць» можна таксама ў Zoom. Яшчэ «баўкалай» могуць назваць чалавека, які занадта шмат размаўляе па тэлефоне ці ўвесь час у ім «сядзіць». Так атрымалася цэлае гняздо словаў: дзеяслоў «баўкаць» як «тэлефанаваць», «баўкала» як тэлефон і «баўкала» як чалавек. Ці застанецца «баўкала» ў беларускай мове, пакажа час. Але на Віцебшчыне яго ўжываюць дагэтуль.
Не ўсе віцеблянізмы можна адразу зразумець па гучанні. Напрыклад, пачуўшы слова «усухі», лёгка падумаць пра нешта сухое. Уладзіслаў, як «гарадскі малец», таксама спачатку не разумеў, што яно азначае. А падчас адной з экспедыцый дзядулька, з якім яны пайшлі купацца, папярэдзіў яго: «Асцярожна, там усухі».
«Усухі» – гэта падводныя камяні або камяністыя пагоркі пад вадой. Можна сігануць у возера, не заўважыць іх і моцна пабіцца. І гаворка менавіта пра возера: у рацэ такія месцы называюць ужо інакш.
Дзядулька казаў, што каля такога месца трэба было б паставіць знак «Усухі». А Уладзіслаў жартуе: ці зразумелі б людзі, якія прыехалі на возера, што гэты знак азначае? Але, можа, так слова і атрымала б новае жыццё.
Яшчэ адна знаходка – «цякун», або «цякунок». Так на Віцебшчыне называюць вельмі дробны пясочак, які нібы цячэ, як вада. Адсюль, відаць, і назва. Уладзіслаў узгадвае пясочак у пясочных гадзінніках або той, які так прыемна адчуваецца пад нагамі на пляжы. І тут замест грувасткага апісання «вельмі дробны мяккі пясочак» ёсць адно слова – «цякунок». Яно само падказвае, у чым яго асаблівасць і чаму ён так называецца.
Апошнім разам у нас засталося яшчэ адно пытанне: як па-беларуску назваць кабету, якая ходзіць у лес па грыбы? Уладзіслаў кажа, што слова «грыбоўніца» фіксавалася ў Віцебску, Гарадку, Воршы, Дуброўне, Лёзне, Крапіўне, а таксама ў цяпер ужо мёртвых вёсках Гарэлікі і Дабрамыслі. Так называла сябе і ягоная бабуля: «Я – добрая грыбоўніца». Пры гэтым адпаведны маскулінітыў тут – «грыбоўнік», а не «грыбнік».
Сустракаўся і яшчэ адзін, больш рэдкі, варыянт – «грыбарка», ад слова «грыбар». А вось у двухтомным «Рэгіянальным слоўніку Віцебшчыны» «грыбоўніцы» няма. Але гэта не значыць, што не было і слова. Даследаванні Уладзіслава за апошнія 20 год паказваюць, што яго сапраўды ўжывалі, але слоўнік мог не ахапіць усе вёскі і мясцовыя гаворкі.
Сам мовазнаўца не прапануе нам «грыбоўніцу» як адзіны варыянт для ўсёй беларускай мовы. Ён працягвае карыстацца гэтым словам, бо так гаварылі ў яго рэгіёне і так казала яго бабуля.
Падзяліцеся і вы сваімі словамі: як у вашай мясцовасці называлі кабету, якая збірае грыбы?
Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




