Ці існуюць на свеце кабеты ў палітыцы?

Паслухаць
Як па-беларуску назваць прафесію кабетаў, якія займаюцца палітыкай? У беларускіх тэкстах, у тым ліку ў навінах, дагэтуль лёгка сустрэць «нямецкая палітык» або «жанчына-палітык». То-бок фемінізуецца толькі прыметнік або ствараецца грувасткае словазлучэнне, а само слова «палітык» у абодвух выпадках застаецца без зменаў. Але ж «палітык» – слова мужчынскага роду: сваёй граматычнай формай яно называе мужчыну, які займаецца палітыкай. Дык няўжо ў беларускай мове няма ўласнага фемінітыва для гэтай прафесіі? Ці на свеце няма кабетаў, якія займаюцца палітыкай?

У новым эпізодзе «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) знаходзяць адразу некалькі варыянтаў, якія ўжо сустракаюцца ў беларускай мове. Але пакуль ніводнае з гэтых словаў не было ўнармавана. Чаму так адбываецца? Які з гэтых варыянтаў мае больш шанцаў замацавацца ў мове? І хто ўрэшце вырашае, якое слова застанецца?

Адзін з варыянтаў – гэта слова «палітыца». Яно ўтвараецца ад слова «палітык» з дапамогай «-ыца». Часцей можна пачуць «палітЫца» з націскам на «ы», але сустракаецца і варыянт «палІтыца» з націскам на «і», бо слова пакуль не ўнармавана і націск яшчэ не цалкам устойлівы.

Уладзіслаў называе такія словы пасіўнымі. Яны ўжо ёсць, але людзі яшчэ не пачуваюцца ўпэўнена, ужываючы іх. А з-за таго, што слова яшчэ і адсутнічае ў афіцыйных слоўніках, журналісты і журналісткі, якія таксама не пачуваюцца ўпэўнена, хутчэй выбіраюць знаёмую форму «палітык». Бо гэтае слова там дакладна зафіксавана.

Сам Уладзіслаў ужо дадаў фемінітыў «палітыца» ў свой слоўнік «Гід па фемінізацыі» і прапануе актыўна выкарыстоўваць гэтае слова. Нагадаем, што іншыя кнігі мовазнаўцы можна знайсці тут.

Наступны варыянт – «палітычка». Але гэта больш размоўны варыянт. Таму Уладзіслаў не можа яго прапанаваць у якасці афіцыйнага фемінітыва. Мовазнаўца дадае, што хоць слова таксама ўзнікае натуральна, але на яго ўспрыманне можа ўплываць расейская мова, дзе суфікс «-к-» мае шмат значэнняў, у тым ліку змякчальна-памяншальнае. Таму гэты суфікс часам можа надаваць слову адценне «нечага несур’ёзнага». Гэта ўплывае на беларускую сітуацыю: з-за гэтага «палітычка» можа гучаць так, нібыта сама прафесія ці род заняткаў становяцца менш сур’ёзнымі, нібыта непаўнавартаснымі.

Жэня прапануе разгледзіць яшчэ адзін варыянт – фемінітыў «палітыкеса». Уладзіслаў кажа, што такая форма таксама сустракаецца, асабліва сярод расейскамоўных беларусаў і беларусак, у тым ліку калі яны пішуць па-беларуску. Словы на «-эса» і «-еса» беларускай мове не чужыя, але гістарычна сустракаліся радзей, чым у расейскай. Гэта часта спыняе беларускіх мовазнаўцаў, асабліва тарашкевічанцаў. Але некаторыя такія словы ўсё ж замацаваліся – напрыклад, «паэтэса», якая, паводле Уладзіслава, сёння дамінуе ў афіцыйным беларускім правапісе.

Каб патлумачыць, адкуль узяліся падобныя формы, звернемся да французскай мовы. У ёй ёсць суфікс «-esse», які маркіруе жаночы род. Адсюль, напрыклад, французскае слова «poétesse». У расейскую мову «поэтесса» прыйшла з французскай. Але потым у расейскай замацаваўся і сам запазычаны суфікс «-есс-» і з цягам часу стаў вельмі прадуктыўным. Так пачалі з’яўляцца і іншыя фемінітывы: «крытыкеса», «чэмпіянеса» і гэтак далей. Праз расейскую мову падобныя формы пашыраліся і ў беларускай.

Акрамя такога пасярэдніцтва, узнікала і ўжо згаданая праблема з суфіксам «-к-». У беларускай мове ён сам па сабе не мае зневажальнага значэння, таму, напрыклад, «паэтка» – цалкам натуральнае слова. Цётка называла сябе паэткай, паэткай была і Ларыса Геніюш. Але чалавек, які ведае расейскую мову лепей за беларускую, можа пераносіць у беларускую і расейскае ўспрыманне гэтага суфікса.

Тады на сутыку дзвюх стылістычных нормаў «паэтка» можа праз такое перанесенае ўспрыманне памылкова здавацца менш сур’ёзным словам, а «паэтэса» на гэтым фоне – больш звыклай формай.

Таму сітуацыя з фемінітывамі на «-эса» і «-еса» (не толькі са словам «палітыкеса») у беларускай мове пакуль застаецца адкрытай.

Дарэчы, цікава, што моўны ўплыў пры гэтым працуе ў абодва бакі. Уладзіслаў узгадвае беларускую ініцыятыву «Гендарны маршрут», удзельніцы і ўдзельнікі якой пераважна размаўлялі па-расейску, але свядома пераносілі ў расейскую мову беларускую мадэль фемінітываў з суфіксам «-к-» і, напрыклад, выкарыстоўвалі форму «директорка». Так беларускія словаўтваральныя мадэлі таксама могуць уплываць на расейскую мову ў Беларусі.

А Жэня прапануе яшчэ адзін варыянт – «палітыкіня». І ён таксама не выглядае выпадковым. У беларускай мове ўжо існуюць «класікіня», «этналагіня», «антрапалагіня», «сацыялагіня». Таму «палітыкіня» добра ўпісваецца ва ўжо знаёмую словаўтваральную мадэль. І, мажліва, мае шанец стаць для нас натуральнай формай.

Атрымліваецца, што праблема не ў тым, што беларуская мова не мае фемінітываў. Наадварот – варыянтаў шмат: «палітыца», «палітычка», «палітыкеса», «палітыкіня». Але менавіта вялікі выбар часам працуе супраць іх. Калі чалавек не ведае, якое слова лічыць найбольш натуральным, ён вяртаецца да стабільнага і зафіксаванага ў слоўніку слова «палітык», якое, канешне, фемінітывам не з’яўляецца. Адсюль і «жанчына-палітык», і «нямецкая палітык».

А якое слова ў выніку застанецца – вырашыць узус, то-бок тое, як мы з вамі насамрэч будзем гаварыць і пісаць. Як мы будзем карыстацца беларускай мовай, у якой фемінітывы маюць даўнюю традыцыю? Бо кабеты ў палітыцы ёсць. Як і назвы гэтай прафесіі. Не хапае звычкі карыстацца мовай напоўніцу.

Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Вядучая(-ы)
Belarus FM

Некамерцыйная арганізацыя ў Літве, якая аказвае падтрымку ўсім незалежным СМІ, вымушаным пакінуць Беларусь праз небяспеку для іх жыцця і свабоды. Наша місія складаецца ў тым, каб дапамагчы гэтым сродкам масавай інфармацыі працягваць выпускаць высакаякасны кантэнт і заставацца на сувязі са сваёй аўдыторыяй.
Чытайце аб гэтым падрабязней тут👈

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.