А вы таксама заўважылі, як часам нават з беларускай на беларускую нам патрэбны пераклад? І, здаецца, слоўка, якое вы прыгадалі, – цалкам звычайнае, і вы чулі яго з дзяцінства ў Віцебску, а іншы чалавек з іншага горада Беларусі вас ужо не разумее і «касавурыцца». Пры гэтым у маўленні гэтага суразмоўцы сустракаюцца сучасныя адпаведнікі вашага слова, але ж гэта хутчэй англіцызмы ці русізмы, якія з’явіліся ў беларускай мове значна пазней. У гэтым эпізодзе мы зноў працягваем размаўляць пра віцеблянізмы і вяртаемся да сітуацый, калі рэгіяналізмы дапамагаюць нам адчуць сапраўдны смак беларускай мовы.
Дарэчы, некаторыя слухачкі нашага падкасту ўжо пачалі пытацца: а колькі ж увогуле існуе гэтых віцеблянізмаў? Ім здавалася, што іх усяго пяць-шэсць, а тут усё новыя эпізоды і новыя словы ды новыя выразы. Мы не можам адказаць дакладнай лічбай. І, калі памятаеце, ёсць нават два тамы рэгіянальнага слоўніка Віцебшчыны. Але далёка не ўсе слоўкі, якія туды трапілі, можна назваць выключна віцебскімі. Бо шмат тых словаў сустракаецца і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Але ў гэтым падкасце можна пазнаёміцца менавіта з тымі, якія асабліва характэрныя для Віцебска і яго наваколіц. Таму толькі ў апошнім эпізодзе, прысвечаным віцеблянізмам, мы будзем здольныя падлічыць, колькі такіх адметных словаў і выразаў намі ўжо сабрана. А пакуль мы недзе на пачатку, і наперадзе ў нас з вамі яшчэ шмат сустрэч.
Вось і ў адзінаццатым эпізодзе падкаста «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) працягваюць паляванне на асабліва адметныя віцеблянізмы з нечаканымі значэннямі.
Ці чулі вы калі-небудзь словы «будзька» ці «будзік»? Уладзіслаў прыгадвае, што, калі яго бабуля казала «паставіць будзьку», гэта азначала «завесці гадзіннік», каб раніцай не праспаць. Цікава, што размова была менавіта пра тыя старыя механічныя гадзіннікі, якія званілі так гучна, што маглі абудзіць не толькі ўсіх хатніх, але, здавалася, і суседзяў.
І тут для кагосьці можа быць нечакана ці, наадварот, цалкам натуральна, але на Віцебшчыне будзькай называлі яшчэ і пеўня. Калі нехта скардзіўся, што ягоны «будзік сёння неяк слаба крычаў зранку», гэта азначала, што гаспадары хваляваліся, ці не захварэў іх певень.
Суразмоўцы робяць здагадку, што спачатку так маглі называць менавіта пеўня. Бо далёка не кожная сялянская сям’я мела механічны гадзіннік, затое певень быў звычайнай шматфункцыянальнай часткай гаспадаркі.
Сёння ж Уладзіслаў, хоць і не карыстаецца тэлефонам, але таксама ставіць будзьку – ужо на планшэце. Таму цікава, як слова, якім калісьці называлі пеўня, працягвае жыць і сёння. Нават калі гаворка ідзе пра сучасныя электронныя прылады. Але не толькі…
Мовазнаўца прыгадвае, што і сама ўтваральная частка слова вельмі актыўная. Напрыклад, калі мы кажам «будзіцелі», то маем на ўвазе людзей, якія абуджаюць грамадства, дапамагаюць яму ўсвядоміць сябе. Так можна назваць і Цётку, беларускую пісьменніцу і дзяячку, якая сваёй творчасцю і дзейнасцю абуджала грамадства ад летаргу.
Але «будзька» ў гэтым эпізодзе не адзіны цікавы віцеблянізм. Напрыклад, ці чулі вы калі-небудзь слова «ладнава»? Уладзіслаў кажа, што чуў яго ў розных мясцовасцях Віцебшчыны, прыблізна ад Воршы да Мёраў, але амаль не сустракаў за межамі рэгіёну.
Па-першае, звярніце ўвагу на тое, што ў выразах «ладны хлопец» ці «ладная дзяўчына» слова «ладны» мае сэнс «добры» ці нават «прыгожы». Але калі ў бабулі спытаць, колькі ў яе ўнукаў, яна можа адказаць: «Ладнава». А калі пацікавіцца, колькі старавераў жыве ў нейкай вёсцы, таксама можна пачуць: «Ой, нас ладнава». І нават на пытанне пра ўзрост чалавек можа адказаць, што гадоў яму набегла ўжо «ладнава».
То-бок слова «ладнава» азначае «шмат», «нямала», «дастаткова», часам нават «хапае». Уладзіслаў называе «ладнава» вельмі смачным ды каларытным віцебскім слоўкам.
Наступны выраз, які можна пачуць на Віцебшчыне, – «паняць моду». На першы погляд ён можа падавацца нават русізмам, але Уладзіслаў тлумачыць, што ў мясцовай гаворцы выраз мае ўласнае значэнне «прызвычаіцца нешта рабіць».
Напрыклад, чалавек «паняў моду паліць сто разоў на дзень». Альбо «паняў моду крычаць ці падымаць руку на дзяцей». Звычайна так кажуць пра звычку, а паводле Уладзіслава, падобныя спецыфічныя выразы можна сустрэць і ў творах віцебскіх пісьменнікаў, у тым ліку Франца Сіўко, які выкарыстоўвае мясцовую лексіку ў сваіх апавяданнях.
А вось з наступнымі словамі «уборнік» і «уборніца» размова закранае яшчэ і пытанне фемінітываў. У шматлікіх віцебскіх гаворках так называлі чалавека, які займаецца прыбіраннем. Звярніце асаблівую ўвагу на тое, што разам існавалі і мужчынская, і жаночая формы. То-бок, хоць праца па прыбіранні асацыюецца пераважна з жанчынамі, але ў мясцовых гаворках існавала звыклая назва і для мужчыны – уборнік.
Звыклыя ж сёння «прыбіральшчык» і «прыбіральшчыца» атрымалі шырокае распаўсюджанне толькі ў савецкі час. Таму яны маюць характэрны прысмак калькі з расейскай мовы з-за сваёй савецкай «прапіскі». Паводле Уладзіслава, «уборнік» і «уборніца» ужываліся значна раней і захаваліся ў рэгіянальнай мове. Такія формы фіксаваліся ў розных частках Віцебшчыны – у тым ліку ў полацкіх, аршанскіх, віцебскіх ды гарадоцкіх гаворках.
Калі ж мы хочам сказаць, што «ўсё добра», «усё цудоўна», мы кажам: «добра», «цудоўна», нават «файна». Хаця тут, зразумела, узнікае пытанне: ці сапраўды апошняе слова не з’яўляецца запазычаным? Але ж у гэтым выпадку існуе вельмі трапны рэгіянальны выраз.
Калі на Віцебшчыне кажуць «у мяне ўсё дудой», гэта азначае, што справы ідуць вельмі добра. Нават не проста нармальна ці больш-менш, а сапраўды цудоўна, бо ў пасрэднай сітуацыі так не скажуць.
Таму калі ўсё ладзіцца дома, на працы і ў жыцці, можна сказаць натуральна і па-беларуску: «Не хвалюйся, у мяне ўсё дудой».
Вось колькі магчымасцяў ёсць у беларускай мове, каб апісваць нават сучасныя рэчы і сітуацыі, не звяртаючыся да запазычаных адпаведнікаў. Але гэта яшчэ не ўсё, таму прапануем паслухаць эпізод і даведацца больш.
А калі вам хочацца больш пачытаць Уладзіслава Гарбацкага, ягоныя кнігі можна знайсці на сайце выдавецтва Skaryna Press.
Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




