Ці ведалі вы, што часам можна падзабыць нават не само слова, а толькі адно з яго значэнняў? Напрыклад, мы можам працягваць ужыванне знаёмай назвы, але ўжо не чуць і не ведаць таго, што ўкладалі ў гэтае слова нашыя бабулі і дзядулі. «Каромысла» застаецца прадметам для пераносу вёдраў, а «мімоза» – кветкай. І раптам звычайная размова можа адкрыць за гэтымі словамі зусім іншыя сэнсы і вобразы!
У восьмым эпізодзе падкаста «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) зноў выходзяць на сцежку падзабытых словаў. Гэтым разам іх улоў складаецца з дзвюх добра знаёмых назваў, да якіх варта прыгледзецца ўважлівей. Бо нават беларускамоўны чалавек можа ведаць само слова, але пры гэтым не ведаць, колькі сэнсаў яно захоўвала яшчэ дадаткова.
Аднойчы падчас сацыялінгвістычнай экспедыцыі на Віцебшчыне Уладзіслаў пачуў ад бабуль: «Сёння якраз добрае надвор’е, бачна “Каромысла”». Ён зразумеў, што гаворка ішла не пра тое каромысла, якое выкарыстоўваюць, каб данесці вёдры з вадой ад калодзежа, бо яны паказалі на начное неба. І сапраўды: тое, што Уладзіслаў ведаў як «Пояс Арыёна», для яго суразмоўніц мела зусім іншую і больш звыклую ім назву.
У Віцебску і Воршы казалі «Каромысла», а на Полаччыне і ў Шуміліне – «Каромысел». Бо адно слова можа гучаць крыху па-рознаму ў розных рэгіёнах. Але цікава тое, што ў гэтай гісторыі ёсць не толькі нечаканая назва. Яна нагадвае нам, што ў жывой гаворцы было месца як для штодзённай працы, так і для назірання за зоркамі. Нашыя бабулі сапраўды назіралі за небам, любаваліся ім і называлі тое, што бачылі. А словы захоўвалі гэты погляд, бо «Пояс Арыёна» сапраўды выглядае як тое самае «каромысла» для вёдзер.
Уладзік прыгадвае, як чытаў фантастыку ў перакладзе з ангельскай на беларускую і сустрэў там таксама «Пояс Арыёна». А што, калі б у гэтым тэксце з’явілася «Каромысла»? Сэнс застаўся б зразумелым, але вобразнасць загучала б зусім інакш. Бо тут ёсць нават нейкая рамантычнасць. Менавіта дзеля гэтага мы можам яго вярнуць і зноў пачаць ужываць.
З «мімозай» гісторыя вядзе ўжо ад назірання за небам да назірання за чалавекам. «Ой, ён такі мімоза», «яна такая мімоза» – у гэтых выразах гаворка зусім не пра кветку. Так бабулі на Віцебшчыне называлі вельмі ўразлівага чалавека з далікатнай псіхікай. Мелася на ўвазе, што такая асоба можа хутка ўспыхнуць ці нагрубіць, але гэтак жа хутка ён ці яна адыходзіць, а пасля доўга перажывае і думае, як папрасіць прабачэння. Бачыце, колькі сэнсаў можа змяшчацца ў адным слоўку? Гэта ж цэлае назіранне за псіхалогіяй і характарам.
Такое значэнне Уладзіслаў знайшоў і ў старым слоўніку Язэпа Ціхінскага. Таму сённяшні рэдкі выраз з Віцебшчыны не варта адразу лічыць выключна рэгіянальным, бо слоўнік збіраў матэрыял і з іншых рэгіёнаў. І зноў выяўляецца, што за словам, якое яшчэ можна пачуць у размове, стаіць куды больш глыбокая гісторыя. Але чаму для такога чалавека выбралі менавіта назву кветкі?
Жэня прыгадвае выраз «роза-мімоза» са свайго дзяцінства, і гэта дае нам яшчэ адну зачэпку для размовы. Толькі зачэпку, а не гатовае тлумачэнне, бо магчымую сувязь яшчэ трэба даследаваць.
«Мы не толькі лоўцы слоўцаў, але і лоўцы сэнсаў», – кажа Уладзіслаў. Таму, шукаючы значэнне, можна нават памыліцца або прыпісаць слову тое, чаго ў ім ніколі не было. Але разам з тым мова не стаіць на месцы, і людзі менавіта так могуць надаваць словам новыя адценні. І часам гэта падказвае новы накірунак для жыцця знаёмага слова.
Таму «Лоўцы Слоўцаў» прапануюць вам далучыцца і распавесці, ці ёсць у вас свае версіі наконт таго, чаму раней казалі «роза-мімоза», альбо ці мае гэты выраз дачыненне да ўразлівага чалавека. А можа вы ўжо ведаеце, чаму назву менавіта такой кветкі выкарыстоўвалі нашыя продкі?
Калі вам хочацца больш пачытаць Уладзіслава Гарбацкага, ягоныя кнігі можна знайсці на сайце выдавецтва Skaryna Press.
Дасылайце нам свае версіі гісторый пра гэтыя словы ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




