У гэтым эпізодзе гаворка ідзе пра тое, як звязаныя паміж сабой фемінізм, вага жанчыны, пахудзенне, ужыванне «Азэмпіку», ціск на жанчын праз іх знешнасць і розніца паміж патрабаваннямі да знешняга выгляду мужчын і жанчын.
Жанчына павінна быць прыгожай, павінна выглядаць пэўным чынам, і вага тут увогуле – адзін з галоўных параметраў і крытэраў: ці праходзім мы гэты патрыярхальны адбор як ухвалены тавар паводле крытэру я*абельнасці, ці адпавядаем прынятым, нібыта адвечным, але хібным уяўленням. Праблеме аб’ектывацыі жанчын я прысвяціла ў першым сезоне падкаста эпізод нумар 5 пад назвай «Навошта жанчыны робяць макіяж насамрэч?». Вага з’яўляецца адным з вызначальных крытэраў адпаведнасці жанчыны патрыярхальнаму стандарту. Таму, калі жанчына мэтанакіравана худнее, часта гэта звязана менавіта з такой патрэбай: быць прынятай, адпавядаючы існым стандартам і параметрам, якія навязвае нам атачэнне. Гэта палягчае жыццё ў існым свеце, бо калі выконваць правілы гульні, верагоднасць выжывання вышэйшая. Тут варта заўважыць, што ад неадпаведнасці, назаву гэта так, вагавой катэгорыі пакутуюць не толькі жанчыны з умоўна залішняй вагой. Хударлявыя жанчыны таксама адчуваюць ціск.
Хто не чуў прымаўкі, што мужчына не сабака – на косці не кідаецца? Звярніце ўвагу: жанчыну ацэньваюць выключна паводле жаданняў мужчын. Што пажадае мужчына, таму і павінна адпавядаць жанчына. То-бок мужчына ў патрыярхальным свеце з’яўляецца кропкай адліку ў сістэме каардынат – я проста ніколі не стамлюся звяртаць на гэта ўвагу. Усё будуецца вакол мужчыны, яго зручнасці і яго жаданняў.
Карыстаючыся нагодай, яшчэ раз варта сказаць жанчынам: не паддавайцеся добразычліваму сексізму. У патрыярхаце для жанчын не бывае нічога добрага – гэта пастка. У патрыярхаце жанчына заўсёды застаецца рэччу. Пра добразычлівы сексізм, пра ўсё гэтае джэнтльменства (падаць паліто, адсунуць крэсла) і пра тое, чаму ўсё гэта шкодзіць жанчынам, я шмат расказвала ў чацвёртым эпізодзе першага сезона. Ён называецца «Жанчын цкуюць за адмову: патэнцыйныя гвалтаўнікі і іншыя небяспечныя традыцыі».
Аднак худнець можна і з іншых меркаванняў. Напрыклад, залішняя вага шкодзіць здароўю і пагаршае якасць жыцця. Пахудзенне з гэтага гледзішча – не дзеля патрыярхальных стандартаў прыгажосці і патрабаванняў да таго, як павінна выглядаць жанчына, – можна назваць фемінісцкім клопатам пра сябе.
«Азэмпік» – гэта дапаможны інструмент, якім можна скарыстацца, каб лягчэй і прасцей пазбавіцца ад залішняй вагі, а з дапамогай псіхатэрапіі падчас і пасля пахудзення наладзіць здаровыя адносіны з ежай. Яны дазволяць захаваць вынік і атрымаць асалоду ад жыцця з той вагой, пры якой жанчына добра сябе адчувае.
Усё выглядае вельмі лагічна, аднак даволі распаўсюджана цкаванне жанчын, якія худнеюць з дапамогай лекаў, за тое, што яны пасмелі выбраць нібыта больш лёгкі шлях. Я бачу мноства каментарыяў пра тое, што такое пахудзенне «несапраўднае». І я думаю, што гэтыя перакананні караняцца ў жаночай гендарнай сацыялізацыі, якая навучае жанчын цярпець і ўхваляе пакуты. Як тут не ўспомніць выразы кшталту «не за*балася – не маці»? Ці «прыгажосць патрабуе ахвяр»? А «сцерпіцца – злюбіцца»? Жанчын загадзя рыхтуюць да жыцця, поўнага пакутаў і цярпення. Таму пахудзенне без пакутаў і мукаў выклікае такое абурэнне.
Ёсць яшчэ адзін момант. Я заўважыла, што, як толькі маё цела пачало набываць усё больш і больш канвенцыйныя, то-бок традыцыйна ўхваленыя, абрысы, мне яшчэ мацней захацелася фатаграфавацца – падкрэсліваць фігуру, абіраць ракурсы і позы. Я пачала звяртаць увагу на парады па стылі і, вядома, знайшла там свой уласны пякельны кацёл рэкамендацыяў. Спрабуючы адпавядаць навязанаму канону, мы пастаянна нешта маскіруем, а нешта падкрэсліваем. Адзенне павінна страйніць, выцягваць сілуэт. Дзяўчатам плюс-сайз вось гэта катэгарычна нельга насіць, кажуць стылісткі, а вось гэта можна – яно крыху схавае вашу праблему. І вось я, феміністка, якая ўсё гэта цудоўна разумее, адчула, наколькі глыбока ўсё гэта сядзіць. Наколькі і мне хочацца, каб і страйніла, і падаўжала, і – ой, не! – толькі б не пераразала нагу! І я нават адсачыла сваю радасць ад таго, што мне пашанцавала з тыпам фігуры, бо яна ў мяне амаль канвенцыйная.
Я лічу, што жаночая гендарная сацыялізацыя ўключае выхаванне жанчын у перакананні, што ад знешнасці надзвычай шмат залежыць, то-бок такое выхаванне грунтуецца на ўяўленнях лукізму. Ёсць прыказка: сустракаюць па адзенні, а праводзяць па розуме. На першы погляд яна нібыта гендарна нейтральная. Але ўсе мы ведаем розніцу. Да знешняга выгляду мужчын патрабаванні простыя: пажадана, каб адзенне было чыстым і каб сам мужчына памыўся. Прыказка пра тое, што мужчына павінен быць крыху прыгажэйшы за малпу, паказвае, наколькі нізкі ўзровень патрабаванняў да мужчын – і да іх знешнасці, і да іх адзення. Да жанчын патрабаванні зусім іншыя.
Вядома, я заўважаю, што і да мужчын пабольшала патрабаванняў да знешнасці і догляду за сабой. Але я лічу, што гэта б’юці-індустрыя пераарыентавалася, каб не страчваць прыбытак. То-бок аніякіх сістэмных змен не адбылося. Мужчына, як і раней, цар і бог і цудоўны ўжо толькі таму, што ён існуе. І я яшчэ не бачыла нічога пра тое, з якога ўзросту або пры якой вазе мужчына ўжо не окей, ці пасуюць мужчынам пульхныя вусны, як ім варта хаваць крывыя ногі і што ім тэрмінова трэба схуднець да лета; як яны ўвогуле павінны выглядаць і паводзіць сябе, каб хоць нейкая дзяўчына пагадзілася пабрацца шлюбам з такім мужчынам, і гэтак далей. Таму так, вядома, пэўны ціск з боку б’юці-індустрыі, якая жадае зарабляць і на мужчынах, ёсць. Але гэта зусім не тое ж самае, што, я б сказала, інстытуцыянальны ціск на жанчын.
Гэты эпізод не з’яўляецца медыцынскай рэкамендацыяй, кансультацыяй або рэкламай якіх-кольвек лекаў для пахудзення. Усе рашэнні, звязаныя з лекавымі прэпаратамі, варта прымаць толькі разам з лекарамі і з улікам стану свайго здароўя.
Калі вы хочаце з намі звязацца, можаце напісаць нам на e-mail. Не забудзьцеся пасля гэтага выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




