Чаму адны і тыя ж сюжэты стагоддзямі называюць рамантычнымі, хоць яны грунтуюцца на выкраданні, прымусе і нават гвалце? У трэцім эпізодзе другога сезона падкаста «Я не феміністка, але…» прапаную скарыстацца фемінісцкай оптыкай і звярнуць увагу на фільмы ды іншыя творы. Што хаваецца за так званай «прыгажосцю формы» і якое месца ў патрыярхальным свеце адведзена жанчыне ў мастацтве? Чаму людзі рамантызуюць гвалт, часам нават не ўсведамляючы гэтага? І чаму пра гэта так і не сталі папярэджваць дысклэймерам, затое так ахвотна выкарыстоўваюць цэнзуру ў дачыненні да цэлых серыяў кніг з ЛГБТК+ тэматыкай.
Тут у якасці прыкладу варта пачаць з міта пра выкраданне Еўропы. Паводле старажытнагрэцкага сюжэта, Зеўс ператварыўся на прыгожага і лагоднага быка, зачараваў дзяўчыну, а потым супраць яе волі павёз на Крыт. Гісторыя пра выкраданне і гвалт з цягам часу ператварылася на адзін з найбольш значных матываў еўрапейскай культуры. Яе адлюстроўвалі мастакі розных эпох, увасаблялі ў скульптуры, выкарыстоўвалі ў архітэктуры і сімволіцы. Пры гэтым сама Еўропа раз-пораз застаецца толькі часткай прыгожай кампазіцыі, а перажыты ёю гвалт губляецца ў паэтычных апісаннях. Паслухайце, як паэтычна ў Вікіпедыі пазначана гэтае згвалтаванне: «На востраве Крыт Зеўс ператварыўся на прыгожага юнака і авалодаў Еўропай».
Ці істотна, што гэта «ўсяго толькі» старажытны міт? Гісторыі ўплываюць на чалавека незалежна ад таго, ці адбываліся апісаныя падзеі насамрэч. Казкі, легенды, кнігі і фільмы змалку навучаюць нас адрозніваць добрае і дрэннае, разумець наступствы ўчынкаў, абіраць герояў і мадэлі паводзінаў. Калі мужчына, які мае ўладу, выкрадае жанчыну, прымушае яе і застаецца беспакараным, а саму гісторыю працягваюць успрымаць як прыгожую і рамантычную, разам з ёй перадаецца даволі пэўнае ўяўленне пра тое, што гэта нібыта цалкам дапушчальна.
І гэта далёка не адзіны такі сюжэт. Ёсць яшчэ Медуза Гаргона, якую масавая культура ператварыла на пачвару са змеямі замест валасоў. У адной з версій міта яна была дзяўчынай, якую згвалціў Пасейдон. Выратавацца яна спрабавала ў храме Афіны, аднак пакаранне напаткала не гвалтаўніка, а яе саму. Гэтая гісторыя нечакана нагадвае сучасныя развагі пра тое, чаму жанчына апынулася ў пэўным месцы, як была апранутая і ці дастаткова пераканаўча супраціўлялася. Адказнасць зноў ускладаюць не на мужчыну, які здзейсніў гвалт, а на пацярпелую жанчыну.
Іншы прыклад – знакамітая скульптура Джавані Ларэнца Берніні «Выкраданне Празерпіны». Гледачы і мастацтвазнаўцы захапляюцца тым, як скульптар здолеў увасобіць у мармуры мяккасць скуры, рух пальцаў, слёзы дзяўчыны і напружанне цел. Гэтае захапленне майстэрствам зразумелае: здольнасць ператварыць камень на амаль жывую матэрыю сапраўды ўражвае. Але чаму абмеркаванне амаль ніколі не выходзіць за межы тэхнікі выканання? Чаму пакуты жанчыны становяцца толькі нагодай ацаніць выразнасць кампазіцыі, а не самастойнай тэмай размовы?
Фемінісцкая оптыка не патрабуе перастаць бачыць прыгажосць твора. Але ж адначасова можна заўважаць не толькі форму, але і змест. Можна прызнаваць геніяльнасць скульптара і пры гэтым разумець, што перад намі не сцэна кахання, а момант выкрадання і прымусу. І тут адно не выключае іншага. Наадварот, веданне кантэксту робіць успрыманне мастацтва больш сумленным.
Бо гвалт нармалізуецца не толькі праз выявы, але і праз мову, якой іх апісваюць. Фармулёўкі кшталту «авалодаў дзяўчынай», «узяў яе за жонку» або «зрабіў прапанову паводле старога звычаю – выкраў» ператвараюць злачынства на рамантычную прыгоду ці пацешны звычай мінулага. Аднак падобныя «звычаі» не адышлі ў мінулае: жанчын і сёння выкрадаюць дзеля прымусовага шлюбу, а перакананне, што жаночае «не» можа азначаць «так», працягвае ўплываць на паўсядзённыя адносіны.
А вось гісторыя Рагнеды, якая адмовілася пабрацца шлюбам з князем Уладзімірам. За гэтую адмову Рагнеду згвалцілі, забілі яе родных і прымусілі да шлюбу. Але ў масавай культуры Уладзімір застаецца перадусім вялікім уладаром, хрысціцелем і героем маштабных палотнаў, помнікаў, мультфільмаў і патрыятычных сюжэтаў. Каб убачыць іншы бок гэтага вобраза, чалавеку даводзіцца самастойна шукаць гістарычныя звесткі. А масавая культура і надалей захоўвае гераічны вобраз Уладзіміра, амаль не звяртаючы ўвагі на тое, што перажыла Рагнеда.
І тут нечакана дапамагаюць мемы. У некалькіх радках яны здольныя разбурыць звыклы гераічны вобраз і вярнуць у гісторыю факты, якія ўрачыстая культура ахвотна абмінае. Там, дзе музейны подпіс распавядае пра веліч уладара, кароткі мем можа нагадаць, якім коштам гэтая веліч абыходзілася іншым людзям. Гумар у такім выпадку становіцца даступным інструментам асветы. І пра князя Уладзіміра якраз ёсць выдатны мем: згвалтаваў Рагнеду, забіў яе бацькоў і братоў, узяў яе за жонку, меў 300 каханак, забіў сваіх братоў… стаў святым.
Але што рабіць з творамі іншага часу, калі яны адлюстроўваюць каштоўнасці менавіта сваёй эпохі, хоць сёння такія каштоўнасці ўжо мусілі б застацца ў мінулым? Забараняць фільмы, канфіскоўваць кнігі, разбураць помнікі ці перапісваць міты? Я прапаную ўводзіць дысклэймеры. Гаворка ідзе пра невялікія тлумачэнні, якія вяртаюць твор у гістарычны і этычны кантэкст.
Такая шыльда ў музеі можа наўпрост паведамляць, што перад намі сцэна выкрадання або гвалту. Уступнае слова перад фільмам можа звярнуць увагу на рамантызацыю рабства, расізм або састарэлыя ўяўленні пра жанчын. Заўвага ў дзіцячай кнізе можа патлумачыць, што паводзіны гераіні не абавязкова варта пераймаць. Глядачы або чытачы й надалей маюць магчымасць самастойна ацэньваць твор, але робяць гэта, ўсведамляючы кантэкст і маючы ўжо больш поўную інфармацыю.
Паказальны тут прыклад – фільм «Знесеныя ветрам», які сэрвіс HBO часова прыбраў з платформы, а потым вярнуў з дадатковымі матэрыяламі пра гістарычны кантэкст і адлюстраванне рабства. Гэтае рашэнне выклікала спрэчкі пра цэнзуру і пра спробы пазбавіць грамадства культурнай спадчыны. Аднак дысклэймер нічога не забараняе і не выкрэслівае. Ён не змяняе змест фільма, а толькі дапамагае ўбачыць тое, што ранейшая традыцыя пакідала па-за кадрам.
Фемінісцкі погляд на твор «Знесеныя ветрам» не абмяжоўваецца пытаннем рабства. Скарлет О’Хара стала для некалькіх пакаленняў вобразам моцнай жанчыны, аднак адначасова кніга ўзнаўляе шматлікія патрабаванні да «сапраўднай лэдзі»: як ёй «належыць» выглядаць, колькі «можна» есці, якой «павінна» быць яе вага і ці дапушчальна паказваць свой апетыт у прысутнасці мужчыны. Дзяўчынцы, якая сутыкаецца з падобнымі патрабаваннямі ў сям’і, рэкламе, школе і сацыяльных сетках, цяжка самой зразумець, што ў старой кнізе гэтыя патрабаванні належаць мінулай эпосе. Культурныя стэрэатыпы ўзаемна падмацоўваюцца, і ўрэшце пачынае здавацца, што так і мае быць.
Менавіта таму такія тлумачэнні асабліва неабходныя ў кнігах і мультфільмах для дзяцей. Русалачка, якая адмовілася ад уласнага голасу дзеля кахання, або гераіня, для якой сэнс жыцця – чакаць прынца, не мусяць знікаць з культуры. Але дзіцяці можна растлумачыць, што гэта не адзіны магчымы жыццёвы сцэнар. Дзяўчынка вартая сама па сабе, незалежна ад таго, ці адпавядае яна патрабаванням атачэння, ці пабярэцца шлюбам і ці гатовая ахвяраваць сабой дзеля чужой увагі.
Падобныя заўвагі карысныя і дарослым. Безліч уяўленняў засвойваецца настолькі рана, што ніводнае з іх ужо не ўспрымаецца як нешта навязанае. Часам дастаткова адной дакладна сфармуляванай фразы, каб чалавек упершыню задумаўся, чаму лічыць, што жанчына мусіць паводзіцца пэўным чынам або чаму не распазнае гвалту, калі ён адбываецца ў шлюбе або ў сям’і, якая звонку выглядае шчаслівай.
Дысклэймер у такім разуменні – не цэнзура, а актуалізацыя кантэнту. Цэнзура забараняе, выдаляе і выкрэслівае нязручныя думкі. Думаю, усе ўжо бачылі, якія пачалі выходзіць кнігі – з цэлымі старонкамі, зафарбаванымі чорным колерам, і гэта зусім-зусім іншае, бо прыбіраюць якраз тое, што, наадварот, трэба паказваць і пра што трэба распавядаць. А з дапамогай цэнзуры людзей якраз спрабуюць вярнуць у тыя часы, калі, напрыклад, чалавека маглі забіць праз «няправільную» сэксуальную арыентацыю. Тлумачэнне, наадварот, дадае інфармацыю і пашырае прастору для разважанняў. Яно не перашкаджае захапляцца залацістым святлом Рэмбранта або майстэрствам Берніні, але не дазваляе забыць, што ў аснове гэтага прыгожага твора – чыесьці пакуты.
То бок чаму, напрыклад, у экспазіцыях, прысвечаных войнам, рэпрэсіям або Халакосту, кантэкст трагедыі звычайна пазначаны гранічна ясна, а сцэны гвалту над жанчынамі раз-пораз выстаўляюцца як эстэтычныя аб’екты без усялякага тлумачэння? Калі б у музеі стаяла скульптура, якая адлюстроўвае сэксуальны гвалт над мужчынам, ці сталі б мастацтвазнаўцы з гэткім жа захапленнем разважаць пра «падатлівую плоць» і пачуццёвасць кампазіцыі, не называючы таго, што адбываецца?
Фем-оптыка не дае ўніверсальных адказаў, але дапамагае ставіць пытанні. Што менавіта мы бачым? Чый погляд прадстаўлены ў творы, а чый голас адсутнічае? Чаму дзеянні мужчыны апісваюцца як запал або гераізм, а жанчына павінна адчуваць сорам і зазнаваць наступствы? Якія старыя сюжэты працягваюць незаўважна вызначаць сучасныя ўяўленні пра згоду і «правільныя» паводзіны жанчыны?
У эпізодзе гэтыя пытанні разглядаюцца на значна большай колькасці прыкладаў з міталогіі, гісторыі, літаратуры, кіно і музейнай культуры. Некаторыя з іх дазваляюць зусім інакш убачыць знаёмыя змалку творы і гістарычныя постаці. Таму прапаную паслухаць эпізод, каб больш уважліва прыгледзецца да звыклых сюжэтаў і самастойна вырашыць, ці патрэбныя мастацтву тлумачальныя шыльды і чаму так істотна ведаць, на што менавіта мы глядзім.
Рубрыка #дачка_музеяў і не толькі:
https://www.instagram.com/wild_fem_/
Калі вы хочаце з намі звязацца, можаце напісаць нам на e-mail. Не забудзьцеся пасля гэтага выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




