Напэўна, вы ўжо заўважылі, як актыўна Хэлоўін увайшоў у жыццё Беларусі, Літвы і іншых краін. Напярэдадні свята нават звычайныя крамы і аптэкі ўпрыгожваюць гарбузамі, свечкамі, выявамі прывідаў і іншых істотаў з замагільнага свету.
Нягледзячы на тое, што Хэлоўін прыпадае на той самы час, калі ў Беларусі традыцыйна адзначаюць Дзяды і Задушны дзень, то-бок на спакойны і сумны час памяці пра памерлых, ён прыносіць нейкую весялосць у восеньскія дні. Відаць, таму гэтае свята і прыжылося побач з беларускімі традыцыямі ў нашай сучаснасці.
У дзесятым эпізодзе падкаста «Лоўцы Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) адказваюць на вашыя каментары і выпраўляюцца на новае паляванне за падзабытымі сэнсамі беларускіх словаў. А з-за таго, што набліжаецца Хэлоўін, на гэты раз яны вырашылі адшукаць нешта сапраўды страшнае.
У сучасных беларускіх гаворках «лярва» і «лярвішча» яшчэ сустракаюцца, але пераважна як абразы. Звычайна так называюць жанчыну, якую хочуць абразіць «за распуснасць ці гультайства». Аднак раней сэнсаў у гэтых словаў было значна больш. І ў слоўніках XIX стагоддзя такое абразлівае азначэнне стаяла толькі на чацвёртай-пятай пазіцыі.
А вось адзін з найстарэйшых сэнсаў гэтага слова – нябожчык, які вярнуўся з магілы і ходзіць палохаць жывых. Нешта накшталт вупыра. Такія істоты сустракаліся ў народных казках і страшных гісторыях. А само слова магло выкарыстоўвацца як дзіцячая страшылка. Калі дзіцёнак не хацеў слухацца, шумеў ці не мог супакоіцца, бацькі маглі прыгразіць яму «лярвай». І ўжо адна назва павінна была прымусіць яго сцішыцца.
Цікава, што гэтае значэнне мае даўнюю гісторыю і ў іншых еўрапейскіх мовах. Лацінскае «larva» азначала прывіда, злога духа, пачвару. Напрыклад, у польскамоўнай баладзе Адама Міцкевіча «Свіцязь» згадваюцца «лярвы» як жудасныя істоты, пра якіх страшна нават слухаць аповеды.
Дарэчы, сучаснае навуковае значэнне «larva» – гэта лічынка. Яно атрымала распаўсюд дзякуючы Карлу Лінэю, які выкарыстоўваў лацінскі тэрмін для стадыі развіцця жывёлы, калі яе выгляд яшчэ не падобны да дарослай формы. Быццам сапраўднае аблічча істоты пакуль схаванае пад маскай.
Але вернемся да беларускіх «лярваў». Яшчэ адно значэнне, якое прыгадвае Уладзіслаў Гарбацкі, – гэта таксама маска. Але менавіта страшная маска. Яе можна надзець, каб напалохаць іншых. І вось гэты падзабыты сэнс сацыялінгвіст прапануе вярнуць у сучасную мову.
Падчас сваіх экспэдыцый ён ужо не здолеў зафіксаваць такое ўжыванне ў жывым маўленні. Людзі яшчэ памятаюць абразлівы сэнс, а вось значэнне «страшная маска», якое слова «лярва» мела яшчэ ў XIX стагоддзі, ужо не захавалася ў памяці.
Было і яшчэ адно значэнне слова «лярва», але ўжо як «вельмі пачварны твар». Так маглі назваць твар чалавека, калі ён быў знявечаны, напрыклад, апёкам ці іншым пашкоджаннем. Або проста чалавека, чыя знешнасць камусьці не падабалася. Адсюль і абразлівае ўжыванне словаў «лярва», «лярвіска», «лярвішча».
Уладзіслаў звяртае ўвагу, што хоць найбольш вядомае значэнне гэтага слова сёння звычайна скіраванае супраць жанчыны, але падобная дыспрапорцыя адбываецца не толькі ў беларускай мове. Абразлівых назваў для жанчын заўсёды больш, чым для мужчынаў, ва ўсіх мовах. Бо гістарычна мову апісвалі пераважна мужчыны, і гэта таксама магло ўплываць на тое, якія сэнсы замацоўваліся ў слоўніках. Падрабязней да гэтай тэмы Жэня і Уладзіслаў спадзяюцца вярнуцца іншым разам.
Беларуская мова мае ўласныя рэсурсы для апісання сучасных рэчаў і з’яваў. Часам мы карыстаемся англіцызмамі або доўгімі апісальнымі выразамі, хоць адпаведнае слова ўжо існавала ў нашай мове. Толькі яго трэба адшукаць у старых слоўніках ці дыялектах. Гэта можа спатрэбіцца і перакладнікам, і пісьменнікам, і, канешне, нам з вамі, тым, хто любіць сваю родную мову.
Таму, напрыклад, калі вам будзе патрэбна апісаць страшную маску на Хэлоўін, цяпер можна не абмяжоўвацца гэтым словазлучэннем. Можна пайсці ў краму, набыць «лярву» ці «лярвіску», надзець яе і адправіцца палохаць сяброў ды сябровак. Бо цяпер вы ведаеце сэнс гэтага слова.
Калі вам хочацца больш пачытаць Уладзіслава Гарбацкага, ягоныя кнігі можна знайсці на сайце выдавецтва Skaryna Press.
Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




