«Сібір зрабіла з мяне беларуса», – кажа Уладзіслаў Гарбацкі ў нашым першым эпізодзе новага падкасту «Гарбата з Гарбацкім» на Belarus FM. Ён нарадзіўся ў Віцебску ў 1978 годзе, але амаль дзесяць гадоў дзяцінства правёў у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе, куды бацькі паехалі працаваць. Там ён вучыўся ў школе, жыў сярод людзей розных нацыянальнасцяў, знаёміўся з культурай хантаў і мансі. Але як атрымаўся гэты парадокс, што так далёка ад роднай Беларусі ён «стаў моцным, прынцыповым беларусам»?
Пра сібірскія гады Уладзіслаў гаворыць з удзячнасцю. Памятае тайгу, рэкі Вах і Аган, горад Радужны. Прыгадвае і вялікую беларускую супольнасць у Сібіры. Паводле яго, у Лангепасе беларусы складалі каля 35–40 адсоткаў насельніцтва.
Але асабліва моцна на яго паўплывала тое, як у Сібіры ўспрымалі беларусаў. З ягонага акцэнту маглі смяяцца, але адначасова беларусаў, літоўцаў і латышоў ставілі ў асобны шэраг, лічылі прадстаўнікамі нейкага нібыта больш развітага свету, культуры. Уладзіслаў прызнаецца, што не думаў пра сябе ў падобных катэгорыях, але пазней зразумеў, у чым тут справа.
Побач жылі ханты, і ён бачыў, як паступова знікала іх мова, як мясцовыя жыхары пераходзілі на расейскую, як разбураўся традыцыйны лад жыцця. І вось тады, яшчэ дзіцёнкам, ён пачаў заўважаць тое, што пазней, ужо студэнтам, сустрэне ў працах Клода Леві-Строса. У даследаваннях каланіялізму, у тым ліку.
То-бок, жывучы не ў Беларусі, ён раней за многіх сваіх аднагодак пачаў задумвацца пра ўласную мову і культуру.
Зрэшты, беларуская мова не знікала з ягонага жыцця і да Сібіры, і падчас яе. Тут важную ролю адыграла бабуля Гарбацкая, настаўніца з вёскі пад Воршай. Маленькі Уладзік праводзіў у яе летнія вакацыі, слухаў мясцовы віцебска-аршанскі дыялект, чытаў беларускія кніжкі. Калі сям’я жыла ў Сібіры, бабуля дасылала яму літаратуру з Беларусі.
Яна мела і сваё правіла: на вуліцы ўнук мог размаўляць з сябрамі як хацеў, але з ёю мусіў гаварыць па-беларуску. Цяпер Уладзіслаў згадвае гэта з удзячнасцю. Ён нават заўважае, што ў ягоным выпадку варта гаварыць не толькі пра «матчыну», але і пра «бабуліну» мову.
У падкасце Уладзіслаў Гарбацкі тлумачыць сваю «тэорыю паўтарамоўя». Такую назву мае і кніга, над якой ён працуе. Ён лічыць сябе прадстаўніком аднаго з апошніх пакаленняў, для якіх з дзяцінства існавала не адна мова, а паўтары. Адна пераважала, часцей расейская, але магло быць і наадварот, а другая таксама была часткай жывога моўнага асяроддзя. Усё залежала ад сям’і, горада ці вёскі. Уладзіслаў згадвае і вядомы вобраз «сена на асфальце»: пераязджаючы ў гарады, беларусы паступова гублялі сувязь з вёскай, а разам з ёй і беларускую мову. Сам ён дзякуючы бабулі гэтай сувязі не страціў і з дзяцінства пераходзіў з адной мовы на другую. Гэты досвед ён супрацьпастаўляе сітуацыі многіх сучасных беларусаў, якія растуць пераважна расейскамоўнымі, а беларускую пачынаюць вывучаць ужо ў школе, адарвана ад жывога моўнага асяроддзя.
«Ведаеце, як фармацэўты вывучаюць лацінскую мову. Так, штучная, мёртвая мова, на якой яны могуць нешта зразумець, але не размаўляюць у жыцьці», – праводзіць паралель Уладзіслаў.
У якасці прыкладу ён таксама згадвае віцебскія крамы напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х. Тады прадавалі ёгурты з беларускімі надпісамі, у тым ліку сунічны. Калі ён прасіў сунічны ёгурт, прадавачкі разумелі яго без праблем, хоць самі маглі гаварыць па-расейску ці на трасянцы. Праз дзесяць-дванаццаць гадоў сітуацыя змянілася: новыя прадавачкі ўжо не разумелі слова «сунічны», перапытвалі і нават прапаноўвалі гаварыць «нармальнай мовай».
Для Уладзіслава гэта прыклад таго, як за адносна кароткі час змянілася моўнае асяроддзе. Пакаленне, якое яшчэ добра разумела беларускую, паступова саступіла месца людзям, для якіх яна стала амаль замежнай.
Сам ён працягнуў вывучаць мовы. Францускую ўпадабаў яшчэ школьнікам – пасля знаёмства з тэкстам пра Сымону дэ Бавуар і песнямі Мілен Фармёр (Mylène Farmer). Спачатку тата раіў выбраць ангельскую як больш карысную для будучай прафесіі, і ў школе хлопца запісалі на яе.
«Я зрабіў скандал дома, мама таксама ўмяшалася, яна сказала, што, ня трэба тут навязваць, трэба сапраўды слухаць, што хоча дзіцёнак. І тата таксама адступіў. Ён проста думаў, што больш рацыянальна, што мова, якая можа ў будучыні прынесьці стабільнасьць, грошы», – успамінае Уладзіслаў.
З-за стэрэатыпаў, канешне, потым нават у школе яму даводзілася чуць, што француская – гэта нібыта мова для дзяўчынак. Але Уладзіслава гэта не спыняла, ён ганарыўся сваім выбарам і вывучаў францускую. А пазней у ягоным жыцці з’явіліся і ангельская, і польская, і нават літоўская.
Цяпер адно з ягоных захапленняў – аксітанская мова. Уладзіслаў марыць перакласці на беларускую творы сярэднявечных трубадураў, таму чытае аксітанскія тэксты, слухае падкасты, а падчас паездак у ваколіцы Тулузы шукае магчымасці пачуць жывую мову. Ён адзначае, што носьбітаў аксітанскай засталося няшмат. Параўноўваючы яе становішча з беларускім, Уладзіслаў Гарбацкі лічыць, што ў беларускай мове, пры ўсіх цяжкасцях, магчымасцяў для развіцця пакуль значна больш.
Асноўнай сваёй прафесіяй Уладзіслаў называе паліталогію. З 2007 года ён выкладае палітычную навуку і добра ведае розніцу паміж працай універсітэцкага выкладніка і публічнага палітычнага аналітыка. Выкладнікі менш заўважныя ў медыйнай прасторы, але менавіта яны рыхтуюць будучых даследнікаў, журналістаў, аналітыкаў і палітыкаў.
Ён гаворыць і пра праблемы паліталагічнай адукацыі для беларусаў. У цяперашніх умовах многія маладыя людзі разумеюць, што пасля навучання не змогуць бяспечна вярнуцца працаваць у Беларусь. Гэта ўплывае і на выбар прафесіі, і на колькасць студэнтаў.
Сам Уладзіслаў не хацеў абмяжоўвацца адной навуковай сферай. Ён параўноўвае выкладніка, які ўсё жыццё чытае адны і тыя ж курсы, з кіроўцам трамвая, які кожны дзень ездзіць па адным маршруце. Таму пасля паліталогіі ён звярнуўся да гендарных даследаванняў, атрымаў другую магістарскую адукацыю ў Францыі, а пазней абараніў яшчэ і доктарскую дысертацыю ў Варшаўскім універсітэце ў галіне сацыялінгвістыкі.
Фемінізм для яго адначасова навуковая тэма і асабістая пазіцыя. Уладзіслаў называе сябе феміністам, хоць прызнае, што нават некаторыя ягоныя каляжанкі ды каляжанкі-феміністкі не пагаджаюцца з тым, што мужчыны могуць карыстацца гэтым азначэннем. Але ён спасылаецца на кантынентальную еўрапейскую традыцыю і гісторыю мужчын, якія падтрымлівалі барацьбу за правы жанчын.
«Я лічу, што фемінізм беларускі толькі ад гэтага выйграе, калі ў абарону фемінізму беларускага стануць таксама адкрытыя, разумныя, крытычныя мужчыны», – падкрэслівае Уладзіслаў.
Асобна Уладзіслаў Гарбацкі нагадвае пра Цётку і яе публікацыі, прысвечаныя выбарчаму праву фінляндак, сямейнаму гвалту і становішчу жанчын. Ён лічыць Цётку адной з першых беларускіх феміністак і звяртае ўвагу на гэтую частку яе спадчыны, якая доўга заставалася па-за ўвагай даследнікаў.
З Цёткай звязаны і выдавецкі праект, пра які ён расказвае ў падкасце. Да 150-годдзя аўтаркі ў «Skaryna Press», дзе Уладзіслаў Гарбацкі адзін з рэдактараў, падрыхтавалі збор яе аўтарскіх твораў – беларускай лацінкай. Паводле яго, пра такое выданне марыла сама пісьменніца, але пры жыцці не дачакалася. Уладзіслаў разумее, што кніга лацінкай будзе складанейшай для часткі сучасных чытачоў, але лічыць важным выканаць мару аўтаркі.
«Я вось вырашыў рэалізаваць гэтую мару Цёткі і ўсе тэксты выдаю лацінкай. І я рады, што выдавецтва «Skaryna Press» і наша рада выдавецтва падтрымала, нават не засумнявалася ў гэтым», – кажа Уладзіслаў.
З фемінізмам звязаная і гісторыя яго прозвішча. Па бацьку ён – Іваноў, прадстаўнік віцебскага стараверскага роду. Ён не адмаўляецца ад гэтага прозвішча і выключна расейскім яго не лічыць, «бо ў эпоху мяшання культураў і лёгкага выбару ідэнтычнасьці ўсё мяняецца, і гэта ўжо даўно не расейскае прозьвішча».
Аднак пасля смерці бабулі ён вырашыў карыстацца яе прозвішчам і стаў Гарбацкім. Гэта таксама дзявочае прозвішча ягонай маці. Для яго такі выбар стаў спосабам ушанаваць бабулю, якая моцна паўплывала на ягонае жыццё. У гэтым выбары ён бачыць і прафемінісцкі сэнс – але без прэтэнзіі на рэвалюцыю, бо самі прозвішчы ўсё адно перадаваліся па мужчынскай лініі.
Афіцыйна змяніць прозвішча ў дакументах пакуль не атрымалася: сярод іншага, для гэтага неабходна ехаць у Беларусь, куды ён цяпер паехаць не можа.
З улюблёных казачных герояў ці гераіняў, якімі Уладзіслаў марыў стаць у дзяцінстве, ён згадвае русалачку (Ундзіну) ды хлопчыка-саламандру, пра якога прачытаў у аксітанскай казцы. А калі трэба было б уявіць сябе гарбатай, ён выбірае чорную, вельмі моцную, пажадана з бергамотам. Такая любоў да моцнай гарбаты засталася яшчэ з Сібіры, дзе зімовыя маразы маглі дасягаць мінус сарака-пяцідзесяці градусаў.
Уладзіслаў прызнаецца, што часам ягоная гарбата нагадвае чыфір, і гэта нават непакоіць касметалагіню. Яшчэ ён любіць брытанскую Lady Grey з лавандай, якую адкрыў для сябе падчас паездак у Лондан. Але віцебская бабуля Уладзіслава, дарэчы, гарбаты ўвогуле не піла: толькі кісель, кампоты і кефір. Гарбатная культура ў вёскі прыйшла пазней.
А з бульбяных страваў называе віцебскія зразы з грыбамі – ён не есць мяса, таму маці гатуе для яго менавіта такі варыянт. Ёсць і яшчэ адна віцебская страва, якой ён любіць здзіўляць сяброў: дранікі з ікрой. Тыя нярэдка пытаюцца, як можна спалучаць бульбу з ікрой, і падазраюць у гэтым нейкі габрэйскі кулінарны след. Уладзіслаў нават распытваў пра гэта свайго знаёмага Вольфа Рубінчыка, але той не пацвердзіў габрэйскага паходжання рэцэпту.
Таму Уладзіслаў працягвае дасылаць сябрам у розных краінах фотаздымкі віцебскіх дранікаў з ікрой. І не сумняваецца, што гэта смачна.
Гэта толькі невялічкая частка таго, пра што мы размаўлялі ў першым эпізодзе «Гарбаты з Гарбацкім». Таму калі вы дачыталі дасюль, прапануем паслухаць падкаст. А калі вы ўжо паслухалі яго, і чакаеце сустрэчы з намі наступным разам, а таксама шукаеце сваю асабістую гарбату: прапануем знайсці і паслухаць падкаст «Лоўца Слоўцаў» на Belarus FM. Там Уладзіслаў Гарбацкі і Жэня амаль кожны тыдзень выпраўляюцца ў моўны лес на паляванне за новымі і нечаканымі словамі.
Калі вам падабаюцца кнігі, прапануем таксама спасылку на творы і пераклады Уладзіслава Гарбацкага на сайце выдавецтва Skaryna Press.


