Чаму жаночы футбол не такі папулярны? 50 гадоў забароны і байкі пра «непрыбытковы» спорт

Паслухаць
Чаму мужчынскі футбол атрымлівае грошы і эфірны час, а жаночы называюць нішавым? Не блытайце прычыну з вынікам: гісторыя 50-гадовай забароны, прыклады сэксізму ў спорце і ня толькі, міт пра нізкі попыт і што з усім гэтым можна зрабіць.

Дык вось, ці згодныя вы з тым, што ажыятаж вакол чэмпіянату свету па футболе і попыт на яго фарміруюцца дзякуючы добра выбудаванаму маркетынгу? Што гэтую падзею масава прасоўваюць, выпускаюць разнастайны мэрч, ладзяць публічныя прагляды гульняў ня толькі ў спартыўных барах, але і ў розных грамадскіх прасторах, нават на стадыёнах, а фатаграфіі футбалістаў змяшчаюць на пачках чыпсаў?

Акрамя такога актыўнага прасоўвання, якое па інерцыі ўцягвае нават тых людзей, якія, магчыма, і не зацікавіліся б, калі б не было падобнага інфармацыйнага фону, існуе яшчэ і такая думка: бізнес інвестуе грошы туды, дзе дакладна атрымае прыбытак, і няма аніякай розніцы, мужчынскае яно ці жаночае!

Тут людзі блытаюць прычыну з вынікам, і гэта вельмі банальная і грубая памылка.

Прычына ж у тым, што ў патрыярхальным свеце ўсё значнае і вартае ўвагі – мужчынскае. Бо суб’екты, то-бок асобы, якія нешта робяць і прымаюць рашэнні, па змаўчанні – мужчыны. Таму, вядома, грошы будуць інвеставаць у тое, што звязана з мужчынамі, а не з тымі, хто іх абслугоўвае.

Надоечы адна крама кветак у Менску апублікавала, як там палічылі, крэатыўны допіс. На фота быў мужчына з рознымі букетамі, а надпіс абвяшчаў: «Выпраўце, калі памыліліся ў назвах». Сэнс успрымаўся наступным чынам: мужчына абірае кветкі, каб падараваць жанчыне, а перайначаныя назвы кветак ківаюць на тое, на што ён разлічвае наўзамен. Назвы былі такія: «пихоны», «подсосолнухи», «шпилилии», «глоталусы». Вельмі празрысты нацяк, які выразна адлюстроўвае патрыярхальнае размеркаванне роляў: чалавек-мужчына – суб’ект, ён абірае падарунак для жанчыны-аб’екта, якая за гэта яму «дасць». Калі ўзяць за аснову меркаванне, быццам бізнес інвестуе грошы толькі там, дзе дакладна атрымае прыбытак, незалежна ад таго, мужчынскае гэта ці жаночае, дык ужо гэты звычайны прыклад абвяргае такое сцвярджэнне. Гэты бізнес інвеставаў грошы ў прадукт, які выклікаў абурэнне мэтавай аўдыторыі. Частка людзей больш не будзе замаўляць тут кветкі, то-бок рызыку страты прыбытку не ўлічылі. А чаму? Бо прычына ў тым, што ў патрыярхаце мужчына – гэта пункт адліку. Мужчына – чалавек, а жанчына створана дзеля таго, каб яму дагаджаць. Таму яму смешна: якія кветачкі абраць, каб якая заўгодна яму «дала», ды яшчэ як мага больш пахабна згуляць на гэтым. Вунь як крэатыўна ён падладзіў назвы кветак пад свае прыхамаці. Уладальніку бізнесу нават у галаву не прыйшло, што гэты жарт абразлівы для жанчын, бо гэта ж рэчаіснасць – такая вось гульня: мужчына абірае шыкоўныя букеты, вядзе жанчыну ў рэстаран, галантна да яе заляцаецца, а яна яму за гэта «дае». Гэта ж звычайная схема, толькі прыхаваная за прыгожымі словамі і рамантычнымі ўчынкамі. Хіба не смешна з гэтага пажартаваць? А жанчынам зусім не смешна. Нават тым, якія вельмі любяць рамантычныя заляцанні і крыўдзяцца на феміністак, што зняпраўджваюць гэтыя казачкі і даюць усяму гэтаму непрыгожую і крыўдную назву – «добразычлівы сэксізм». Але варта было краме кветак груба агаліць сутнасць гэтай схемы, як жанчынам стала вельмі непрыемна. А жанчыны – вялізарная частка мэтавай аўдыторыі кветкавага бізнесу! Такі жарт вельмі рызыкоўны для бізнесу: прынамсі, ён можа прывесці да рэпутацыйных стратаў, а ў найгоршым выпадку – нават да істотнага зніжэння прыбытку.

Варта разумець: той, хто прыдумляў гэты «крэатыў» з кветкамі, – не з’яўляецца нейкім асабліва дрэнным мужчынам. Не. Гэта звычайны патрыярхальны мужчына. Бо ў ягоным патрыярхальным свеце гэта норма, што жанчына – аб’ект, і што ён павінен нешта зрабіць, каб яна яму «дала». Таму такі жарт з назвай «пихоны» і здаецца яму смешным. Памылкова лічыць, што вось гэты мужчына – дрэнны і што ўсё гэта толькі адзінкавы выпадак. Трэба разумець, што сама сістэма такая: менавіта такая «прашыўка» фарміруецца ва ўсіх мужчын праз мужчынскую гендарную сацыялізацыю. У сваёй аснове ўсе яны менавіта такія – гэта налады па змаўчанні. А некаторыя «не такія» мужчыны, вядома, таксама існуюць, але такімі яны з’яўляюцца якраз насуперак сістэме.

Адзін з першых жаночых футбольных клюбаў з’явіўся ў Англіі ў 1895 годзе – амаль на чатыры дзесяцігоддзі пазней за першы мужчынскі футбольны клюб. Гэта тлумачылася тым, што мужчынскія клюбы ствараліся пры фабрыках, дзе працавалі мужчыны, а жанчыны сядзелі дома, вялі гаспадарку і гадавалі дзяцей. Гэты жаночы футбольны клюб сабрала энтузіястка Nettie Honeyball, змясціўшы аб’яву ў газеце. На першы жаночы матч клюба сабралася 10 тысяч чалавек – паглядзець на дзяўчат як на дзіва. Футбалістак высмейвалі. Але яны не спыняліся, а фінансавала ўсё гэта, вядома, таксама жанчына. На пачатку ХХ стагоддзя жаночы футбол у Англіі пачаў збіраць аўдыторыю, сувымерную з аўдыторыяй мужчынскага футболу. Здавалася б, што зрабіў бы бізнес, які проста інвестуе грошы ў тое, што цікавіць людзей і прыносіць яму прыбытак? Лагічна было б пачаць інвеставаць і ў жаночы футбол ды прасоўваць яго, праўда? Так і было б, калі б тое, ці інвестуе бізнес грошы, было прычынай. Але ж не! Гэта не прычына так званай «нішавасці» жаночага футболу. Прычына – у патрыярхальным стаўленні да жанчын і да іх месца ў гэтым свеце. Таму бізнес і не стаў інвеставаць грошы ў жаночы футбол.

Падчас Першай сусветнай вайны жаночая футбольная каманда «Dick, Kerr Ladies» ездзіла па краіне, збірала поўныя стадыёны і праводзіла дабрачынныя матчы. За некалькі гадоў футбалісткі сабралі каля 14 мільёнаў фунтаў у пераліку на сённяшнія грошы і перадалі іх шпіталям, ветэранам і дзецям-сіротам. У 1920 годзе каманда «Dick, Kerr Ladies» згуляла ў Ліверпулі з камандай «St Helens Ladies», і паглядзець гэты матч прыйшлі 53 тысячы чалавек! Для параўнання: у той час сярэдняя наведвальнасць матчаў мужчынскага футболу складала 24 тысячы чалавек, а «Чэлсі», рэкардсмен лігі, збіраў па 42 тысячы. Дык што там наконт непрыбытковасці жаночага футболу? Маўляў, ніхто не прыйдзе і нічога не акупіцца? Вядома ж, справа не ў гэтым.

Крохкае мужчынскае эга не вытрымала такога «бязладдзя», і 5 снежня 1921 года Футбольная асацыяцыя проста забараніла жаночы футбол на прафесійных стадыёнах: «У сувязі са скаргамі, якія паступілі наконт таго, што жанчыны гуляюць у футбол, Рада палічыла неабходным выказаць цвёрдае меркаванне, што футбол зусім непрыдатны для жанчын і не павінен заахвочвацца».

Чэмпіянат свету па футболе сярод жанчын адбудзецца ў Бразіліі ў 2027 годзе, і я асабіста катэгарычна збіраюся яго глядзець і ўсіх да гэтага заклікаю. Таксама прапаную звярнуць увагу на тое, наколькі маштабна яго будуць прасоўваць і ці ўбачым мы партрэты футбалістак на пачках чыпсаў.

Калі вы хочаце з намі звязацца, можаце напісаць нам на e-mail. Не забудзьцеся пасля гэтага выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: ⁠help@belarus.fm

Нізавая актывістка з Беларусі. Замужам, двое дзяцей і ўнучка. Звычайная жанчына. Лічыць, што партнёрскі шлюб магчымы ва ўмовах патрыярхату, а феміністкі не ненавідзяць мужчын. Упэўненая, што ўсе жанчыны — феміністкі, але некаторыя пра гэта яшчэ не ведаюць.
Сумесна з Belarus FM выпускае падкаст пра фемінізм простай мовай, для такіх жа звычайных жанчын, як і яна сама.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.