Прызнанне кваліфікацыі: як пацвердзіць дыплом у Літве? Вынік суда над аўтаркай падкаста

Паслухаць
Як працягнуць працу па спецыяльнасці пасля вымушанага пераезду — размаўляем пра працэдуру прызнання кваліфікацыі ў Літве. Каму неабходная такая працэдура і што такое рэгуляваная прафесія? Якія паслабленні прадугледжаны для ўцекачоў пры прызнанні акадэмічнай кваліфікацыі? Чым адрозніваецца прызнанне прафесійнай кваліфікацыі ад акадэмічнай? Дзе атрымаць кансультацыю ў залежнасці ад спецыяльнасці?

А напрыканцы я раскажу, чым скончыўся мой суд па справе аб адмове ў атрыманні прытулку.

Прызнанне патрэбна для таго, каб літоўскія ўстановы маглі афіцыйна пацвердзіць, што ваш дыплом і прафесійны досвед адпавядаюць мясцовым патрабаванням. Гэта асабліва важна для тых, хто апынуўся ў сітуацыі вымушанай міграцыі.

Працэдура складаецца з акадэмічнага і прафесійнага прызнання.

Што такое рэгуляваныя прафесіі?

Рэгуляваная прафесія — гэта такая, для якой на заканадаўчым узроўні ўсталяваныя спецыяльныя патрабаванні. Агулам у Літве існуе 44 такія прафесіі.

Спіс прафесій і ўстаноў, да якіх яны датычыцца, вы знойдзеце тут.

Калі ваша прафесія не з’яўляецца рэгуляванай, усё будзе вырашацца непасрэдна з працадаўцам — праз сумоўі, тэсты і іншыя формы ацэнкі.

Што такое акадэмічнае прызнанне?

Акадэмічнае прызнанне — гэта вызначэнне таго, ці адпавядае ваш дакумент аб адукацыі адпаведнаму дакументу, які існуе ў Літве.

Што можна прызнаць?

  1. Агульную адукацыю;
  2. Прафесійную адукацыю;
  3. Вышэйшую адукацыю.

Чаго прызнаць НЕЛЬГА:

  • частковае навучанне;
  • навуковыя ступені.

Куды звяртацца?

Уся працэдура адбываецца праз электронную платформу EPE: https://epe.skvc.lt/

Якія дакументы спатрэбяцца?

  1. Анлайн-заяўка на платформе EPE.
  2. Дыплом або атэстат.
  3. Дадатак да дыплома — гэта дакумент, у якім апісаная навучальная праграма: прадметы, гадзіны, адзнакі, памер праграмы.

Для школьнага атэстата могуць быць таксама дадатковыя патрабаванні.

  1. Папярэднія дакументы аб адукацыі — напрыклад, калі вы падаеце заяўку на прызнанне магістарскай ступені, неабходны таксама дыплом бакалаўра.
  2. Дакумент, які пацвярджае асобу.
  3. Дакумент пра змену прозвішча або імя, калі такая змена была — напрыклад, пасведчанне аб шлюбе.
  4. Падстава для падачы заяўкі — акадэмічнае прызнанне ажыццяўляецца Цэнтрам ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, калі:
  • вы з’яўляецеся грамадзянінам дзяржавы-члена ЕЗ, дзяржавы ЕЭЗ або членам іх сям’і;
  • вы — замежнік літоўскага паходжання;
  • вы — асоба, што шукае прытулку;
  • у вас ёсць від на жыхарства (ВНЖ) або пастаянны від на жыхарства (ПМЖ) у Літве.

У іншых выпадках неабходна звяртацца непасрэдна:

  • у навучальную ўстанову (калі вы жадаеце навучацца);
  • да працадаўцы (калі жадаеце працаваць);
  • ва ўстанову, якая ажыццяўляе прызнанне рэгуляванай прафесіі (калі вы жадаеце займацца рэгуляванай прафесійнай дзейнасцю).

Асаблівасці падачы дакументаў

  • Дакументы павінны быць якасна адсканіраваныя ў колеры з арыгіналаў і даданыя праз сістэму EPE.
  • Патрэбны пераклад на літоўскую або ангельскую мову, калі дакументы не на рускай, беларускай, украінскай, польскай або ангельскай мовах. Пераклад павінен быць афіцыйны падшыты да копіі дакумента і завераны подпісам перакладчыка і пячаткай бюро.
  • Калі вашы дакументы не з ЕЗ, ЕЭЗ, ЗША, Расіі, Беларусі, Малдовы або Украіны, можа спатрэбіцца апастыль (Apostille).

Колькі гэта займае па часе?

1 месяц, АЛЕ! калі спатрэбяцца дадатковыя дакументы, даецца 3 месяцы на выпраўленне недахопаў.

Інфармацыя для ўцекачоў

Што рабіць, калі вы не можаце прадставіць поўны пакет дакументаў аб адукацыі?

  1. Як і раней, запоўніце заяўку праз EPE.
  2. Далучыце хаця б частковыя дакументы.
  3. Далучыце тлумачэнне, чаму вы не можаце падаць астатнія.
  4. Калі маеце, далучыце Еўрапейскі пашпарт кваліфікацый для ўцекачоў.

Праверка можа займаць каля 3 месяцаў.

Што ў выніку?

Вынік прызнання — гэта афіцыйны электронны дакумент, падпісаны электронным подпісам. Папяровыя версіі не выдаюцца.

Што такое прафесійнае прызнанне?

Для грамадзян трэціх краін працэдура адрозніваецца. Улічваюцца два аспекты:

  1. працягласць навучальнага курса, навучальныя дысцыпліны, адпаведна — колькасць вучэбных крэдытаў або гадзін;
  2. прафесійны досвед.

Магчымыя вырашэнні:

  1. Кваліфікацыя прызнаецца.
  2. Прызначаецца кампенсацыйная мера — калі ёсць нязначныя адрозненні з літоўскімі стандартамі.
  3. Праходжанне кваліфікацыйнага іспыту.
  4. Праходжанне перыяду прафесійнай адаптацыі.
  5. Кваліфікацыя не прызнаецца — калі працягласць навучання карацейшая больш чым на год і ахоплівае менш за 2/3 навучальнай праграмы, неабходнай у Літве, або калі ў вас адсутнічае неабходны прафесійны досвед.

Разгляд звычайна займае каля 3 месяцаў, АЛЕ! тэрмін можа быць прыпынены, калі будзе нечага не хапаць.

Для некаторых прафесій патрабуецца даволі высокі ўзровень валодання літоўскай мовай. Які менавіта ўзровень — вырашаюць ужо адпаведныя ўстановы.

Прафесіі, для якіх не патрабуецца прызнанне кваліфікацыі, а толькі прысваенне нумару штампа, калі яны адпавядаюць пэўным патрабаванням:

  1. Памочнікі медсясцёр
  2. Памочнікі стаматолага
  3. Клінічныя лагапеды
  4. Медычныя фізікі
  5. Эмбрыёлагі
  6. Арт-тэрапеўты
  7. Артапедычныя тэхнолагі
  8. Памочнікі эргатэрапеўта
  9. Памочнікі фізіятэрапеўта
  10. Спецыялісты ў галіне медыцыны ладу жыцця

Куды звяртацца?

  • Сервіс акрэдытацыі медыцынскай дзейнасці

альбо

  • Рэестр ліцэнзій на медычную і фармацэўтычную практыку (LICREG).

Дык што ж вырашыў Вярхоўны адміністрацыйны суд у маёй справе?

Я спадзяюся, што вы знайшлі адказы на свае пытанні, слухаючы не толькі гэты эпізод, але і ўвесь падкаст «Лёгка сказаць». Падчас яго стварэння я імкнулася сабраць і перадаць вам найбольш карысную інфармацыю, якая датычыцца розных сфер жыцця ўцекачоў і тых, хто шукае прытулку ў Літве. Сёння вытворчасць падкаста прыпыняецца, бо мне прадпісана пакінуць тэрыторыю Літвы.

Так павінна была гучаць заключная частка гэтага эпізоду. Прычына, магчыма, вам ужо вядомая з артыкула «Белсата». Аднак 30 красавіка Вярхоўны адміністрацыйны суд Літвы прыняў рашэнне скасаваць рашэнне Міграцыйнага дэпартамента. Адмова ў прытулку анулявана, і цяпер хадайніцтва павінна быць разгледжана нанова.

Што ж утрымліваецца ў самім рашэнні? Я працытую найбольш істотныя высновы (поўныя цытаты — паслухайце ў самім эпізодзе падкаста).

  • Не быў ацэнены перспектыўны рызык пераследу і няправільна ахарактарызаваныя адпаведныя абставіны ў кантэксце магчымасці прадастаўлення статусу ўцекача.
  • Не была дадзена належная ацэнка палітычным поглядам заяўніцы і ступені іх выяўлення з улікам сітуацыі ў Беларусі, дзе пратэст і нязгода з рэжымам успрымаюцца як пагроза.
  • Не была ўлічана практыка ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў пратэстаў праз відэазапісы і сістэмы распазнавання асоб.
  • Ігнаравалася інфармацыя пра пераслед студэнтаў і прафсаюзных актывістаў, хоць заяўніца адзначала, што падвяргалася такому пераследу.
  • Наяўнасць у спісе Інтэрпола або ў спісе «экстрэмістаў» не з’яўляецца абавязковай умовай для палітычна матываванага пераследу.
  • Доказам павінна быць дадзена ацэнка ў сукупнасці — чаго ў дадзенай справе не было зроблена належным чынам.
  • Рашэнне абавязаць заяўніцу добраахвотна пакінуць тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі і з’ехаць у Сакартвела, а не ў краіну паходжання, выклікае сумневы ў тым, ці сапраўды адказчык лічыў, што ёй не пагражае небяспека пераследу ў краіне паходжання.

Усяго на працэс абскарджвання з моманту першага рашэння спатрэбілася 7,5 месяцы. Гэтая сітуацыя вяртае нас да пятага эпізода подкаста, дзе мы гаварылі пра тое, наколькі важна абараняць сваё права на абарону — нават да Апеляцыйнага суда.

Увогуле, «Лёгка сказаць» быў маёй спробай хаця б часткова запоўніць інфармацыйны вакуум, у якім апынаюцца ўцекачы і тыя, хто шукае прытулку. І калі хаця б адзін чалавек дзякуючы гэтым выпускам знайшоў адказ ці здолеў праблему — значыць, усё гэта было не дарма.


Для тых, хто жадае прыняць удзел у падкасце «Лёгка сказаць» у якасці госця альбо запытаць нас, мы прапануем ананімна запоўніць форму зваротнай сувязі: https://forms.office.com/r/R6zVM97JfP

Калі Вы жадаеце прыняць удзел у запісы, гэта магчыма для тых, хто знаходзіцца ў Вільні, з-за таго што мы запісваем падкаст тут. Калі Вы не з Вільні, але хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, мы можам пераказаць яе ў падкасце за Вас. У такім выпадку націсніце «Ёсць пытанне/прапанова або жадаеце паведаміць інфармацыю» у другім пытанні формы і распавядзіце Вашую гісторыю як мага больш падрабязней, каб гэта дапамагло іншым уцекачам ці просьбітам прытулку, якія сутыкнуліся з аналагічнай праблемай і яшчэ не вырашылі яе.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Студэнтка, навучаецца па праграме «Медыя і Камунікацыі» ў Літве. Праз пераслед па палітычных прычынах была вымушаная пакінуць Беларусь. З 2022 года спрабуе атрымаць прытулак, праходзячы праз усе магчымыя суды і інстанцыі і вывучаючы прававыя нюансы. За гэты час паспела вывучыць літоўскую мову і здаць дзяржаўны іспыт па ёй. Стваральнік і галоўны рэдактар ​​сайта http://integra-l.eu/
Каб дапамагчы вырашыць набалелыя праблемы, пры падтрымцы Belarus FM выпускае падкаст, які можа дапамагчы іншым уцекачам і просьбітам прытулку разабрацца ў складаных і часам вельмі заблытаных хітраспляценнях Літоўскага заканадаўства і яго выкарыстанні. Бо інфармацыі пра гэта ў медыйнай прасторы вельмі мала і часта людзі застаюцца пакінутыя самі сабе.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.