Як падаць скаргу на рашэнне суда ў Літве без адваката?

Паслухаць
Больш няма бескаштоўнага адваката на апеляцыі. Чаму адназначна варта запытаць доступ да партала судоў Літвы і як ім карыстацца? Якія існуюць інструменты для абароны свайго права на ахову? Гісторыя уцякача з Беларусі, які прайшоў некалькі колаў судовых працэсаў. Як праходзіць працэдура абскарджання і пры чым тут чалавечы фактар?

Адмова ў прытулку — гэта не заўсёды значыць, што вы не адпавядаеце крытэрам яго атрымання. Гэты працэс глыбока суб’ектыўны: чалавечы фактар, палітычная сітуацыя і выпадковасці здольныя перавярнуць усё з ног на галаву. Адзін інспектар убачыць у вашай справе пагрозу пераследу, іншы — не. І таму нельга ўспрымаць адмову як канчатковы прысуд.

З 2025 года бескаштоўную юрыдычную дапамогу можна атрымаць толькі на першай стадыі абскарджання. На этапе апеляцыі вы застанецеся сам-насам з сістэмай. Давядзецца шукаць рэсурсы — фінансавыя і эмацыйныя. Можна звярнуцца да гуманітарных арганізацый, але іх дапамога абмежаваная: юрысты не маюць магчымасці прадстаўляць вас у судзе. Без адваката вам давядзецца самастойна кантраляваць працэс, падаваць хадайніцтвы, сачыць за адказамі суда і адказчыка.

Судовы партал e.teismas.lt — інструмент, які дазволіць вам трымаць сітуацыю пад кантролем. Праз яго можна атрымліваць паведамленні, падаваць дакументы, сачыць за ходам справы і, што галоўнае, не залежаць ад графіку працы суда ці пошты. Лепш падключыцца да яго загадзя — яшчэ на этапе першай інстанцыі, каб можна было і кантраляваць дзеянні бескаштоўнага адваката, і хутка рэагаваць, калі справа дойдзе да апеляцыі.

Абскарджанне праходзіць у два этапы: спачатку рэгіянальны суд, затым Вышэйшы адміністрацыйны суд. Апеляцыя падаецца праз суд першай інстанцыі, але разглядаецца ўжо ў Вышэйшым адміністрацыйным судзе, найчасцей у пісьмовай форме, то бок без вашай прысутнасці на пасяджэнні.

У якіх выпадках можна запытаць дадзеныя для падключэння да e.teismas?

  1. Калі вашая справа ўжо разглядаецца ў судзе.
  2. Калі вы толькі плануеце падаваць скаргу, доступ можна запытаць адначасова з яе падачай.

Крокі для атрымання доступу да справы

  1. Запоўніце прашэнне. Каб запытаць дадзеныя, трэба запоўніць спецыяльную форму заявы. Спампаваць форму можна па спасылцы: Спампаваць форму заявы.
  2. Дашліце прашэнне ў суд. Адпраўце заяву на электронную пошту суда, у якім разглядаецца ваша справа. Кантактныя дадзеныя можна знайсці на афіцыйных сайтах судоў.

Калі ваша справа яшчэ не распачатая, такое прашэнне трэба падаць разам са скаргай.

  1. Атрымайце дадзеныя для падключэння. Пасля разгляду вашага запыту вас запросяць у суд, каб атрымаць дадзеныя для ўваходу: імя карыстальніка і пароль. З імі вы зможаце далучыцца да акаўнта на партале e.teismas.
  2. Перадайце дадзеныя сакратару судовай калегіі. Каб матэрыялы вашай справы сталі даступнымі ў акаўнце, перадайце дадзеныя для ўваходу сакратару старшыні судовай калегіі. Калі вы не ведаеце, хто гэта, дашліце запыт на агульны электронны адрас суда.

Доступ да інфармацыі надзвычай важны ў такіх пытаннях. Нельга спадзявацца нават на наяўнага адваката, як гэта здарылася ў гісторыі Ягора — уцякача з Беларусі, які прайшоў некалькі колаў абскарджання.

Ягор папрасіў прытулку ў Літве яшчэ ў 2020 годзе, аднак Дэпартамент адмовіў яму ў абароне. Ён пачаў абскарджваць гэта рашэнне: спачатку ў судзе першай інстанцыі, а потым у апеляцыі, бо першы суд адмовіў.

Апеляцыю Ягор перамог, суд адмяніў рашэнне Дэпартамента Міграцыі і пастанавіў яго перагледзець. Аднак доўгі час беларус не ведаў пра гэта, бо адвакат, які быў прадастаўлены яму бескаштоўна, не паведаміў пра вынікі справы. Таму пра перамогу ён даведаўся значна пазней.

Паводле меркавання ўцякача, адвакат быў зацікаўлены ў тым, каб ён не перамог у справе. Але суд абраў яго бок, бо заўважыў працэсуальныя парушэнні з боку адказчыка.

Міграцыя доўга не прымала рашэнне па справе Ягора, і яму давялося падаць у суд за зацягванне тэрмінаў. Ён выйграў гэтую справу, пасля чаго дэпартамент усё ж прыняў рашэнне зноў адхіліць просьбу аб прадастаўленні прытулку. У параўнанні з першым разам, калі ў інстытуцыі былі сумневы ў сапраўднасці позвы ў суд, гэтым разам прашэнне палічылі неабгрунтаваным, бо пазначаны ў дакуменце артыкул быў за хуліганства, а значыць, на іх думку, не з-за палітыцы.

Беларус зноў пачаў працэс абскарджання. Суд першай інстанцыі зноў яму адмовіў, а апеляцыйны вынес рашэнне абавязаць першы суд перагледзець рашэнне. Аднак скарга зноў была адхілена, і справа апошні раз дайшла да Вышэйшага адміністрацыйнага суда, які таксама адмовіў уцякачу.

Уцякач лічыць, што не ўсе суддзі дастаткова інфармаваныя пра палітычную сітуацыю ў Беларусі. Калі калегія схільная верыць Міграцыі, пераканаць яе складана, таму шмат што залежыць ад суб’ектыўнага ўспрымання. Як і ў дэпартаменце, дзе ёсць інспектары, якія адмаўляюць часцей за іншых.

З гісторыі Ягора відаць, што, на жаль, вялікую ролю адыгрывае чалавечы фактар, а таксама становяцца відавочнымі памылкі ў працы адвакатаў, якія могуць своечасова не інфармаваць заяўніка пра ход справы. У выніку можна і суд прапусціць, і пра рашэнне своечасова не даведацца. І хоць з чалавечым фактарам нічога нельга зрабіць, але можна забяспечыць сабе доступ да інфармацыі, адсутнасць якой можа прывесці да непрыемных наступстваў.


Для тых, хто жадае прыняць удзел у падкасце «Лёгка сказаць» у якасці госця альбо запытаць нас, мы прапануем ананімна запоўніць форму зваротнай сувязі: https://forms.office.com/r/R6zVM97JfP

Калі Вы жадаеце прыняць удзел у запісы, гэта магчыма для тых, хто знаходзіцца ў Вільні, з-за таго што мы запісваем падкаст тут. Калі Вы не з Вільні, але хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, мы можам пераказаць яе ў падкасце за Вас. У такім выпадку націсніце «Ёсць пытанне/прапанова або жадаеце паведаміць інфармацыю» у другім пытанні формы і распавядзіце Вашую гісторыю як мага больш падрабязней, каб гэта дапамагло іншым уцекачам ці просьбітам прытулку, якія сутыкнуліся з аналагічнай праблемай і яшчэ не вырашылі яе.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Студэнтка, навучаецца па праграме «Медыя і Камунікацыі» ў Літве. Праз пераслед па палітычных прычынах была вымушаная пакінуць Беларусь. З 2022 года спрабуе атрымаць прытулак, праходзячы праз усе магчымыя суды і інстанцыі і вывучаючы прававыя нюансы. За гэты час паспела вывучыць літоўскую мову і здаць дзяржаўны іспыт па ёй. Стваральнік і галоўны рэдактар ​​сайта http://integra-l.eu/
Каб дапамагчы вырашыць набалелыя праблемы, пры падтрымцы Belarus FM выпускае падкаст, які можа дапамагчы іншым уцекачам і просьбітам прытулку разабрацца ў складаных і часам вельмі заблытаных хітраспляценнях Літоўскага заканадаўства і яго выкарыстанні. Бо інфармацыі пра гэта ў медыйнай прасторы вельмі мала і часта людзі застаюцца пакінутыя самі сабе.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.