Фемінітывы часам успрымаюцца як нешта новае, ці моднае або нават штучнае. Але для беларускай мовы гэта зусім не новая з’ява. Настаўніца, дырэктарка, шляхцянка, сялянка – усё гэта назоўнікі жаночага роду, якія называюць жанчын паводле прафесіі, пасады, занятку або сацыяльнага статусу.
Мы карыстаемся такімі словамі штодня і нават не задумваемся пра гэта. А спрэчкі звычайна пачынаюцца там, дзе жаночая форма радзей гучала ў публічнай прасторы. Бо апошнія гады фемінітывы былі маргіналізаваныя і толькі цяпер вяртаюцца ў актыўную мову.
У трэцім эпізодзе падкаста «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выходзяць на новую сцежку моўнага лесу – сцежку фемінітываў.
Навошта мове фемінітывы? Адна з іх функцый вельмі простая – дакладна паказаць, пра каго ідзе размова.
Уладзіслаў прыгадвае выпадак з беларускай прэсы, дзе паведамлялася, што «Прэзідэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніком кібербяспекі Латвіі». Мужчынская форма «кіраўнік» прывяла да таго, што частка чытачоў літаральна зразумела навіну як паведамленне пра шлюб двух мужчын. У самім матэрыяле былі фатаграфіі і кантэкст, але першае ўражанне ўжо ўзнікла. Адна «кіраўніца» магла б адразу прыбраць двухсэнсоўнасць.
Таму размова пра фемінітывы – гэта не толькі дыскусія пра моўную моду або ідэнтычнасць. Часам гэта проста пытанне дакладнасці.
Але як назваць, напрыклад, жанчыну ў зняволенні? У беларускай мове ёсць добра вядомае слова «вязень». Але якой будзе жаночая форма?
Менавіта тут пачынаецца самае цікавае. Высвятляецца, што беларуская мова прапаноўвала не адзін, а адразу некалькі варыянтаў. Але што з імі сталася? Ці памятаеце вы хаця б адно такое слова?
У дыялектах і старых тэкстах можна сустрэць словы «вязнеўка» і «вязнёўка». Мовазнаўца Алесь Каўрус фіксаваў гэтую форму, у тым ліку ў дачыненні да жанчын, якія прайшлі праз палітычнае зняволенне і ГУЛАГ.
На Віцебшчыне існавала форма «вязнярка». Так, напрыклад, казала бабуля Уладзіслава. У іншых гаворках сустракалася «вязнічка».
Была нават спроба замацаваць у слоўніках слова «вязніца» як жаночую форму ад «вязень». То бок ёсць слова «вязніца», дзе націск на «і». Гэта «турма». А нашае слова мела націск на «я» – «вЯзніца». Але ў жывой мове яно амаль не прыжылося.
То бок мова ўжо мела некалькі спосабаў назваць жанчыну, якая знаходзілася ў зняволенні. Але гэтыя словы альбо заставаліся рэдкімі і дыялектнымі, альбо былі вядомыя не дужа шырокаму колу людзей.
І таму ў 2022 годзе каманда праекта ў падтрымку жанчын-палітзняволеных сутыкнулася з той жа праблемай. Якую форму выкарыстаць, калі слова «вязень» ёсць, а натуральны і зразумелы ўсім жаночы адпаведнік знайсці складана? Так і з’явіўся наватвор «палітвязынка».
Слова выклікала дыскусію і спрэчкі ў мовазнаўцаў. Яго структура незвычайная для традыцыйнага беларускага словаўтварэння, ды нават націск пакуль не стаў цалкам устойлівым.
Але сама гісторыя яго з’яўлення паказальная. Маладое пакаленне не знайшло ў актыўнай мове патрэбнага слова – і стварыла новае. І пакуль у старых слоўніках і дыялектах захоўваліся нераспаўсюджаныя «вязнеўка», «вязнёўка», «вязнярка», «вязнічка» і нават зафіксаваная ў слоўніках, але адкінутая ўзусам «вязніца», сучасная мова нарадзіла «палітвязынку».
Ці вернецца ў шырокі ўжытак «вязнеўка», альбо «вязнёўка»? Ці працягне жыць рэгіянальная «вязнярка» ці «вязнічка»? Ці, можа, менавіта новая «палітвязынка» з часам стане найбольш звыклай формай? Гэта ўжо вырашыць сама мова.
Словы могуць жыць стагоддзямі, знікаць на некалькі пакаленняў, вяртацца са старых кніг або нараджацца проста зараз. І часам некалькі формаў доўга існуюць побач. Пакуль носьбіты мовы не вызначаць, якое слова больш трапнае і ўжывальнае.
Таму, калі нам здаецца, што для нейкай з’явы ў беларускай мове бракуе слова, не заўсёды трэба адразу ствараць новае. Часам варта спачатку зазірнуць у гісторыю мовы. Бо, магчыма, патрэбнае слова ўжо калісьці існавала і проста чакае, каб яго зноў пачалі ўжываць.
А калі не, то мова заўсёды здольная стварыць новае. І гэта таксама натуральны працэс. А далей усё вызначыць час. Час і мы з вамі. Тыя, хто гэтай мовай карыстаецца.
Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




