Колькасць віцеблянізмаў вымяраецца сотнямі. Частка з іх увайшла ў вядомы краёвы слоўнік Мікалая Каспяровіча, выдадзены каля ста гадоў таму. Іншыя былі сабраныя філолагамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава і ўключаныя ў двухтомныя дыялектныя выданні. Але нават гэтыя працы не ахопліваюць усяго моўнага багацця рэгіёна.
Шмат словаў так і не былі пашпартызаваныя – не атрымалі дакладнага тлумачэння і свайго месца ў слоўніках. Некаторыя словы даследчыкі зафіксавалі, але падалі толькі адно з іх значэнняў. Іншыя дагэтуль жывуць выключна ў вуснай мове.
Гэта азначае, што праца для лаўцоў словаў ёсць. Таму ў другім эпізодзе падкаста «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выпраўляюцца на першую сцежку свайго моўнага лесу – шукаць віцеблянізмы.
Што такое віцеблянізмы? Гэта словы і выразы, характэрныя для Віцебска і паўночна-ўсходняй Беларусі. Яны могуць сустракацца таксама на Аршаншчыне, Полаччыне, Магілёўшчыне і нават на Смаленшчыне, але ў свядомасці многіх людзей звязваюцца менавіта з Віцебскам.
Трэба слухаць, як размаўляюць людзі, звяртаць увагу на мясцовыя выразы, параўноўваць іх са старымі запісамі і высвятляць, як словы змяняліся з цягам часу. Бо можа быць і так, што слова ўжо нібыта «злоўленае» і змешчанае ў слоўнік, але працягвае супраціўляцца дакладнаму вызначэнню. Яно выходзіць за межы слоўнікавага артыкула, абрастае новымі сэнсамі і жыве далей.
Менавіта так адбылося са словам «малец». Яго можна назваць адным з найбольш вядомых віцеблянізмаў і візітоўкай гэтага рэгіёна.
Для жыхароў Віцебска зварот «мальцы» гучыць натуральней за «хлопцы». Так можна звярнуцца да сяброў, знаёмых або групы мужчын. Аднак па-за межамі паўночна-ўсходняй Беларусі гэтае слова не заўсёды дакладна зразумеюць.
Уладзіслаў узгадвае, як пасля пераезду з Віцебска ў Менск назваў сваіх новых сяброў «мальцамі». Яны здзівіліся і нават крыху пакрыўдзіліся: «Што гэта за мальцы-пальцы?» У Менску ў такой сітуацыі звычайна сказалі б «хлопцы», а слова «мальцы» падалося ім дзіўным, бо ў беларускай мове за ім ўжо замацавана значэнне «падлеткі», то бок яно гаворыць менавіта пра ўзрост.
Такія невялікія моўныя калізіі добра паказваюць, наколькі разнастайнай можа быць беларуская мова нават унутры нашай краіны. Бо ў жывой віцебскай гаворцы значэнне слова «малец» значна шырэйшае.
Падчас сацыялінгвістычных экспедыцый Уладзіслаў чуў, як жыхары вёсак казалі: «Там мальцы стаяць каля калодзежа». Пры гэтым каля калодзежа стаялі не падлеткі, а сталыя мужчыны.
Для старэйшых людзей «малец» можа азначаць мужчыну ўвогуле, незалежна ад яго ўзросту. Такім чынам, гэта не толькі малады чалавек. Гэта могуць быць мужчыны розных узростаў, пра якіх гавораць у звычайнай размове.
Слова атрымала і больш вузкія значэнні ў асобных сацыяльных групах. У мясцовым гей-арго «малец» можа азначаць прывабнага гея. Дарэчы, арго – гэта спецыфічная лексіка пэўнай сацыяльнай супольнасці. Яна дазваляе яе ўдзельнікам называць уласны досвед і разумець адно аднаго, нават калі для людзей звонку гэтыя значэнні застаюцца невідавочнымі. Можна сказаць, што гэта патаемная мова, словам якой надаюцца сэнсы, якія зразумелыя толькі для некаторых груп людзей.
А яшчэ так могуць называць сваіх партнэраў. Цікава, што ў такім сэнсе ўжыванне слова «малец» сустракаецца нават ў рускамоўнай гаворцы віцебскіх беларусаў. Яны не карыстаюцца беларускай мовай, але партнэра называюць «малец».
Так адно рэгіянальнае слова аб’ядноўвае адразу некалькі сэнсаў.
«Мальцы» – гэта хлопцы, падлеткі і мужчыны ў прынцыпе. А ў асобным кантэксце яшчэ і партнэры або прывабныя прадстаўнікі гей-супольнасці.
Не ўсе гэтыя значэнні зафіксаваныя ў слоўніках дасюль. Таму «малец» застаецца жывым словам, якое працягвае развівацца і выходзіць за межы традыцыйных тлумачэнняў.
Наступнае слова вядомае ўжо значна меншай колькасці людзей. Гэта «ўмызгі».
Яго выкарыстоўвалі ў Віцебску, Лёзне, Воршы, Дуброўне і іншых мясцінах паўночна-ўсходняй Беларусі. Слова сустракаецца ў запісах этнографаў XIX стагоддзя, у старых народных песнях і рэгіянальных слоўніках.
Уладзіслаў ведаў яго ад сваёй бабулі. Калі яна ўзгадвала маладосць, то расказвала, як хадзіла з хлопцам «умызгі».
У старых запісах таксама можна сустрэць фразы: «Дзеўкі пайшлі ўмызгі». «Мальцы пайшлі ўмызгі». Але што ж гэта азначае?
«Умызгі» – гэта залёты, або рамантычная сустрэча з чалавекам, які табе падабаецца. У сучаснай мове можна было б сказаць «спатканне», «амурная сустрэча» або «рандэву». Але слова «ўмызгі» мае асаблівае эмацыйнае адценне.
Гэта не проста сустрэча двух людзей. Звычайна гаворка ідзе пра пачатковую, далікатную стадыю адносін. Людзі толькі прыглядаюцца адно да аднаго, заляцаюцца, саромеюцца, гуляюць разам і яшчэ не спяшаюцца называць тое, што паміж імі адбываецца. То бок «умызгі» – гэта рамантычныя, але платанічныя сустрэчы.
Можна не толькі «хадзіць умызгі», але і запрасіць чалавека ўмызгі, калі ён табе да спадобы.
Слова было вядомае не толькі на Віцебшчыне. Яно трапіла таксама ў дыялектныя слоўнікі Смаленшчыны.
Гэта не дзіўна, бо беларускія гаворкі моцна ўплывалі на мову суседніх тэрыторый, асабліва ў памежных рэгіёнах. Таму у смаленскіх слоўніках можна знайсці шмат словаў беларускага паходжання, сярод якіх асабліва заўважныя менавіта паўночна-ўсходнія беларусізмы і віцеблянізмы.
Сёння слова «ўмызгі» амаль знікла з мовы маладзейшых пакаленняў. Яго яшчэ можна пачуць ад старэйшых людзей у Віцебскім і Аршанскім рэгіёнах, але ў гарадской гаворцы яно стала рэдкасцю. Таму яго варта вярнуць хаця б дзеля таго, каб не кожную рамантычную сустрэчу называць «дэйтам», «рандэву» або «стрэлкай».
Нашы бабулі і дзядулі хадзілі ўмызгі. Магчыма, гэта могуць рабіць і сучасныя беларусы.
Трэцяе слова амаль знікла. Гэта яшчэ адзін вядомы віцеблянізм, які ўжо апынуўся ў зоне моўнай рызыкі. Ён зафіксаваны ў дыялектных слоўніках і ў краёвым слоўніку Каспяровіча, але сёння яго амаль не выкарыстоўваюць. Нават у самім Віцебску многія людзі здзіўляюцца, калі чуюць гэтае слова.
Гаворка пойдзе пра слова «калакалуха».
Што такое калакалуха? Гэта дрэва з белымі кветкамі, якое звычайна квітнее ў канцы красавіка або на пачатку траўня. Яго лёгка пазнаць па моцным салодкім паху, які асабліва адчуваецца ўвечары. Па сутнасці, гэта сінонім да слова «чаромха», але больш старажытнае.
У Віцебску пра дрэва могуць сказаць: «Цвіце калакалуха». Дарэчы, форма «цвіце» таксама характэрная для мясцовай гаворкі і суіснуе з літаратурным «квітнее».
Калакалуха пачынае цвісці амаль у той жа час, што і бэз. Але калі бэз добра вядомы і любімы, то калакалуха часта застаецца ў яго цені. Яна нібыта моўная і батанічная Папялушка бэзу.
Яе белыя кветкі выглядаюць сціпла, а моцны пах падабаецца не ўсім. У беларускай традыцыі галінкі калакалухі звычайна не ставілі ў памяшканні, дзе людзі жылі або адпачывалі. Дрэва заставалася на вуліцы, напаўняючы паветра сваім водарам здалёк.
У народных уяўленнях калакалуха часта асацыявалася з прыгажосцю і маладымі дзяўчатамі.
Саму назву некаторыя даследчыкі лічаць вельмі старой. Магчыма, яна захоўвае сляды яшчэ дахрысціянскіх, паганскіх уяўленняў і народнага спосабу называць навакольны свет.
З калакалухай звязана яшчэ адна загадка. У старых беларускіх крыніцах сустракаюцца згадкі пра тое, што з яе кветак пяклі пірагі. Сама назва стравы або звычай захаваліся ва ўспамінах і запісах, але падрабязныя рэцэпты пакуль знайсці цяжка. Магчыма, дзесьці яны яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.
Тры віцеблянізмы паказваюць тры розныя шляхі, якімі могуць жыць словы.
«Мальцы» добра захаваліся ў гаворцы і нават працягваюць набываць новыя значэнні, але слоўнікі не паспяваюць за гэтым развіццём. «Умызгі» яшчэ памятаюць старэйшыя людзі, аднак маладзейшыя пакаленні амаль перасталі яго выкарыстоўваць. «Калакалуха» зафіксавана даследчыкамі, але паступова знікае нават у тым рэгіёне, дзе калісьці была звычайнай назвай вядомага дрэва.
Аднак слова не абавязкова знікае назаўсёды. Часам дастаткова зноў яго вымавіць, растлумачыць іншаму чалавеку і выкарыстаць у новым сказе. Яно можа вярнуцца ў мову. Менавіта гэтым і займаюцца Лоўцы Слоўцаў.
Яны шукаюць тое, што яшчэ не трапіла ў слоўнікі, удакладняюць значэнні ўжо зафіксаваных словаў і вяртаюць у сучасную мову тое, што было падзабыта. Але вы таксама можаце дзяліцца сваімі словамі. Удакладняць іх значэнні і дапаўняць гісторыі.
Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm



