«Навошта я толькі прачытаў тую навіну». У галаве закруціўся віхор: думкі, як абрыўкі паперы, закружыліся ў цемры. Сэрца забілася мацней — нібыта спрабавала вырвацца з грудзей у самае неба. У вушах зазвінела, а паветра зрабілася густым і цяжкім, быццам ператварылася ў нафту. Нібы нехта сціснуў грудную клетку шчыльным кольцам. Рукі азяблі, і свет за імгненне стаў чужым і размытым. Унутры ўсё сціснулася, і адна-адзіная думка: «Што са мной?» — адгукнулася рэхам у галаве. Час расцягнуўся, і кожны ўдых здаваўся апошнім.
У гэтым эпізодзе «Падкаста па нядолі» Слава распавядае пра панічны напад — простымі словамі пра тое, як ён працуе з пункту гледжання мозгу. А таксама пра прыёмы, якімі вы можаце скарыстацца падчас прыступу, калі няма магчымасці тэрмінова звярнуцца да псіхолага.
Дысклеймер: аўтар папярэджвае, што ён не з’яўляецца ні псіхолагам, ні псіхатэрапеўтам у прафесійным сэнсе. І катэгарычна ганіць будзь-якія спробы ставіць дыягназ праз інтэрнэт. Падкаст не прызначаны для самадыягностыкі і самалекавання. Яго мэта — растлумачыць складаныя рэчы простымі словамі і дапамагчы наважыцца звярнуцца па дапамогу да псіхолага, нават калі здаецца, што гэта марнаванне часу. А таксама — дапамагчы выбраць добрага спецыяліста.
Панічны напад — гэта раптоўны і вельмі моцны прыступ страху, які ўзнікае за лічаныя хвіліны. Пры гэтым вы можаце нават не разумець, адкуль узялася пагроза — арганізм раптоўна пераключаецца ў рэжым «бі або бяжы», хоць знешне ніякай небяспекі няма. Сам па сабе панічны напад не з’яўляецца асобнай хваробай — гэта заўсёды сімптом, але даволі сур’ёзны. Таму пры яго з’яўленні трэба адразу звярнуцца да свайго ўчастковага лекара. Ён павінен праверыць, ці не хаваюцца за гэтымі сімптомамі праблемы з сэрцам або шчытападобнай залозай. І калі ўсё «чыста», то тэрапеўт, хутчэй за ўсё, накіруе вас да спецыялістаў па трывожных станах — псіхолага або псіхатэрапеўта.
Але чаму панічны напад — такі сур’ёзны сімптом? Гэта звязана з тым, што паводле сваіх праяў ён можа нагадваць адначасова некалькі розных станаў, для якіх патрэбныя зусім розныя падыходы да дапамогі.
Слава тлумачыць: напрыклад, калі сэрца пачынае біцца хутчэй, рукі трымцяць, з’яўляецца трывожнасць — гэта можа быць не толькі панічны напад, але і нізкі ўзровень цукру ў крыві. У абодвух выпадках арганізм уключае той самы «рэжым бою»: адрэналін паскарае пульс, пачынае калаціць, у вачах можа памутнець. Але ёсць адрозненне. Хоць пры нізкім цукры вы адчуваеце такую ж слабасць, можа моцна забалець галава ці нават зацямніцца розум — варта з’есці нешта салодкае або выпіць соку, і стан палепшыцца. Пры паніцы ж адчуванне голаду звычайна адсутнічае. Гэтая мяжа вельмі тонкая, і менавіта таму, каб не здагадвацца, з чым вы сутыкнуліся, патрэбны спецыяліст.
Слава дадае, што калі гіпаглікемія (так называюць паніжаны ўзровень цукру ў крыві) — таксама нешта новае для вас, то ёсць хуткі спосаб выключыць яе (а, магчыма, і выратаваць сабе жыццё): з’есці лыжку цукру або, напрыклад, выпіць палову шклянкі якога-небудзь газаванага, але не дыетычнага напою. Звярніце ўвагу: гэта павінен быць менавіта чысты і просты вуглявод. Таму, напрыклад, малако, шакалад ці пірожныя не падыдуць, бо яны ўтрымліваюць яшчэ і тлушч, які запавольвае засваенне цукру. У выніку глюкоза ў крыві будзе падымацца вельмі павольна. У якасці першай дапамогі выкарыстоўваць такія прадукты катэгарычна няправільна і нават небяспечна. Таксама не падыходзяць напоі з пазнакай «без цукру» або «нуль калорый». Патрэбен менавіта «хуткі» цукар. Таму, як бы дзіўна гэта ні гучала, насіце з сабой хаця б шэсць кавалачкаў рафінаду (тры кавалачкі — гэта прыкладна 15 грамаў цукру — менавіта такая колькасць патрэбная, каб падняць узровень глюкозы ў крыві). Калі гэта сапраўды была гіпаглікемія, то праз 10–15 хвілін пасля ўжывання трох кавалачкаў цукру вам павінна стаць значна лепш. Калі палягчэння няма — з’ешце яшчэ 15 грамаў і пачакайце яшчэ. Гэта так званае «правіла 15». А пасля гэтага абавязкова звярніцеся да лекара. Калі ж стан не паляпшаецца або пагаршаецца — гэта падстава выклікаць хуткую дапамогу.
Слава звяртае ўвагу, што апісвае гэта настолькі падрабязна таму, што сам рэдка звяртаўся да лекара. І калі ў яго здарылася рэзкае паніжэнне цукру, побач апынуліся людзі, якія адразу зразумелі, што трэба рабіць.
Вяртаючыся да асноўнай тэмы, Слава працягвае: мяжа паміж рознымі станамі, якія выглядаюць як панічны напад, — даволі тонкая з-за фізічных сімптомаў. Як мы ўжо высветлілі, пры панічным нападзе таксама можа назірацца дрыготка, моцнае або пачашчанае сэрцабіцце. Таксама можа з’явіцца адчуванне недахопу паветра, выступіць пот, кінуць у жар або, наадварот, пачацца дрыжыкі. Можа быць адчуванне ціску ў грудзях, млоснасць, галавакружэнне і не толькі. І паколькі ўсё гэта нагадвае сімптомы зусім розных станаў (у тым ліку — сардэчны прыступ), вельмі важна выключыць нават рызыку іх узнікнення. А зрабіць гэта можа толькі лекар.
Калі ж разглядаць менавіта панічны напад, то як ён адчуваецца ў момант прыступу? Як моцны страх, што вось-вось здарыцца нешта катастрафічнае. З’яўляецца адчуванне, быццам тое, што адбываецца, — не зусім рэальнасць. І вельмі цяжка злавіць хоць адну выразную думку. Але праз некалькі хвілін усё гэта паступова праходзіць. Таму, калі гэта менавіта панічны напад, то сам па сабе ён бяспечны для здароўя — пры ўмове, што вы ўжо прайшлі абследаванне і былі выключаныя іншыя медычныя прычыны (напрыклад, праблемы з сэрцам). Аднак калі мы гаворым пра сам панічны напад як пра з’яву, то ён сігналізуе пра пэўныя сур’ёзныя змены ў арганізме — ужо на ўзроўні біяхіміі і рэакцый нашага мозгу.
Паслухайце гэты эпізод, каб даведацца падрабязна, як працуе панічны напад — простымі і зразумелымі словамі. Чаму ён адбываецца і якія ёсць спосабы справіцца з ім, калі няма магчымасці звярнуцца да псіхолага.
Наступны эпізод падкаста будзе прысвечаны тэме бессані — яе прычынам і лайфхакам, якія могуць дапамагчы аднавіць нармальны распарадак дня або заснуць.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm