Камінг-аўт у Беларусі, каханне насуперак і шчасце ў квір-старасці — ці магчыма гэта?

Паслухаць
У гэтым эпізодзе Наста Базар і Даша Чурко адказваюць на пытанні слухачак падкаста, дзеляцца перажываннямі і разважаюць пра тое, што значыць быць у стасунках і любіць адна адну, не гледзячы на велізарны супраціў грамадства і сістэмы.

Наста і Даша — пара з незвычайнай гісторыяй. Розніца ва ўзросце, досвед жыцця ў Беларусі, усведамленне сваёй сэксуальнасці і выклікі, з якімі сутыкаюцца ЛГБТК+ людзі ў постсавецкай прасторы, — усё гэта магло зрабіць іх сустрэчу і адносіны малаверагоднымі. Асабліва сёння, калі ў Беларусі ЛГБТК+ супольнасць апынулася на вастрыі маштабных рэпрэсій (справаздача «Прававой ініцыятывы» ад 19 лістапада 2024 года).

Між страхам і свабодай

Размова пачынаецца з няпростага пытання ад слухачак падкаста: ці маглі Наста і Даша быць адкрытымі як пара ў Беларусі?

«Мы ў Беларусі, калі жылі, не былі разам з Настай. У нас пачаліся адносіны ўжо ў вымушанай міграцыі ва Украіне», — прызнаецца Даша. Але праблема нават не ў стасунках, а ў самой магчымасці быць адкрытымі. Нават цяпер, знаходзячыся за мяжой, яны сутыкаюцца з гамафобіяй з боку грамадства.

Даша ўзгадвае, што, вядома, у падлеткавым узросце, усвядоміўшы сваю арыентацыю, яна гэтага не хавала, але толькі ў сваім коле. І звязвае гэта хутчэй з тым, што гэта быў падлеткавы перыяд, і тады ёй было ўсё адно, што пра яе падумаюць іншыя.

«У той перыяд, калі я яшчэ жыла ў Беларусі, не было такіх сур’ёзных абмежаванняў, якія ёсць цяпер. Таму я разумею, што калі б я цяпер… або тады, калі я жыла ў Беларусі, уводзіліся б такія нарматыўныя акты, я, напэўна, старалася б некалькі разоў падумаць пра тое, а ці магу я гэта гаварыць, а каму магу я гаварыць», — кажа Даша.

Наста ж сутыкнулася з гэтым пытаннем пазней — ужо калі яна была маці дваіх дзяцей. Для яе быць лесбіянкай у гамафобным грамадстве — наўпрост звязана з пастаянным пачуццём небяспекі за тое, што могуць адабраць дзяцей. Нават калі ты пра гэта не кажаш уголас, страх дзесьці ўнутры застаецца.

«Гэта проста тупа небяспечна. І зараз я выкажу вельмі непапулярную думку, якая круціцца ў мяне ў галаве апошнія тыдні — што, калі б у мяне не было вымушанай міграцыі, я, напэўна, так бы і працягвала жыць у Беларусі і хавалася б яшчэ мацней. Але калі ты жывеш без гэтага багажу і без гэтага ціску — гэта насамрэч інакш. Вось мне вельмі балюча гэта ўсведамляць», — кажа Наста.

16 гадоў розніцы: бар’ер ці асаблівасць?

Паступова пераходзячы да наступнай тэмы, Наста і Даша абмяркоўваюць, ці ўплывае розніца ва ўзросце на іх адносіны. Паміж імі — 16 гадоў розніцы, і, паводле іх слоў, гэтая розніца адчуваецца толькі ў рознай сацыялізацыі і культурным кодзе.

Даша па-добраму смяецца, што Наста часам выкарыстоўвае словы, якія, як ёй здаецца, выйшлі з моды яшчэ ў 2000-х. Але адзначае, што гэта хутчэй «прыкольна».

Таксама ёсць розніца ў стаўленні да новых тэхналогій. Напрыклад, Наста з вялікім страхам і цяжкасцямі адкрывае для сябе новыя тэхналогіі — штучны інтэлект Наста пачала выкарыстоўваць значна пазней, чым Даша. Але тут нельга выключаць і жыццёвы досвед: у Насты першы мабільны тэлефон з’явіўся ў 20 гадоў, а смартфон — у 21, у той час як у Дашы — у 13. Таму, безумоўна, чалавеку за 40 сёння складаней успрымаць новыя тэхналогіі, чым тым, каму цяпер 25.

Наста прызнаецца, што баялася хутчэй таго, што ў такіх адносінах адна заўсёды будзе «дарослай», а другая — «дзіцём», як гэта звычайна бывае ў гетэрасэксуальных стасунках, дзе жонка «павінна» нагадаць мужу памыцца, пагаліцца або запісаць яго да лекара. Але потым зразумела, што ў адносінах з Дашай яны проста дапаўняюць адна адну.

Даша хвалявалася пра тое, як на гэта маглі б адрэагаваць блізкія. Але з часам яны зразумелі, што іх адносіны — гэта іх шчасце і іх асабістая справа. Гэта не павінна хваляваць кагосьці, хто можа нешта падумаць пра гэта, ці неяк коса паглядзець.

Мова кахання: як яны праяўляюць клопат

Ад разважанняў пра знешнія выклікі размова пераходзіць да таго, як яны выяўляюць свае пачуцці.

Даша складае для Насты жартоўныя песні. Яны любяць гатаваць адна для адной і дарыць незвычайныя падарункі. Напрыклад, надоечы гэта былі інгалятар і электрамасажор. Але галоўнае, паводле іх слоў, — гэта ўменне адчуваць патрэбы партнёркі і пры гэтым не забываць пра сябе. Бо каханне — гэта не толькі рамантыка, але і ўвага да дробязяў. Нават да тых, што іншым падаюцца нязначнымі.

Пра квір-старасць і шчасце

Напрыканцы пара адказвае на значнае пытанне пра будучыню.

Даша ўжо будуе планы на старасць, а Наста пра гэта пакуль не разважала. Але ў іх была ідэя здымаць вялікі дом і жыць там разам з іншымі парамі. Яны ўяўляюць сабе такую кампанію квір-бабуль і дзядуль, якія весела б праводзілі час у такім доме.

Але сёння пытанне для іх не столькі пра «квір-старасць», а колькі пра тое, ці будуць яны здольныя ўвогуле дазволіць сабе спакойнае жыццё. Даша ўжо запытвае сябе пра пенсію, а Наста прызнае, што вымушана думаць хутчэй пра стабільнасць у іх сям’і тут і цяпер. Але ў адным яны салідарныя — жыццё ў вымушанай міграцыі і забеспячэнне іх вялікай сям’і з двума дзецьмі часам прыводзіць да таго, што нават хвароба на тыдзень можа сур’ёзна адгукнуцца ў сямейным бюджэце.

Але як бы цяжка ні было, яны шчаслівыя ад таго, што маюць адна адну. Насуперак усяму. А што для вас сапраўды значна ў стасунках? Звязацца з Настай Базар вы маеце магчымасць праз Instagram.

Праваабаронцы Наста Базар і Даша Чурко – аднаполая пара з двума дзецьмі і коткай. Вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць сваю дзейнасць з Польшчы. Сумесна з Belarus FM выпускаюць падкаст аб рамантычных стасунках у сучасным грамадстве і праблемах, з якімі сутыкаюцца як прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТК-супольнасці, так і гетэра людзі ў рамантычных стасунках, шлюбе або па-за будзь якімі стасункамі.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.