«Антысаветчына нейкая, антыбеларушчына нейкая! Вы не падтрымліваеце палітыку нашага прэзідэнта, атрымліваецца?» — такія метады пераканання выкарыстоўваюць не самыя таленавітыя ідэолагі беларускіх школ і гімназій. лукашэнка доўгія гады старанна кансерваваў ссср ва ўжо незалежнай Беларусі. Адным з атрыбутаў стаў БРСМ – так званая альтэрнатыва камсамолу, да якога, як ён сам распавядаў, мае вельмі цёплыя пачуцці. Сапраўды, бо такая моладзь не толькі на «патрыятычныя» акцыі сходзіць, але і «народнае апалчэнне» дапаможа сфарміраваць.
Ні для каго не сакрэт, што большасць вучняў далучаецца да БРСМ пад пагрозамі і ціскам з боку настаўнікаў, класных кіраўнікоў і адміністрацыі. Адзін такі «выступ» загадчыка вучэбнай часткі мінскай гімназіі некалі трапіў у інтэрнэт:
— Я нічога не разумею. 14 гадоў – ужо ўсвядомлены выбар свой робіце, і ўсё павінны разумець. Калі Радзіма загадала, камсамол адказаў «Ёсць!». Мы павінны гэта зрабіць.
— Так ніхто не жадае. Каму гэта патрэбна? — адказваюць дзеці на аўдыёзапісы.
— Радзіме патрэбна! Ёсць такі кошт — абараняць радзіму! … Альбо вы грамадзяне Рэспублікі Беларусь, альбо вы свой патрыятычны абавязак павінны выконваць ці не?
Пра якую абарону Радзімы казала гэтая жанчына, мы бачым сёння ў дзеяннях рэжыму ў адносінах да сваіх грамадзян і краін-суседзяў. І кошт ў жыццё чамусьці павінны аддаць дзеці і моладзь Беларусі.
Менш крэатыўныя ідэолагі запужваюць вучняў, нібыта без сяброўскага білета яны не будуць здольныя паступіць ва ВНУ або ліцэі (лепшыя з каторых, дарэчы, былі ліквідаваныя ў гэтым годзе).
«Я навучалася ў 9 класе мінскай гімназіі. Класны кіраўнік пераконвала мяне далучыцца да БРСМ. Безумоўна, я ведала, што такое БРСМ, таму адмаўлялася. Аднак у нейкі момант яна сказала, што ў мяне могуць узнікнуць праблемы з паступленнем у ліцэй. Гэта магло б спрацаваць, калі б я не хадзіла на вячэрнія курсы падрыхтоўкі да паступлення. Там я спытала ў выкладчыка, ці сапраўды гэта так, на што яна са здзіўленнем адказала „вядома, не“. Калі я сказала пра гэта класнаму кіраўніку, яна адчапілася ад мяне.
То бок, спроба націснуць была, але калі прынцыпова прытрымлівацца сваёй пазіцыі, то ад цябе адчапляюцца», — распавяла выпускніца.
Для студэнтаў выкарыстоўваюцца больш подлыя ўльтыматумы: напрыклад, альбо далучайся да БРСМ, альбо не атрымаеш інтэрнат. Подласць у тым, што студэнт, у якога няма грошай, каб атрымаць дах над галавой, вымушаны стаяць перад маральным выбарам: альбо адлічыцца з універсітэта, альбо далучыцца да БРСМ.
Але калі вы лічыце, што не далучацца да БРСМ складана, то пакінуць яго — навогул недасягальны квэст. Увосень 2020 году студэнты натоўпам спрабавалі пакінуць гэтую арганізацыю. Каб гэтаму перашкодзіць, супрацоўнікі БРСМ не вынаходзілі нічога лепшага, як проста зрабіць сабе бясконцы адпачынак. Дзверы іх кабінетаў былі зачыненыя. Але гэта было толькі часовым вырашэннем, таму ў справу пайшлі прынукі ды маніпуляцыі:
«Перашкодай для таго, каб пакінуць [БРСМ] з’яўляецца сама моладзь з гэтых арганізацый: яны спрабуюць маніпуляваць, заблытваць і рабіць усё, каб ты не пакінуў іх. … Якія б перавагі не надавалі гэтыя арганізацыі, яны не вартыя нашага жыцця, бо потым за гэтыя ж грошы нас б’юць, гвалтуюць і забіваюць. Дык што найважнейшае???» — напісала студэнтка ў чаце аднаго з універсітэтаў.
Нагадаем, што сябры БРСМ сплачваюць аброк:
- за дачыненне: 5 рублёў
- далей раз у паўгады:
- 1 рубель — для навучэнцаў школ і вайскоўцаў тэрміновага служэння;
- 3 рублі — для навучэнцаў ССНУ, ПТВ, студэнтаў ВНУ, працуючай моладзі з вёскі і беспрацоўнай моладзі;
- 4,5 рублі — для працоўнай моладзі з горада.
Калі займацца «ідэалагічным выхаваннем» студэнтаў надакучыла, вырашылі не ўскладняць і ў адказ на заявы сталі пісаць адпіскі:
«Яшчэ ў верасні спрабавала пакінуць [БРСМ]: адправіла заяву, значок і квіток заказным лістом (заяву дапамог напісаць бот). Праз месяц даслалі адказ, што пакінуць нельга „у сувязі з адсутнасцю ў заяве ўсталяванага ўзору“», — паведамляе пост ад снежня 2020 года ў Telegram-канале БДУ.
Такі супраціў цалкам зразумелы: БРСМ заўсёды патрэбна масоўка. Напрыклад, для форуму, прысвечанага дню яднання народаў Беларусі і расеі, за ўдзел у каторым гатовыя нават заплаціць 30 рублёў.
Але існуе і іншы, нябачны бок БРСМ. Да яго структуры далучаецца МААП — моладзевыя атрады аховы правапарадку. Гэткія памочнікі міліцыі, дружыннікі, але ў рэчаіснасці гэта падрыхтоўка будучых карнікаў амап. Сябры МААП будуць:
- мець права пераважнага залічэння пры паступленні ў навучальныя ўстановы мус і на факультэт унутраных войскаў вайсковай акадэміі;
-
мець магчымасць праходзіць служэнне ў элітных часцях унутраных войскаў мус.
3 чэрвеня 2022 года лукашэнка распавядаў пра намер стварыць у Беларусі «народнае апалчэнне»:
«І я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы заклікаем іх для навучання – яны возьмуць свае аўтаматы (пераважна аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб мець магчымасць абараніць сваю хату. Народнае апалчэнне можа быць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны».
21 верасня 2022 года пра апалчэнне загаварыў ужо дзяржсакратар савета бяспекі. Па яго словах, «народнае апалчэнне ў Беларусі прызначана для абароны сваёй краіны, і Беларусь не ўяўляе нікому пагрозы». Аднак вось ужо 2 гады дзяржаўныя сілавыя структуры ўяўляюць пагрозу ў першую чаргу для беларускіх грамадзянаў. Што казаць аб групоўцы з меншай часткай адказнасці. Пры будзь-якой крызіснай сітуацыі такое «апалчэнне» зоймецца марадзёрствам.
Зразумела, што гэта фарміраванне будуць гатаваць з ідэалагічна «правільна» падбухтораных людзей. МААП становіцца «ідэальным» вырашэннем. Гэта людзі, фактычна выгадаваныя рэжымам: з 7 да 10 гадоў у акцябратах, з 10 да 14 у піянерах, з 14 да 31 года ў БРСМ, дзе з 16 гадоў можна пачынаць навучанне пры мус, і ўжо праз 2 гады краіна атрымлівае дружыннікаў — дрэнна кіраваную і ўжо ўзброеную групоўку.
Бацькі, менавіта вы ў першую чаргу можаце абараніць сваіх дзяцей ад рэжыму. Згодна са статутам БРСМ, асобы, якія далучаюцца да ГА «БРСМ» ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў, павінны мець пісьмовы дазвол сваіх законных прадстаўнікоў». Дапамажыце ім і падтрымайце, калі ў вашай школе раптам пачнуць крычаць пра патрыятычны абавязак, бо вы і вашае дзіця ў рэжыму нічога не «запазычылі».