Бацькі б’юць трывогу: прымусяць раскашэліцца на адзіную форму. Зачыняюць школы

Паслухаць
Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваім каментары для тэлеканала Беларусі 1 паспрабаваў растлумачыць бацькам, чаму патрэбны новы стандарт школьнай формы. Цяпер школьнікам давядзецца насіць эмблему навучальнай установы. Такім чынам, да звыклых пабораў дадасца яшчэ адзін ─ пытанне толькі ў тым, колькі будзе каштаваць гэты элемент і як часта прыйдзецца яго набываць.

«Да 1 жніўня ўжо кожная школа ў нашай краіне вызначылася з тым адзіным элементам школьнай формы, якую яны ўвядуць. Цэлы жнівень наперадзе ─ ёсць магчымасць набыць яго і абсалютна спакойна падрыхтаваць дзіця. Ніхто не збіраецца школьнікаў апранаць у адзіную форму: у кожнай школы можа і павінна быць свая школьная форма», ─ сказаў міністр.

Мы спыталі ў нашых чытачоў, які фармат эмблемы выбралі іх школы, колькі за яго давялося заплаціць і, галоўнае, якой ён якасці. Найбольш распаўсюджаным выбарам апынуўся значок.

Нягледзячы на адрозненні ў памерах (ад 2 да 5 см), кошт ва ўсіх апынуўся аднолькавым ─ 2 рублі. Бацькі адзначылі, што значок досыць хісткі і альбо хутка зламаецца пры штодзённай носцы, альбо проста страціцца, дзякуючы кволай зашпільцы.

«На сходзе класны кіраўнік сказала, што шмат у каго значкі зламаліся ─ трэба новыя набываць. Многія набывалі па некалькі штук на замену. Становіцца зразумела, якой яны якасці», ─ дзеляцца бацькі.

Мы задаліся пытаннем, а ці сапраўды адзін значок каштуе 2 рублі пры набыцці оптам? Пасля нядоўгага пошуку ў Інтэрнэце выявіўся варыянт танней.

Давайце падлічым, колькі значкоў трэба набыць для ўмоўнай школы N. Вылічым колькасць вучняў. Напрыклад, нашая школа адпавядае патрабаванням артыкула 158 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб Адукацыі, а менавіта пункту 13: з 1 па 4 клас колькасць навучэнцаў не павінна перавышаць 20 чалавек, а з 5 па 11 клас ─ 25 чалавек. Гэта значыць, у нашай школе з трыма паралелямі вучацца 765 вучняў. З-за таго, што многія бацькі набываюць па некалькі значкоў, то хай для малодшых класаў бацькі набывалі па дзве штукі. Разам: нашая школа N павінна набыць 1005 значкоў.

Паводле таго прайсу, у залежнасці ад памеру, адзін значок будзе каштаваць ад 1 да 1.30 рублёў, але ніяк не 2 рублі. Розніца складзе ад 703.5 да 1005 рублёў за 1005 штук. Дарагавата, калі гэта такі рэзерв для аплаты дастаўкі, улічваючы, што ў Мінску такі заказ нам бы даставілі бескаштоўна.

З’яўляцца пытанне: чаму так? Школы спрабуюць «наварыцца» гэтак жа, як чыноўнікі спрабавалі зарабіць на мяшках для трупаў беларускіх жаўнераў?

Але калі са значкамі ўсё больш-менш зразумела, то ёсць школы, дзе эмблема наносіцца на гальштукі і нашыўкі. Пры гэтым кошт гальштука можа моцна адрознівацца: некаторыя бацькі казалі пра кошт у 13 рублёў, а дзесьці ён даходзіў і да 17 рублёў. «Якасць нізкая ─ хутчэй за ўсё, свой выгляд ён страціць праз месяцы 4», ─ робяць выснову бацькі.

Кошт гальштукаў мы таксама вырашылі пашукаць і выявілі прапанову для школ: гальштукі з эмблемай за 10.90 рублёў для хлопчыкаў і 12.50 рублёў для дзяўчынак.

Чарговыя зборы грошай на непатрэбны, няякасны і дарагі элемент формы. Да гэтага часу незразумела, навошта наогул было трэба гэта «новаўвядзенне». Больш за тое, з-за нізкай якасці бацькі вымушаныя набываць не адзін, а часам нават не два асобніка. І не выключана, што гэты закуп прыйдзецца паўтарыць праз год-два па больш высокім кошце. Магчыма, нейкім школьнікам пашанцавала больш, і яны атрымалі больш якасныя значкі, гальштукі і нашыўкі.


Зачыненне школ нацыянальных меншасцяў у Беларусі ўяўляе вялікую небяспеку для ўсяго грамадства. Дзяцей ператвараюць у рабоў, якія проста будуць выконваць загады.

Спыніць фашызм і генацыд, якія ўжо ўшчыльную падабраліся да самых маладых грамадзян Беларусі! Гэты заклік стаў асноўным падчас акцыі пратэсту супраць зачынення нацыянальных школ у Беларусі і супраць пазбаўлення беларускіх дзяцей права вучыцца на роднай мове. Ініцыявалі мітынг МЦГІ «Наш Дом» і беларуская дыяспара Вільні. Адгукнуліся і прынялі ўдзел літоўскія і польскія палітыкі і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, настаўнікі зачыненых літоўскіх і польскіх школ у Беларусі.

«Сотні гадоў у Беларусі беларусы і літоўцы жылі разам, падтрымліваліся нацыянальныя мовы і еўрапейская адукацыя. З пачаткам гэтага навучальнага года пачаў дзейнічаць указ лукашэнкі пра выкладанне ў школах толькі на рускай / беларускай мовах. Да верасня 2022 года ў Беларусі было, як мінімум, дзве школы з літоўскай мовай навучання, дзве на польскай мове навучання, на сённяшні дзень не засталося ніводнай», — адзначыў палітык і грамадскі дзеяч, сябра Вярхоўнага Савета Літоўскай Рэспублікі, сябра Сейма Літоўскай Рэспублікі, сябра Камітэта па замежных справах Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і Спецыяльны дакладчык па Беларусі Эмануэліс Зінгерыс. «Што гэта, калі не фашызм, калі прыгнятаюць па нацыянальнай прыналежнасці!»

Акрамя таго, як падкрэсліў палітык, у Беларусі і навучанне на беларускай мове зведзена на нішто. У сярэдзіне 90-х гадоў на беларускай мове было навучанне ў 58% школ, а ў 2022-м крыху больш за 2%. «Гэта сапраўдная катастрофа, бо змяняюць навучаннем на рускай з ідэалогіяй „рускага свету“! Ідзе замбаванне дзяцей, прывіццё ім чалавеканенавісніцкіх ідэй, і мы не можам заставацца ўбаку, трэба змагацца за кожнае дзіця ў Беларусі».

Сейм Літвы пад аўтарствам Эмануэліса Зінгерыса падрыхтаваў рэзалюцыю супраць пераследу карэнных народаў Беларусі і за іх права вучыцца на роднай мове. Дакумент у найбліжэйшыя дні будзе разглядацца ў Сейме Літоўскай Рэспублікі.

«Мы вітаем гэтую рэзалюцыю як падтрымку і акт салідарнасці літоўскіх палітыкаў з беларускімі дзецьмі», – падкрэсліла ў сваім выступе беларускі палітык, грамадскі дзеяч, праваабаронца, дырэктар беларускай праваабарончай арганізацыі МЦГІ «Наш Дом» Вольга Карач. «Сёння знішчаецца любая культура ў Беларусі, акрамя рускай. лукашэнка хоча выхаваць пакаленне беларусаў, якое будзе атручанае прапагандай „рускага свету“, якое лёгка выкарыстоўваць для любых нападаў супраць сваіх краін-суседзяў — Літвы, Польшчы, Украіны, Латвіі».

На думку Вольгі Карач, дзеянні беларускага рэжыму ў дачыненні да прыгнёту правоў маленькіх грамадзян Беларусі, павінны стаць асобным параграфам у міжнародных працэсах па крымінальных злачынствах лукашэнкі. «Нам патрэбна рэакцыя міжнароднай супольнасці. Нам патрэбна рэзалюцыя Еўрапарламента, ААН, АБСЕ, ПАСЕ. Таксама неабходна ствараць анлайн школы для таго, каб дзеці маглі працягваць навучанне на літоўскай, польскай, украінскай і беларускай мовах. Нам трэба падтрымліваць дзяцей, якія сёння апынуліся без права выбару навучацца на той мове, на якой яны гавораць дома».

Вольга Карач звярнула ўвагу і на тое, што зачыненне польскіх, літоўскіх, украінскіх школ гэта вяршыня айсбергу. «Далей ідзе мілітарызацыя дзяцей Беларусі, іх ідэалагічная апрацоўка, каб атрымаць адэптаў „рускага свету“ без бар’ераў і маральных арыенціраў. Мы пратэстуем супраць зачынення літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх школаў у Беларусі, рэзкага і катастрафічнага памяншэнне школаў з беларускай мовай навучання і пазбаўлення беларускіх дзяцей правоў вучыцца на роднай мове. Акцыя гэта толькі пачатак, першы крок».

«Наш Дом» плануе сістэмную кампанію па прыцягненні ўвагі да сітуацыі з маленькімі грамадзянамі на тэрыторыі Беларусі.

Вядучы
Belarus FM

Некамерцыйная арганізацыя ў Літве, якая аказвае падтрымку ўсім незалежным СМІ, вымушаным пакінуць Беларусь праз небяспеку для іх жыцця і свабоды. Наша місія складаецца ў тым, каб дапамагчы гэтым сродкам масавай інфармацыі працягваць выпускаць высакаякасны кантэнт і заставацца на сувязі са сваёй аўдыторыяй.
Чытайце аб гэтым падрабязней тут👈