Жыццё без кода asmens kodas — чым можна замяніць адсутны асабісты код у Літве, пакуль вы чакаеце рашэння па прытулку? Зносіны з дзяржаўнымі органамі — як атрымаць неабходную інфармацыю? Без банкаўскага рахунку — нікуды: ці можа просьбіт прытулку адкрыць рахунак і атрымаць плацёжную картку ў Літве?
Пакуль замежнік чакае рашэння аб прадастаўленні яму прытулку, ён не мае асабістага кода, які ўсе атрымліваюць разам з ВНЖ. Аднак, на жаль, большасць сэрвісаў трымаецца менавіта на гэтым асабістым кодзе, і, адпаведна, без asmens кода замежнік абмежаваны ў сваіх магчымасцях. Медыцына, падаткі, індывідуальная дзейнасць, праца — гэтыя і шмат іншыя пытанні завязаныя на электронных паслугах. І каб неяк імі скарыстацца, трэба шукаць альтэрнатывы.
Што такое asmens kodas простымі словамі?
Код asmens (asmens kodas) — гэта ўнікальная паслядоўнасць з адзінаццаці знакаў для ідэнтыфікацыі асобы і забеспячэння ўзаемадзеяння рэестраў і дзяржаўных інфармацыйных сістэм.
Як лёгка запомніць свой асабісты код? Першая лічба адпавядае полу і стагоддзю з дня нараджэння, другая і трэцяя лічбы — дзвюм апошнім лічбам года нараджэння, чацвёртая і пятая лічбы — месяцу нараджэння, шостая і сёмая лічбы — дню нараджэння.
Што рабіць, калі няма asmens kodas у Літве?
За два гады жыцця ў якасці просьбіта прытулку ўвесь час даводзілася шукаць варыянты для вырашэння сваіх штодзённых спраў. У працэсе збіраліся коды, якія выкарыстоўваліся замест asmens кода у канкрэтных сітуацыях. Спіс можа быць няпоўным, бо абмяжоўваецца асабістымі сацыяльнымі патрэбамі.
- ILTU — код, які выдаецца пасля падачы прашэння.
- DIK — код страхоўкі (Як атрымаць нумар медыцынскай страхоўкі, магчыма прачытаць тут. А праверыць статус страхоўкі можна на афіцыйным сэрвісе)
- Прататып кода asmens у паліклініцы — для запісу да лекараў.
- ESI — для атрымання медыцынскіх паслуг па накіраванні ў іншых установах і для атрымання рэцэптурных лекаў у аптэцы.
- Нумар сацыяльнага страхавання — для Sodra пад час працаўладкаванні.
- KID — для тэлефонных размоў у Sodra.
- Код страхавальніка — для аплаты падаткаў у Sodra па ІД (пра яго распавядалі ў другім выпуску).
- Код падаткаплацельшчыка і PIN — для карыстання паслугамі VMI.
Магчыма, калі ў вашым жыцці ўзнікалі і іншыя сацыяльныя патрэбы, вы маглі атрымаць дадатковыя коды. Напрыклад, калі вы аддаяце дзіця ў школу, але ў яго яшчэ няма ні ВНЖ, ні кода asmens, то ў Рэестры вучняў будзе згенераваны часовы асабісты код.
Можаце напісаць нам у каментарах пра свае адкрыцці ў жыцці без кода asmens у Літве.
Цяпер, калі мы ўжо ведаем, якія коды патрэбныя для розных сітуацый, можна перайсці да пытання напісання зваротаў і запытаў.
Так ці інакш, усе рана ці позна сутыкаюцца з сітуацыямі, калі неабходна звярнуцца ў дзяржаўныя ўстановы, каб атрымаць пэўную інфармацыю або паслугу. Аднак не заўсёды атрымліваецца атрымаць адказ на свае лісты. Звычайная прычына — няправільна накіраваны зварот. У такіх выпадках можна згубіць шмат часу, а часам і рэсурсаў.
Як правільна даведацца пра што-небудзь афіцыйна ў Літве?
Можна вылучыць некалькі спосабаў атрымання інфармацыі:
- па тэлефоне
- пры асабістым візіце
- на электронную скрыню (не падпісаны ліст)
- падпісаным лістом па пошце ці на электронную скрыню
У кожнага з гэтых спосабаў ёсць свае плюсы і свае мінусы. Дзесьці хуткасць адказу хутчэй, але менш дакладнасць, а дзесьці, як у выпадку падпісанага ліста, наадварот, адказ доўгі, але фактычна афіцыйны, і яго нават можна абскардзіць у судзе. Даводзіцца балансаваць паміж хуткасцю і дакладнасцю атрыманай інфармацыі, паколькі вялікі ўплыў аказвае чалавечы фактар.
Як пісаць афіцыйныя запыты ў Літве (узор)?
Дзе знайсці правільныя кантакты?
На сайтах дзяржаўных устаноў у раздзеле пра структуру і кантакты амаль заўсёды ёсць старонка, прысвечаная абслугоўванню грамадзян (Asmenų aptarnavimas). Менавіта там прапісваюцца ўсе ўмовы і спосабы, якімі можна скарыстацца для звароту.
На якой мове пісаць?
Звароты лепш афармляць на дзяржаўнай мове або адначасова на дзвюх — на літоўскай і на роднай, каб у выпадку памылкі ў перакладзе супрацоўнікі мелі магчымасць зразумець, што мелася на ўвазе (калі яны таксама валодаюць вашай мовай). Можна пісаць у два слупкі, як гэта звычайна робяць ў дамовах, або перакладаць блок за блокам.
Што павінна быць?
- Ад каго: імя, прозвішча, asmens код (ці адпаведны яму заменнік), адрас, тэлефон, е-мэйл
- Каму: установа і канкрэтная асоба (калі трэба)
- Дата і горад
- Змест звароту (па сутнасці)
- Пералік дадатковых дакументаў, што прыкладаюцца да звароту
- Подпіс (кваліфікаваны электронны — калі ліст накіроўваецца па е-мэйле)
Спасылка на шаблон, які прапануем мы: у фармаце docx, а таксама у фармаце pdf. Калі ў вас няма праграм, для таго, каб разгарнуць гэтыя файлы, тады націсніце тут (шаблон адчыніцца ў вашым браўзэры).
Як прасьбіту прытулку атрымаць электронны подпіс без дакументаў і кода asmens у Літве?
Без ВНЖ кваліфікаваны электронны подпіс для прасьбіта недаступны. У якасці альтэрнатывы існуюць розныя сэрвісы для падпісання дакументаў. З уласнага досведу прапаную DocuSign. (Пры рэгістрацыі вам будзе дастаткова бескаштоўнай версіі, банкаўская картка не патрэбна — Рэд.) Гэта не рэклама, проста на практыцы падпісаныя праз гэты сэрвіс дакументы прымаюцца на роўных з падпісанымі кваліфікаваным подпісам.
Іх перавага ў тым, што на старонках дакумента аўтаматычна ставіцца ID канверта. Пасля падпісання файл ужо нельга змяніць, а ў метаданых адзначаецца, што ліст падпісаны.
Больш падрабязна пра выкарыстанне сэрвісу можна прачытаць тут.
І апошняя тэма на сёння — адкрыццё банкаўскага рахунку і атрыманне карткі для прасьбітаў прытулку. У сучасным свеце амаль немагчыма абысціся без банкаўскага рахунку, бо большасць паслуг завязаныя менавіта на безнаяўных разліках. Адшукаць альтэрнатывы магчыма — так, напрыклад, аплочваць камунальныя паслугі можна было б не праз банк, а праз Perlas або Maxima. А вось рабіць замовы можна з аплатай грашыма пад час атрымання. Аднак не заўжды ёсць такая опцыя. Да таго ж, у выпадку адкрыцця рахункаў для прасьбітаў прытулку ўзнікае шэраг праблем, якія перашкаджаюць гэта зрабіць, або ўскладняюць працэс.
Асноўнымі праблемамі на гэтым шляху з’яўляюцца:
- пасведчанне аб рэгістрацыі замежніка (далей — URP) не з’яўляецца дакументам, які дазваляе адкрываць банкаўскія рахункі (ён не з’яўляецца эквівалентам візы D або дазволу на жыхарства);
- сама дзяржава таксама не стварае плацежныя карткі і рахункі, як гэта бывае ў некаторых краінах.
Аднак для прасьбітаў прытулку ёсць альтэрнатыва банкам — установа электронных грошай Paysera.
Як адкрыць банкаўскі рахунак без ВНЖ ў Літве?
- Без пашпарта. Без пашпарта адкрыць рахунак або атрымаць картку з высокай верагоднасцю не атрымаецца. У прасьбітаў часцей або няма пашпарта, бо яны прыехалі без яго, або ён скончыў тэрмін дзеяння, або захоўваецца ў Міграцыйнай установе. У апошнім выпадку раней пашпарт можна было атрымаць назад на 5 працоўных дзён, але з 2024 года ў дэпартамента з’явілася практыка не вяртаць пашпарт не залежна ад абставін. Можна спрабаваць зрабіць і выкарыстоўваць пацверджаную імі копію пашпарта, але пакуль няма вядомых станоўчых прыкладаў — працэс падоўжаны праверкамі сервісам бяспекі. Калі ў вас быў іншы досвед — падзяліцеся ім у каментарах.
- Рахунак. Калі ў вас ёсць пашпарт і картка прасьбіта прытулку (URP), то рахунак можна адкрыць незалежна ад колеру URP (з правам на працу, або без).
- Картка. Калі ў вас URP з чырвонай палоскай, атрымаць картку, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, бо стварэннем картак займаецца не сама Paysera, а эмітэнт (асобная ўстанова). З зялёнай палоскай трэба спрабаваць — шанцы 50/50.
- Чаму выразнага адказу няма. Быў розны досвед з рознымі супрацоўнікамі Paysera пры адкрыцці карткі па URP з зялёнай палоскай.
- Аднаўленне інфармацыі. Вы заўсёды маеце магчымасць ўдакладніць актуальнасць інфармацыі, напісаўшы непасрэдна ў Paysera.
Для тых, хто жадае прыняць удзел у падкасце «Лёгка сказаць» у якасці госця альбо запытаць нас, мы прапануем ананімна запоўніць форму зваротнай сувязі: https://forms.office.com/r/R6zVM97JfP
Калі Вы жадаеце прыняць удзел у запісы, гэта магчыма для тых, хто знаходзіцца ў Вільні, з-за таго што мы запісваем падкаст тут. Калі Вы не з Вільні, але хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, мы можам пераказаць яе ў падкасце за Вас. У такім выпадку націсніце «Ёсць пытанне/прапанова або жадаеце паведаміць інфармацыю» у другім пытанні формы і распавядзіце Вашую гісторыю як мага больш падрабязней, каб гэта дапамагло іншым уцекачам ці просьбітам прытулку, якія сутыкнуліся з аналагічнай праблемай і яшчэ не вырашылі яе.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm