Якую таямніцу хаваюць падзабытыя словы беларускай мовы і чым карысталіся вядзьмаркі

Паслухаць
Некаторыя словы паступова знікаюць з жывой гаворкі. І гэта можа здарацца з самых розных прычынаў. Часам сыходзіць пакаленне, для якога гэтыя словы былі звычайнымі і натуральнымі, а маладзейшыя людзі ўжо іх не падхопліваюць. Альбо на мову ўплываюць працяглыя працэсы русіфікацыі, і праз гэта мы паступова адмаўляемся ад некаторых сваіх словаў. Калі-некалі могуць дзейнічаць і іншыя сацыяльныя ці гістарычныя чыннікі. Таму не заўсёды магчыма назваць адну прычыну, чаму слова спыніла сваё гучанне. Але калі яно яшчэ захавалася ў памяці людзей або ў слоўніках, яго можна паспрабаваць злавіць і вярнуць у моўную прастору.

У чацвёртым эпізодзе падкаста «Лоўца Слоўцаў» Жэня і Уладзік (Уладзіслаў Гарбацкі – сацыялінгвіст, гендарны даследнік) выходзяць на сцежку падзабытых словаў. І гэтым разам ловяць адно з іх. Для Уладзіслава яно шмат гадоў заставалася асабістай таямніцай, а пошукі яго азначэння ператварыліся ў сапраўдны моўны дэтэктыў.

Уладзіслаў шмат разоў чуў слова «кільчыба» ад сваёй бабулі. З кантэксту яму, вядома, было зразумела, што гаворка ідзе пра нешта дрэннае, але дакладнага тлумачэння гэтага слова ў яго не было.

Асабліва яму запомніўся адзін дыялог бабулі з доктаркай. Калі яна спытала бабулю, што ёй выпісаць, тая адказала: «Выпішыце мне хаця б нейкую кільчыбу».

Доктарка слова не зразумела. Магчыма, падумала: «Бабуля нешта кажа невыразна альбо проста штосьці прыдумляе». Пазней бабулі не стала, а «кільчыба» засталася для Уладзіслава таямніцай. Шмат гадоў ён быў перакананы, што гэта выключна віцебскае слова. Тым больш што нават калегі-мовазнаўцы не маглі яго патлумачыць. Адказ знайшоўся значна пазней – ужо ў архівах.

Працуючы са слоўнікам мовазнаўцы Язэпа Ціхінскага, Уладзіслаў нарэшце знайшоў знаёмае слова. Ціхінскі некалькі дзесяцігоддзяў збіраў вялікі беларуска-расейска-польскі тлумачальны слоўнік. Яму дапамагалі карэспандэнты з розных частак Беларусі. Яны дасылалі мясцовыя словы і выразы. Сам слоўнік так і не быў выдадзены і захаваўся ў Вільні. І менавіта ён дапамог высветліць адну істотную акалічнасць: у XIX стагоддзі і на пачатку XX стагоддзя слова «кільчыба» не было выключна віцебскім – яно было вядома значна шырэй. А цяпер проста знікла.

І нарэшце стала зразумела, што мела на ўвазе бабуля. Слова «кільчыба» мела некалькі азначэнняў, і ўсе яны так ці інакш звязаныя з атрутай.

Паводле аднаго з іх, гэта атрутная расліна кшталту «вароняга вока». У народных гісторыях і легендах яе маглі звязваць з вядзьмаркамі, якія нібыта ёю карысталіся.

Але было і іншае тлумачэнне. Кільчыбай называлі атруту, у тым ліку стрыхнін. Менавіта ў такім шырокім сэнсе гэтае слова ўжывала і бабуля Уладзіслава. Яна калісьці расказвала, што кільчыбу кладуць, каб атруціць мышэй або пацукоў. А калі бабуля прасіла доктарку «выпісаць хоць кільчыбу», гэта быў жарт. У яе ўсё балела, і яна адчувала сябе вельмі дрэнна. Такім чынам яна падкрэслівала, наколькі ёй кепска. «Таму добра, што доктарка гэтага слова не ведала і не выпісала кільчыбу», – жартуе Уладзіслаў.

«Кільчыба» наўрад ці стане словам, якое мы будзем ужываць кожны дзень. Але гэта не значыць, што яно павінна застацца забытым. Тым болей што вяртанне старых словаў не азначае, што яны павінны выцясняць тыя, якімі мы карыстаемся цяпер. Яны могуць існаваць побач як сінонімы.

Для Уладзіслава «кільчыба» мае асабістае значэнне. Гэта натуральнае беларускае слова, якое было вядома ў XIX і на пачатку XX стагоддзя, і разам з тым яно нагадвае яму пра Віцебск і бабулю. І калі тлумачэнне нарэшце знайшлося, Уладзіслаў сказаў: «Нібыта бабуля са мной зноў загаварыла».

Дасылайце нам свае слоўкі ў каментарах ці на электронную скрыню Belarus FM. Памятайце, што ліст можна выдаліць з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Вядучая(-ы)
Belarus FM

Некамерцыйная арганізацыя ў Літве, якая аказвае падтрымку ўсім незалежным СМІ, вымушаным пакінуць Беларусь праз небяспеку для іх жыцця і свабоды. Наша місія складаецца ў тым, каб дапамагчы гэтым сродкам масавай інфармацыі працягваць выпускаць высакаякасны кантэнт і заставацца на сувязі са сваёй аўдыторыяй.
Чытайце аб гэтым падрабязней тут👈

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.