У чарговым выпуску падкаста «Хто зверху?» у нас у гасцях былі Алана Гебрэмарыям [Instagram] — палітычная актывістка, грамадска-палітычная дзеячка, былая палітзняволеная, і Арцём Ставер [Spotify, Apple Music, YouTube, Instagram] — рэжысёр, мантажор, музыкант, які займаецца культурніцкімі праектамі.
Іх гісторыя — пра давер, які з’яўляецца не адразу. Пра збліжэнне, якое патрабуе часу. І пра тое, як адносіны могуць узнікнуць нават на фоне цяжкіх траўмаў, калі ёсць унутраная гатоўнасць даць шанец іншаму чалавеку.
Для нас, як вядучых, асабліва важна было пагаварыць з Аланай і Арцёмам, каб закрануць тэму адносін пасля перажытай траўмы. Алану незаконна пазбавілі волі ў беларускай калоніі. Пасля вызвалення з калоніі ў Аланы ўзнікла абвастрэнне трывожнасці ў зносінах з мужчынамі — яна ўспрымала іх хутчэй як пагрозу, чым як патэнцыйных партнёраў. А Арцём двойчы выязджаў з месцаў, што сталі небяспечнымі: спачатку з Беларусі, потым — з Украіны. Арцём эміграваў ва Украіну і апынуўся там у пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, пасля чаго быў вымушаны эвакуявацца ў Польшчу.
Не сказаць, каб усё навокал спрыяла каханню.
Але потым яны абодва апынуліся ў Польшчы, літаральна на адной вуліцы.
У гісторыі Аланы і Арцёма важную ролю адыграла настойлівасць Арцёма: ён працягваў пісаць Алане, запрашаў яе на каву, яшчэ за некалькі месяцаў да таго, як яна пераехала ў Варшаву. Хаця тады Алана адказвала рэдка і без думак пра стасункі. Аднойчы, убачыўшы ў Instagram сторыс Аланы пра пераезд і пазнаўшы свой дом, у якім жыў, — ён зразумеў, што яна будзе жыць побач. Гэта было неверагодна, але быццам сама доля падказвала, што ім трэба сустрэцца. У той момант у іншых адносінах Аланы ўжо была пастаўлена кропка, а час зрабіў сваё і з’явілася пачуццё бяспекі — стала магчымай адкрытая размова. Алана адчула, што можа паспрабаваць даць шанец Арцёму і пагадзілася выпіць з ім каву.
Гэтая кава і стала пачаткам іх стасункаў.
Цяжкія падзеі ўплываюць на кожную і кожнага, але не менш важна і тое, што траўматычны стан разбурае вялікую колькасць стасункаў — нават калі яны раней былі моцнымі. На што варта звяртаць увагу, і як у такіх умовах будаваць стасункі?
Па-першае, стасункі не ўзнікаюць на пустым месцы, асабліва калі ў абаіх ёсць траўматычны досвед. Фраза «каханне ўсё пераможа» гучыць прыгожа, але яму патрэбна дапамога. Аднаго захаплення мала — пачынаецца рэальнае жыццё. Вайна, эміграцыя, змена рэальнасці — усё гэта робіць шчырасць асабліва каштоўнай. Яна становіцца асновай стасункаў у нестабільным свеце. У такія моманты становіцца зразумела, хто ты і хто побач з табой.
А часам здаецца: вось, ужо ўсё скончылася, можна выдыхнуць. Але нават калі сітуацыя стабілізуецца, стасункі ўсё адно могуць разбурацца — бо партнёры не ведаюць, як гэта — быць разам у спакоі і бяспецы. І таму што менавіта ў бяспецы вяртаецца ПТСР. Многія пары ў такіх умовах ці збліжаюцца, ці распадаюцца. Алана і Арцём прайшлі таксама і праз гэта: раздражненне, сваркі. Быў момант калі надыйшоў крызіс.
ПТСР — гэта не проста цяжкі ўспамін. Гэта стан, калі цела і розум працягваюць жыць у небяспецы, нават калі яе ўжо няма. У моманты знешняга спакою ўнутры можа лютаваць трывога, раздражненне, страх. Чалавек з ПТСР можа не разумець, што адбываецца, а родныя — не ведаць, як дапамагчы. Гэта не робіць чалавека «зламаным». Гэта робіць яго ўразлівым і тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы.
Падтрымка можа прыйсці праз тэрапію. Але важна памятаць: тэрапія працуе толькі тады, калі чалавек сам гатовы нешта мяняць. Часам здаецца, што псіхолаг не дапамагае — але гэта таму, што мы не адкрываемся, не давяраем. Псіхолаг не вырашыць усё за нас, але можа дапамагчы знайсці дарогу. І калі ты траўмаваны, і боль перашкаджае жыць — варта даць сабе шанец. Не для кагосьці — для сябе.
ПТСР закранула стасункі Аланы і Арцёма менавіта тады, калі ўсё больш-менш наладзілася ў эміграцыі. І тут важныя гібкасць, адкрытасць і гатоўнасць мяняцца — не губляючы сябе, але ствараючы нешта супольнае. Асабістыя межы становяцца асабліва важнымі, калі ты доўгі час жыў без іх. Для Аланы турма была менавіта такім месцам. Правёўшы гады з іншымі людзьмі ў калоніі, яна ўсвядоміла патрэбу ў асабістай прасторы. Таму ў новых стасунках ёй важна было мець сваю прастору — і фізічна, і эмацыйна. І гэта вельмі важна — адчуваць і абазначаць свае межы.
У Аланы і Арцёма рашэнне прыйшло праз жытло. У кожнага з’явіўся свой асабісты прастор у доме — для працы, адпачынку, цішыні. Абавязкі размеркаваліся натуральна. Галоўнае — слухаць і чуць адно аднаго. Яны здолелі прайсці праз усё гэта — бо не чакалі ідэальных стасункаў, а працавалі над тым, каб будаваць свае.
Алана падкрэслівае важнасць псіхатэрапіі і адкрытасці ў камунікацыі. У перыяд дэпрэсіі асабліва важна быць уважлівым да партнёра. Яны прыйшлі да паразумення менавіта праз размовы і тэрапію. Вялікай падтрымкай у стасунках з’яўляюцца дамоўленасці. У кожнай пары яны свае, але галоўнае — каб абодва партнёры разумелі свае патрэбы і маглі іх прамовіць.
Алану часта запытваюць, чаму яна абрала Арцёма, нібы «яны такія розныя». Хтосьці адзначае, што Арцём ніжэй ростам. Некаторыя знаёмыя лічаць, што Алана ім кіруе. Хтосьці — пра пірсінг. Хтосьці — пра тое, што Алана — беларуская дзяўчына з цёмным колерам скуры. Але найчасцей, на жаль, людзей сапраўды больш хвалюе колер яе скуры, хоць яны і кажуць пра што заўгодна — пра пірсінг, рост, характар. Гэта расізм — не прамы, але ў выглядзе намёкаў, дзіўных пытанняў, няўдалых жартаў.
Акрамя таго, існуе стэрэатып: быццам «крута» мець партнёрскі досвед з жанчынамі з розным колерам скуры або нацыянальнасцямі. Напрыклад, некаторыя мужчыны, з якімі Алана раней камунікавала, казалі: «Ты закрываеш мой спіс [жаданняў — рэд.] на ўсё жыццё». Ці пыталі ў Арцёма: «Ты таксама любіш каву з малаком?» — з намёкам, які гучыць і груба, і прадузята. Яны навучыліся іранізаваць у адказ: Алана жартуе, што яны проста ўвасабляюць Зендаю і Тома Холанда. А Арцём прапанаваў: «Давай так і будзем называцца — беларускія Зендая і Том».
Такія паводзіны асяроддзя — частка большай праблемы. У 2025 годзе, калі чалавецтва лётае ў космас і стварае складанейшыя тэхналогіі, усё яшчэ існуюць рэлікты з мінулага: расізм, прадузятасць, мысленне па ўзору. Колер скуры, імя, акцэнт — усё гэта для кагосьці мае значэнне да гэтага часу. І чым больш гаварыць пра гэта — спакойна, шчыра, без пафасу — тым болей шанцаў, што нешта ў грамадстве пачне змяняцца.
Гісторыя Аланы і Арцёма — гэта не рамантычная казка. Гэта шчыры расповед пра боль, давер, перажыванне траўмы і здольнасць быць разам. І ў гэтым, бадай, яе галоўная сіла.