У гэтым эпізодзе мы распавядаем аб зменах у заканадаўстве, новым праве на дапамогу для просьбітаў прытулку, якія пражываюць самастойна. Як гэта дапамога выглядае, калі яна даецца і якія дакументы для гэтага патрэбныя?
Таксама запрошаны госць Уладзімір Шанцаў распавядзе аб сваім досведзе пераноса пенсіі з Беларусі ў Літву, з якімі праблемамі ён сутыкнуўся і ці варта ўвогуле ўцякачу займацца гэтай працэдурай.
Першая тэма — новыя магчымасці для атрымання дапамогі на харчаванне для просьбітаў прытулку, якія не жывуць у лагеры. Што гэта за дапамога, куды звяртацца і як яе атрымаць?
З 1 студзеня 2025 года ўступіла ў сілу змяненне «Закона аб прававым становішчы іншаземца», якое закранула артыкул 71 «Аб правах і абавязках просьбітаў прытулку».
Гэта значыць, зараз не толькі для тых, хто пражывае «ў лагеры», але і для тых, хто скарыстаўся правам пражываць самастойна, даецца права атрымаць дапамогу на харчаванне ў памеры 60% ад даходу, які падтрымліваецца дзяржавай (Valstybės remiamų pajamos або VRP). На пачатак 2025 года ён складае 221 EUR. Пры гэтым дапамога выдзяляецца толькі ў тым выпадку, калі не прадастаўляецца паслуга харчавання.
Аналагічнае змяненне было скарыставана і да 3-й часткі артыкула 71, у якім гаворыцца аб штомесячнай грашовай дапамозе. Але памер там значна меншы – толькі 10% ад VRP, гэта значыць прыкладна 20 еўра. Такая дапамога прадастаўляецца ад дня падачы прашэння.
Для таго каб атрымаць такую дапамогу, неабходна звярнуцца ў Агенцтва па прыёме і інтэграцыі. Туды ж неабходна накіраваць прашэнне ў вольнай форме, каб атрымаць такую дапамогу.
Спасылкі для запампавання ўзору прашэння: у фармаце docx, а таксама ў фармаце pdf. Калі ў вас няма праграм, для таго, каб разгарнуць гэтыя файлы, тады націсніце тут (прашэнне адчыніцца ў вашым браўзэры).
Да прашэння неабходна будзе таксама дадаць дакументы, якія даводзяць, што вы маеце права на атрыманне дапамогі, то бок што вы з’яўляецеся просьбітам прытулку. Для гэтага неабходныя:
- Пасведчанне аб рэгістрацыі замежніка.
- Рашэнне аб прыйманні вашага прашэння аб прытулку.
- Рашэнне дазволіць вам пражываць у месцы на выбар.
Падпісанае прашэнне і дадаткі можна накіраваць на электронную скрыню Агенцтва: info@piia.lt
Звяртаем увагу, што пакуль гэтая інфармацыя з’яўляецца тэарэтычнай, мы яшчэ не паспелі праверыць яе на практыцы. Калі з’явяцца нейкія падводныя камяні, мы абавязкова дапоўнім тэму.
Адноўлена: дакументы прынятыя, чакаецца грашовы пералік.
Ці можна атрымліваць беларускую пенсію, знаходзячыся ў Літве? Адказ – ТАК, аднак працэс даволі складаны і патрабуе трывання. Наш госць, Уладзімір Шанцаў, падзяліўся сваім досведам.
Пасля атрымання статуса ўцекача ён разам з жонкай звярнуўся да Содры (літ. Sodra). Працэс заняў амаль год: заява падавалася ў вольнай форме, але Беларусь адмаўлялася разглядаць яе без пазначэння літоўскага адрасу. Гэта выклікае пэўную асцярогу ў уцекачоў, бо закранае пытанне бяспекі. Але Ўладзімір з жонкай ўсё ж такі адрас вырашылі пазначыць. Праз 11 месяцаў пытанне вырашылася.
Дзеючае пагадненне паміж Літвой і Беларуссю дае магчымасць пераводзіць пенсіі. Акрамя таго, у тэорыі, дадатковы стаж, набыты ў Літве, можа яе павялічыць, аднак для гэтага неабходны час і пакуль такога досведу няма. Зараз сума невялічкая — каля € 250, чаго недастаткова для пакрыцця асноўных расходаў.
Дапамогу ў гэтай працэдуры аказвалі і недзяржаўныя арганізацыі: куратары з Чырвонага Крыжу ўзаемадзейнічалі з Sodra. Літоўскія службоўцы таксама тлумачылі тонкасці працэсу. Для падачы заявы неабходна мець ВНЖ ці ПМЖ, а таксама пенсію, ужо налічаную ў Беларусі.
У параўнанні з Літвой, у Польшчы працэс ускладняецца патрабаваннем недасягальных для ўцекачоў дакументаў. Але і там ужо пададзеныя звароты для выдалення такіх бар’ераў.
Уладзімір гатовы дапамагчы іншым пенсіянерам, якія таксама жадаюць прайсці гэтым шляхам. З ім можна стэлефанавацца: +370 635 34597. Пры ўзнікненні праблемаў, ён асабіста можа правесці ў Содру і растлумачыць сітуацыю.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm