«Гляджу, але не стаўлю падабайку»: стэндаперка пра плюсы і мінусы дэйтынгу ў вымушанай эміграцыі

Паслухаць
Сёння ў нас у гасцях — камікеса, актрыса і журналістка Крысціна Грэкава. Яна распавядае пра тое, як будаваць блізкасць у вымушанай эміграцыі, навошта прамаўляць межы і пачуцці — і чаму нам усё складаней быць разам. Абмяркоўваем адзіноту, кароткатэрміновыя сувязі, беларускі кантэкст і новыя формы стасункаў — без лішніх чаканняў, але з сапраўднай блізкасцю.

Ці сапраўды мы ўсе жадаем быць у стасунках? І наколькі сучаснае ўяўленне пра сям’ю — гэта пра блізкасць, а не пра структуру, зручную для дзяржавы?

Крысціна кажа: змяніць уяўленне пра стасункі могуць адукацыя і інфармацыя. Мы часцей бачым толькі публічную частку чужога жыцця, але нават у вузкім коле часам цяжка размаўляць, напрыклад, пра сэксуальныя перавагі. Тэмы-табу па-ранейшаму застаюцца моцнымі.

Прамаўленне — значная частка будзь-якіх стасункаў. На думку Крысціны, у аснове як рамантычных, так і сяброўскіх сувязяў палягаюць тры апоры: межы, ступень уразлівасці і ступень даверу.

Як шмат уразлівасцей можна дазволіць сабе ў стасунках, каб у іх заставацца? Наколькі выразна пазначаныя межы? Менавіта ад гэтых пунктаў залежыць магчымасць развіваць сувязь. Без дамоўленасцяў няма развіцця.

У вымушанай эміграцыі адзінота адчуваецца асабліва востра. Нават блізкія сябры, апынуўшыся ў адным горадзе па-за межамі Беларусі, могуць страціць былую блізкасць. Мы прызвычайваемся быць сам-насам — бо ў нас мала досведу прасіць дапамогі ці ініцыяваць кантакт.

У Беларусі зносіны звычайна фармаваліся праз школу, універсытэт, працу, сям’ю. А ў вымушанай эміграцыі яны становяцца ўсвядомленымі — але патрабуюць больш рэсурсаў. Жаданне быць у якасным кантакце ёсць, але не стае сілаў, каб яго выбудоўваць.

Узнікае патрэба ў новым тыпе сувязі — кароткатэрміновай блізкасці. Той, дзе няма абавязкаў ці падрабязных дамоўленасцяў, але ёсць моманты поўнага ўключэння і цеплыні. Мы абмеркавалі, ці працуюць «выпадковыя сустрэчы». Ці, магчыма, шанец супадзення з незнаёмым чалавекам занадта малы?

А ці можна будаваць блізкія стасункі з людзьмі па-за беларускім кантэкстам? Мы абмеркавалі плюсы і мінусы — і прыйшлі да высновы: агульны кантэкст усё ж важны. Не абавязкова траўматычны, але той, што аб’ядноўвае.

Пра гэта і шмат іншае — слухайце ў гэтым эпізодзе. І прыходзьце на стэндап. Instagram Крысціны: https://www.instagram.com/umkadv/

Праваабаронцы Наста Базар і Даша Чурко – аднаполая пара з двума дзецьмі і коткай. Вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць сваю дзейнасць з Польшчы. Сумесна з Belarus FM выпускаюць падкаст аб рамантычных стасунках у сучасным грамадстве і праблемах, з якімі сутыкаюцца як прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТК-супольнасці, так і гетэра людзі ў рамантычных стасунках, шлюбе або па-за будзь якімі стасункамі.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.