«Мяне не дачакаліся»: былая палітзняволеная лесбійка пра жыццё ў калоніі і каханне на волі

Паслухаць
Калі Даша сядзела ў турме, яна марыла: вось выйдзе, сустрэне статную юрыстку, якая будзе гатовая выдаткаваць усе грошы на тэрапію для Дашы, і жыццё распачне новую старонку. Але ў рэчаіснасці ўсё атрымалася інакш — куды больш непрадказальна. Праз два месяцы пасля вызвалення, ужо ў Польшчы, яна сустрэла беларусачку — светлавалосую, на паўтары галавы ніжэйшую за яе — Ксюшу. І гэта было каханне з першага погляду.

Даша — феміністка, актывістка, вядзе блог у Instagram пра фемінізм, палітычная зняволеная, правяла ў турме два з паловай гады. Ксюша — доктарка, хірургіня ў будучыні, якая любіць сядзець дома. У той час як Даша вельмі камунікабельная, Ксюша, наадварот, вельмі маўклівая. І ў гэтым ім абедзвюм вельмі ўтульна. Так пачалася гісторыя адносін, у якой перапляліся сапраўднае каханне, пяшчота і падтрымка, аднаўленне жыцця па частках, сабака па імені Зубік і агульныя планы на вяселле.

У гэтым эпізодзе падкаста «Хто зверху?» Даша і Ксюша распавялі пра сваё жыццё і мінулае, якое звяло іх разам. Пра трывожны разлад пасля палітычнага зняволення і пра каштоўнасць даверу, які даводзіцца аднаўляць літаральна з нуля.

Стасункі пасля турмы — гэта заўсёды пытанне: як іх будаваць? Ёсць уяўленні пра тое, як было б пажадана, але рэчаіснасць іншая. Даша думала, што адразу пойдзе ў ЛГБТК клюб у Менску, але не было сілаў ні на што. Пасля выхаду з турмы яна нанова знаёмілася з сабой, бо перажытае пакінула след. Трывожны разлад, боязь моцных гукаў, немагчымасць падыходзіць да дзвярэй — кур’ерам і гасцям дзверы адчыняе Ксюша.

Яна адчувае, што ўжо не тая, кім была да зняволення. Пасля выхаду яе ўяўленне пра сябе не супадала з тым, кім яна сябе насамрэч адчувала, і гэта суправаджалася страхам — раптам яна не апраўдае чаканняў іншых.

Быў і іншы, больш асабісты страх: Даша разумела, што Ксюшы давядзецца гаіць раны, якія нанесла не яна. І разам з тым — трывога, што сваімі рэакцыямі ці абароннымі механізмамі яна можа, няхай і ненаўмысна, зрабіць балюча Ксюшы.

Даша была ў замужжы, але яны развяліся яшчэ да зняволення. Былы муж Дашы падтрымліваў яе ўвесь час — збіраў перадачы, перадаваў іх праз маці, нягледзячы на алергію, цэлы год жыў з яе катамі. Пры гэтым паміж імі не было ні прэтэнзій, ні чаканняў.

Праблемы з даверам засталіся пасля таго, як падчас зняволення Дашу не дачакаліся ні каханая жанчына, ні сяброўкі. Гэта пакінула крыўду. Адносіны скончыліся ў аднабаковым парадку — без званка маці, без нават адной шакаладкі. А ў турме шакаладка значыць вельмі шмат. І менавіта таму, выйшаўшы з калоніі, Даша ўжо на наступны дзень сабрала і аднесла перадачы жанчынам, што засталіся за кратамі.

Сёння Даша працуе з тэрапеўткай над галоўным пачуццём: «што я зрабіла не так?», «чаго не дала?», «ці не заслугоўваю?». Не пакідае адчуванне, што блізкія могуць пакінуць.

Але гісторыя Дашы — гэта не толькі пра траўму. Гэта пра сапраўднае каханне, якое не спалохалася ценю мінулага. Пра дзяўчыну, якая з разуменнем сустракае зрывы, абдыме, калі сярод ночы Даша прачнецца ад моцнага гуку, і скажа: «Я побач».

У эпізодзе мы таксама гаворым пра лесбіек у калоніях — так, яны там ёсць. І хоць яшчэ пяць гадоў таму побач з адкрытай лесбійкай не жадалі нават «ваду кіпяціць», сёння сітуацыя змянілася. Даша распавядае пра «сем’і» ў калоніі, пра спробу ўключыць кліп з элементамі драг-культуры, пра падтрымку і нефармальнае сястрынства сярод палітычных зняволеных.

Палітвязні жылі ўнутры моцнай супольнасці, кантактавалі ў вузкім коле — праз абмежаванні і жоўтыя біркі на адзенні (адміністрацыя прымацоўвала іх усім палітычным зняволеным). Трымацца дапамагалі толькі жарты і ўзаемная падтрымка.

Сёння ў Дашы і Ксюшы ёсць сабака і котка. Пса Зубіка (яму 16 гадоў) яны забралі з прытулку ў не надта добрым стане, але цяпер ён адчувае сябе выдатна і нават набраў 8 кілаграмаў. Котку перавезлі з Беларусі. У бліжэйшай будучыні пара плануе вяселле і разважае пра дзяцей.

Праваабаронцы Наста Базар і Даша Чурко – аднаполая пара з двума дзецьмі і коткай. Вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць сваю дзейнасць з Польшчы. Сумесна з Belarus FM выпускаюць падкаст аб рамантычных стасунках у сучасным грамадстве і праблемах, з якімі сутыкаюцца як прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТК-супольнасці, так і гетэра людзі ў рамантычных стасунках, шлюбе або па-за будзь якімі стасункамі.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.