Што рабіць, калі вельмі вялікае жаданне паспрабаваць, але страшна, што гэта назаўжды?

Паслухаць
У падкасце «Хто зверху?» мы запрашаем як пары, так і экспертак разам з экспертамі. У чацвёртым эпізодзе ў нас у гасцях Тоні Лашдэн — пісьменнік, даследчык, арганізатар лабараторыі пісьменніцтва.

Галоўная ідэнтычнасць Тоні — гэта квір-фем-актывістка, заснавальніца фемінісцкай квір-ініцыятывы ў Беларусі. Таксама Тоні з’яўляецца небінарнай і пансэксуальнай квір-асобай. Усе яго ідэнтычнасці вельмі каштоўныя і важныя для яго.

На мінулым тыдні я размаўляла з цудоўнай лесбійскай пісьменніцай, якую завуць Света Лук’янава. Мы запісвалі з ёй падкаст пра літаратуру. І яна запрасіла мяне пагаварыць пра маё квір-эсэ, якое называецца „Клуб любительниц лизать п***у“».

Гэты тэкст змешчаны ў зборніку пад назвай «В хорошие дни я зверь», і ён прысвечаны жаночай сэксуальнасці ў розных яе праявах. І паколькі тэкст Тоні быў першым у гэтым зборніку, вельмі шмат людзей прачытала яго самым першым.

«І ў мінулым годзе была цэлая серыя сітуацый, калі розныя лесбійкі запісвалі мне відэа, дзе яны, седзячы разам са сваімі дзяўчатамі, чытаюць гэтае эсэ ўслых. Для мяне гэта было вельмі прыемна», — распавядае Тоні.

«У эсэ вельмі манифестны характар. Яно пра тое, наколькі кунілінгус і ўвогуле аральны сэкс паміж людзьмі, у якіх ёсць вульвы, можа быць практыкай вельмі глыбокага задавальнення, і наколькі ў гетэрапатрыярхаце гэтая практыка абясцэньваецца. Калі адбываецца гетэрасэксуальнае асэнсаванне кунілінгуса, вельмі часта жанчыны ў выніку хутчэй адчуваюць расчараванне ад таго, што здарылася. У іх могуць быць такія чаканні, што гэта будзе „аргазмічны космас“, але на практыцы гэта часам не адбываецца. З-за гэтага яны адмаўляюцца ад аральных ласак, або ад аральнага сэксу ўвогуле. Таму што да гэтага дадаецца раздражненне: „нешта не тое“ або „нешта не так“ робіцца. І няма нейкай мовы, каб пра гэта пагаварыць, каб як-небудзь расказаць, што „трэба вось так“».

Тоні дадае, што ў той жа час унутры WLW стасункаў (woman-loving-woman) аральны сэкс часта становіцца ключом уваходу ў адносіны, і жанчыны рэдка адмаўляюцца ад гэтай практыкі ў далейшым.

Пансэксуальнасць — гэта тэрмін, які апісвае людзей, чыя сэксуальнасць не залежыць ад гендару або прыпісанага анатамічнага полу іншых людзей. Звычайна пансэксуальнасць і бісэксуальнасць успрымаюцца як аднолькавыя паняцці. Існуе шырокая тэрміналагічная дыскусія наконт таго, ці ёсць паміж гэтымі тэрмінамі розніца або няма. Тоні падкрэслівае, што яго сэксуальнае жаданне не залежыць ад гендарнай ідэнтычнасці чалавека або ад таго, як гэты чалавек анатамічна выглядае, не залежыць ад спалучэння паміж экспрэсіяй гэтага чалавека і геніталіямі. Для яго пансэксуальнасць — менавіта пра гэта. Але, паколькі часам людзі не разумеюць розніцы і пытаюцца, ці значыць гэта, што ён бісэксуальны, ён адказвае сцвярджальна.

Але важна адзначыць, што ёсць людзі, для якіх розніца паміж гэтымі тэрмінамі сапраўды мае значэнне. І ёсць такія пансэксуал_кі, якія ніколі не назавуць сябе бісэксуал_камі, і наадварот.

Згаданая старая тэрміналагічная спрэчка датычыцца таго, ці ўваходзіць сэксуальнае жаданне, скіраванае на небінарных асоб і транс-асоб, якія, напрыклад, не знаходзяцца ў стане пераходу і нічога не робяць са сваім целам і знешнім выглядам, у тэрмін бісэксуальнасці. Хоць у першых маніфестах пра бісэксуальнасць, якія былі напісаныя ў 80-я і 90-я гады бісэксуальнымі людзьмі, калі гэты тэрмін толькі пачалі выводзіць у грамадскі дыскурс, згадвалася ў тым ліку сэксуальнае жаданне, скіраванае да трансгендарных людзей. А слова «бі» — гэта не пра «два» (жанчыну і мужчыну), а пра тое, што раней існавалі толькі гетэрасэксуальнасць і гомасэксуальнасць, і яны імкнуліся паказаць, што «бі» аб’ядноўвае іх абедзве.

Таксама важная тэма для абмеркавання — гэта праблемы, з якімі сутыкаюцца гомасэксуальныя людзі. З аднаго боку, няма жадання пра гэта гаварыць, бо і без таго існуе шырокая рэпрэзентацыя пакут у гомасэксуальных стасунках, а таксама дагэтуль застаецца высокі ўзровень гамафобіі. Але, з другога боку, існуе і фільтр «ружовых акуляраў» — тэндэнцыя да рамантызацыі такіх адносін.

То бок, з аднаго боку мы знаходзімся ў сітуацыі знешняга ціску праз гамафобію і чаканне будзь-якога памылковага кроку, а з другога боку важна казаць, што квір-людзі — гэта таксама людзі, і нават тыя, хто выказвае правільныя думкі, могуць паводзіць сябе некарэктна. Вялікае чаканне з боку гамафобнай супольнасці ў тым, што той ці іншы негатыўны ўчынак квір-чалавека яны будуць звязваць хутчэй з самой «ненарматыўнасцю» увогуле, якая, на іх думку, існуе. А не з тым, што гэта і значыць быць людзьмі (рабіць магчымыя памылкі). У загадзя напружанай атмасферы складана патлумачыць, што паводзіны чалавека вызначаюцца не яго ідэнтычнасцю або сэксуальнасцю, а той сацыялізацыяй, у якой ён быў выхаваны.

З пункту гледжання Тоні, акрамя гэтага, існуе вялікі ціск на бісэксуальных жанчын, асабліва на тых, хто знаходзіцца ў лесбійскіх стасунках, але працягвае заставацца бісэксуалкамі. Бо існуе газлайтынг, калі ім кажуць, што іх бісэксуальнасць надуманая, а бісэксуалкі — гэта «недапечаныя» лесбійкі. І калі яны ўжо знаходзяцца ў адносінах, іх часта ставяць у такія ўмовы, дзе «яны павінны быць удзячнымі і шчаслівымі, што гэтыя стасункі ўвогуле ёсць, а не крытыкаваць або ставіць пад сумнеў нейкія моманты», нават калі жанчыны адчуваюць сябе некамфортна ў гэтых адносінах. Або ім кажуць, што «яны павінны зрабіць выбар быць лесбійкай». Згодна з практыкай актывісцкай працы Тоні з квір-людзьмі, часцей за ўсё жанчыны маюць запыт на псіхалагічную падтрымку праз вялікі маральны ціск і маніпуляцыі.

Таксама ў складаную сітуацыю трапляюць транс- і небінарныя людзі. Бо кола людзей, якія добра ставяцца да тваёй ідэнтычнасці, вельмі-вельмі маленькае. І сам факт магчымасці стасункаў становіцца яшчэ менш магчымым. Таму, калі адносіны пачынаюцца, людзі трымаюцца за іх, проста таму, што «знешні свет яшчэ горшы», нават калі ў гэтых стасунках ёсць дыскамфорт.

У падкасце закранулі тэму рэпрэзентацыі гомасэксуальных стасункаў. Напрыклад, у кіно гэта найчасцей сюжэт пра пакуты і складанасці. І калі раптам аказваецца, што адносіны могуць быць без драмы, узнікае разгубленасць. Няма разумення, што адносіны могуць быць проста добрымі.

Падрабязна абмеркавалі і праблему выхавання дзяцей. Праблема ў тым, што дарослыя часта «абараняюць» сваіх дзяцей ад інфармацыі пра ЛГБТК-супольнасць хутчэй не таму, што баяцца, што дзеці прачытаюць і самі стануць прадстаўнікамі ЛГБТК (спойлер — так не бывае), а таму, што яны баяцца за сябе і свае пачуцці. Важны этап асэнсавання сябе і сваёй ідэнтычнасці адсоўваецца ўбок, і ў такой сітуацыі ўсе думаюць пра тое, як гэта будзе для дарослых, але ніхто не думае пра пачуцці дзіцяці.

Статыстыка суіцыдаў паказвае, што частка падлеткаў прымае рашэнне скончыць жыццё менавіта з-за непрыняцця іх грамадствам.
Калі дарослыя баяцца, што іх дзіця стане прадстаўніком ЛГБТК-супольнасці, лепш за ўсё, наадварот, даць усю неабходную інфармацыю дома. Тоні дадае, што, па-першае, статыстычна, хутчэй за ўсё, дзіця гетэрасэксуальнае, а па-другое, гэта бяспечней, чым калі дарослыя пачынаюць казаць бязглуздзіцу, часта таму, што самі не ведаюць адказаў.

Важна разумець, што памылкова ўспрымаць тэму сэксуальнасці як нешта такое, на што можна паўплываць толькі праз спажыванне інфармацыі. Бо, напрыклад, квір-дзеці атрымліваюць ту ж самую гетэранарматыўную інфармацыю, што і ўсе дзеці — яны глядзяць тое ж кіно, тыя ж серыялы. Звычайна яны нават глядзяць тое ж гетэрасэксуальнае порна. І калі б на іх сапраўды можна было паўплываць праз інфармацыю, усе яны сталі б гетэра.

Закранулі тэму цэтлікаў і тэрміналогіі. Часта людзі асцерагаюцца даследаваць новы для сябе досвед, нават калі вельмі жадаюць яго перажыць, таму што потым ім давялося б павесіць на сябе цэтлік. Тоні заклікае кожнага і кожную даследаваць сябе дома, у бяспечнай абстаноўцы. Памятаць, што якасны кантакт немагчымы толькі на ўзроўні абмену тэрміналогіяй. Усё адно, кожнае слова значыць нешта сваё для розных людзей, нават калі гучыць аднолькава.

Можна паспрабаваць і высветліць для сябе, што сапраўды прыносіць задавальненне, а дзе ўзнікае адчуванне, што гэта не для вас. Бо ва ўсёй разнастайнасці стасункаў можна знайсці ўнутраную гармонію толькі пры адчуванні камфорту. А тэрміналогія часам можа нават перашкаджаць — праз сваю табуіраванасць або стыгматызацыю.

І толькі пасля прыняцця сябе і сваёй ідэнтычнасці можна выразіць, чаго менавіта ты чакаеш ад адносін. Нават калі не ведаеш, як гэта называецца.

Калі б кожная і кожны мелі магчымасць для сябе адказаць на гэтыя пытанні, гармоніі было б значна больш.

«Наша задача — даць прастору для ўсіх, а не казаць людзям, як ім правільна жыць, бо і так дзяржава і патрыярхат ужо дастаткова нам расказалі, як „трэба“ жыць. Хацелася б хоць трохі перадыхнуць ад гэтых настаўленняў».

Праваабаронцы Наста Базар і Даша Чурко – аднаполая пара з двума дзецьмі і коткай. Вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць сваю дзейнасць з Польшчы. Сумесна з Belarus FM выпускаюць падкаст аб рамантычных стасунках у сучасным грамадстве і праблемах, з якімі сутыкаюцца як прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТК-супольнасці, так і гетэра людзі ў рамантычных стасунках, шлюбе або па-за будзь якімі стасункамі.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.