Таксічная маскуліннасць шкодзіць і ЛГБТК+. TradWife — падман? Лайфхакі партнёрства ў сям’і

Паслухаць
У гэтым эпізодзе падкаста мы разважаем пра падзел абавязкаў у партнёрскіх рамантычных адносінах.

Гэтая тэма нас сапраўды хвалюе, бо за амаль пяць гадоў стасункаў мы паспрабавалі розныя варыянты — ад «адна робіць болей» да «дзелім усё пароўну» — і толькі з часам зразумелі, што лепш за ўсё працуе менавіта для нас.

Мы пачалі з таго, каб паглядзець, якія мадэлі прапануе грамадства. Найчасцей — гэта класічная традыцыйная схема: мужчына забяспечвае фінансава, а жанчына займаецца ўсім астатнім — бытам, дзецьмі, эмацыйнай атмасферай. Але варта памятаць, што так было не заўсёды. Нават у першабытных супольнасцях каля 90% ежы забяспечвалі жанчыны і дзеці — яны збіралі ягады, садавіну, лавілі дробных жывёл. Мамантаў прыносілі не штодня. Так што ідэя пра тое, што «здабытчык» — выключна мужчынская функцыя, хутчэй міт, чым праўда. Магчыма, у адным з наступных сезонаў мы падрабязней пагаворым пра гэта з гістарычнага і антрапалагічнага пункту гледжання.

Мы абмеркавалі, адкуль бяруцца нашы ўяўленні пра ролі ў сям’і — як у дзяцінстве мы назіралі розныя мадэлі. У адной з нас мама цягнула ўсё: і «мамантаў», і быт, і клопат. У другой — мадэлі залежнай жанчыны не было ўвогуле ні ў кога з асяроддзя. Гэта тлумачыць, чаму фармат «адна ўсё на сабе» для нас не працуе і не можа быць асновай для трывалых партнёрскіх адносін.

Гэта тычыцца не толькі гетэрастасункаў. Нават у парах ЛГБТК+ часам спантанна «прызначаецца» той, хто зарабляе, і той, хто сочыць за бытам. І гэта не заўсёды стварае баланс.

Мы падзяліліся асабістым прыкладам, калі адна з нас цягам двух месяцаў была адзінай крыніцай даходу — гэта быў балючы і знясільваючы досвед, які выразна паказаў: так жыць нельга, гэта падрывае партнёрства.

Паразмаўлялі і пра сучасныя трэнды, кшталту “TradWife” — жанчын, якія нібыта самі выбіраюць традыцыйныя ролі. Але калі прыгледзецца — высвятляецца, што за гэтым стаяць уласныя брэнды, стабільны даход, медыйнасць. І часта за фасадам «гатую снікерс тры гадзіны з дзіцём на руках» — стаіць памочніца, здымачная група і вялікія грошы. Таму мы пытаемся сябе: ці сапраўды яны самі гэта выбіраюць? І што будзе праз 5–10 гадоў?

Мацярынства ў грамадстве звычайна не ўспрымаецца як дасягненне. Калі адна з нас стала дырэктаркай — гэта выклікала захапленне. Калі нарадзіла дзіця — проста «канстатаванне факту». Хоць па ўнутраных адчуваннях — гэта роўнаважныя вехі. І гэта таксама ўплывае на тое, як у сям’і размеркоўваюцца ролі і як мы самі іх асэнсоўваем.

У побыце мы прыйшлі да даволі простых правілаў: гатуем разам, калі ёсць сілы. Калі ні ў каго няма сілаў — робім нешта хуткае ўдваіх. У краму найчасцей ходзіць адна з нас, але гэта было абмеркавана загадзя, і калі адна больш загружаная — другая бярэ на сябе іншую частку.

З побытам у нас было найменш пытанняў. Значна больш — з дзецьмі і грашыма. Бо дзяцей таксама трэба «размяркоўваць»: хто размаўляе на складаныя тэмы, хто вырашае побытавыя справы, хто сочыць за выкананнем дамоўленасцей.

Адна з нас дзялілася, што адчувала: менавіта на ёй ляжыць кантроль за выкананнем правілаў, і ў нейкі момант давялося наўпрост папрасіць пераразмеркавання. Былі і камічныя побытавыя сітуацыі — фанцік ад цукеркі ў халадзільніку ці брудная шклянка на стале. Для адной — гэта выклікае неразуменне, для іншай — звыклая частка жыцця. Гэта таксама абмяркоўвалася і паступова выраўноўвалася з цягам часу.

Асабліва значнай тэмай стала з’яўленне другога значнага дарослага ў жыцці дзяцей. Гэта ўжо не проста «твае дзеці — твая адказнасць», а сумеснае бацькоўства. Але за гэтым стаяў складаны шлях: спачатку рашэнні ў асноўным прымала адна з нас, потым мы пачалі па-сапраўднаму абмяркоўваць усё разам — і з гэтага моманту ў нас абедзвюх стала больш адказнасці, але і больш свабоды ды лёгкасці.

Напрыклад, рашэнне пра выбар школы для малодшай мы прымалі разам: шукалі, абмяркоўвалі, запісвалі. І гэта моцна паўплывала на адчуванне партнёрства ў сям’і.

У фінансавых пытаннях мы таксама шмат чаго паспрабавалі: спачатку складалі ўсё разам, потым — адна брала на сябе больш, бо «дзеці ж яе», потым спрабавалі дзяліць 70/30, пасля — 60/40, але гэта не спрацавала. Праз тры месяцы мы аддаліліся адна ад адной. А потым шчыра пагаварылі — і перайшлі на 50/50: як у выдатках, так і ў адказнасці. І гэта сапраўды стала палёгкай.

Канешне, часам адна з нас зарабляе больш, другая — менш. Але ў цэлым за год усё выраўноўваецца.

Адным з самых значных усведамленняў стала тое, што калі хтосьці цягне больш — важна клапаціцца пра сябе. Мы пачалі практыкаваць ідэю «плаціць сабе дзесяціну» — невялікую суму, якую пакідаеш сабе ў знак удзячнасці за сваю працу. Гэта дапамагае не выгараць і захоўваць унутраны рэсурс. Цяпер спрабуем зрабіць гэта звычкай.

Калі падсумаваць — мы прыйшлі да высновы, што падзел абавязкаў — гэта не нешта раз і назаўсёды зафіксаванае. Гэта пастаянны працэс перамоваў, пераглядаў, размоваў і шчырасці адна з адной. Так, бывае складана. Але ў выніку з’яўляецца сапраўдная лёгкасць, падтрымка і партнёрства.

Гэта і ёсць тое, пра што мы спрабавалі гаварыць цэлы сезон з 10 эпізодаў. Падзел абавязкаў — гэта пра роўнасць, свабоду, павагу і выбар. А яшчэ — пра адказнасць і радасць, якая прыходзіць, калі вы сапраўды разам.

Праваабаронцы Наста Базар і Даша Чурко – аднаполая пара з двума дзецьмі і коткай. Вымушана пакінулі Беларусь і працягваюць сваю дзейнасць з Польшчы. Сумесна з Belarus FM выпускаюць падкаст аб рамантычных стасунках у сучасным грамадстве і праблемах, з якімі сутыкаюцца як прадстаўнікі і прадстаўніцы ЛГБТК-супольнасці, так і гетэра людзі ў рамантычных стасунках, шлюбе або па-за будзь якімі стасункамі.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.