У дзевятым эпізодзе падкаста распавядаю пра харасмэнт, яго не відавочныя праявы, а таксама раю фільмы і серыялы, што закранаюць гэтую тэму.
Харасмэнт — гэта дамаганні да любога чалавека, якія парушаюць яго асабістае жыццё, ствараюць нязручнасці або шкодзяць. Харасмэнт можа быць як прамы, так і ўскосны: гэта могуць быць дакрананні, фізічны напад, абразы або пагрозы, здзекі, непрыемныя словы, запалохванне, пераслед, непажаданыя лісты або званкі, паказ абразлівых фота ці іншых рэчаў, якіх чалавек не жадае бачыць, распаўсюджванне хлусні пра чалавека. Рассыланне дыкпікаў таксама з’яўляецца харасмэнтам. У Англіі і Уэльсе з студзеня 2024 года дзейнічае крымінальная адказнасць за іх рассыланне. А напрыканцы красавіка 2025 года ў Аўстрыі ўвялі крымінальную адказнасць за рассыланне дыкпікаў праз любыя сродкі сувязі — нават праз факс.
Кэтколінг (каментары ўслед дзяўчатам, цоканне языком, свіст, выразы тыпу «кіс-кіс», што і дало назву гэтаму віду дамаганняў) таксама ўваходзіць у паняцце харасмэнту.
Шмат выпадкаў харасмэнту, пра якія становіцца вядома, адбываюцца на працоўных месцах і ўключаюць сэксуальныя дамаганні з боку начальніка да падначаленай, таму часта харасмэнт у першую чаргу асацыюецца менавіта з такімі дзеяннямі.
Мужчыны таксама становяцца ахвярамі харасмэнту, і мужчына можа пацярпець як ад іншага мужчыны, так і ад жанчыны-начальніцы. Але, паводле статыстыкі, як і ў выпадку з любымі формамі гвалту, часцей за ўсё ад харасмэнту на працы пакутуюць жанчыны.
У 2021 годзе я спытала ў сваёй аўдыторыі ў блогу: ці з’яўляецца харасмэнтам тое, калі начальнік запрашае на вячэру. Ад яго прапановы можна спакойна адмовіцца, без наступстваў — нічога не зменіцца, стаўленне застанецца ранейшым, ніхто нікога не звольніць. У тым апытанні 64% адказаўшых не палічылі такое запрашэнне харасмэнтам.
Запрашэнне на вячэру таксама з’яўляецца формай харасмэнту — нават калі ў выніку для супрацоўніцы не было ніякіх наступстваў. Але ў той момант, калі гэта адбывалася, яна не магла пра гэта ведаць. Яна трапляла ў складанае становішча: не разумела, ці будуць для яе нейкія наступствы і як сябе паводзіць, каб іх пазбегнуць.
Пачатак гісторыі Монікі Левінскі: маладая практыкантка і цэлы прэзідэнт ЗША. Іх адносіны пачыналіся, нібыта казачная гісторыя кахання: дзяўчына, якая яшчэ не ведала жыцця, і дарослы мужчына, што валодаў вялікай уладай, пераконваў яе ў тым, як моцна ён яе кахае. Трэці сезон серыяла «Амерыканская гісторыя злачынстваў» называецца «Імпічмент» (American Crime Story: Impeachment) і якраз распавядае пра гэты выпадак. Працытую апісанне ад кінакрытыкіні Таццяны Алешычавай: «У трэцім сезоне гаворка ідзе пра злоўжыванне ўладай з боку першай асобы дзяржавы, у выніку якога Левінскі проста растапталі (няшмат над кім так здзекаваліся пасля публікацыі дэталяў скандалу). Прэса дазваляла сабе якія заўгодна эпітэты ў яе адрас: яе называлі неразумная пустышкай, а таксама драпежніцай, якая „падставіла“ прэзідэнта і таму „павінна папрасіць прабачэння перад усёй Амерыкай“. Дайшло да таго, што ў 1999 годзе ў брытанскай газеце The Observer з’явілася фраза: „Калі пра яе забудуць, у яе будзе магчымасць здаць у арэнду свой рот“. А ў інтэрв’ю каналу HBO Моніку спыталі: „Якое гэта — быць каралевай мінету ў Амерыцы?“» Я раю паглядзець гэты серыял.
У 1991 годзе Анита Хіл абвінаваціла свайго начальніка Кларэнса Томаса ў дамаганнях. Ён усё адмаўляў, і неўзабаве яго абралі на пажыццёвую пасаду суддзі Вярхоўнага суда. У ЗША ўсяго дзевяць суддзяў Вярхоўнага суда — гэта найвышэйшая ўладная пазіцыя, гэта людзі з велізарнай уладай, і, паводле логікі, яны павінны мець бездакорную рэпутацыю.
Біяграфічны фільм «Слуханне» (Confirmation (2016) распавядае пра разгляд справы, што адбыўся пасля заявы Аниты Хіл. Я глядзела яго шмат гадоў таму, і мяне больш за ўсё ўразіла тое, што менавіта лічылася харасмэнтам. Шмат жанчын сутыкаюцца з падобным практычна штодня — а гэта, як сталася, таксама харасмэнт.
У сваіх старых рэкамендацыях я знайшла захопленае апісанне серыяла CRIME (2021) — яго я раіла тым, хто шукаў, што паглядзець з партнёрам пра фемінізм, але так, каб ён не даведаўся, што гэта пра фемінізм, бо глядзець такое «адмаўляецца». Карацей, калі парада «пазбавіцца ад такога партнёра» пакуль не падыходзіць, то пад гэты запыт я раю менавіта гэты серыял.
Ён зусім не пра фемінізм, але думка пра тое, што жанчына — гэта чалавек, праходзіць там чырвонай стужкай. Ёсць і пра харасмэнт — паказана, як пра гэта маўчаць і як можна не маўчаць.
Раю таксама фільм «Скандал» (Bombshell (2019) з Шарліз Тэрон, Ніколь Кідман і Марго Робі. Дынамічны, трымае ў напружанні, зняты паводле рэальнай гісторыі пра генеральнага дырэктара тэлеканала Fox News. Пра тыя ж падзеі ў тым жа 2019 годзе выйшаў і серыял з Расэлам Кроў і Сіенай Мілер — «Самы гучны голас» (The Loudest Voice (2019). Яго таксама рэкамендую для прагляду.
Яшчэ адзін вельмі просты галівудскі фільм, зняты паводле рэальных падзей, — «Паўночная краіна» (North Country (2005), таксама з удзелам Шарліз Тэрон. Гераіня падала ў суд у 1984 годзе па справе аб групавым сэксуальным харасмэнце, і разгляд цягнуўся 14 гадоў! Гэта гісторыя пра тое, як адна жанчына здолела супрацьстаяць цэлай сістэме. Мне здаецца, гэты фільм будзе карысна паглядзець нават тым, хто лічыць праблему прыдуманай, каму «кампліменты» па тыпу «вау, якая краля, я б ёй…» здаюцца бяскрыўднымі. У фільме вельмі дакладна перададзеная атмасфера на працоўным месцы — і, дарэчы, там нікога не гвалтавалі. Гэты фільм таксама можна глядзець з партнёрам, які не жадае нічога «пра фемінізм». Гэта кіно пра жанчыну ў шахце! У шахту ж так любяць «адпраўляць» феміністак тыя, хто змагаецца за традыцыйныя каштоўнасці — самі быццам бы з шахты і пішуць. Дык няхай паглядзяць, як выглядаюць жанчыны, што сапраўды працуюць у шахтах.
Спасылкі на згаданае ў гэтым эпізодзе
Даследаванне аб вулічным харасмэнце: https://www.ilr.cornell.edu/worker-institute/blog/reports/ilr-and-hollaback-release-largest-analysis-street-harassment-date
Першае глабальнае даследаванне аб харасмэнце на працоўным месцы: https://www.ilo.org/sites/default/files/wcmsp5/groups/public/@dgreports/@dcomm/documents/publication/wcms_863095.pdf
Сексуалізаваны харасмэнт у беларускай грамадзянскай супольнасці за мяжой, даследаванне ад «Прававой Ініцыятывы» і Насты Базар: https://legin.info/uploads/20241224_676ace6c02918.pdf
Рашэнне апеляцыйнага суда ў 2015 годзе ў ЗША — жанчына заявіла аб харасмэнце з боку падначаленых: https://caselaw.findlaw.com/court/us-8th-circuit/1706175.html
За што была адлічаная студэнтка, якая заявіла пра харасмэнт: https://www.lrt.lt/ru/novosti/17/2199562/oporochila-reputatsiiu-egu-za-chto-byla-otchislena-obvinivshaia-v-kharassmente-prepodavatelia-studentka
Пра ўзнаўленне працоўнага месца выкладчыку: https://novayagazeta.ee/articles/2024/10/03/obvinennyi-v-kharassmente-prepodavatel-egu-sergei-seletskii-vyigral-sud-v-litve-u-universiteta
Серыял CRIME: https://www.imdb.com/title/tt12759778/
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm