«Я ж проста жартую!» Прыколы, якія зайшлі занадта далёка

Паслухаць
У шостым выпуску падкаста я расказваю пра мізагінію, нармалізацыю прадузятага стаўлення да жанчын з дапамогай жартаў і адказваю на каментар пра справядлівае размеркаванне хатніх абавязкаў.

Мізагінія ў перакладзе з грэчаскай — нянавісць да жанчын. Калі глядзець так літаральна, дык кожны скажа: не, жанчынаненавісніцтва — гэта не пра мяне, я не ненавіджу жанчын, гэта занадта. Я прапаную не засяроджвацца на даслоўным перакладзе, бо мізагінія — гэта не толькі нянавісць. Гэта непрыязнасць, прадузятасць, высмейванне, недаацэньванне, фанабэрыстасць да жанчын.

У 1782 годзе суддзя Фрэнсіс Булер акрэсліў, што муж мае права, так бы мовіць, у выхаваўчых мэтах біць жонку палкай, галоўнае — каб палка была не таўсцейшая за яго палец. Англійскае права — прэцэдэнтнае, а гэта значыць, што калі ў судзе быў створаны прэцэдэнт (г.зн. выпадак), то надалей будзь-які муж, які збіў жонку палкай, не таўсцейшай за яго палец, будзе апраўданы.

Палка для біцця жонак у прафілактычных мэтах была таксама і ў беларусаў, але ў іх існавала іншае правіла: прафілактычна біць жанчын можна было раз на тыдзень, па чацвяргах, а не ў будзь-які дзень, аднак і палка была значна большая.

Прывяду зараз прыклад таго, што мізагінія настолькі нармалізаваная, убудаваная ў наша жыццё, што некаторыя жанчыны нават не заўважаюць яе.

Аднойчы на трэнінгу адна дзяўчына сказала, што ў яе выдатная кар’ера і яна ніколі не сутыкалася з дыскрымінацыяй на гэтым шляху. Я тады спытала яе: вам калі-небудзь казалі, што ў вас, як для жанчыны, добры заробак?

Вядома, ёй гэта казалі, але яна ніколі не ўспрымала гэта як мізагіннае выказванне. Бо так казалі і кажуць заўсёды і паўсюль.

У 2-м і 3-м эпізодзе падкаста я шмат распавядала на гэтую тэму і заклікала ніколі не ўжываць слова «дапамога» ў дачыненні да хатніх абавязкаў. Адкажу на каментар, які «прыляцеў» пад 3-м эпізодам. Асноўная думка каментара зводзілася да таго, што ацэньваць працу толькі па выдаткаванаму часе несумленна, бо існуе яшчэ такая рэч, як кваліфікацыя, і працы рознай кваліфікацыі каштуюць розных грошай. Паводле логікі каментатара, калі ён адпрацаваў 8 гадзін па кошце 35 еўра за гадзіну часа, а ў гэты момант дома жонка, напрыклад, прыбіралася, мяла падлогу, выконвала іншую некваліфікаваную працу, чырвоны кошт якой — 7 еўра за гадзіну, то, улічваючы розніцу ў кошце працы, жонка адпрацавала ў 5 разоў менш.

Адказваю: Я лічу, што ацэньваць хатнюю працу трэба менавіта і выключна па часавых стратах — і гэта будзе сумленна. Большасць хатняй працы не патрабуе высокай кваліфікацыі (акрамя мэнэджмэнту) і не мае значэння, хто мяце падлогу — хатняя гаспадыня без адукацыі ці муж «белы каўнерык» — прыбіранне застанецца прыбіраннем, якое, дарэчы, хатняя гаспадыня, напэўна, выканае якасней з-за шматгадовай практыцы, у тым ліку.

Возьмем офіс, у якім працуюць людзі рознай кваліфікацыі і з рознай аплатай працы. Наш муж з каментара зарабляе 35 еўра за гадзіну, а яго сакратар, напрыклад, 15 еўра за гадзіну. Аднак чамусьці ў абодвух працоўны дзень складае 8 гадзін, і абодва стамляюцца напрыканцы дня. Няма ж такога, што той, чыя праца ацэньваецца ў 35 еўра, працуе 5 гадзін, а яго сакратар — 11,5 гадзіны, каб у грашовым выразе іх праца выраўнялася? І што тады другі стамляецца гэтак жа пасля 11,5 гадзін, як першы — пасля 5? І што гэта лічыцца, быццам абодва адпрацавалі пароўну? Не. Незалежна ад кошту гадзіны існуюць нормы працы і адпачынку, якія замацаваныя ў працоўных кодэксах розных краін. Напрыклад, у Беларусі законам забароненая занятасць больш за 12 гадзін на дзень — гэта, у эквіваленце, паўтары стаўкі. Бо чалавек сапраўды фізічна больш не здольны эфектыўна працаваць без шкоды для здароўя, і няма розніцы, у якую суму ацэньваецца яго гадзіна працы.

Кпіць з жанчын — гэта правіла добрага тону ў патрыярхальным грамадстве, менавіта такім паводзінам нас навучае патрыярхальная сістэма.

Чым больш жартаў пра жанчын, тым больш устойлівыя, нармалізаваныя стэрэатыпы і тым горшае становішча жанчыны. Напрыклад, можна колькі заўгодна спасылацца на статыстыку ДТЗ, паводле якой найбольшую колькасць здарэнняў здзяйсняюць мужчыны — праз рызыкоўнае кіраванне, праз любоў пагуляць у настаўнікаў на дарогах, праз кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення і гэтак далей. Небяспечнае кіраванне — гэта ўсё пра мужчын. А самыя акуратныя вадзіцелькі — гэта жанчыны. Можна колькі заўгодна згадваць гэтую статыстыку, але ўсе і так ведаюць і ўсе кпяць, што жанчына за рулём — гэта нібыта «малпа з гранатай». Або «паркуешся, як жанчына», або «кіруеш, як жанчына» — нікога такая рэпліка не здзівіць — вось як гэта працуе.

Паступова, з павышэннем вашай назіральнасці, пачнуць праступаць выказванні, на якія раней вы не звярталі ўвагі, а, магчыма, і самі так казалі: «я, як і ўсе дзяўчынкі, люблю шопінг», «ой, гэта так па-жаночы», «усім жанчынам пра пачуцці зразумела больш, чым мужчынам», «гэта нашыя жаночыя штучкі», «у нас свае жаночыя сакрэты». Усе гэтыя выказванні датычацца нібыта нейкіх нязначных, дробных асаблівасцей, аднак усе яны працуюць на замацаванне ідэі пра тое, што жанчыны ў прынцыпе абмежаваныя сваімі дробязнымі жаночымі інтарэсамі. І што жанчыны могуць разумець у важных і сур’ёзных рэчах, калі ў іх галаве толькі транты ды касметыка?

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Нізавая актывістка з Беларусі. Замужам, двое дзяцей і ўнучка. Звычайная жанчына. Лічыць, што партнёрскі шлюб магчымы ва ўмовах патрыярхату, а феміністкі не ненавідзяць мужчын. Упэўненая, што ўсе жанчыны — феміністкі, але некаторыя пра гэта яшчэ не ведаюць.
Сумесна з Belarus FM выпускае падкаст пра фемінізм простай мовай, для такіх жа звычайных жанчын, як і яна сама.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.