Пяты выпуск падкаста прысвечаны выкарыстанню дэкаратыўнай касметыкі і паняццю «макіяж для сябе». Жаночыя практыкі так званага догляду за сабой некаторыя даследчыцы адносяць да «трэцяй змены», на якую жанчыны марнуюць велізарную колькасць часу і грошай у жаданні адпавядаць сучасным стандартам прыгажосці.
У патрыярхальным ладзе грамадства чалавек — гэта мужчына, а жанчына — гэта тавар. Найбольш просты прыклад — традыцыйныя вяселлі. Жаніх — гэта чалавек, гандляр, а нявеста — гэта тавар. А што павінна быць у тавару? Правільна, таварны выгляд. Выхаваная паводле патрыярхальных запаветаў дзяўчына сочыць за сваім таварным выглядам, каб мець каштоўнасць на «рынку нявест». А рэсурсных мужчын не так ужо і шмат, таму на гэтым рынку, натуральна, існуе і канкурэнцыя.
Я сцвярджаю, што не існуе макіяжу «для сябе» ў тым сэнсе, які ўкладваюць у гэтае выказванне жанчыны: што яны робяць яго не для іншых людзей, каб палепшыць свой таварны выгляд, а выключна для сябе.
Што б ні прыносіла нам мода, гэта досыць хутка становіцца масавым і аўтаматычна пачынае здавацца прыгожым. Я асабіста ведаю дзвюх жанчын, якім выдралі ўсе бровы, бо тады ў модзе былі бровы-нітачкі. І ў гэтых жанчын бровы больш не растуць — такое бывае. Потым яны дзесяцігоддзямі малявалі сабе бровы, падладжваючыся пад новую моду: на натуральныя, шырокія, найшырэйшыя бровы. І вось пытанне: як можна ацаніць, што такое прыгажосць, арыентуючыся на гэты просты прыклад? Бо атрымліваецца, што гэта адно і тое ж аблічча, але з зусім рознымі, назавём іх «элементамі» — і ў адзін перыяд часу з адным элементам жанчына як бы для сябе больш прыгожая, а ў іншы перыяд — з цалкам супрацьлеглым элементам — і зноў прыгожая.
Я лічу традыцыйны макіяж адным з інструментаў адаптацыі да існуючага грамадства. Дзяўчынкам з дзяцінства закладваюць у свядомасць жаночую гендарную сацыялізацыю, у якой макіяж разглядаецца як абавязковая частка. Жанчынам навязваюць думку, што яны заўсёды павінны падтрымліваць «таварны выгляд», быць «прыгожай», каб мужчына-рэсурс абраў менавіта іх.
Навошта гэта патрэбна?
Каб выжыць у свеце, дзе ролі жорстка падзеленыя, дзе мужчына — здабытчык, а ў жанчыны няма ні адукацыі, ні маёмасці, ні ўласнага даходу, ні права голасу, адным словам, нічога для самастойнага існавання. Менавіта таму мужчына разглядаўся як сродак для выжывання, а не таму, што ўсе жанчыны — «меркантыльныя с**і».
Некаторыя жанчыны сцвярджаюць, што нават на бязлюдным востраве яны будуць наносіць дэкаратыўную касметыку, бо гэта іх клопат пра сябе, гэта іх супакойвае, ім падабаецца само гэтае свяшчэннадзейства з пэндзлікамі, быццам яны малююць на палатне.
Калі б не існавалі гэтыя перыядычна ўзнікаючыя так званыя стандарты, калі б не было патрабаванняў да жанчын клапаціцца пра свой таварны выгляд, тады медытатыўныя практыкі догляду за сабой былі б іншымі. Ёсць мноства рэчаў, якія могуць прыносіць задавальненне і не звязана з навязанай практыкай упрыгожвання сябе. Груба кажучы, жанчына атрымлівае ўстаноўку, што ёй неабходна клапаціцца пра свой таварны выгляд, і, выконваючы гэта, яна навучаецца атрымліваць ад гэтага задавальненне. Атрымліванне задавальнення — гэта таксама форма адаптацыі, і гэта не адмяняе таго факту, што гэтая практыка навязаная і не для сябе. Іншымі словамі, жанчына як бы трансфармуе яе ў клопат пра сябе.
Карацей, дэкаратыўны традыцыйны макіяж — гэта адаптыўная практыка, прызначаная для «паляпшэння» знешнасці, набліжэння яе да агульнапрынятых стандартаў прыгажосці. Вейкі, бровы, вусны, скулы, любыя маніпуляцыі з тварам і целам, зафарбоўванне сівізны натуральнымі колерамі. Жанчына, якая зафарбоўвае сівізну, імкнецца выглядаць маладзейшай, яна жадае схаваць узрост з-за таго, што існуе дыскрымінацыя паводле ўзросту — гэта называецца эйджызмам. «Жанчына мае каштоўнасць, калі яна маладая», «старыя жанчыны нікому не патрэбныя». У гэтым месцы абавязкова нехта скажа, што фарбуе сівізну, бо ёй не падабаецца натуральны «мышыны» колер валасоў. Але пра гэта мы ўжо паразмаўлялі раней: як толькі звычайны русы «мышыны» колер стане модным, ён імгненна ўсім пачне падабацца.
Жанчына імкнецца ўпрыгожыць сябе ў адпаведнасці з модай, з усталяванымі стандартамі прыгажосці, якія дзейнічаюць у дадзены момант. І гэта інструмент выжывання — каб яе абраў рэсурсны мужчына і каб быць прынятай у грамадстве. Бо трэба выконваць правілы гульні, каб з вамі жадалі гуляць.
Сачыць за сваім таварным выглядам — адно з правілаў гульні для жанчын у патрыярхальным грамадстве. І калі жанчына падпарадкоўваецца гэтаму правілу, яна палягчае сабе існаванне ў гэтым грамадстве. Гэта звычайная адаптацыя, каб прасцей, лягчэй і бяспечней існаваць у гэтых правілах гульні, у гэтым грамадстве, каб быць прынятай, каб цябе прымалі. І таму, калі ты выконваеш адаптыўную практыку, ты клапацішся пра сябе, ты робіш гэта для сябе — каб адпавядаць правілам гульні, каб забяспечыць сваю бяспеку. Вось з гэтай пазіцыі я магу пагадзіцца з макіяжам «для сябе».
Мне здаецца, разуменне сутнасці таго, што адбываецца, заўсёды першаснае. Спачатку ты разумееш, чаму выкарыстоўваеш макіяж, што ён значыць для цябе, як з яго дапамогай ты адаптуешся да правілаў гульні, упісваешся ў грамадства, адпавядаеш чаканням, клапоцішся пра сваю бяспеку. Потым ужо можна задумацца і пра стандарты прыгажосці, і пра прыняцце сваёй знешнасці. І толькі пасля гэтага — колькі часу і грошай ты гатовая інвеставаць у знешнасць, каб адпавядаць чаканням грамадства, колькі болю і нязручнасцей гатовая цярпець.
Думаю, гэта ўсё, што я жадала сказаць на гэтую тэму. Спадзяюся, вам было карысна.
Дарагія слухачкі падкаста, жадаю павіншаваць вас з Днём салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы!
Я жадаю пажадаць вам РАЗУМЕННЯ СВАІХ ПРАВОЎ. Жадаю, каб вы цвёрда ведалі, што:
- Муж не «дапамагае» па доме, а выконвае сваю частку агульных абавязкаў.
- Ён не замест вас ідзе на бацькоўскі сход, а ўдзельнічае ў выхаванні свайго дзіцяці.
- Не шлюбны абавязак, а культура згоды. «Не» значыць «не», і вы не абавязаныя пацярпець.
- Не боль у адзіноце, а партнёрскія роды.
- Не «падыходзячая для дзяўчыны спецыяльнасць», а тое, што сапраўды цікава.
- Не пытанні на сумоўі пра тое, калі вы будзеце нараджаць, а прыняцце на працу згодна з кваліфікацыяй.
- Не аўтаматычнае афармленне бальнічнага па доглядзе за дзіцем на маці, а пытанне, каму з вас гэта зручней у дадзены момант.
- Не ніжэйшая аплата працы, а роўны заробак без аргументаў пра тое, што мужчына «корміць сям’ю», а вам, жанчынам, «і так хопіць на дробязі».
- Не «слабы пол», а роўны.
Я жадаю ўсім усвядоміць сябе феміністкамі, адстойваць свае правы і паслядоўна паляпшаць сваё жыццё!
Шчасця вам!
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm