Жанчын падманам завабілі ў кабалу або рэальная гісторыя фемінізму ў нас

Паслухаць
У 10-м, апошнім эпізодзе гэтага сезону я распавядаю пра зараджэнне фемінізму ў расійскай імперыі да 1917 года.

Я вырашыла гэта зрабіць, таму што звярнула ўвагу: калі гаворка ідзе пра тое, як усё зараджалася, мы звычайна чуем пра ЗША і Еўропу, пра Алімпію дэ Гуж, аўтарку Дэкларацыі пра правы жанчыны і грамадзянкі, пра суфражыстак і гэтак далей, і ў гэтай рэтраспектыве ніколі не фігуруе постсавецкая тэрыторыя. Мы не ведаем, што па гэтай тэме было ў нас. Мы толькі чулі, што ў СССР быў іншы шлях эмансіпацыі жанчын, спушчаны бальшавікамі зверху. Але што было да гэтага? Няўжо нічога не было? У той час, калі ўсе абмяркоўвалі заходніх суфражыстак, што, у рускамоўнай прасторы не было такіх жаночых рухаў?

Спойлер: безумоўна, былі. Але насамрэч «таварыш» Ленін прысвоіў дасягненні дарэвалюцыйных феміністак, а ўвесь іх унёсак сцёр з гісторыі. Як кажуць: ніколі такога не было — і вось зноў.

Я пісала невялікую навуковую працу на гэтую тэму, калі навучалася ў магістратуры Віленскага ўніверсітэта, таму з задавальненнем дзялюся з вамі гэтай інфармацыяй.

У 1850-я гады руская інтэлігенцыя даведалася пра заходнія дэбаты адносна жаночага раўнапраўя, а ў 1859 годзе ў расійскай імперыі з’явілася першая арганізацыя, якую можна назваць феміністычнай. «Таварыства дастаўлення танных кватэр і іншых дапамог жыхарам Санкт-Пецярбурга якія жывуць у нястачы» заснавалі тры жанчыны: Марыя Трубнікава, Ганна Філасофава і Надзея Стасава. Пазней гэтыя жанчыны сталі вядомыя як «трыўмвірат». Зараз павінна скалануцца кожнае беларускае сэрцайка, успомніўшы пра трыўмвірат 2020 года.

Нават падчас кіравання ліберальнага Аляксандра ІІ запыт на жаночае раўнапраўе лічыўся прыкметай радыкалізму. Актывісткам атрымалася дамагчыся дазволу на вышэйшую адукацыю для жанчын толькі таму, што ўлада палічыла: нельга дазваляць жанчынам навучацца за мяжой, каб яны не прывезлі адтуль ідэй, згубных для дзяржаўнасці, — «тлятворнага ўплыву Захаду».

У 60-я гады XIX ст. жанчыны складалі 5% ад усіх рэвалюцыянераў, а ўжо праз 10 гадоў іх колькасць ацэньвалася ў 20%! На 84 палітычных працэсах у 1870-х гадах былі вынесены прысуды 95 жанчынам, а баявыя тэрарыстычныя арганізацыі партыі эсэраў у сваім складзе налічвалі звыш 30% жанчын.

Але калі пасля рэвалюцыі 1905 года з’явіліся ўмовы для палітычнай дзейнасці і пачалі фарміравацца шматлікія партыі і аб’яднанні, толькі сацыялісты засталіся безумоўна вернымі патрабаванню ўраўнавання жанчын у грамадзянскіх і палітычных правах з мужчынамі.

Што паслужыла апраўданнем такой пазіцыі? Тое самае, што звычайна адбываецца ў той ці іншай «мужчынскай» дзяржаве. Тое самае, што мы бачылі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 года — у рыторыцы не толькі ўлады, што ўтрымалася, але і пратэстных сіл. Заўсёды знаходзяцца «больш значныя» праблемы, чым праблемы жанчын. Гэта тычыцца і дыскрымінацыі будзь-якой уразлівай групы. Напрыклад, пратэстоўцы аб’ядноўваліся ў масавыя калоны, але як толькі феміністкі альбо ЛГБТК+ кам’юніці спрабавалі ўзняць плакаты і сцягі, у тым ліку і за сваю сталую позву, яны падвяргаліся жорсткай крытыцы. Сутнасць такая: спачатку мы ўсе разам мусім перамагчы агульнае зло, а ўжо потым зоймемся іншымі (меней значнымі) праблемамі. Такім чынам захоўваюцца аналагічныя мадэлі паводзінаў у палітычным полі, калі жанчыны ўдзельнічаюць у барацьбе нараўне, а потым іх патрабаванні адсоўваюцца на другі план дзеля нібыта агульначалавечых.

У дарэвалюцыйных феміністак быў занадта кароткі перыяд для афармлення ідэй, а палітычнай прасторы і зусім практычна не існавала. Але, тым не менш, менавіта яны:

  • дамагліся права на вышэйшую адукацыю для жанчын яшчэ пры Аляксандры ІІ;
  • і менавіта яны дамагліся ўвядзення выбарчага права для жанчын у красавіку 1917 года — раней, чым гэта адбылося ў Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША.

І яшчэ раз: усеагульнае выбарчае права — заслуга не бальшавікоў, насуперак інфармацыі, якую ўдзёўбвала савецкая прапаганда. 15 красавіка 1917 года Часовы ўрад прыняў пастанову «Аб правядзенні выбараў галосных гарадскіх дум, аб участковых гарадскіх управах», згодна з якой выбарчымі правамі надзяляліся ўсе грамадзяне, што дасягнулі 20 гадоў, без адрознення нацыянальнасці і веравызнання. У красавіку ў Валагодскай вобласці былі выбраныя дзве жанчыны-галосныя. 20 чэрвеня 1917 года Часовы ўрад прыняў палажэнне аб выбарах ва Ўстаноўчы сход, у якім было наўпрост зазначана пра «усеагульнае выбарчае права без адрознення полу».

Дарэвалюцыйны фемінізм у расійскай імперыі меў свае адметныя асаблівасці ад заходняга: ён быў складовай часткай агульнага вызваленчага руху для ўсіх груп насельніцтва, а ў частцы абароны жаночых правоў быў «вызваленнем без прыгнятальніка», не выпінаў жаночую позву, асцерагаючыся абвінавачванняў у буржуазнасці, з якімі ў выніку і сутыкнуўся, і быў зганьбаваны.

Жаночы феміністычны рух у расійскай імперыі нельга назваць рухам з самых нізоў, бо актывісткамі былі прадстаўніцы інтэлігенцыі, адукаваныя — значыць, не большасць. Тым не менш, гэта кшталту руху знізу, калі людзі бачаць на ўласным прыкладзе парушэнне сваіх правоў і змагаюцца за тое, каб іх атрымаць. Адукаваныя жанчыны ў той час маглі матэрыяльна знаходзіцца ў лепшым становішчы, чым непісьменныя сялянкі, але ў агульнай сутнасці яны ўсе былі бяспраўныя. Цытата з матэрыялу Таццяны Лехатковай пра жаночы рух у расійскай імперыі: «Пасля вызвалення сялян у 1861 годзе выявілася, што просты мужык з сяла валодае больш вялікімі магчымасцямі, чым іншая графіня: у жанчын не было нават пашпартоў».

Прычына забыцця дарэвалюцыйных феміністак — наўмыснае выключэнне іх імёнаў і дасягненняў з гісторыі бальшавікамі, а таксама прысваенне гэтых дасягненняў і прадстаўленне іх як уласных.

Я спадзяюся, што гэты эпізод падкаста станецца маленькім унёскам у справу аднаўлення гістарычнай справядлівасці, вяртання жаночых імёнаў і жаночых дасягненняў.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Нізавая актывістка з Беларусі. Замужам, двое дзяцей і ўнучка. Звычайная жанчына. Лічыць, што партнёрскі шлюб магчымы ва ўмовах патрыярхату, а феміністкі не ненавідзяць мужчын. Упэўненая, што ўсе жанчыны — феміністкі, але некаторыя пра гэта яшчэ не ведаюць.
Сумесна з Belarus FM выпускае падкаст пра фемінізм простай мовай, для такіх жа звычайных жанчын, як і яна сама.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.