Уявіце сабе, што вы знаходзіцеся на вялікай шашы, сярод мільярдаў машын вакол. Прыблізна так працуюць усе ўнутраныя працэсы ў нашым арганізме. Кожны асобны сігнал — быццам асобная машына на трасе. Адна паласа вядзе да мозгу, другая — перадае адказны сігнал у іншыя часткі цела. І нават калі ўсе ўдзельнікі руху выконваюць правілы дарожнага руху, «вузкім месцам» усё роўна можа стаць святлафор. Бо пры перабоі з электраэнергіяй ён ператвараецца ў адну з прычынаў будучага хаосу. Прыкладна так можа пачынацца трывожны разлад, калі яго прычына — дысбаланс сератаніну ў арганізме.
У гэтым эпізодзе «Падкаста па нядолі» Слава распавядае, як працуюць антыдэпрэсанты: чаго ад іх не варта чакаць, а дзе да такога рашэння трэба падыходзіць з вялікай асцярогай. Эпізод прысвечаны таму, як працуе біяхімія мозгу — але вельмі простымі словамі. А яшчэ вы даведаецеся, чаму дагэтуль не існуе ўніверсальнага рашэння для АКР з пункту гледжання медыкаментаў — і разам з тым, чаму ўсё ж ёсць шанец справіцца з трывогай.
Дысклеймер: аўтар папярэджвае, што ён не з’яўляецца ні псіхолагам, ні псіхатэрапеўтам у прафесійным сэнсе. І катэгарычна ганіць будзь-якія спробы ставіць дыягназ праз інтэрнэт. Падкаст не прызначаны для самадыягностыкі і самалекавання. Яго мэта — растлумачыць складаныя рэчы простымі словамі і дапамагчы наважыцца звярнуцца па дапамогу да псіхолага, нават калі здаецца, што гэта марнаванне часу. А таксама — дапамагчы выбраць добрага спецыяліста.
У аснове трывожнасці звычайна ляжыць дысбаланс сератаніну — умоўнай «электрычнасці» ў «святлафорах». Хоць, вядома, гэта вельмі грубае параўнанне. Насамрэч сератанін — зусім не электрычнасць, а хімічнае рэчыва. Гэтае параўнанне патрэбнае тут хутчэй для таго, каб лепш зразумець маштаб праблемы. Сератанін можна параўнаць і з нацыянальнай валютай: калі яго запасы стабільныя, ваша «зарплата» дазваляе вам «аплочваць» радасць, спакойны сон і яснасць думак.
Сератанін сінтэзуецца ў кішэчніку (для стрававання) і ў мозгу (для настрою), але толькі мозгавы сератанін кіруе эмоцыямі. І яшчэ — мозг не можа атрымаць яго звонку. Таму праблему з узроўнем сератаніну карэктуюць не праз яго даданне, а праз умяшанне ў працэс яго «прыбірання».
Справа ў тым, што пасля перадачы сігналу (зараз будзе трохі навукі без метафар) сератанін застаецца ў так званай сінаптычнай шчыліне. Калі б ён заставаўся там назаўжды, пачалі б перадавацца памылковыя імпульсы, якія ўжо не адпавядаюць рэальнай сітуацыі. Як быццам мэсэнджар, які б бясконца дасылаў абвяшчэнні пра паведамленне, якое ўжо даўно прачыталі. Таму пасля перадачы сігналу сератанін «прыбіраецца» назад з дапамогай SERT-транспартэра — гэта такі спецыяльны «пыласос» для сератаніну.
І вось, калі сератаніну недастаткова або змянілася адчувальнасць рэцэптараў да яго, — на гэтым фоне праца такога «пыласоса» становіцца занадта актыўнай. Сігналы знікаюць занадта хутка — «прачытаць паведамленне» проста не паспяваюць. А калі вярнуцца да аналогіі з нацыянальнай валютай — вы нібыта атрымліваеце зарплату (сератанін), але пасля вельмі вялікіх падаткаў у краіне з гіганцкай інфляцыяй.
А іншыя «гармоны радасці» (з навуковага пункту гледжання — гэта розныя рэчывы, але іх аб’ядноўвае ўдзел у фармаванні адчування задавальнення і матывацыі) — дафамін, аксітацын, эндарфіны — можна было б параўнаць са зніжкамі, акцыямі і пробнікамі, калі б наш арганізм быў крамай. Вядома, гэта вельмі ўмоўнае параўнанне. Дык вось, у такім прыкладзе без нацыянальнай валюты эфект ад гэтых «прыбыткаў» страціў бы ўвогуле ўсялякі сэнс.
Так, як без грошай ніводная ўмоўная «зніжка» не дасць адчування спакою, гэтак і без сератаніну — дафамін быў бы бессэнсоўным. Таму спрабаваць рэгуляваць дафамін у такой сітуацыі — усё роўна што спрабаваць запусціць феерверкі ў падпаленым хляве. Дафамін ужо ўспрымаецца не як «узнагарода», а як шум.
Пры дысбалансе сератаніну ў доўгатэрміновай перспектыве пачынаюць пакутаваць і тармазныя, і паскаральныя сістэмы арганізма: ГАМК (галоўная «тармазная сістэма») і глутамат (галоўны «газ»). Вядома, іх баланс падтрымліваецца і мноствам іншых сістэм, але сератанін адыгрывае не апошнюю ролю. І вось пры недахопе ГАМК нервовая сістэма застаецца «на газе» нават тады, калі ўжо няма куды спяшацца. А з цягам часу арганізм становіцца ўсё менш адчувальным да ГАМК — «тармазы» не спрацоўваюць своечасова, даюць збой, і «машыну» становіцца ўсё цяжэй кантраляваць.
Вяртаючыся да «прыборкі» сератаніну, Слава распавядае пра тое, як працуюць прэпараты, якія звычайна прызначаюць пры трывожным разладзе. Гэта селектыўныя інгібітары зваротнага захопу сератаніну (СІЗЗС), і дзейнічаюць яны як аддзел кадраў: працягваюць «змену» дырыжора-сератаніну, каб «паведамленні» перадаваліся дакладней, а іншыя сістэмы не пакутавалі ад дэфіцыту «валюты».
Звычайна эфект ад прыёму прэпарата развіваецца на працягу некалькіх тыдняў. Важна разумець, што спачатку самаадчуванне можа нават пагоршыцца: з’явіцца бессань, млоснасць і галавакружэнне. Але гэта натуральны этап «пераналадкі» арганізма.
І хоць для экстраных выпадкаў існуюць бензадыазепіны, якія здольныя імгненна «загасіць пажар» трывогі, быццам агнягаснік, яны не выпраўляюць прычыну. А пры працяглым ужыванні выклікаюць прывыканне, пагаршаюць памяць і канцэнтрацыю. Пры рэзкім спыненні прыёму ж наогул могуць прывесці да сур’ёзных наступстваў — у адрозненне ад антыдэпрэсантаў.
Таму, хоць эфект ад прыёму селектыўных інгібітараў зваротнага захопу сератаніну наступае не імгненна, а прымаць іх неабходна хаця б паўгода, іх прызначаюць дзеля таго, каб наладзіць дысбаланс у доўгатэрміновай перспектыве.
Слава адзначае, што ў выпадку АКР і трывожнага разладу вельмі значная камандная праца псіхолага і псіхатэрапеўта. Бо антыдэпрэсанты не перапісваюць ужо ўстояныя сцэнары паводзін — яны толькі карэктуюць «хімію». Пры АКР звыклыя цыклы могуць захоўвацца як «сістэма кіравання старога рэжыму»: пакуль псіхолаг не правядзе «інвентарызацыйны аўдыт» і не перапраграмуе рэакцыі, яны будуць вяртацца як аўтаматычныя мадэлі, засвоеныя арганізмам за доўгія гады. Таму толькі спалучэнне «рамонту праводкі» і «перанавучання аўтапілота» дае шанец надоўга захаваць унутраную раўнавагу.
Наступны эпізод падкаста будзе прысвечаны тэме панічнага нападу — яго ўнутранаму механізму з пункту гледжання біяхіміі мозгу, простымі словамі. А таксама прыёмам, якімі вы можаце скарыстацца, калі няма магчымасці тэрмінова звярнуцца да псіхолага.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm