«Назаві сваё імя, дэман!» Прыблізна так у фільмах пра тагасветныя сілы галоўны герой або гераіня спрабуюць атрымаць кантроль над істотай. І гэта не выпадкова. Калі правесці паралель з працай псіхолага, гэта адлюстраванне таго, вакол чаго будуецца тэрапія на першым этапе — пошук і прамаўленне праблемы, або імя таго самага «дэмана». Але, як кажуць, д’ябал у дэталях. І калі высвятляецца, што наш «дэман» гэта АКР, усё становіцца значна складаней: простага «імя» тут недастаткова.
У гэтым эпізодзе «Падкаст па нядолі» Слава дзеліцца ўласным досведам тэрапіі і тлумачыць, чым адрозніваецца АКР ад трывожнага разладу. Ён распавядае, чаму нельга прапускаць першы этап звароту да псіхолага, спадзеючыся адразу атрымаць патрэбныя лекі. Таксама Слава гаворыць пра метады псіхалагічнай самадапамогі, якім навучыўся сам — і якія могуць быць карыснымі тым, хто вымушаны не звяртацца да спецыяліста з-за падзей у Беларусі.
Дысклеймер: аўтар папярэджвае, што ён не з’яўляецца ні псіхолагам, ні псіхатэрапеўтам у прафесійным сэнсе. І катэгарычна ганіць будзь-якія спробы ставіць дыягназ праз інтэрнэт. Падкаст не прызначаны для самадыягностыкі і самалекавання. Яго мэта — растлумачыць складаныя рэчы простымі словамі і дапамагчы наважыцца звярнуцца па дапамогу да псіхолага, нават калі здаецца, што гэта марнаванне часу. А таксама — дапамагчы выбраць добрага спецыяліста.
Людзі з АКР, як паказвае практыка, часцей за ўсё добра разумеюць, што з імі адбываецца. І менавіта тут хаваецца галоўнае адрозненне ад падыходаў звычайнай тэрапіі: асэнсаванне або агучванне праблемы па імені ўжо не дае аўтаматычнага кантролю над сітуацыяй. Бо АКР і ёсць тая праблема, якая вельмі зразумелая тым, хто з ёю жыве. Нават калі даць ёй іншую назву.
Таму задача псіхолага пры АКР — не ў тым, каб дапамагчы назваць тое, што адбываецца, а ў тым, каб зразумець, як з гэтым далей працаваць. Тут шмат залежыць ад таго, да каго менавіта вы звярнуліся, бо далёка не кожны спецыяліст мае досвед працы з АКР. І ў такой сітуацыі, калі вы ўпершыню звяртаецеся да псіхолага і шукаеце дапамогу, асабліва важна разумець: не кожная тэрапія будзе эфектыўнай. Але гэта не павінна вас адштурхнуць. Проста такая рэальнасць на сённяшні дзень.
Хоць псіхолагі звычайна працуюць з праявамі трывожнасці — і гэта сапраўды можа быць карысным. Але заўсёды існуе адзін нюанс: трывожны разлад і АКР — гэта не адно і тое ж. Яны могуць быць звязаныя паміж сабой, могуць уплываць адзін на аднаго, але гэта розныя з’явы, якія патрабуюць розных падыходаў у працы.
У межах тэрапіі трывожнага разладу спецыяліст можа прапанаваць тэхнікі, што дапамагаюць спраўляцца з агульным узроўнем напружання, перабудоўваць шаблоны мыслення. І ўсё гэта сапраўды працуе. Але калі за гэтымі праявамі хаваюцца працэсы, уласцівыя для АКР, можа спатрэбіцца зусім іншы падыход.
У гэтым месцы важна загадзя агучыць свае чаканні. І калі вы бачыце, што сітуацыя развіваецца «не туды», не бойцеся падзяліцца сваімі сумненнямі з псіхолагам. Каб разумець і яго логіку таго, што адбываецца, і не быць толькі назіральнікам. Бо няма нічога больш страшнага, чым сітуацыя, калі вы вырашылі звярнуцца да псіхолага, але абралі спецыяліста, які не працуе з АКР — і даведаліся пра гэта занадта позна. І з-за згубленага часу і фрустрацыі на гэтым фоне больш ніколі не звернецеся па дапамогу.
Хоць пра АКР вядома шмат, прычыны яго ўзнікнення дагэтуль дакладна не вывучаныя. У адных выпадках гаворка ідзе пра нейрабіялагічныя фактары, у іншых — пра асаблівасці паводніцкай псіхалогіі. Але ніводная з гэтых галін не дае поўнага разумення паходжання праблемы.
Таму не варта чакаць, што існуюць нейкія лекі, які дазволіць цалкам пазбавіцца менавіта ад АКР — тыя сродкі, што даступныя сёння, найчасцей скіраваныя на зніжэнне агульнага ўзроўню трывожнасці. Іх эфект можа быць прыкметны пры трывожным разладзе, але ў выпадку з АКР гэтага часам можа быць недастаткова.
Бо трывога — гэта толькі частка карціны. Яе можна крыху прыглушыць, і гэта ўжо дасць перапынак. Але ў выпадку з АКР лекі не заменяць тэрапію — яны могуць толькі стварыць прастору, у якой праца з псіхолагам становіцца больш магчымай.
Асобную ўвагу ў падкасце Слава надае сітуацыі ў Беларусі. Сёння не ва ўсіх ёсць магчымасць адкрыта шукаць падтрымку. Бо ў кабінеце псіхолага ўжо няма сапраўднай прыватнасці. Фармальна — яна нібыта застаецца, але на практыцы, пасля зменаў у заканадаўстве, будзь-якая тэма, што закранае пратэсты, палітыку, актывізм ці нават падказку на грамадзянскую пазіцыю — можа стаць апошняй. Таму галоўная парада — у Беларусі з псіхолагам лепш гаварыць пра наступствы, а не пра прычыны.
А калі нават гэта ўсё яшчэ падаецца небяспечным, тады на першы план выходзіць пытанне: ці можна зрабіць нешта самастойна?
Так, можна. У гэтым эпізодзе вы маеце магчымасць паспрабаваць паўтарыць некалькі тэхнік: у адным выпадку — гэта праца з трывожнасцю, у другім — тое, што добра падыходзіць пры АКР або пры панічным нападзе. Але трэба разумець абмежаванні. Без спецыяліста можна абапірацца на гэтыя метады, але яны не заменяць тэрапію цалкам. Яны проста дапамогуць захаваць раўнавагу да таго часу, пакуль вы не будзеце здольныя звярнуцца па паўнавартасную дапамогу.
У наступным эпізодзе вы даведаецеся, як працуюць антыдэпрэсанты: чаго чакаць не варта, а дзе варта падыходзіць да такога рашэння з асаблівай асцярогай. Пра тое, як увогуле працуе біяхімія мозгу, простымі словамі. І чаму, нягледзячы на тое, што ў медыкаментозным плане пакуль няма ўніверсальнага рашэння для АКР, шанцы пераадолець трывогу ўсё ж ёсць.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm