Дапамога просьбіту прытулку ў Літве: дзе яе знайсці?

Паслухаць
Як прасбіт прытулку можа атрымаць медыцынскую або псіхалагічную дапамогу ў сітуацыі, калі ў яго няма медыцынскай страхоўкі? Хто цяпер дапаможа падрыхтаваць апеляцыю ў выпадку адмовы ў прытулку, калі бескаштоўны адвакат больш не прадастаўляецца? Дзе падчас чакання можна пачаць вывучаць літоўскую мову? Кампенсацыі за лекі, праезд у грамадскім транспарце, дзіцячы садок — усё гэта цяпер даступна для прасбітаў. Разбіраемся, на якіх умовах можна атрымаць такую падтрымку.

Прасбіты прытулку, апынуўшыся ў новай краіне, сутыкаюцца не толькі з юрыдычнымі бар’ерамі, але і з бытавымі цяжкасцямі. У Літве адной з нямногіх арганізацый, якія дапамагаюць ім адаптавацца, з’яўляецца Caritas. Што такое Caritas, на якія сацыяльныя групы скіраваная іх падтрымка і як арганізацыя дапамагае прасбітам прытулку? Размаўляем з Томасам Бакшысам, сацыяльным кансультантам Цэнтра інтэграцыі замежнікаў Caritas.

Змест выпуску:
00:00Пачатак 01:51Што такое Caritas? 02:31Якую дапамогу могуць атрымаць прасбіты прытулку? 09:52Ці ёсць розніца, з якой паласой картка ў прасбітаў, для атрымання такой дапамогі? 10:56Дапамога даступная толькі ў Вільні або па ўсёй Літве? 11:17Ці будуць кампенсаваныя паслугі прыватных медыцынскіх клінік? 13:08Ці могуць кампенсаваць нерэцэптурныя лекі? 14:15Калі міграцыя больш не аплочвае адваката на апеляцыю, ці можа Caritas дапамагчы з гэтым? 17:47На якія ўзроўні прадугледжаныя курсы літоўскай мовы? 19:10Ці выдаюцца сертыфікаты аб заканчэнні курса? 20:41Як кампенсуецца праязны, калі чалавек карыстаецца зніжкамі? 21:17Ці можа псіхолаг накіраваць да псіхіятра? 22:59Ці можа Caritas дапамагчы абараніцца ад дэпартацыі? 24:15Якую дапамогу можа атрымаць чалавек са статусам уцекача? 25:53Да якой даты дзейнічае праект? 26:13Ці ёсць кантакт для сувязі?

Праект Caritas па падтрымцы прасбітаў прытулку дзейнічае па ўсёй Літве да канца 2025 года. Таму варта паспяшацца, каб скарыстацца такой магчымасцю.

Дапамога існуе па наступных напрамках:

  • Сацыяльныя кансультацыі
  • Кансультацыі псіхолага
  • Кансультацыі юрыста (калі вам адмовілі ў бескаштоўнай юрыдычнай дапамозе пры апеляцыйнай скарзе, вы таксама маеце магчымасць звярнуцца па дапамогу)
  • Урокі літоўскай мовы для пачатковага ўзроўню (3 месяцы, анлайн, 2 разы на тыдзень)
  • Пасярэдніцтва пры атрыманні медыцынскай дапамогі (кампенсацыі за аналізы, кансультацыі, слыхавыя апараты, акуляры і інш.)
  • Аднаразовыя кампенсацыі на праязны білет у грамадскім транспарце (цяпер на 3 месяцы, але пасля ліпеня з-за падаражання будзе толькі на 2 месяцы) і на дашкольную адукацыю (1 месяц)
  • Сацыякультурная занятасць
  • Дапамога валанцёраў

Для ўсіх кампенсацый варта мець квіт (або выпіс з банка), рахунак-фактуру на вашае імя, а калі гаворка ідзе пра медыцынскую дапамогу — рэцэпт або прызначэнне ад лекара.

Кантакты:
Tomas Bakšys – сацыяльны кансультант Цэнтра інтэграцыі замежнікаў Caritas
Тэл: +370 68450803
Email: tomas.baksys@vilnius.caritas.lt
Сайт Caritas: https://www.caritas.lt/


Для тых, хто жадае прыняць удзел у падкасце «Лёгка сказаць» у якасці госця альбо запытаць нас, мы прапануем ананімна запоўніць форму зваротнай сувязі: https://forms.office.com/r/R6zVM97JfP

Калі Вы жадаеце прыняць удзел у запісы, гэта магчыма для тых, хто знаходзіцца ў Вільні, з-за таго што мы запісваем падкаст тут. Калі Вы не з Вільні, але хацелі б падзяліцца сваёй гісторыяй, мы можам пераказаць яе ў падкасце за Вас. У такім выпадку націсніце «Ёсць пытанне/прапанова або жадаеце паведаміць інфармацыю» у другім пытанні формы і распавядзіце Вашую гісторыю як мага больш падрабязней, каб гэта дапамагло іншым уцекачам ці просьбітам прытулку, якія сутыкнуліся з аналагічнай праблемай і яшчэ не вырашылі яе.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Студэнтка, навучаецца па праграме «Медыя і Камунікацыі» ў Літве. Праз пераслед па палітычных прычынах была вымушаная пакінуць Беларусь. З 2022 года спрабуе атрымаць прытулак, праходзячы праз усе магчымыя суды і інстанцыі і вывучаючы прававыя нюансы. За гэты час паспела вывучыць літоўскую мову і здаць дзяржаўны іспыт па ёй. Стваральнік і галоўны рэдактар ​​сайта http://integra-l.eu/
Каб дапамагчы вырашыць набалелыя праблемы, пры падтрымцы Belarus FM выпускае падкаст, які можа дапамагчы іншым уцекачам і просьбітам прытулку разабрацца ў складаных і часам вельмі заблытаных хітраспляценнях Літоўскага заканадаўства і яго выкарыстанні. Бо інфармацыі пра гэта ў медыйнай прасторы вельмі мала і часта людзі застаюцца пакінутыя самі сабе.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.