Фемінітывы ў беларускай мове: казка, гісторыя ці рэчаіснасць?

Паслухаць
Сёння ў грамадстве дастаткова граматычна правільна назваць тую ці іншую прафесію ў жаночым родзе, каб у адказ пачуць раздражненне ці нават жарты. Пры гэтым гаворка ідзе пра звычайную частку граматыкі – гэта словы, якія дапамагаюць назваць жанчыну паводле яе працы і заняткаў. І тут паўстае пытанне: ці гэта праз тое, што мова раптам прапанавала нам нешта сапраўды экзатычнае? Ці фемінітывы прадыктаваныя тэмай роўнасці сёння? Бо іх менавіта так перш за ўсё і ўяўляюць – як словы, якіх «не было ніколі» і якія з’явіліся толькі зараз, праз позву дня.

Сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі, які шмат гадоў даследуе фемінізацыю беларускай мовы, бачыць у гэтых бурлівых дэбатах паўторныя хвалі. Тэма вяртаецца і зноў выклікае дыскусіі. У гэтым эпізодзе мы звернемся да вытокаў, каб зразумець з гісторыі, як адбывалася маргіналізацыя беларускай мовы і што можна сказаць пра фемінітывы ў сэнсе гістарычнага ўзнікнення. Калі яны з’явіліся і чаму сёння столькі спрэчак наконт іх неабходнасці ці існавання наогул? І нарэшце, ці сапраўды Францішак Скарына быў першым феміністам у Беларусі?

Каб зразумець, пра што ідзе гаворка, трэба дамовіцца пра паняткі. Фемінітыў у кантэксце нашай размовы – гэта, па-першае, назоўнік жаночага роду (часам яшчэ і прыметнік, але калі казаць пра фемінізацыю беларускай мовы, то мы будзем размаўляць больш пра назоўнікі). І па-другое – праз тое, што гаворка пойдзе пра назвы прафесій ці роду дзейнасці жанчын, то трэба дадаць: па-навуковаму фемінітыў тут выступае яшчэ і ў якасці агентыву. Бо менавіта агентыў і называе дзейную асобу паводле ролі чалавека ў грамадстве, яго прафесію, сацыяльную ролю ці нават дзейнасць у пэўны момант часу. Такія словы працуюць у тых месцах, дзе мова павінна дакладна паведаміць, хто робіць справу, хто прымае рашэнні, хто выступае як спецыялістка ці спецыяліст.

Па сваёй сутнасці мова заўсёды імкнецца да дакладнасці. Дарэчы, у гэтым і палягае яе сіла – у здольнасці ўдакладняць апісанне нашай рэчаіснасці. Дзеля гэтай функцыі носьбіткі і носьбіты мовы заўсёды стваралі новыя словы – каб не блытацца і разумець адно аднаго, пра што ідзе гаворка. І гэта лічыцца натуральным патрабаваннем логікі.

Таму ў гісторыі нашай мовы раней ніхто не бачыў праблемы ў тым, каб назваць жанчыну згодна з яе дзейнасцю. І нават сама сістэма мовы падказвала людзям найбольш зручныя спосабы ўтварэння такіх словаў праз выкарыстанне розных суфіксаў. Напрыклад, мадэлі з «–іца» ці «–ка» напрыканцы словаў існавалі стагоддзямі і выкарыстоўваліся ў самых розных кантэкстах: ад высокай літаратуры да жывой народнай гаворкі.

Гэты працэс быў вельмі актыўным яшчэ ў часы Францішка Скарыны, калі ў яго тэкстах сустракалася мноства жаночых формаў для пазначэння розных заняткаў. Але гэта дакладна, што фемінізму тады не было. То бок доказы іх пашыранага існавання ёсць нават у слоўніках XIV стагоддзя, аднак гэта не было звязана з пытаннем роўнасці, а з’яўлялася натуральнай для беларускай мовы з’явай.

На жаль, у штодзённым кантэксце дакладнасць выглядае зусім іншым чынам. Напрыклад, калі ў беларускамоўным паведамленні (у 2015 годзе) пазначана, што «Прэзідэнт Эстоніі заручыўся з кіраўніком кібербяспекі Латвіі», мы, як і наш суразмоўца падкасту, можам зрабіць выснаўкі, што гэта навіна таксама і пра гей-шлюб. Бо род пакідаецца мужчынскім і ў чытача будуецца ўяўленне паводле звыклай матрыцы. Атрымліваецца, нібыта гаворка ідзе пра двух мужчынаў. Але, калі паглыбіцца і пачаць шукаць, ці гэта было насамрэч, высветліцца, што гэта памылка. І здарылася яна менавіта праз ігнараванне жаночага роду: трэба было б напісаць «кіраўніца» замест «кіраўнік» і гэта б усё вырашала.

Уладзіслаў Гарбацкі звяртае ўвагу і на іншыя сітуацыі, калі праз такую «ўніверсальнасць» мужчынскага роду, якую яму намагаюцца надаць, зараз з’яўляецца непатрэбная блытаніна. Калі ў тэксце напісана «прэм’ер-міністр сказала», сама граматыка ўжо падказвае, што гаворка пра жанчыну, аднак назва пасады застаецца ў мужчынскім родзе і цягне ў другі бок. Некалькі літараў напрыканцы і граматычна правільнае слова «прэм’ер-міністарка» ўжо б збірала паведамленне ў адзіную карціну. Менавіта ў падобных выпадках фемінітыў развязвае недарэчны вузел у сэнсе.

З гэтым звязаны і другі пласт, пра які Уладзіслаў гаворыць асобна. Слова працуе як знак прызнання: калі ў мове няма назвы, грамадству прасцей уявіць, што і адпаведнай ролі няма для жанчыны. Канешне, гэта не механічная формула, бо людзі здольныя ўяўляць і без слова. Аднак у масавай камунікацыі адсутнасць назвы падтрымлівае інэрцыю. Наш суразмоўца згадвае думку дацкага лінгвіста Крыстафэра Нюрапа: «Адсутнасць жаночага роду ў слоўніках вядзе да адсутнасці жаночых правоў у кодэксах». І сэнс тут у тым, што мова і праўная рэчаіснасць узаемна падмацоўваюць адна адну. Калі ў мове пасада існуе выключна ў мужчынскім родзе, узнікае і адчуванне «нясупадзення» жанчыны з пасадай, нібыта яна там выпадковая.

У беларускай прасторы такі механізм часцей бачны ў стаўленні да слова «прэзідэнтка». Уладзіслаў узгадвае, што ў частцы афіцыйных слоўнікаў хаця і можна сустрэць такую форму жаночага роду, але далей можна заўважыць пазнаку «іранічна». То бок нават тут ёсць спробы з боку русіфікаванай нормы надаць жаночай форме «жартоўнасць». У выніку чалавек, які шукае апору ў аўтарытэтным выданні, атрымлівае сігнал: «форма нібыта магчымая, аднак яе лепей не ўжываць у сур’ёзным маўленні». Такі сігнал працуе далей як інструкцыя, а інструкцыя ператвараецца ў звычку.

Каб зразумець, чаму фемінітывы часам раздражняюць некаторых, трэба глядзець не на суфіксы, а на веданне гісторыі маўленчай нормы. Наш суразмоўца падкрэслівае: сапраўдныя мовазнаўцы ніколі не смяюцца з фемінітываў, бо бачаць у іх звычайную прыладу ў мове, як і ў астатніх словах. Іранізацыя ці нават кпіны часцей узнікаюць падчас, калі чалавек не мае натуральнага досведу жывой беларускай мовы ў розных стылях. Калі ж паглядзець на мастацкую прозу і паэзію нават ХХ стагоддзя, можна ўбачыць, што фемінітывы там ужываліся даволі шырока. Уладзіслаў успамінае, што ў тэкстах Міхася Зарэцкага яны не выглядаюць як экзотыка. У Кузьмы Чорнага яны таксама гучаць без спецыяльнай пазнакі. Так працуе моўнае адчуванне аўтараў, якія чулі беларускую мову як штодзённую гаворку і пераносілі яе ў пісьмо.

Канешне, тут важна не ператварыць гісторыю ў ідэалізацыю. Уладзіслаў Гарбацкі сам адзначае, што беларуская традыцыя захоўвае шмат кансерватызму і шмат сексізму. Гэта асобная тэма. Аднак наяўнасць фемінітываў у старых пластах не патрабуе выпраўдання. Яны існавалі ўнутры самой мовы, абслугоўвалі і побыт, і праўныя дакументы, і рэлігійныя тэксты. Калі сёння нехта кажа, што фемінітывы прыйшлі з моды XXI стагоддзя, навуковец прапануе адкрыць вялікі слоўнік старой беларускай мовы і паглядзець на колькасць жаночых назваў. Погляд у такія крыніцы адкажа на сумневы: словы існавалі задоўга да таго, як у Еўропе з’явіліся сучасныя дыскусіі пра роўнасць.

Пытанне пра раздражненне часцей зводзіцца да аднаго: людзі звыклі да пэўнай стылістыкі. Навуковец тлумачыць гэта праз дамінаванне расейскай мовы, якая ўплывала на тое, што лічыцца «правільным» у афіцыйным маўленні. У стылістыцы замацоўваецца думка пра мужчынскі род як абагульняльны і «ўніверсальны». А потым гэтая схема была ў значнай меры перанесеная з расейскамоўнай мадэлі, пасля чаго пачала жыць і ў беларускіх навучальных матэрыялах як нешта натуральнае.

Таму сёння ў беларускай сітуацыі і з’явілася гэтая моўная рамка: з аднаго боку існуе акадэмічная праца са слоўнікамі і граматыкай, паводле каторых афіцыйна існуюць і жаночая форма, і мужчынская. Гэта замацавана нават у новых версіях тлумачальных слоўнікаў беларускай мовы, якія выходзілі пад рэдакцыяй Акадэміі навук Беларусі. З другога боку, існуе штодзённая практыка, напрыклад, у афіцыйных газетах, дзе жанчына ўвесь час пазначаецца мужчынскай назвай пасады. Уладзіслаў Гарбацкі тлумачыць гэта як працяг русіфікацыйнай інэрцыі, якая не знікае сама па сабе. Ён узгадвае прыклады з савецкай прэсы, дзе некаторыя жаночыя формы існавалі да вайны, а пасля сярэдзіны ХХ стагоддзя пачалі выціскацца. Ён прыводзіць у прыклад слова «намесніца» як паказальны выпадак: форма існавала, яна была зафіксаваная ў тэкстах, пасля пэўнага моманту амаль знікла з газет, пакідаючы толькі «намеснік» як універсальную назву.

Навуковец шмат кажа пра розніцу паміж правапіснымі традыцыямі. У практыцы тэкстаў, напісаных паводле правапісу тарашкевіцы, ужыванне мужчынскай формы для жанчыны хутчэй успрымаецца як недакладнасць стылю. Рэдакцыі, якія працуюць у гэтым стандарце, выправяць такую форму і паставяць жаночую. Ён згадвае пра рэдактарскую працу ў медыйнай прасторы, дзе тэксты пра жанчын перабудоўваюцца ў адпаведнасці з нормай. Такі падыход ён параўноўвае з літоўскай традыцыяй, дзе ў афіцыйным пісьме называнне жанчыны праз мужчынскую назву пасады ўспрымаецца як памылка і будзе адзначана пры рэдагаванні. Гэты прыклад ён выкарыстоўвае, каб паказаць: сістэма працуе там, дзе ёсць звычка і ясная стылістычная рамка.

Дарэчы, наконт звычак: сітуацыя ўскладняецца і тым, што частка жанчын просіць называць сябе словам у мужчынскім родзе. Напэўна, з-за навязанага пачуцця статуснасці маскулінітыва. Але не ўсе так лічаць: іншая частка жанчын настойвае на жаночых формах, бо бачаць менавіта ў іх дакладнасць і бачнасць. Наш суразмоўца прапануе зразумець тут два ўзроўні. У асабістай камунікацыі пажаданне чалавека мае вагу, асабліва ў інтэрв’ю, дзе ёсць самапрэзентацыя. Нават калі Уладзіслаў будзе працаваць над інтэрв’ю, дзе жанчына пажадала б, каб ён пазначыў яе ў мужчынскім родзе, так і было б, з пазначэннем у тэксце, што гэта было яе пажаданнем, канешне. Але ў аўтарскім тэксце, дзе гаворка ідзе пра агульную норму і пра моўную культуру, дзейнічае іншы прынцып: тэкст арыентуецца на стылістычныя правілы, бо яны падтрымліваюць якасць маўлення. Тады ў сваім аўтарскім тэксце, дзе ён апісвае жанчыну, навуковец будзе выкарыстоўваць фемінітывы. Але гэта ён. Афіцыйныя выданні, якія сістэмна прымаюць стылістычныя адхіленні як норму, пазначаць жанчыну ў мужчынскім родзе.

І вось у такой практыцы пакрысе размываюцца межы, пасля чаго губляецца сама адчувальнасць да дакладнасці ў чытачоў. Бо такіх выданняў вакол зашмат. І чытачы адчуваюць гэта ўжо нібыта нормай, па інэрцыі карыстаючыся маскулінітывам у дачыненні да жанчын і пашыраючы такую практыку для асяроддзя далей. Замацоўваюць гэта ўжо як правіла. Таму праз некаторы час ужо нават жанчыны, якія ўвесь час знаходзіліся ў такім асяроддзі, будуць перакананыя нібыта ўжыванне мужчынскага роду для ўсіх – гэта норма.

Каб перайсці ад спрэчак да практыкі, трэба разабрацца, як фемінітывы ўтвараюцца. Уладзіслаў Гарбацкі кажа, што ў беларускай мове самым распаўсюджаным сродкам фармавання жаночых назваў выступае суфікс «-к-». Менавіта ён дае найбольшую колькасць формаў і лёгка ўбудоўваецца ў сучасную мову. У штодзённай практыцы праз яго без цяжкасцяў утвараюцца словы накшталт «дырэктарка» ці «доктарка». У гэтай мадэлі ёсць выразная гісторыя, яна бачная ў слоўніках і зразумелая большасці носьбітаў.

Побач з «-к-» існуюць мадэлі, якія ў нейкія эпохі былі менш прыкметныя, а цяпер зноў актывізуюцца. Уладзіслаў асабліва вылучае суфікс «-іц-», які ў старых пластах быў прадуктыўны, пасля стаў радзейшым, а сёння выкарыстоўваецца для вырашэння складаных выпадкаў. Ён згадвае пра сучасныя дыскусіі вакол формы да слова «акадэмік». У маўленні можна сустрэць розныя варыянты, і даследнік фіксуе тэндэнцыю да формы «акадэміца». Падобная логіка працуе і ў выпадку «экалагіца». Такія словы дэманструюць, што мова шукае выйсце праз уласныя сродкі, а не праз кальку чужой мадэлі.

Варыятыўнасць можа палохаць ці надаваць сумневаў. Калі чалавек бачыць некалькі магчымых формаў, ён пачынае думаць, што гэта «неафіцыйныя словы» і выбірае «бяспечны» шлях, пакідаючы мужчынскую назву. Суразмоўца прызнае: варыятыўнасць сапраўды стварае цяжкасць для носьбітак і носьбітаў, якія толькі зараз вяртаюцца да беларускай мовы. Аднак у гэтай жа варыятыўнасці ён бачыць і паказчык жыцця. Пакуль норма не стабілізавалася, мова прапануе некалькі траекторый, пасля чаго маўленчы ўжытак паступова вылучае форму, якая гучыць найбольш натуральна для большасці. У якасці прыкладу ён разважае пра назву жанчыны, якая займаецца фатаграфіяй. У практыцы хутчэй гучыць «фатографка», але сустракаецца і «фатаграфіня». Ён адзначае, што сам факт спаборніцтва формаў не мусіць весці да адмовы ад фемінітываў як з’явы.

Асобная практычная праблема ўзнікае ў складаных назвах пасад. Уладзіслаў Гарбацкі падкрэслівае: у падобных выпадках мова не патрабуе фемінізаваць кожны элемент. Калі ёсць назва кшталту «прэм’ер-міністр», фемінізацыя закранае другую частку, і ў тэксце з’яўляецца «прэм’ер-міністарка». У скарачэнні можна ўжыць «прэм’ерка». Такі падыход здымае частку аргумента пра нібыта «грувасткасць» і адначасова захоўвае дакладнасць.

Навуковец разважае пра тое, як слова можа змяняць значэнне і як гэта ўплывае на ўспрыманне фемінітываў. Ён узгадвае «кавярку», якая ў пэўны час пазначала жанчыну, каторая працуе над прыгатаваннем кавы. Гэта было зафіксавана ўжо ў XIX стагоддзі. А пазней у агульнай мове знікла і праз некаторы час з’явілася ўжо ў якасці апарата. Такія змены не сведчаць пра «памылку» ўзнікнення фемінітываў. Гэта хутчэй адлюстроўвае жыццё лексікі, калі сэнс перабудоўваецца.

А некаторыя словы былі створаныя шмат гадоў таму, каб адлюстраваць з’яву з іншай краіны, і захаваліся як прылада для натуральнага выкарыстання проста зараз. Суразмоўца ўзгадвае рукапісны тлумачальны слоўнік Язэпа Ціхінскага, які захоўваецца ў Вільні. А ў якасці прыкладу прыводзіць зафіксаванае ў ім яшчэ з XIX стагоддзя слова. «Прафесарка» пазначана як жанчына, якая працуе на гэтай пасадзе. Канешне, тое ж слова пазначана і як «жонка прафесара», аднак сам факт дэманструе: мова магла называць жанчыну ў ролі, якой у мясцовай рэальнасці тады не было. У XIX стагоддзі беларуска не мела магчымасці працаваць прафесаркай у Беларусі. Але тут апісваюцца нямецкія землі, Скандынавія і Аўстра-Вугорская імперыя. Таму так і пазначана. Мова апісвала свет, шырэйшы за адзін сацыяльны кантэкст, і захоўвала для нас гэтую прыладу.

Калі глядзець на аргументы праціўнікаў фемінітываў, Уладзіслаў рэгулярна сустракае ацэнку «непрыгожа». Ён падкрэслівае суб’ектыўнасць такой рэакцыі. У розных эпохах людзі па-рознаму ацэньвалі новыя словы, запазычанні, моўныя зрухі. Сёння ў слэнгу з’яўляюцца англіцызмы, якія для часткі людзей гучаць таксама непрымальна, аднак гэта не з’яўляецца падставай адмяніць слова. Моўная сістэма фарміруецца не праз прыватны густ, а праз калектыўнае ўжыванне і праз правілы, якія падтрымліваюць такое маўленне. Пазней, калі форма ўкараняецца, яна перастае чапляць слых. Другі тып крытыкі, які ён час ад часу чуе, датычыць «выдуманасці». Тут Уладзіслаў Гарбацкі адказвае як даследчык: ён паказвае фіксацыю ў слоўніках, у мастацкіх тэкстах, у дыялектных матэрыялах. І асобна падкрэслівае: як чалавек творчы ён можа выкарыстоўваць сваю крэатыўнасць у сферы літаратурнага перакладу, але як навуковец ён абапіраецца толькі на сведчанні. Тэза пра «выдумку» распадаецца там, дзе чалавек бачыць старонку слоўніка з датай і кантэкстам.

Трэці пласт крытыкі ўзнікае тады, калі людзі сутыкаюцца з доўгімі назвамі пасад і спрабуюць фемінізаваць іх па інэрцыі цалкам і атрымліваюць «грувасткія» канструкцыі, пасля чаго робяць выснову пра «цяжкасць» усёй сістэмы. Уладзіслаў прапануе ўспрымаць гэта як сітуацыю навучання. Чалавек засвойвае правіла, пачынае бачыць, што фемінізацыя датычыць пэўнай часткі слова, пасля чаго канструкцыі становяцца прасцейшымі. Ён прапануе адносіцца да гэтага як да пісьменнасці, якая фарміруецца праз чытанне і праз рэдактарскую працу.

У апошнія гады ў беларускай прасторы з’яўляюцца і новыя словы, якія адразу трапляюць у цэнтр спрэчак. Навуковец узгадвае праект, звязаны з жанчынамі, пазбаўленымі волі паводле палітычных матываў, і слова «палітвязынка». Ён называе гэта прыкладам таго, як мова рэагуе на новую рэальнасць. Калі з’яўляецца значная колькасць жанчын у ролі, для якой раней не было ўстойлівай назвы, людзі пачынаюць шукаць форму. У беларускай традыцыі існавала слова «вязнеўка», але сустракалася і «вязнічка». Паралельна маглі ўзнікаць і іншыя формы, напрыклад «вязнярка». «Палітвязынка» ў гэтай сітуацыі выступае як неалагізм, які спрабуе заняць сваё месца. Уладзіслаў прапануе не кідацца з забаронамі. Ён назірае, як слова жыве, і прызнае: на ўсё патрэбен час. Частка неалагізмаў можа знікнуць праз нейкі тэрмін, калі людзі не будуць іх ужываць, але іншая частка застанецца і пачне квітнець. Ён параўноўвае развіццё слова з ростам галінак, дзе не ўсе парасткі выжываюць.

У гэтай дыскусіі яго пазіцыя асабліва цікавая тым, што яна не баіцца супярэчнасці. З аднаго боку, ён адстойвае норму і гістарычную глебу фемінітываў. З другога боку, ён прызнае месца для творчасці, калі яна ўзнікае з рэальнай патрэбы носьбітак і носьбітаў мовы. Менавіта ў такім спалучэнні бачна, што мова не жыве як музейны экспанат. Яна аднаўляецца, захоўваючы сувязь з тым, што ўжо было.

Калі слухаць, якія словы самому Гарбацкаму падабаюцца, ён называе «караліцу» і «этнолагіню». У «караліцы» яго прываблівае празрыстасць мадэлі і гістарычная глыбіня. «Этнолагіня» цікавая яму сваёй формай і тым, як яна гучыць у прафесійным асяроддзі. Ён адзначае, што ў маўленні сустракаюцца і іншыя варыянты, аднак гэтая форма ўжо ўспрымаецца многімі як натуральная.

Ён таксама распавядае гісторыю, якая стала для яго асабістым штуршком да тэмы. У дзяцінстве ён чуў па радыё фразу, дзе гучала канструкцыя «жанчына-касманаўт». Яго бабуля, настаўніца, адрэагавала на гэта як на моўную недакладнасць і сказала форму «касманаўтка». Але ў той момант ён паверыў хутчэй радыё як аўтарытэту. І толькі ў студэнцтве пачаў разумець механізмы нормы. Гэтая гісторыя паўстае як доказ таго, што жывое маўленне трымае дакладнасць нават лепей за афіцыйнае.

У яго развагах ёсць і яшчэ адна важная тэма, якая выходзіць за межы пары «мужчына – жанчына». Уладзіслаў Гарбацкі кажа пра людзей, якія не ўкладаюцца ў бінарную мадэль. Для іх адна толькі фемінізацыя не вырашае праблему бачнасці. Ён згадвае пра стратэгіі, якія шукаюць іншыя сродкі, напрыклад формы множнага ліку, здольныя ахопліваць шырэйшы склад групы, і прыводзіць прыклад з формай «феміністыя», а побач узгадвае «анархістыя». У гэтых формах ён бачыць рэсурс старых пластоў мовы, які можа працаваць сёння як інклюзіўны механізм. Навуковец не ідэалізуе гэты рэсурс, аднак прапануе ставіцца да яго як да магчымасці, пра якую могуць забываць.

Тут ён робіць удакладненне пра межы фемінітываў. Ёсць жанчыны, якім фемінітывы падаюцца непатрэбнымі ці некамфортнымі. У яго назіраннях сустракаюцца лезбійкі, якія прынцыпова выбіраюць мужчынскія назвы для самавызначэння. Ён прапануе ўспрымаць гэта як факт сацыяльнай разнастайнасці, які не адмяняе саму моўную сістэму. Моўная норма можа існаваць, а людзі могуць выбіраць індывідуальныя стратэгіі.

Калі гаворка заходзіць пра мовы, якія найбольш паслядоўна выкарыстоўваюць фемінітывы, Уладзіслаў Гарбацкі першай называе літоўскую. Ён адзначае: там жаночыя назвы прафесій ужываюцца амаль паўсюдна, і гэта ўспрымаецца як рэдактарскі стандарт. Ён звязвае такі стан з архаічнасцю марфалагічнай сістэмы і з традыцыяй пісьмовай культуры, якая падтрымлівае фемінізацыю на ўзроўні нормы. Далей ён пераносіць увагу на франкамоўны свет. Навуковец кажа, што ў Францыі доўгі час акадэмічна абмяжоўвалі фемінітывы, аднак у іншых франкамоўных рэгіёнах, якія былі геаграфічна далёка ад Францыі, напрыклад у Квебеку, фемінітывы захоўваліся лепей. Ён згадвае таксама франкамоўную практыку ў Бельгіі і ў Швейцарыі. У гэтых прыкладах яго цікавіць тое, як маргіналізацыя мовы ў пэўны перыяд можа нечакана дапамагчы захаваць старыя пласты лексікі, у тым ліку жаночыя назвы.

Беларуская сітуацыя, паводле яго, не бедная на сродкі. Праблема часам палягае ў звычцы карыстацца імі. Навуковец бачыць у беларускай мове вялікі запас фемінітываў у слоўніках і ў гісторыі, аднак у публічнай практыцы гэты запас не заўсёды задзейнічаны. Параўнанні з украінскай мовай ён робіць у кантэксце апошніх гадоў, калі ў войску і ў іншых сферах стала больш жанчын, пасля чаго фемінітывы ў назвах вайсковых роляў пачалі ўкараняцца праз патрэбу ў дакладнасці. Ён адзначае, што мова там аднаўляецца менавіта з-за рэчаіснасці, якая патрабуе гэтых зменаў.

Пытанне пра хвалі вяртання фемінітываў ён звязвае з узмацненнем кансерватыўнага павароту, калі працэсы эмансіпацыі запавольваюцца. Моўныя змены таксама трапляюць пад гэты тормаз. Калі ў грамадстве ўзмацняецца ліберальны ці левацэнтрысцкі дыскурс, фемінітывы вяртаюцца як сымбал уважлівасці да груп, якія раней «раствараліся» ў абагульняльным мужчынскім родзе.

Уладзіслаў адзначае яшчэ адну дэталь: маладое пакаленне не заўсёды ведае гісторыю беларускай мовы, аднак інтуіцыя можа падказваць, што жаночая форма патрэбная. Гэтая інтуіцыя часам стварае новыя словы, часам вяртае старыя, і ў абодвух выпадках мы бачым пошук адпаведнасці паміж словам і рэальнасцю.

У гэтым кантэксце ён шмат разважае пра беларускую мову як пра прастору, дзе грамадства яшчэ дазваляе сабе спрэчку. У іншых сферах людзі могуць адчуваць абмежаванні, у мове ж яны ўключаюцца ў дыскусію ахвотна. Чалавек можа гаварыць па-расейску ці на трасянцы, пры гэтым ён можа мець моцнае адчуванне, як «правільна» або як «казала бабуля». Гэтая ўцягнутасць часам раздражняе мовазнаўцаў, бо дыскусіі бываюць рэзкімі. Навуковец бачыць у гэтым і карысць: калі ёсць спрэчка, ёсць і поле для асветы. У такіх дыскусіях ён адрознівае негатыў як эмоцыю, бачыць яго хутчэй як сігнал, што ў людзей ёсць пытанні, а значыць, ёсць прычына тлумачыць.

Яго падыход напрыканцы нашай размовы абапіраецца на педагагічную логіку. Фемінітывы не патрабуюць гвалтоўнага навязвання. Трэба заўсёды паказваць, як словы працуюць у тэксце, дзе яны здымаюць блытаніну і вяртаюць жанчыне бачнасць. Ён прапануе вучыць праз прыклады пісьменства, праз слоўнікі і гісторыю. Ён прапануе вяртаць у мову тое, што ўжо было, і асцярожна ставіцца да новых утварэнняў, пакідаючы ім час на праверку ўжыткам.

Беларуская мова ўжо мае прылады, якія дапамагаюць ёй заставацца дакладнай і самастойнай. Фемінітывы ў гэтым шэрагу займаюць прыкметнае месца, бо яны адначасова працуюць у граматыцы і ў культурнай памяці. Калі ў публічным тэксце жанчына апісваецца мужчынскай назвай пасады, мова губляе частку ўласнай сістэмнасці і робіцца больш падобнай да расейскай нормы, якая доўгі час дамінавала вакол. Калі ж фемінітывы вяртаюцца ў навіны, у адукацыю, у літаратуру, беларуская мова дэманструе сваю здольнасць называць свет так, каб чалавек не знікаў за абагульненнямі.

Таму гэты падкаст – хутчэй нашае запрашэнне да практыкі не баяцца ўжываць форму, якую вы ўжо маглі пабачыць у слоўнічку ці сустракалі ў прозе. Практыка працягваецца там, дзе чалавек дазваляе сабе сумневы і шукае доказы. Практыка заканчваецца тым, што форма становіцца звычайнай, пасля чаго яна перастае быць тэмай спрэчак і пачынае выконваць сваю асноўную задачу – называць рэальнасць дакладна.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Вядучая(-ы)
Belarus FM

Некамерцыйная арганізацыя ў Літве, якая аказвае падтрымку ўсім незалежным СМІ, вымушаным пакінуць Беларусь праз небяспеку для іх жыцця і свабоды. Наша місія складаецца ў тым, каб дапамагчы гэтым сродкам масавай інфармацыі працягваць выпускаць высакаякасны кантэнт і заставацца на сувязі са сваёй аўдыторыяй.
Чытайце аб гэтым падрабязней тут👈

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.