Акрамя казак і паданняў, мітаў і нашай гісторыі, пра якія мы ўжо размаўлялі ў папярэдніх эпізодах, вялікай часткай беларускай спадчыны з’яўляецца нашая мова. Але ці заўсёды яна была такой, якой мы ведаем яе сёння? Як размаўлялі нашыя продкі? Ці не паўплывалі на беларускую мову – іншыя, напрыклад, расейская мова? Бо зараз усё часцей можна пачуць нават перакананне ў тым, быццам яе паходжанне – цалкам з расейскай, нібыта беларуская мова – гэта проста дыялект. А ў якасці прыкладу нагадваюць, што нават лаянка у нас «не беларуская».
Дарэчы, размова ў гэтым эпізодзе падкасту пойдзе менавіта пра яе. Бо абразлівая лексіка – гэта адзін з найцікавейшых індыкатараў, па якім можа прасачыць не толькі гісторыю мовы, але і ўплыў на яе, калі ён існаваў наогул.
Мы паразмаўлялі з Уладзіславам Гарбацкім – палітолагам, сацыялінгвістам і гендэрным даследнікам, які ўжо 11 гадоў жыве ў Вільне і выкладае ўніверсітэцкія дысцыпліны, звязаныя з мовай і грамадствам. Адзін з навуковых накірункаў яго шматгадовай працы ў апошнія шесць год – гэта стварэнне вялікага слоўніка кляцьбонікаў, беларускай лаянкі і абразлівай лексікі. Слоўнік ужо на апошнім этапе падрыхтоўцы.
Памылкова было б лічыць, што ёсць нібыта культурныя і цывілізаваныя мовы, альбо тыя, дзе абразлівая лексіка – неразвітая і яе няма. Адпаведна, нельга лічыць, што мова з абразлівай лексікай – нецывілізаваная. Гэта – стэрэатыпы. «Мы ведаем, што ва ўсіх мовах, якія існавалі (мёртвыя і жывыя), заўсёды быў блок абразлівай лексікі», – заўважае мовазнаўца.
«Ёсць пэўная спецыфіка, але кожная мова, якая існавала і існуе на планеце – у іх прысутнічае гэты вялікі блок абразлівай лексікі. І мы тлумачым, чаму: гэта – і лексычная разнастайнасць (адразу будзем па-навуковаму гаварыць). Заўсёды людзі працуюць: яны кожнай з’яве даюць слова, азначаюць яе, канкрэтызуюць. Але, канешне, трэба ўлічваць не толькі моўныя чыннікі, але і экстралінгвістычныя, як мы іх называем. Псіхалагічныя. Словы, якія выкарыстоўваюцца для разрадкі, экспрэсіі».
Таму, канешне, у Беларусі таксама ёсць свая ўласная лаянка. Пытанне тут толькі ў тым, ці ведаем мы з вамі беларускую мову дакладна, ці толькі так лічым.
Абразлівая лексіка – гэта яшчэ і своеасаблівая мапа. Калі лаянка змяняецца, тут можна прасачыць і за зменай гісторыі, ці побыту ў пэўныя моманты часу, ці нават за геаграфіяй. Акрамя гэтага, такая лексіка падкрэслівае і наяўнасць пэўных дыялектаў, ці нават асаблівасці мыслення людзей. Даследчык адзначае, што ў Беларусі лаянка таксама мае свае адметнасці: напрыклад, у адных рэгіёнах ужываюцца больш вульгарныя агульнаславянскія формы, а ў іншых старыя традыцыйныя праклёны, ці кляцьбонікі, якія не маюць нічога агульнага са звычайнай лаянкай, але гучаць яшчэ мацней.
Падчас працы над слоўнікам і наогул, як даследчык, Уладзіслаў заўсёды сочыць за тым, што навокал гавораць людзі, каб зафіксаваць усе гэтыя адметнасці. Таму ў яго заўсёды шмат цікавых моўных гісторый, калі нейкае слова выкарыстоўвалася ў нечаканай форме.
Напрыклад, ён узгадаў сітуацыю, калі неяк ехаў у поўным людзей трамваі ў Віцебску: там сядзеў адзін мужчына, і расставіўшы ногі ён заняў адразу некалькі месцаў. Адна з жанчынаў падыйшла да яго і, не саромеючыся слоў, сказала яму: «Прасушкай будзеш дома займацца. Дай мне сесці». І вось гэтае слова – «прасушка» – прагучала адначасова і смешна, і нечакана, і вельмі трапна. Як патлумачыў даследчык, такія словы, магчыма, і грубаватыя, але вельмі жывыя – нараджаюцца непасрэдна з народнай мовы, яе рытму і кантэксту.
Іншы прыклад – праклён, пачуты ў адной вёсцы. Даслалі маладога трактарыста з Воршы, які яшчэ не разабраўся, дзе і што. Ён прыехаў з трактарам і пачаў капаць не праз дарогу, дзе было калгаснае поле, а менавіта там, дзе ў адной бабулі быў сад. А яна ў гэты момант размаўляла з Уладзіславам падчас яго працоўнай вандроўкі. У пэўны момант, яна абураная паводзінамі маладога трактарыста, павярнулася да яго і закрычала: «Што ты робіш, каб табе такую могілку капалі!»
І ў гэтых словах, як бачыце, няма звычайных абразаў, ці вульгарызмаў, ці нават сучасных выказванняў. Але іх моц – у традыцыйнай беларускай мадэлі праклёну, дзе абразы будуюцца не праз брыдкія словы, а праз страшныя, але метафарычныя пажаданні. Уладзіслаў называе іх сапраўдным культурным феноменам – «кляцьбонікамі», старымі беларускімі праклёнамі, якія захаваліся ў побыце да нашых дзён.
Дыялектныя асаблівасці таксама складаюць вялікую частку беларускай абразлівай лексікі. Напрыклад, у Віцебскай вобласці існуюць словы «шлыхаць» або «шлыхацца» – пазначэнні грубага або брутальнага сексуальнага кантэксту. Гэтыя словы рэдка сустракаюцца ў літаратурнай мове, але жывуць у гаворках, перадаюцца з пакалення ў пакаленне і ствараюць унікальны пласт народнай выразнасці. Даследчык падкрэслівае, што такія дыялектныя «залацінкі» – важны элемент нашай культурнай памяці: яны дапамагаюць зразумець, як фармавалася моўная свядомасць беларусаў.
Размаўляючы пра лаянку, мы закранулі і больш шырокі кантэкст: русіфікацыю і паступовае знікненне спадчыны беларускай мовы.
З аднаго боку, ўсё часцей мы чуем меркаванне, што некаторыя абразы «не свае», а нібыта запазычаныя. Напрыклад, паходзяць з расейскай мовы. Але тут даследаванні Ўладзіслава паказваюць адваротнае: у нас ёсць уласныя сістэмы, традыцыі, кантэксты і нават цэлыя класы этналінгвістычных феноменаў, якія не маюць аналагаў з расейскім матам. А тыя словы, якія лічацца толькі расейскімі, ці толькі польскімі (ці нават украінскімі і літоўскімі) – шмат калі, насамрэч, з’яўляюцца агульнаславянскімі. То бок, яны існавалі і пайшлі не з пэўнай краіны, а былі адначасова паўсюль і запісаныя ў слоўнікі розных моваў аднолькава (напрыклад, вядомае ўсім «б**ть» – агульнаславянскае, а не расейскае).
З іншага боку застаецца праблема знікнення словаў беларускай мовы. Моладзь губляе кампетэнцыю і не ведае беларускую мову, з-за чаго яе скарбы (нават, калі паглядзець на звычайныя словы, а не лаянку) з часам губляюцца цалкам. І людзі ствараюць новыя словы, але маглі б карыстацца тымі, што ўжо былі калісьці і зніклі, з-за таго што іх не зафіксавалі. Або не разумеюць тыя словы, якія пачулі, з-за чаго яно з цягам часу таксама можа быць згублена. Бо існуе праз тое, што іх ведаюць толькі бабулі і дзядулі ў вёсках, ці пэўных рэгіёнах.
Уладзіслаў бачыць сваю місію менавіта ў тым, каб сабраць матэрыял, які знікае, тое, што не ўвайшло ў слоўнікі, альбо засталося ў архівах, памяці, ці ў нататніках розных даследніц і даследчыкаў з-за самацэнзуры. Каб даць людзям магчымасць аднавіць і рэканструяваць нашую мову.
Тым болей, што гаворка ідзе пра сапраўды неверагодны свет мовы, якая больш метафарычная і паэтычная за расейскую. Дзе не абавязкова цягаць за сабой агульнаславянскія словы, якія расейская мова лічыць уласнымі.
Беларуская мова – разнастайная. Мы закранулі тэму абсцэннай лексікі для таго, каб прыцягнуць вашую ўвагу і ўвагу моладзі, падкрэсліць на гэтым прыкладзе праблему русіфікацыі і паступовую страту самасвядомсці. У наступных эпізодах мы спадзяемся закрануць таксама іншыя аспекты нашай мовы.
Не губляйце сябе, размауляйце па-беларуску і абавязкова паслухайце гэты эпізод цалкам, бо мы распавялі толькі пра невялічкую частку нашай размовы.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm




