Полымя ужо недзе побач — я чую, як яно трашчыць, аблізвае сцены і даядае куты. Яно ўжо ў пакоі, але яшчэ не так блізка, каб можна было згарэць разам з іншымі паперамі. Пакуль што. Я сяджу, схіліўшыся да экрана, і пракручваю яшчэ адзін кароткі ролік — быццам кожны наступны становіцца маім вогнетрывалым шчытом. Стужка цягне. Яна нашмат прыемнейшая, бо за кожным свайпам можна схавацца ад таго, што трэба рабіць. Пальцы прагна дакранаюцца да шкла, а полымя падбіраецца да кіпы важных спраў на сёння. Але ж яшчэ не зусім пячэ? Пакуль што не так моцна, каб кінуць тэлефон. Яшчэ не. Я думаю, што паспею — але крыху пазней. Калі агонь будзе бліжэй. Калі пах стане ярчэйшым, і ў паветры не застанецца кіслароду — тады я зразумею. А пакуль… можна паслухаць падкаст. Ці праверыць паведамленні. Гэта ж таксама важна. Проста крыху адпачыць. Пакуль не загарыцца нешта, што ўжо немагчыма будзе пагасіць.
У гэтым эпізодзе «Падкаста па нядолі» Слава распавядае пра пракрастынацыю. Гаворка пойдзе пра тое, чаму наш лагічны арганізм з выверанымі і дакладнымі рэакцыямі раптам дзейнічае нелагічна, калі справа даходзіць да тэрміновых задач. І пра тое, чаму мы адцягваем увагу на стужкі ў сацсетках, нават калі ўжо ўсё «гарыць» і трэба скончыць працу. Ці варта з-за гэтага турбавацца — і ці можна нешта зрабіць?
Дысклеймер: аўтар папярэджвае, што ён не з’яўляецца ні псіхолагам, ні псіхатэрапеўтам у прафесійным сэнсе. І катэгарычна ганіць будзь-якія спробы ставіць дыягназ праз інтэрнэт. Падкаст не прызначаны для самадыягностыкі і самалекавання. Яго мэта — растлумачыць складаныя рэчы простымі словамі і дапамагчы наважыцца звярнуцца па дапамогу да псіхолага, нават калі здаецца, што гэта марнаванне часу. А таксама — дапамагчы выбраць добрага спецыяліста.
У пракрастынацыі шмат розных твараў. Вы маглі б яе пазнаць ужо з апісання пажару ў пачатку, хоць гэта, вядома, метафара. У рэальным жыцці, вядома ж, сапраўдны пажар нават пры пракрастынацыі прапусціць цяжка. Але калі ў вас вельмі шмат тэрміновых спраў, якія асацыююцца з нечым непрыемным ці руцінным (калі лічыць, што руціна таксама непрыемная), тады вы маглі б наўмысна адкладаць іх на карысць больш прыемных, але не тэрміновых заняткаў — гэта і ёсць пракрастынацыя. Тут важны нюанс: ці прыемна вам гэтае пераключэнне, нават калі прыемнасць імгненная. Ці, магчыма, вы кладзецеся спаць, ведаючы, што заўтра трэба рана прачынацца. Ставіце будзільнік, але замест таго, каб выключыць усё — адкрываеце TikTok, Reels або Shorts (не мае значэння, што менавіта). І, напрыклад, затрымліваецеся ў гэтай прыладзе надоўга, часам нават падлічваючы ў галаве, колькі яшчэ часу вам застаецца на сон — але ўсё роўна не адкладаеце тэлефон. Пакуль часу не застаецца столькі, што нават без гадзінніка зразумела: вы не выспіцеся. Гэта таксама пракрастынацыя.
Адметная рыса пракрастынацыі ў тым, што яна заўсёды звязаная з нейкім крайнім тэрмінам або тэрміновай справай — і з выбарам больш прыемнага, але не значнага занятку, нават на шкоду тэрміноваму.
Хоць, дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што калі часу застаецца ўжо зусім мала, можа ўключыцца своеасаблівы «суперпрадуктыўны» рэжым — калі ўсе справы раптам пераробліваюцца, але ўжо ў такі апошні момант, што застаецца літаральна адна секунда да заканчэння тэрміну. А вось калі гаворка ідзе пра засынанне, то з-за таго, што не ўсё можна паспець зрабіць так хутка, як хацелася б, чалавек з пракрастынацыяй пачынае мець запазычанасць перад уласным сном.
Ці нармальна гэта? Відавочна, што гэта не тое, што закладвалася прыродай. Дык чаму ж так адбываецца? Мы ўжо не першы раз у падкасце разбіраем, як уладкаваны наш мозг — і, здавалася б, там усё дакладна адладжана і лагічна. Нават калі гаворка пра памылковыя высновы, якія ён калісьці зрабіў і запомніў — напрыклад, што тычацца засынання. Калі ўжо сама думка пра тое, што зараз трэба будзе спрабаваць заснуць — выклікае трывогу. Бо першасным тут было не рашэнне мозгу, а нейкая абставіна, якая перашкодзіла заснуць у свой час. А далей мозг ужо «абараняе» вас ад трывогі, якая, як ён запомніў, звязаная менавіта з момантам засынання. Такім чынам, нават тут можна прасачыць логіку — як мозг спрабуе зберагчы нас ад «небяспекі». Хоць і на шкоду сабе. Але што з пракрасцінацыяй не так?
Адкуль магла ўзяцца такая логіка: што, маўляў, калі зрабіць нешта ў апошні момант — гэта лепш, чым паспяваць усё своечасова? Ці чаму замест таго, каб заснуць, мы свядома выбіраем не спаць — нават калі вельмі хацелася, — каб потым прачнуцца стомленымі і знясіленымі?
Адказ не на паверхні, бо гэта не тое пытанне. Тут пераблытаны прычыны і вынікі. Гэтая мадэль паводзінаў з’явілася не таму, што апошні момант здаецца прыгажэйшым. Ён такім увогуле не здаецца. Пры пракрастынацыі, як і пры АКР, дарэчы, мы выдатна ўсведамляем наступствы — але не можам спыніцца. Гэта ўжо як завучаныя паводзіны.
Неяк так здарылася, што мозг у нейкі момант вырашыў: так будзе лепш. Але адкуль магла пачацца такая звычка? З АКР усё зразумела — там аднойчы трывога падказала, што каб супакоіцца, трэба праверыць уваходныя дзверы ці чэк у краме. А потым вы ўжо «застраяце» ў гэтым і пачынаеце правяраць усё, што выклікае адчуванне асабістай адказнасці. А пракрастынацыя? Як патлумачыць сабе звычку не класціся спаць своечасова, калі вы літаральна адчуваеце, што ўжо засынаеце? То бок, калі вядома, што справа не ў зрушаным цыркадным рытме, а менавіта ў тым, што вы свядома не ідзяце спаць.
Адказ будзе такі ж, як і пры АКР: гэта ўсё тая ж трывога. Хаця, дзеля справядлівасці, варта сказаць, што гэта не заўсёды рэакцыя толькі на стрэс. Але калі справа сапраўды ў трывожнасці, тады пракрастынацыю можна разглядаць як адказ арганізма на стрэс. Але ў іншай форме.
З-за таго, што арганізм не мае магчымасці самастойна нешта зрабіць з трывогай, калі гэта менавіта яна, — ён навучаецца шукаць выйсце: як з ёй спраўляцца, або як яе пазбягаць. І ў розных сітуацыях у розных людзей фарміруюцца розныя паводніцкія стратэгіі. Хтосьці знаходзіць заспакаенне ў праверцы. А у кагосьці мозг шукае хуткага дафаміна — менавіта таго, што адказвае за матывацыю. Калі ён працуе (нават пры дысбалансе ў арганізме), — тады гэта ўжо спосаб не справіцца з трывогай, а ўцячы ад яе.
Дафамін адказвае за матывацыю, але пры пракрастынацыі, калі вы пераключыліся на нешта іншае, гэта ўжо не тая матывацыя, дзе вас «узнагароджваюць» за добра зробленую працу. Гэта матывацыя за тое, што вы адцягнулі ўвагу. Потым — за тое, што не вяртаецеся да спраў. І яшчэ крыху — за тое, што працягваеце займацца іншай, менш трывожнай справай. Па сутнасці, гэта такі сабе «чорны рынак» унутры нашага арганізма, які мозг «легалізаваў», каб усе супакоіліся. Гэта вельмі вольная метафара, але ў звычайным жыцці матывацыю звязвалі з іншымі каштоўнасцямі — калі нас хвалілі, або калі мы рабілі нешта вартае. А не з адцягненнем увагі і ўзнагародай за гэта.
Якія навуковыя даследаванні прысвечаны тэме гульняманіі і ў чым яе падабенства з пракрастынацыяй? Якія станы можа падсвятляць пракрастынацыя і ці варта з ёй змагацца? Пра гэта і не толькі — слухайце ў гэтым эпізодзе падкаста.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm