Знікла цікавасць, нічога не хочацца. Выгаранне: што гэта такое і як справіцца

Паслухаць
Я запаліў запалку і задумаўся. Раней тут быў мост. Я добра памятаю — раніцай ён дрыжаў пад нагамі, хоць выгляд меў надзейны. Ён злучаў «там» і «тут» — намаганне і вынік, клопат пра кагосьці і адчуванне ўласнай патрэбнасці, нечую надзею і маё дзеянне. Але цяпер — толькі пустэча і каркас, што застаўся ад парэнчаў. Усё разбуралася не адразу. Спачатку ён заскрыпеў ад напружання. А потым пачалі адвальвацца заклёпкі і бэлькі. Патроху, кожны дзень. І каб я звярнуў на гэта ўвагу яшчэ тады… Але давялося б прызнаць, што ён разбураецца. А цяпер яго проста няма. Застаўся толькі шкілет. Канструкцыя. Як і апошняя запалка ў руцэ — з трэскам, павольна даела сябе, схіліўшы галаву ўніз. Цяпер нават свечку ў памяць пра гэта няма чым запаліць. І здаецца, быццам змарнаваў кавалак жыцця дарэмна.

У гэтым эпізодзе «Падкаста па нядолі» Слава разважае пра тое, што такое выгаранне і ці можа псіхолаг вярнуць цікавасць да жыцця. Ці наогул карэктна ставіць такое пытанне? І што могуць адчуваць людзі, калі з’яўляюцца першыя прыкметы выгарання? Колькі яно можа доўжыцца — і што адбываецца потым?

Дысклеймер: аўтар папярэджвае, што ён не з’яўляецца ні псіхолагам, ні псіхатэрапеўтам у прафесійным сэнсе. І катэгарычна ганіць будзь-якія спробы ставіць дыягназ праз інтэрнэт. Падкаст не прызначаны для самадыягностыкі і самалекавання. Яго мэта — растлумачыць складаныя рэчы простымі словамі і дапамагчы наважыцца звярнуцца па дапамогу да псіхолага, нават калі здаецца, што гэта марнаванне часу. А таксама — дапамагчы выбраць добрага спецыяліста.

У звычайным разуменні выгаранне — гэта стан глыбокага, сістэмнага працэсу для псіхікі і цела, звязанага з працяглым стрэсам, у першую чаргу на працы. Нібыта ваша сацыяльная батарэйка ў адзін момант спыніла зараджацца наогул. Існуе паняцце эмацыйнага знясілення — гэта калі вы адчуваеце, што эмацыйныя рэзервы вычарпаныя, быццам вас выціснулі. Ёсць таксама варыянт выгарання, калі вы пачынаеце адхіляцца ад працы і людзей, узнікае негатывізм або цынізм у дачыненні да іх. Апошні вымярэнне выгарання з існуючых — гэта зніжэнне асабістай эфектыўнасці: адчуванне, што ўсё, што вы робіце, — дарэмна, і вы ўжо не ўплываеце на сітуацыю. Што вам ужо не прыносіць задавальнення тое, што калісьці мела сэнс.

Інакш кажучы, выгаранне — гэта вынік хранічнага стрэсу, асабліва звязанага з прафесійнай дзейнасцю, калі чалавек увесь час перагружаны, не атрымлівае падтрымкі і не мае магчымасці аднавіцца.

На эмацыйным узроўні выгаранне пераклікаецца з дэпрэсіяй, але не заўсёды суправаджаецца такімі яскравымі сімптомамі, як глыбокі смутак або безнадзейнасць. Гэта хутчэй «псіхалагічная стома», але настолькі сур’ёзная, што чалавек больш не бачыць сэнс у сваёй працы і пачынае дыстанцыявацца ад сваіх абавязкаў.

Фізічна выгаранне можа праяўляцца стомай, галаўнымі болямі, парушэннямі сну, зніжэннем імунітэту — хоць усё гэта сімптомы, тыповыя і для стрэсу, і для трывожнасці.

Таму выгаранне звычайна вывучаюць у кантэксце дэпрэсіі і трывожных разладаў. Псіхолагі і псіхатэрапеўты разглядаюць яго прадвеснікам або спадарожным станам.

Піянерская праца Фрэйдэнбергера 1974 года падкрэслівае, што людзі «згараюць» не за адну ноч — яны выпальваюць сябе гадамі, спрабуючы адпавядаць знешнім чаканням і ўласнаму перфекцыянізму. Але, канешне, выгаранне зусім не абмяжоўваецца толькі працай. Тое, што мы назіраем сёння ў многіх беларусаў — гэта таксама выгаранне, толькі ўжо як рэакцыя на бясконцыя надзеі, што змяніліся расчараваннем. І тут дзейнічаюць тыя самыя механізмы, што апісваюцца ў ангельскамоўных даследаваннях пра «актывісцкае выгаранне» і «эмпатыйную стому».

У ангельскамоўнай навуцы «актывісцкае выгаранне» апісваецца як стан глыбокага эмацыйнага і фізічнага знясілення, цынізму і пачуцця неэфектыўнасці, што ўзнікае ў тых, хто доўга змагаецца за сацыяльныя змены. І тут таксама прысутнічаюць эмацыйная выматанасць, бясконцы стрэс ад назірання за несправядлівасцю і страх за блізкіх. Цынізм і адхіленасць з’яўляюцца як абаронная рэакцыя — «я больш не хачу верыць, што гэта можна змяніць». І адчуванне неэфектыўнасці: быццам усе намаганні — марныя, нават калі людзі вакол падтрымліваюць вас.

Усё гэта — як і ў прафесійным кантэксце, толькі «праца» тут — гэта спробы змяніць свет або захаваць чалавечую годнасць.

Дарэчы, эмпатыйная стома першапачаткова апісвалася ў медыкаў і сацыяльных работнікаў, але цяпер ужываецца да кожнага, хто ўвесь час сутыкаецца з чужым болем. У палітычным кантэксце для нас гэта — няспынны плынь навінаў пра рэпрэсіі і турмы, і адчуванне, што ты «перапаўняецеся» чужымі трагедыямі і часам ужо перастаеце спачуваць. А з-за інфармацыйнага «перагрузу» з’яўляецца жаданне выключыць навіны, каб проста нічога гэтага не ведаць.

Менавіта гэты механізм ляжыць у аснове таго, што людзі «расчароўваюцца» у імкненні да пераменаў — не таму, што сталі дрэннымі, а таму, што іх рэсурсы проста вычарпаліся.

Даследаванні калектыўнай траўмы паказваюць, што працяглыя палітычныя рэпрэсіі, эміграцыя і несправядлівасць выклікаюць у грамадстве з’яву, блізкую да выгарання. Гэта і пачуццё бессэнсоўнасці, што нашэптвае: «Мы пратэставалі, за нас сядзяць, многія з’ехалі — і што далей?» І страта даверу — да людзей і да будучыні. І хранічны стрэс «выжывання» — у выглядзе бессані, раздражнёнасці, прыгнечанасці.

Для іншага назіральніка, а часам і для нас саміх, выгаранне выглядае як стома. Але насамрэч, калі капнуць глыбей, гэта звычайна адчуваецца як абвальванне ўнутранай канструкцыі, на якой трымалася наша ідэя пра сябе. Магчыма, вы былі не проста тым, хто працаваў — вы былі чалавекам, які стварае, дапамагае, змагаецца, падтрымлівае. Ваша дзейнасць была працягам вашай асобы. А калі сілы заканчваюцца, знікае не толькі энергія — з’яўляецца трывожная пустэча: «Калі я больш не магу гэтага рабіць… дык хто я тады?»

Асабліва моцна гэта адчуваецца ў прафесіях, звязаных з клопатам, творчасцю, актывізмам — там, дзе паміж працай і жыццём няма выразнай мяжы. Калі вы стваралі музыку — вы былі не проста аўтарам, вы самі былі гэтай музыкай. Калі змагаліся за справядлівасць — вы былі не проста ўдзельнікам падзей, вы былі надзеяй на змены. І вось калі наступае выгаранне — гэта нагадвае страту часткі сябе. Нібыта вы ўжо не вы, а хто вы ёсць — самі не ведаеце, хоць і мусілі б. Гэта рэальны ўнутраны крызіс — амаль як распад.

Пра тое, ці можна нешта зрабіць, каб пазбавіцца ад выгарання, чаму з’яўляецца раздражненне на пытанні іншых людзей пра гэтае стан і як зразумець уласную рэакцыю пры выгаранні, а таксама пра тое, як адчуваецца жыццё пасля і ці сапраўды гэта можна перажыць — слухайце далей у гэтым эпізодзе падкаста.

У наступным эпізодзе вы даведаецеся ўсё пра пракрастынацыю і жаданне адкладаць усё на апошні момант. Чаму часам хочацца пераключыцца на нетэрміновыя справы, нават калі вы не паспяваеце скончыць значныя? Ці трэба з гэтым нешта рабіць — і пра што гэта можа сведчыць.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Вядучая(-ы)
Слаўка Говараў

Гукарэжысёр, саўнд-дызайнер. Адказвае за гукавую драматургію і мастерынг падкастаў і аўдыякніг у Belarus FM.
Аўтар «Падкаста па нядолі», дзе распавядае пра асабісты досвед жыцця і барацьбы з трывожным расстройствам і АКР.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.