Калі трывожнасць апынаецца заўсёднай спадарожніцай і не адпускае нават перад сном, шмат хто запытвае сябе: «Што са мною не так?» Калі вы адчуваеце сябе быццам «у пастцы» і не разумееце, чаму ўвесь час правяраеце пліту альбо ці зачынілі дзверы — магчыма, вы пазнаеце па гэтых прыкметах менавіта сябе. Альбо — кагосьці, хто доўгі час побач, але так і не здолеў растлумачыць, што з ім ці з ёй адбываецца.
«Падкаст па нядолі» — гэта шчырая размова пра ментальнае здароўе. Яго вядучы Слава дзеліцца асабістым досведам жыцця з абсесіўна-кампульсіўным разладам — не дзеля сенсацыі, а каб патлумачыць, што значыць жыць з АКР. Як яно пачынаецца, чаму яго цяжка спыніць і што адбываецца, калі пусціць усё на самацёк.
Дысклеймер: аўтар папярэджвае, што ён не з’яўляецца ні псіхолагам, ні псіхатэрапеўтам у прафесійным сэнсе. І катэгарычна ганіць будзь-якія спробы ставіць дыягназ праз інтэрнэт. Падкаст не прызначаны для самадыягностыкі і самалекавання. Яго мэта — растлумачыць складаныя рэчы простымі словамі і дапамагчы наважыцца звярнуцца па дапамогу да псіхолага, нават калі здаецца, што гэта марнаванне часу. А таксама — дапамагчы выбраць добрага спецыяліста.
Што такое АКР, простымі словамі
АКР (або абсесіўна-кампульсіўны разлад, калі па-навуковаму) звычайна асацыюецца з бясконцым мыццём рук. Больш прагрэсіўныя крыніцы пашыраюць гэта паняцце да імкнення да сіметрыі. Але гэта ўсё роўна толькі некаторыя праявы — і далёка не заўсёды менавіта яны. Сімптомы АКР могуць праяўляцца па-рознаму. Напрыклад, у выглядзе боязі дапусціць памылку — тады вы зноў і зноў, напрыклад, перачытваеце паведамленне перад адпраўкай. Альбо пастаянныя думкі пра тое, што калі не праверыць чэк у краме, то касір можа прабіць тавар па іншым кошце, а вы гэтага нават не заўважыце. Інакш кажучы, звычайна — гэта пра адчуванне, што ўсё трымаецца менавіта на вас. І не абавязкова, што ўсё так і будзе, як вы думаеце, але вы жадаеце быць гатовымі да будзь-якіх нечаканасцяў. І вось менавіта знясільваючы характар гэтай пастаяннай трывожнасці і з’яўляецца галоўнай праблемай АКР.
Слава называе гэта клеткай у пекле з адчыненымі дзвярыма — метафарай, якая здаецца перабольшанай, пакуль сам не апынешся ўнутры. Здаецца, выйсці можна ў будзь-які момант, але ты зноў і зноў вяртаешся да навязлівых дзеянняў.
І шмат хто гадамі жыве з пытаннем: «як выйсці з цыклу АКР», — або наогул лічаць гэта сфармаванай часткай характару, бо ўжо не памятаюць, калі ўсё пачалося.
Як пачынаецца АКР
АКР рэдка пачынаецца раптоўна. У Славы першыя сімптомы з’явіліся яшчэ ў школе — з бяскрыўднай, на першы погляд, праверкі газавай пліты і дзвярэй. Тады ён яшчэ не ведаў, што гэта быў першы крок у замкнёнае кола, дзе трывога маскіруецца пад гіперадказнасць.
З цягам часу простыя праверкі ўскладняюцца, абрастаючы новымі боязямі. То бок вы, напрыклад, не проста правяраеце пакупкі па чэку — а не можаце адысці ад лядоўні, пакуль не пераканаецеся, што ўсё, што вам прадалі, вы сапраўды прынеслі дадому. Пяць, дзесяць, дваццаць разоў. І справа не ў тым, што вы нешта забылі — вы проста баіцеся дапусціць памылку. Нават калі ўсё праверана, мозг усё адно сумняваецца.
Паступова трывога ператвараецца ў спосаб існавання. Хаця, калі б у Беларусі, асабліва ў 90-я гады, існавала культура звароту па дапамогу да псіхолага, магчыма, гэтае пытанне не стаяла б сёння так востра.
Чаму мы маўчым пра сваю трывогу?
Складанасць АКР — не толькі ў сімптомах, але і ў стаўленні грамадства да псіхалогіі. У постсавецкай культуры дагэтуль існуе меркаванне, што звяртацца да псіхолага — гэта сорамна, асабліва для мужчын.
«Мужык павінен спраўляцца сам» — устаноўка, з-за якой шмат хто гадамі маўчыць пра свае перажыванні.
Дадайце да гэтага страх быць няправільна зразуметым. Прызнацца заўсёды страшна — лёгка атрымаць цэтлік «псіх». Асабліва ў дзяцінстве, калі АКР пачынае праяўляцца яшчэ з малых гадоў.
А бывае, што першы этап ужо пройдзены, але пры звароце да псіхолага раптам высвятляецца, што ён не разумее вашай праблемы. Кажа, што ў вас «проста стрэс».
Але гэты падкаст не ставіць сабе за мэту замяніць працу псіхолага (зусім наадварот), гэта спосаб адказаць на пытанні, для якіх вам магчыма не хапала патрэбных словаў, каб выказаць свой уласны стан.
А калі вам здаецца, што вы ўжо ўсё пра сябе ведаеце і проста чакаеце, калі лекар прызначыць антыдэпрэсанты — не спяшайцеся.
У наступных эпізодах мы растлумачым, чаму яны не заўсёды дзейнічаюць так, як вы чакалі. Каб гэта зразумець, спачатку трэба разабрацца ў самім механізме.
Механізм замкнёнага кола
Дык вось, мы ўжо высветлілі, што АКР — гэта пятля. Але чаму яна працягвае дзейнічаць, нягледзячы на ўсю знясільвальную сутнасць, якую прыносіць?
Уявіце сабе, што вас ахоплівае трывожная думка — «раптам вас аблічылі». А паколькі ў краме былі менавіта вы, то «вінаватыя будзеце таксама вы, калі гэта праўда — бо з-за сваёй неўважлівасці пазбавілі сям’ю грошай». Каб зняць напружанне, вы робіце дзеянне, якое мусіць выгнаць гэтую думку. Напрыклад, пералічваеце рэшту другі раз. Пакуль вы лічыце грошы — думка адступае, бо сітуацыя пад кантролем. Але ненадоўга. І вось, скажам, вам стала абсалютна спакойна толькі пасля таго, як вы пералічылі рэшту трэці раз. Здаецца, усё добра. Але! Цяпер думка пра тое, што «так рабіць варта» — можа замацавацца. І ў наступны раз вы зноў да гэтага звярнецеся. А калі гэта не дапаможа — можа спатрэбіцца яшчэ адзін раз. І чым часцей вы гэта робіце, тым мацней замацоўваецца звычка. І вось — усё нанова. Так атрымліваецца ганебнае кола, з якога вельмі складана выбрацца самастойна.
Калі трохі разабрацца ў гэтым коле, становіцца лягчэй зразумець, чаму сімптомы АКР такія розныя, а корань — адзін. Хтосьці баіцца забруджвання, хтосьці апантаны сіметрыяй, а ў кагосьці пераважаюць навязлівыя думкі без бачных рытуалаў (тып Pure-O). Але сутнасць звычайна адна: гэта спроба ўсталяваць кантроль над унутраным хаосам праз знешнія дзеянні.
І так, гіперадказнасць — гэта галоўнае паліва для АКР. Яна падкідвае дровы ў агонь, які і без таго не згасае. То бок, гэта не проста жаданне ўсё трымаць пад кантролем, а перакананне, што ад вас залежыць занадта шмат.
Што «калі не праверыць пліту — здарыцца пажар, і гэта будзе ваша правіна. Калі не праверыць дзверы — вас могуць абрабаваць. Калі не перачытаць дамову — вы падвядзеце ўсіх». Нават калі рэальных падставаў для трывогі няма.
І паколькі такое пачуццё адказнасці цяжка назваць празмерным, пастаянны ціск, які прымушае здзяйсняць праверкі, не выклікае сумненняў. З-за гэтага нават пры ідэальнай сацыялізацыі і развітай культуры чалавеку цяжка своечасова звярнуць на гэта ўвагу як на праблему. А з часам звычка замацоўваецца проста таму, што чалавек на працягу доўгага часу зноў і зноў паўтараў праверкі.
Як лечыцца АКР?
Што рабіць, калі вы падазраеце АКР у сябе або блізкіх? Важна разумець: гэта не прысуд. І не «асаблівасць характару». З АКР можна паспрабаваць справіцца. Існуюць падыходы, у тым ліку кагнітыўна-паводніцкая тэрапія. Гэта не чараўніцтва і яна не дае выніку за адзін дзень. Але яна дапамагае выйсці з замкнёнага кола. Ёсць тэхнікі экспазіцыі, дыхальныя практыкі, метады самадапамогі.
Галоўнае — знайсці спецыяліста, які разумее, як працуе абсесіўна-кампульсіўны разлад. Асабліва ў Беларусі, дзе ў шмат каго ўзнікаюць сумненні: ці можна распавядаць псіхолагу пра сваю палітычную актыўнасць або абмінуць тэмы, якія могуць быць небяспечнымі. Бо ў нашай сённяшняй рэальнасці АКР або трывожны разлад могуць быць выкліканыя падзеямі 2020 года ці іх наступствамі. А ў такім выпадку не ўсё можна расказаць. І з-за гэтага праца псіхолага будзе ўскладненая, калі ў яго недастаткова досведу і ён не ведае, як працаваць толькі з пачуццямі, не заходзячы ў прычыны.
Слава доўгі час не наважваўся звярнуцца па дапамогу, менавіта гэты крок стаў пераломным момантам — праўда, ужо ў Літве. У наступных эпізодах — вы даведаецеся больш пра тэрапію, пра тое, як спецыялісты працуюць з АКР або трывожным разладам, і што сапраўды дапамагае.
Нават калі вы баіцеся, не можаце гаварыць або вам здаецца, што вас не зразумеюць — гэта не прычына заставацца сам-насам са сваёй праблемай.
У наступным эпізодзе «Падкаста па нядолі» мы падрабязней распавядзем пра метады лекавання і асабісты досвед пераадолення АКР.
Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm