У беларускай культуры тэма сэксуальнасці нібыта лічыцца табуяванай — але ці заўсёды было так? І пра што гэта можа нам распавесці? Аўтарка падкастаў «Гісторыя беларускага сэксу» і «Дочкі – Маткі» Дар’я Гардзейчык разбурае стэрэатыпы, паказваючы, што нашыя продкі гаварылі пра інтымнае значна свабадней, чым можа здавацца на першы погляд. Свабадней, чым часам можа гэта зрабіць сучаснае грамадства.
Фальклор даказвае: сэксуальнае жыццё ў продкаў было актыўным, разнастайным і зусім не такім «саромлівым», як нам гэта падаюць. Але ўсё тое, што захавалася і дайшло да нашых дзён, звычайна зашыфравана.
«Гісторыя беларускага сэксу» — першы падкаст у Беларусі, прысвечаны вывучэнню сэксуальнасці ў фальклоры. Канцэпцыя падкаста нарадзілася ў часы палітычнай турбулентнасці. Яго аўтарка Дар’я Гардзейчык успамінае, што, прачытаўшы зборнік «Беларускі эратычны фальклор», зразумела: вось яно — назва, візуал — усё склалася. Так з’явіўся падкаст пра трансфармацыю сэксуальных і рамантычных нормаў у традыцыйным грамадстве.
І вось калі сёння закрануць адну з балючых тэмаў, дык для грамадства выбар літаральна стаіць паміж «быць правільнымі» і «прымаць сваіх дзяцей». Суразмоўніцы падкаста адзначаюць, што часта сем’і гатовыя прыняць алкаголіка або аб’юзера, людзей, якія вядуць антысацыяльны і часам небяспечны для іншых лад жыцця, але пры гэтым звычайна не прымаюць іншых родных, якія зрабілі камінг-аўт.
У чым жа справа? Гэта маленькая сям’я адчувае сябе часткай вялікага — часткай грамадства — яны жывуць паводле агульных правілаў, і для іх больш значна быць «правільнымі» і ўпісвацца ў агульную сістэму, чым прымаць сваіх дзяцей. Дар’я лічыць, што тут таксама адыграла сваю ролю савецкае мінулае — у лагеры высылалі сем’ямі, саджалі ў турмы. І ў такой сітуацыі прасцей зрабіць усё, каб захаваць сябе. А вось алкагольная залежнасць і гвалт — больш прымальныя ў нашай культуры, чым гомасэксуальнасць.
І яшчэ з аднаго боку — дзеля партыі ты павінен, а вось сям’я — гэта ні пра што (асноўнае — партыя, ленін і г. д.). Аўтакратыям выгадна, каб грамадства было менш разнастайным, каб людзі, напрыклад, мелі алкагольную залежнасць, але не мелі свабоды ў самавыяўленні або свабоды выбару — так імі прасцей кіраваць.
Дар’я адзначае, што шмат стэрэатыпаў прыйшлі да нас з ГУЛАГа і турэмнай сістэмы часоў менавіта савецкага саюза, дзе прыніжэнне і іерархія былі нормай. Улады падтрымлівалі варожасць паміж людзьмі, каб пазбегнуць салідарнасці і ўзмацніць кантроль над грамадствам. Менавіта адтуль і прыйшло паняцце «апушчаны». І пасля яно актыўна насаджалася і ў нашым грамадстве. Такое ўспрыманне сэксуальнасці, асабліва гомасэксуальнасці, і фарміраванне гамафобных поглядаў, у прыватнасці, захоўваецца дагэтуль. Бо дзяржаве не выгадна тое ці іншае мысленне, якое выходзіць па-за межы гэтай кантраляванай мадэлі.
Па-другое, сацсеткі сёння таксама схільныя цэнзуры. Алгарытмы не прасоўваюць кантэнт, з-за чаго нават адукацыйныя відэа і пасты або загадзя не маюць шанцаў, або выглядаюць зусім не сур’ёзна для карыстальнікаў (гледачоў, слухачоў), калі гаворка ідзе не пра моладзь. Бо аўтары, каб забяспечыць распаўсюджванне кантэнту, напрыклад, вымушаныя замяняць слова «сэкс» на «кекс».
Па-трэцяе, усё гэта стала магчымым дзякуючы таму, што людзі баяцца ганьбавання. На такой глебе здолелі прарасці ўсе насаджаныя міты, стэрэатыпы, гамафобія і ўсялякая адсутнасць інфармаванасці. Нават калі інфармаванасць датычыцца бяспечнага сэксу і культуры самапазнання. І рэжым тут закруціў апошнюю гайку, калі гаварыць пра сёння.
Калі ж вярнуцца да фальклору, дык раней элемент кантролю спрабавалі насаджаць праз царкву і заканадаўства, нават калі пытанне датычылася сэксу, а не арыентацыі. Але вынік такога кантролю, як мы ўбачым, адбіўся толькі на тым, колькі інфармацыі з тых часоў дайшло да нас або наколькі моцна гэта было зашыфравана ў фальклоры. А не на тым, што з-за такога жадання сістэмы ўсё кантраляваць людзі тых часоў сапраўды падпарадкоўваліся гэтаму выкліку.
У падкасце «Гісторыя беларускага сэксу», з якога і пачалося абмеркаванне ў гэтым эпізодзе з яго аўтаркай, Дар’я Гардзейчык якраз паставіла перад сабой мэту даследаваць трансфармацыі сацыяльных норм праз прызму інтымных адносін. А можа нават разбурыць стэрэатып, што беларуская культура заўсёды была стрыманай і кансерватыўнай. Беларускі фальклор поўны адкрытых намёкаў, а ў старадаўнія часы да сэксу ставіліся значна прасцей.
Дар’я прыводзіць цікавыя прыклады з гісторыі, фальклору і нават рэлігійных звычаяў. Напрыклад, у старажытных народных песнях утрымліваюцца намёкі непасрэдна на сэксуальныя практыкі, а некаторыя святары на споведзі нават запытвалі жанчын пра надзвычай дэталёвыя падрабязнасці іх інтымнага жыцця. Таксама разглядаюцца гістарычныя падыходы да сэксуальнасці, у тым ліку стаўленне да гомасэксуальнасці, сэксуальнай эмансіпацыі жанчын і да ўплыва рэлігійных і дзяржаўных норм на асабістыя стасункі.
Вось адзін з урыўкаў, які прыводзіць Дар’я ў якасці доказу намёкаў на сэксуальныя практыкі ў народных песнях: «Як за лесам, за буйракам, там стаяла дзеўка ракам, а дурань думаў, што капліца ды давай туды маліцца». І дадае, што, калі што — гэта пра кунілінгус і аналінгус.
«Наколькі ж трэба сапраўды валодаць пачуццём гумару, каб, па-першае, іранізаваць на тэму сэксу і царквы, і пры гэтым так усё вывернуць, што мяне гэта, вядома, ўражвае», — адзначае Дар’я.
А вось песня «Напаі мне коніка» — зусім не пра каня (інакш чаму хлопцу, які просіць яго напаіць, адмаўляюць з фармулёўкай «бо я жонка не твая» — няўжо шкада вады і навошта для гэтага выходзіць замуж).
Дар’я падкрэслівае, што людзі стагоддзямі выкарыстоўвалі метафары, але сэнс быў відавочны. Проста цяпер мы развучыліся іх разумець.
Акрамя гэтага, у эпізодзе разглядаліся пытанні бяспекі сэксу і культуры згоды. Абмяркоўваліся выпадкі, калі мужчыны грэбуюць кантрацэпцыяй і адказнасцю за ўласнае здароўе, што з’яўляецца праблемай у сучасным грамадстве. І закранулі тэму тых відаў кантрацэпцыі, якія існуюць сёння (спойлер: пра некаторыя вы, магчыма, і не ведалі — напрыклад, пра латэксныя сурвэткі).
Акрамя падкаста «Гісторыя беларускага сэксу» Дар’я з’яўляецца сааўтаркай падкаста «Дочкі – Маткі». У ім дзве жанчыны (феміністкі) — сама Дар’я і Ірына Новік — разглядаюць розніцу пакаленняў і адрозненні ў светапоглядах. Пры гэтым Дар’я і Ірына не маюць сваяцкіх сувязяў, хоць шмат хто памылкова думае інакш. Ірына дзеліцца тым, што ёй перадавалі ў дзяцінстве (транслявалася ад маці, але не ў сэнсе адказнасці матуль, а да таго, што такое звачайна адбываецца). А Дар’я, згодна з уласнай пазіцыяй, сцвярджае, што сама прыйшла да сваіх высноваў і пераасэнсавала каштоўнасці дзякуючы псіхатэрапіі.
Таксама закранулі тэму жаданняў. Вядучая падкаста Наста Базар адзначае, што ў грамадстве шмат калі нават мастурбацыя ўспрымаецца як выключна тэхнічная рэч, толькі пра тое, каб «скінуць напружанне», а не пра самапазнанне. І таму мы сябе не абдымаем, не вывучаем, не дакранаемся да сябе аніяк. А калі сябе не ведаеш — дык і думаць пра іншых тым больш складана. Гэта не становіцца чымсьці значным у сістэме каштоўнасцяў. І вось ужо ў галаве ўвесь свет пачынае працаваць аднолькава і здаецца, што ўсё навокал функцыянуе менавіта так, як ты сам да гэтага ставішся. А гэта часцей не так.
Напрыканцы мы б жадалі, як і ва ўсіх папярэдніх эпізодах, дзе гэтыя думкі ўжо праходзяць чырвонай лініяй, зноў параіць усім, незалежна ад таго, хто слухае гэты падкаст:
Гаварыць адкрыта — без сораму абмяркоўваць кантрацэпцыю. Памятаць пра згоду. Не сароміцца тэмы задавальнення і самапазнання. І паважаць выбар іншых — няхай гэта будзе ЛГБТК+ ці традыцыйны шлюб, свабодныя адносіны або адносіны без сэксу. Галоўнае — гэта гармонія. І нават калі ў вас няма рамантычных стасункаў — гэта гармонія з сабою.