Што такое сэксізм? Сэкспрасвет, аборты і «цяжарная ў 16»: краіне трэба гарматнае мяса

Паслухаць
У восьмым эпізодзе падкаста я расказваю пра сэксізм і чаму не існуе зваротнага; пра аборты; сэкспрасвет і ці трэба мужчынам тлумачыць, што такое фемінізм.

Калі крыху паразважаць, то сэксізм і мізагінія, пра якую я шмат казала ў папярэдніх эпізодах, — вельмі падобныя паняцці. Дык у чым жа паміж імі розніца?

Мізагінія — гэта нянавісць да жанчын, перадузятае стаўленне да іх.

Сэксізм — гэта нянавісць, перадузятае стаўленне да людзей паводле прыкметы полу.

У бінарным свеце, дзе людзей падзяляюць на мужчын і жанчын, прывілеяваная група — мужчыны, перадузята ставяцца да прыгнечанай групы — жанчын.

Атрымліваецца, што мізагінія і сэксізм — гэта сінанімічныя паняцці, якія абазначаюць набор забабонаў, пэўнае стаўленне, толькі ў выпадку мізагініі адразу абумоўлена, што гаворка ідзе менавіта супраць жанчын.

Дзеянні, якія адбываюцца ў выніку такога стаўлення, называюцца дыскрымінацыяй.

Аднак у розных крыніцах можна сустрэць меркаванне, што сэксізм — гэта не толькі стаўленне, набор забабонаў, але і само дзеянне — дыскрымінацыя.

Для сябе я сфармулявала гэта так: мізагінія — гэта нянавісць да жанчын, то бок перадузятае стаўленне (а не дзеянне). Тое, што адбываецца ў выніку мізагініі, — гэта дыскрымінацыя і сэксізм, то бок дзеянні. І для мяне паняцці «дыскрымінацыя» і «сэксізм» з’яўляюцца сінонімамі.

Розніца паміж імі ў тым, што дыскрымінацыя можа адбывацца па розных прыкметах і быць накіраванай як супраць мужчын, так і супраць жанчын, напрыклад, па колеры скуры, інваліднасці, сямейным становішчы, знешнасці і яшчэ па сотнях іншых крытэрыяў. А сэксізм — гэта дыскрымінацыя жанчын. То бок сэксізм — гэта дыскрымінацыя з фокусам на жанчын, такі сабе падвід агульнай дыскрымінацыі.

Такім чынам, у маім разуменні мізагінія — гэта стаўленне, а сэксізм — гэта дзеянне, якое вынікае з гэтага стаўлення.

Таксама ў паняцце сэксізму я ўключаю вось што: сэксізм — гэта сістэмная дыскрымінацыя аднаго класа іншым. То бок дамінуючы клас — мужчыны — прыгнятае прыгнечаны клас — жанчын.

Таму ў маёй карціне свету зваротнага сэксізму не існуе. Таму што выпадкі дыскрымінацыі мужчын не з’яўляюцца сістэмнымі, яны не пераўтвараюць усіх мужчын у прыгнечаны клас. Гэта асобныя выпадкі дыскрымінацыі, якія цалкам могуць быць накіраваныя і супраць мужчын па розных прыкметах, як я ўжо згадвала.

То бок, калі феміністкі кажуць, што зваротнага сэксізму не існуе, яны не адмаўляюць фактаў дыскрымінацыі мужчын! Яны кажуць пра тое, што гэта не з’яўляецца сістэмнай дыскрымінацыяй, і таму яна не можа называцца менавіта сэксізмам. Але яна цалкам мае сваю назву — дыскрымінацыя. І, вядома, так — мужчын таксама крыўдзяць – дыскрымінуюць.

Я не лічу аборт забойствам, таму кажу «знішчэнне плода», а не «забойства дзіцяці». Аднак калі гаворка ідзе пра селектыўныя аборты, гэта азначае наўмыснае знішчэнне эмбрыёнаў жаночага полу, каб не дапусціць нараджэння менавіта дзяўчынак. І гэта адбываецца ў выніку мізагініі, у выніку пераканання, што нараджаць трэба хлопчыкаў. Гэта не пра свабодны выбар жанчыны — захоўваць цяжарнасць ці не, у залежнасці ад асабістых канкрэтных прычын.

Сэксуальная асвета зніжае колькасць падлеткавых цяжарнасцяў — такая статыстыка існуе ўжо даўно. Але ў традыцыйных патрыярхальных грамадствах замест паўнавартаснага сэкспрасвета праводзяць іншыя ўрокі.

Тым часам у іншых краінах прымаюцца меры для зніжэння колькасці падлеткавых цяжарнасцяў, і самай эфектыўнай аказалася галандская мадэль сэкспрасвету. У Нідэрландах зафіксаваны самы нізкі ўзровень падлеткавай цяжарнасці, а таксама ў сярэднім вышэйшы ўзрост пачатку палавога жыцця.

Пакідаю спасылку на сайт Нідэрландскага цэнтра па пытаннях сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя: https://www.zanzu.nl/ru/
Магчыма, вам спатрэбіцца, каб самастойна знайсці адказы на нейкія пытанні або абмеркаваць з дзецьмі тэмы, пра якія вы не здолелі наважыцца гаварыць з-за выхавання ў патрыярхальнай краіне.

Я лічу, што не трэба нічога тлумачыць мужчынам пра фемінізм. Адразу адзначу, што іншыя феміністкі могуць лічыць інакш і працаваць з мужчынскай аўдыторыяй.

Ітак, фемінізм — гэта пра правы жанчын. Дзе ў гэтым сказе вы чуеце слова «мужчына»? Чаму ўвогуле мы павінны нешта тлумачыць мужчынам пра нашы жаночыя правы або лічыць, што гэта было б нядрэнна? Якое ўвогуле значэнне мае тое, што мужчыны думаюць пра тое, што іх не датычыцца? Гаворка ідзе пра правы жанчын — прычым тут наогул мужчыны і іх меркаванне?

Ёсць такі выраз: «Нічога пра нас без нас». Яно азначае, што законы, якія ўплываюць на пэўную групу людзей, павінны прымацца з улікам меркавання гэтай групы. Гэта значыць, што інтарэсы кожнай групы павінны прасоўваць тыя людзі, якія ўваходзяць у гэтую групу і маюць такія ж патрэбы.

Мужчына не можа зразумець і адчуць, што не так з становішчам жанчын, бо ён ніколі не сутыкаўся з падобнымі праблемамі і абмежаваннямі. Навошта яму нешта тлумачыць? Каб што? Колькі б ты яму ні тлумачыла, ён усё роўна будзе талдычыць, што ўсё не так, што табе падалося. Што ў нас даўно матрыярхат, і што вы змагаецеся не за тое, не там і наогул няправільна. То бок у адным сказе вас чакаюць і газлайтынг (усё не так насамрэч, табе падалося, дарагая), і мэнсплэйнінг (зараз я табе растлумачу, як правільна трэба змагацца).

Маё асабістае меркаванне — не марнуйце свае сілы на тлумачэнні мужчынам. Вам не трэба, каб яны разумелі, згаджаліся або дазвалялі; вам не трэба ўлічваць іх меркаванне ў пытаннях, якія іх не датычацца. Не, гэта не нянавісць да мужчын — гэта абарона сваіх межаў і захаванне сваіх інтарэсаў.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Нізавая актывістка з Беларусі. Замужам, двое дзяцей і ўнучка. Звычайная жанчына. Лічыць, што партнёрскі шлюб магчымы ва ўмовах патрыярхату, а феміністкі не ненавідзяць мужчын. Упэўненая, што ўсе жанчыны — феміністкі, але некаторыя пра гэта яшчэ не ведаюць.
Сумесна з Belarus FM выпускае падкаст пра фемінізм простай мовай, для такіх жа звычайных жанчын, як і яна сама.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.