Парадокс жаночага сяброўства ці як працуе прапаганда?

Паслухаць
У сёмым выпуску падкаста я распавядаю пра ўнутраную мізагінію, як ад яе пазбавіцца, фемінітывы, жаночую салідарнасць насуперак усяму і так званы самастойны выбар.

Пад будзь-якімі артыкуламі ў медыя, дзе абмяркоўваецца сітуацыя з удзелам жанчыны, шмат мужчын пачнуць агрэсіўна і прыніжальна каментаваць, але яшчэ больш вынаходлівыя выказванні можна пачуць ад жанчын. Такія паводзіны лёгка растлумачыць, але трэці тып каментатараў заўсёды пытаецца: вы ж самі жанчыны, як вы можаце далучацца да лінчавальнікаў?

Калі грамадства ўладкавана такім чынам, што пэўную групу людзей прынята не лічыць роўнай сабе — а гэта, дарэчы, ключавы момант: не лічыць роўнымі, — і, адпаведна, недалюбліваць, ставіцца зніважліва, шкадаваць, насміхацца, — то такому стаўленню навучаюцца ўсе. Калі прынята смяяцца з жанчын — жанчыны таксама смяюцца, калі прынята абвінавачваць — жанчыны далучаюцца да абвінавачання. Каб цябе дзесьці прынялі, трэба гуляць па правілах гэтага месца — гэта дапамагае лепш прыстасавацца, адваяваць сабе цёплае месцейка.

Гэта якраз той выпадак, калі жанчыны нібыта аддзяляюцца ад сваёй групы і спрабуюць спадабацца прывілеяванай групе, робячы выгляд, што мы не такія, мы — іншыя, мы — правільныя, добрыя.

Вось просты прыклад па-за кантэкстам. Уявіце, што вы прыйшлі на новую працу, у незнаёмы калектыў. Вам не пашанцавала з непасрэдным начальнікам або начальніцай — яны сталіся таксічнымі людзьмі. Штодня вам выказваюць незадавальненне і «дзяўбуць па галаве» словамі, што вы няўмелая, марудная, павольная, усё робіце няправільна. Проста ўявіце сабе, што вам кожны дзень кажуць: «Ты, па сутнасці, дурніца». Колькі пройдзе часу, перш чым вы пачнеце сумнявацца ў сабе?

Так працуе і мізагінія: калі агульнае асяроддзе такое, што жанчыны — гэта людзі горай за іншых, жанчыны ўрэшце таксама ў гэта павераць. Думаю, менавіта таму жанчыны так старанна, настойліва і нават злосна імкнуцца адмежавацца ад фемінітываў, адмаўляюцца называць сябе спецыялісткамі, журналісткамі, доктаркамі, архітэктаркамі і гэтак далей, тлумачачы гэта тым, што няма патрэбы падкрэсліваць геніталіі. Якая розніца, што я жанчына, я ж выдатны працаўнік! Выдатны доктар або архітэктар — як і мужчына!

Звярніце ўвагу: «аргумент» пра тое, што не варта акцэнтаваць увагу на геніталіях, з’яўляецца толькі тады, калі феміністкі патрабуюць падкрэсліць унёсак жанчын! То бок жаночыя геніталіі падкрэсліваць не трэба! А вось мужчынскія — заўсёды дарэчы, праўда ж?

Дык вось, з-за таго, што мужчына — гэта гучыць ганарова, а жанчына — ну такое, жанчыны падсвядома не жадаюць ужываць фемінітывы, бо архітэктар — гэта гучыць ганарова, а архітэктарка — ну такое; дырэктар — ганарова, дырэктарка — ну такое. Нібыта нейкі недаархітэктар, недадырэктар. І ўсё гэта таксама праз існаванне мізагініі, калі ўсё жаночае аўтаматычна лічыцца горшым за іншае.

Зараз усё часцей ужываецца слова «пікмі» — вы, напэўна, чулі. У перакладзе з ангельскай — «выберы мяне». Гэта якраз пазначэнне такіх паводзінаў жанчын, якія шукаюць ухвалы мужчын, імкнуцца адпавядаць мужчынскім чаканням, у тым ліку абясцэньваюць іншых жанчын, самасцвярджаюцца за кошт іншых і заяўляюць, што яны не такія, як іншыя жанчыны.

Тут варта згадаць, наколькі наогул нашае меркаванне з’яўляецца самастойным. Мы, людзі, не існуем у вакууме. Ад самага нараджэння, калі мы на сам рэч маглі б нешта вырашаць самастойна, без знешняга ўплыву — бо мы яшчэ зусім нічога не ведаем пра свет, у які толькі што прыйшлі, — мы не можам гэтага зрабіць па аб’ектыўных прычынах, фізіялагічна. Калі мозг цалкам сфарміраваны (а адбываецца гэта, добра калі да паўналецця), мы ўжо прасякнутыя ўсімі магчымымі наладамі, правіламі, традыцыямі грамадства, у якім жывем. Наогул, гэта нармалёва — а як выжываць, калі не ведаць, што тут прынята, як і што трэба рабіць, як сябе паводзіць, у што верыць і гэтак далей?

Тое ці іншае нашае ўласнае меркаванне — гэта перапрацаваная выснова з рознай інфармацыі плюс наш асабісты досвед, які дапамагае гэтую інфармацыю правяраць.

Дзеля развіцця крытычнага мыслення патрэбны і шырокі светапогляд, і шмат зносін з рознымі людзьмі — асабліва з тымі, хто не падобны да вас, — і дапытлівая зацікаўленасць, каб спачатку атрымаць розныя, менавіта розныя меркаванні па адным і тым жа пытанні, каб узнік унутраны канфлікт: чаму тут кажуць адно, там — іншае, а ўласнымі вачыма я наогул убачыла нешта трэцяе. Такім чынам у выніку фарміруецца ўласнае меркаванне, якое базуецца на велізарнай колькасці перапрацаванай інфармацыі. Ніхто не робіць свой выбар у вакууме.

Я звяртаюся да вас, каб вы заўсёды станавіліся на бок жанчын і праяўлялі спачуванне. Нават калі адзінае, што вы можаце зрабіць, — гэта прамінуць, дык зрабіце гэта: проста не звяртайце ўвагі. Жадаючыя штурхнуць — заўсёды знойдуцца.

Калі я чытаю навіны пра тое, што жанчына здзейсніла нешта жахлівае, я разважаю пра тое, якія менавіта патрыярхальныя ўстаноўкі прывялі яе да гэтага. Такія разважанні нібыта вентылююць эмоцыі, падштурхоўваюць да аналізу, назірання, нейкіх высноў — у тым ліку і для сябе — і не пакідаюць негатыву. Проста канстатацыя факта. Такія разважанні дадаюць разумення, чаму адбываецца менавіта так, а не інакш. І зніжаюць уласны ўзровень непрыязнасці да жанчын.

Давайце паспрабуем не падпарадкоўвацца патрыярхальнай устаноўцы цкаваць жанчын.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Нізавая актывістка з Беларусі. Замужам, двое дзяцей і ўнучка. Звычайная жанчына. Лічыць, што партнёрскі шлюб магчымы ва ўмовах патрыярхату, а феміністкі не ненавідзяць мужчын. Упэўненая, што ўсе жанчыны — феміністкі, але некаторыя пра гэта яшчэ не ведаюць.
Сумесна з Belarus FM выпускае падкаст пра фемінізм простай мовай, для такіх жа звычайных жанчын, як і яна сама.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.