Галоўнае – удала выйсці замуж? Давайце будзем сумленныя, нас падманулі

Паслухаць
Гэта падкаст для звычайных жанчын, для ўсіх жанчын, якія лічаць, што яны не феміністкі. Якія думаюць: «Я не феміністка, але нешта тут не так. Не разумею, што менавіта, але нешта дакладна не так. Адчуваю, што недзе падманулі. То бок я не феміністка, вядома, але ў нечым я з феміністкамі згодна».

Чаму, калі я прыходжу дадому пасля цяжкага працоўнага дня разам са сваім мужам, я іду на кухню да пліты ў другую змену, а мой муж ідзе на канапу і чакае, пакуль я прыгатую вячэру? Чаму потым у мяне пачынаецца трэцяя змена з дзецьмі? Я правяраю ўрокі, тлумачу заданні і дапамагаю з імі, раблю вырабы, адказваю на мільён пытанняў, а тату трэба адпачыць. То бок муж ад гэтых абавязкаў вызвалены ці прымае ў гэтым мінімальны ўдзел. Як быццам гэта мае ўбудаваныя жаночыя здольнасці: усіх накарміць, абслужыць, выслухаць і паспачуваць. Я не разумею, чаму так адбываецца, чаму я ўсё гэта раблю? Чаму лічыцца, што я з усімі гэтымі навыкамі нарадзілася?

Калі вас час ад часу турбуюць падобныя пытанні і вам незразумела, чаму так адбываецца, то гэты падкаст можа быць для вас цікавым.

Або наадварот, калі вы не лічыце, што абавязаныя нараджаць, не ўпэўненыя, што жадаеце замуж, а вам усе пра гэта талдычаць. Пра тое, што «гадзіннічак цікае», пра жаночае прызначэнне, пра пустацвет ды адзіноту з катамі. І гэта вам падаецца дзіўным. Гэта вас раздражняе, напружвае. У такім выпадку гэты падкаст таксама можа быць для вас цікавым.

Я буду распавядаць пра тое, чаму такі падзел і такія правілы гульні нас дыскрымінуюць, чаму жыццё жанчын у патрыярхаце такое цяжкае, што з гэтым рабіць, як гэта распазнаваць і з гэтым змагацца, як абараняць свае правы і паляпшаць якасць свайго жыцця ў выніку.

Пра мяне

Мяне клічуць Оля, я правінцыйная феміністка з Беларусі. Я такая ж жанчына, як і вы, дасканала такая ж, як кожная маці, бабуля, суседка, сястра, сяброўка. Я нарадзілася яшчэ ў савецкім саюзе. Я замужам, у мяне ёсць дзеці, у меня надоечы з’явілася ўнучка. Я сама прайшла праз жаночую гендэрную сацыялізацыю, выхоўвалася ў строгай патрыярхальнай мадэлі з некаторымі агаворкамі.

Увогуле, я чула пра тое, што трэба смачна гатаваць і вельмі добра прыбіраць, каб муж не ўцёк. Наогул, гэта было штосьці накшталт словаў-паразітаў, пасля кожнага загаду ці заўвагі дадаваць: «бо муж уцячэ» ці «бо замуж ніхто не возьме». То бок мне насаджалі, што абслугоўванне мужа і ўсёй сям’і будзе маім асноўным абавязкам.

Але, акрамя гэтага, з жыццёвага досведу мне дадавалі, што ні на якога мужа спадзявацца нельга, трэба абавязкова атрымаць адукацыю і прафесію, з якой я буду здольная пракарміць сябе і сваіх дзяцей самастойна. Чамусьці гэта не выглядала супярэчліва ў вачах тых, хто насаджаў мне гэтыя, у прынцыпе, падвойныя пасланні. З аднаго боку, галоўнае — удала выйсці замуж, знайсці мужа-здабытчыка, «усё ў сям’ю», «за якім як за каменнай сцяной», бясконца прыбіраць і гатаваць, каб муж гэты не уцёк, які будзе забяспечваць усё гэтае шчаслівае жыццё, з іншага боку – трэба атрымаць добрую адукацыю і мець працу, з якой я буду здольная пракарміць не толькі сябе, але і дзяцей, якіх, вядома, трэба нарадзіць больш за аднаго, натуральна.

Я шмат гадоў займаюся гэтай тэмай, але я не акадэмічная феміністка, а нізавая актывістка. Гэта значыць такая ж, як і ўсе звычайныя жанчыны, але ўсе цяжкасці сваёй групы, з якой працую, я ведаю на ўласным досведзе, сама з усім, практычна з ўсім, сутыкалася.

Я ўпэўненая, што матэрыялаў пра фемінізм павінна быць шмат, вельмі шмат. Добра, што існуюць блогі, падкасты, кнігі, фільмы, відэаролікі, якія пра гэта распавядаюць. Я падтрымліваю безумоўна ўсе ініцыятывы, якія выходзяць на шырокую аўдыторыю, каб распавядаць жанчынам пра іх правы, пра тое, што трэба змагацца, што жанчына — гэта чалавек. І гэтая думка, чамусьці вельмі рэвалюцыйная для мужчынскага свету, што жанчына — менавіта чалавек, а не недачалавек, не тавар, не прылада для абслугоўвання мужчыны, якой яна з’яўляецца ў фармулёўках патрыярхату. Прапаганда так званых традыцыйных каштоўнасцяў паўсюдна: у дзіцячых садках і школах, у медыя, ва ўсёй культуры, у фільмах, у законах, паўсюль. Таму добра, што фемінісцкіх матэрыялаў становіцца ўсё больш і больш.

Дадам простых дэталяў пра сябе: замуж мяне, вядома, узялі, кажучы патрыярхальнай мовай, і нават двойчы. На самой справе, я зрабіла высновы пасля першага шлюбу, і з другім мужам мы развіваліся разам і пабудавалі партнёрскі саюз, якім я цалкам задаволеная, і такую мадэль адносін лічу магчымай, сумленнай і прыдатнай для кожнай гетэрасэксуальнай феміністцы.

Жадаю таксама адзначыць, што я заўсёды буду звяртацца да аўдыторыі ў жаночым родзе і ніколі ў мужчынскім. Я не сама гэта прыдумала, так робяць некаторыя фем-блогеркі, мне падаецца гэта выдатнай ідэяй, і ў сваім падкасце я вырашыла гэта запазычыць.

Чаму, калі жанчына чуе зварот у мужчынскім родзе, мы ўспрымаем гэта нармальна? Чалавек, мужчына — гэта ўсе мы, так, мужчынскі род значыць агульны, наогул ніяк на гэта не рэагуем. Але варта здарыцца сітуацыі, калі да мужчыны звярнуліся ў жаночым родзе, — усё, гэта адразу зневажальна, як мінімум, няёмка. Ну можна далей разглядаць гэтую тэму, я думаю, мы павярнемся да яе ў іншых эпізодах.

Сэнс у тым, каб паказаць, што гэта такое: калі цябе не заўважаюць, цябе не ўлічваюць, і ніяк увогуле не пазначаюць, твая прысутнасць нязначна. Таму я буду звяртацца да аўдыторыі толькі ў жаночым родзе. Наогул кажучы, падкаст не прызначаны для мужчын, але калі раптам нейкія выпадкова яго паслухаюць, то я патлумачыла.

Магчыма, у вас ёсць нейкія вострыя пытанні, на якія не атрымліваецца знайсці адказы. Таму я спадзяюся, што вы маглі б свае пытанні даслаць. Я буду вельмі радая, калі з’явіцца такая зваротная сувязь, каб запісваць наступныя эпізоды ўжо з адказамі на пэўныя запыты менавіта ад аўдыторыі, якая пачала слухаць падкаст.

Калі вы жадаеце з намі звязацца, але баіцеся выкарыстоўваць каментары, прапануем напісаць нам на e-mail. Пасля гэтага дастаткова будзе выдаліць свой ліст з папкі «Адпраўленыя».
Наш адрас: help@belarus.fm

Нізавая актывістка з Беларусі. Замужам, двое дзяцей і ўнучка. Звычайная жанчына. Лічыць, што партнёрскі шлюб магчымы ва ўмовах патрыярхату, а феміністкі не ненавідзяць мужчын. Упэўненая, што ўсе жанчыны — феміністкі, але некаторыя пра гэта яшчэ не ведаюць.
Сумесна з Belarus FM выпускае падкаст пра фемінізм простай мовай, для такіх жа звычайных жанчын, як і яна сама.

Далучыцца да размовы

This site uses Akismet to reduce spam. Learn how your comment data is processed.

2 каментарыя
  • Да мужики сейчас расхлябаные. Куда ветер подует – туда и они. Никакой инициативы, стратегии. Ждут, пока само собой всё решится.
    А если делаешь какие-то ошибки – то всё, тупая баба. В общем, положиться в этой жизни не на кого.

  • Не думаете ли вы, что гиперболизируете некоторые вещи в плоскость пола? Например, ведение всех дел, решение всех вопросов может быть больше связанно с синдромом спасателя, который присущ всем людям. Кроме того, во многих семьях напротив часто муж занимается такими делами.
    А неловкость во время обращения мужчины-женщины зависит от контекста. На серьезных мероприятиях принято обращаться к обоим полам. Но если ЦА будет являться один из полов, то логично, что обращение будет к нему. Едва ли на семинаре для женщин затерявшийся мужчина обидится на обращение как к женщинам.
    В чатах так вообще не смотрят, кто там есть. Если группа посвящена женщинам, то никто тоже не будет возмущаться к обращению как к женщинам.
    Многих людей это даже может веселить. И всё это работает в обе стороны.