У эфіры Наста Базар і Даша Чурко. У новым выпуску падкаста мы пагаварылі з псіхолагамі Мілай і Вадзімам Іваноўскімі пра сям’ю, адносіны, разводы, аліменты і пра тое, чаму асэнсаванасць — ключавы фактар у прыняцці рашэнняў аб партнёрстве.
Што такое сям’я? Калі раней сям’я была найперш пра бяспеку і рэсурсы, то сёння яна набывае розныя формы. Пара, пара з дзіцём, некалькі пакаленняў пад адным дахам або нават поліаморныя адносіны — важна тое, наколькі асэнсавана людзі робяць выбар і гатовыя браць адказнасць за свае вырашэнні. Сям’я — гэта форма, а адносіны — працэс, які ўвесь час развіваецца, патрабуе намаганняў і пераадольвання непазбежных крызаў.
Змест выпуску:
Мы абмеркавалі, чаму сучасны шлюб ужо не з’яўляецца абавязковай нормай, а разводы сталі звыклай часткай жыцця.
Закранулі даследаванні, якія паказваюць, што жанчыны ў стасунках жывуць менш, чым самотныя жанчыны, а мужчыны, наадварот, больш за халасцякоў. Але насамрэч усё залежыць ад якасці стасункаў: у паспяховых стасунках людзі будзь якога гендара жывуць болей і шчаслівей. Ключавы момант — асэнсаваны выбар у стасунках, іх адсутнасці або ў нараджэнні дзяцей.
Калі стасункі становяцца цяжкімі, узнікае пытанне: ці варта іх захоўваць, спрабаваць змяніць або разысціся? І як зразумець, ці з’яўляецца здрада сапраўднай нявернасцю або гэта сігнал аб незадаволеных патрэбах?
Шмат людзей, замест таго каб сумленна абмеркаваць свае жаданні і межы, шукаюць кампенсацыю на баку. Аднак дамоўленасці і адкрытае абмеркаванне — аснова будзь якіх здаровых стасункаў, незалежна ад таго, манагамныя яны ці поліаморныя. Менавіта тут хаваецца галоўнае адрозненне здрады ад адкрытых стасункаў: шчырасць, дамоўленасці і адказнасць. Майстэрства гаварыць адно з адным пра свае пачуцці, страхі і жаданні робіць любую сістэму стасункаў больш сталай.
Эмацыянальная сталасць адыгрывае ключавую ролю ў тым, як людзі будуюць стасункі. Шмат пар ствараюць іх паводле звыклых сцэнараў, якія бачылі ў сем’ях сваіх бацькоў, але з гадамі ўсведамляюць, што гэтыя мадэлі не заўсёды працуюць. Хтосьці шукае «ідэальнага» партнёра, які закрые ўсе іх патрэбы, але такія чаканні часта прыводзяць да расчараванняў.
Найважнейшае — гэта асэнсаваны падыход да стасункаў: задаваць сабе пытанні, чаго менавіта ты жадаеш і што гатовы ўкладаць у партнёрства. Што мы гатовыя даць і чаго чакаем наўзамен? Наколькі мы сумленныя перад сабой ва ўсведамленні сваіх патрэбаў?
Калі адзін з партнёраў чакае ад стасункаў поўнага растварэння ў іншым чалавеку, а іншы шукае незалежнасці, узнікаюць канфлікты. Таму чым вышэй узровень сталасці і самасвядомасці, тым больш шанцаў пабудаваць гарманічны саюз. Калі абодва партнёры разумеюць, навошта яны разам, яны могуць не толькі ствараць гармонію, але і справіцца з непазбежнымі крызамі. Гэта тычыцца не толькі рамантычных стасункаў, але і сяброўскіх, сямейных, працоўных.
Сёння свет прапануе велізарную колькасць варыянтаў стасункаў: традыцыйныя сем’і, госцевыя шлюбы, поліаморыя, стасункі без абавязкаў. Пры гэтым кожнаму чалавеку важна вызначыць, які фармат яму падыходзіць, і адкрыта абмяркоўваць гэта з партнёрам. Адно з галоўных пытанняў: чаму людзі наогул уступаюць у стасункі? Часта адказ звязаны з пошукам падтрымкі, адчуваннем бяспекі і імкненнем да сумеснага развіцця. Аднак калі стасункі ператвараюцца ў прыгнёт, важна зразумець, ці можна іх змяніць або варта разысціся.
Важна разумець, што сям’я і партнёрства — гэта не толькі пра рамантыку і эмоцыі, але і пра сістэму падтрымкі.
У здаровых стасунках людзі дапамагаюць адно аднаму развівацца, даюць прастору для самавыяўлення, а не абмяжоўваюць адзін аднаго абавязкамі, якія становяцца цяжарам. Напрыклад, асэнсаваныя пары разумеюць, што эмацыянальная падтрымка і сумеснае развіццё — гэта працэс, які патрабуе часу і намаганняў. Шмат людзей памылкова лічаць, што стасункі павінны быць лёгкімі і бясконца радаснымі, але на самой справе гэта праца, якая патрабуе трывання і жадання чуць адно аднаго.
Ці можа сям’я быць месцам росту, а не проста абавязкам? Ці, наадварот, яна ператвараецца ў крыніцу стрэсу і выгарання? Важна разумець свае патрэбы, абмяркоўваць іх з партнёрам(-кай) і рабіць асэнсаваны выбар. Бо стасункі — гэта не толькі пра пачуцці, але і пра адказнасць, падтрымку і сумеснае развіццё.
Важлівай тэмай абмеркавання стала сітуацыя з аліментамі.
Чаму пасля разводаў шмат людзей з мужчынскай сацыялізацыяй (то бок не толькі і не столькі мужчыны, колькі тыя, хто вырас у такой сацыялізацыі) не плацяць аліменты?
У грамадстве дагэтуль існуе ўяўленне, што пасля разрыву стасункаў клопат пра дзіця ўскладаецца да маці, тады як бацька, як лічыцца, можа сабе дазволіць дыстанцыявацца. Гэта стварае сур’ёзную фінансавую і эмацыйную нагрузку. Шмат жанчын, сутыкнуўшыся з гэтым, апынаюцца ў складанай сітуацыі, асабліва калі раней разлічвалі на падтрымку партнёра(-кі). Што прыводзіць да пытання асэнсаванасці перад прыняццем рашэння нараджаць. Жанчыне варта прыняць рэальнасць, у якой значна большая верагоднасць таго, што ў выпадку разрыву стасункаў яна можа застацца з дзіцём адна і без падтрымкі. Нават калі напачатку яе партнёр(-ка) абяцаў(-ла) гэтую падтрымку.
Мы разгледзелі і гэтую асэнсаванасць у бацькоўстве. Чаму шмат хто з сем’яў падыходзіць да нараджэння дзяцей імпульсіўна, не задумваючыся пра магчымыя складанасці? Нават параўналі бацькоўства з іпатэкай — доўгатэрміновым абавязкам, да якога варта рыхтавацца.
Мноства цяжкасцяў у стасунках узнікае, калі адзін з партнёраў не быў гатовы да адказнасці або спачатку меў іншае ўяўленне пра ролю бацькі ці маці.
Пагутарылі пра разводы і пра тое, што часта яны ўспрымаюцца як траўма для дзяцей. Насамрэч развод можа стаць новым пачаткам. Калі стасункі прыносяць пакуты, разрыў — гэта не правал, а магчымасць пачаць новае жыццё з асэнсаваным падыходам да выбару партнёра. Разрыў — гэта не траўма, а стрэс. Стрэс, які можа ператварыцца ў траўму для дзіцяці без падтрымкі з абодвух бакоў. Таму важна не толькі разумець, што будзь якія стасункі патрабуюць працы, і што калі ўсе намаганні прыносяць толькі пакуты, гэта падстава пераасэнсаваць іх неабходнасць. Але пры разводзе гэтак жа важна падтрымаць дзіця з абодвух бакоў, каб гэта не стала для яго траўмай.
Сям’я ў сучасным свеце перастае быць толькі пра шлюб і дзецей. Важней не юрыдычны статус, а ўнутраныя дамоўленасці і жаданне клапаціцца адно пра аднаго.
Пытанне не ў тым, ці адпавядае ваша сям’я традыцыйнай мадэлі, а ў тым, наколькі вам утульна і камфортна ў вашых стасунках. Бо галоўнае — гэта разуменне сваіх межаў, каштоўнасцей і таго, наколькі абраны шлях адпавядае вашым сапраўдным жаданням.
Стасункі павінны прыносіць радасць, але варта памятаць: радасць не заўсёды азначае лёгкасць. Часам яна патрабуе намаганняў, працы над сабой і глыбокага разумення адно аднаго. Як мы выбудоўваем сваю эмацыянальную і псіхалагічную прастору — так і выглядаюць нашыя стасункі.
Будзем удзячныя вашым каментарыям: з якімі стэрэатыпамі пра сям’ю і шлюб сутыкаліся вы? Як змяніўся ваш пункт гледжання на абавязкі ў стасунках?
Кантакты Мілы и Вадзіма:
Міла – псіхалагіня, працуе з асабістымі і групавымі запытамі, актыўна выкарыстоўвае фотатэрапію ў сваёй працы:
https://www.instagram.com/mila_ivanovskaya
Вадзім – псіхолаг, сэксолаг:
https://t.me/psychomatters