У эфіры Наста Базар і Даша Чурко. Мы разважаем пра рамантычныя стасункі ў сучасным грамадстве і аб тым, хто ўсё ж такі зверху ў сямейнай іерархіі.
Традыцыйны выгляд сям’і, па-першае, канешне гетэрасэксуальны, па-другое, мае дакладны падзел абавязкаў. Нібыта галоўны ў сям’і – мужчына, але па факце большасць сямейных пытанняў вырашае жанчына.
Ці насамрэч зараз у стасунках усё так, як мы звыклі чуць вакол? Ці нешта ўсё ж такі зменьваецца?
Менавіта з гэтай мэтай мы стварылі падкаст, у якім будзем дзяліцца сваім досведам і меркаваннем, а таксама клікаць розных людзей у стасунках і без іх. Каб паказаць, як шмат сёння існуе розных альтэрнатыў у стасунках, пра якія вы маглі не ведаць.
У першым выпуску мы знаёмім вас з намі, дзелімся сваім досведам і разважаем на тэму таго, што дапамагае каханню, а што перашкаджае.
Змест выпуску:
Што ёсць «традыцыйна»? Калі гаварыць пра стэрэатыпы, то мы як раз традыцыйная лесбійская сям’я: у нас кароткія стрыжкі, татуіроўкі, ёсць котка і нават двое дзяцей.
Нягледзячы на тое, што паміж намі 16 год розніцы і мы нарадзіліся ў розны час, мы высветлілі, што ў падлеткавым узросце ў кожнай з нас было такое ўяўленне пра будучыню, што там абавязкова будуць рамантычныя стасункі. Нават калі ўжо ў падлеткавым узросце асэнсоўваеш сябе, як лесбійку, усё роўна ёсць чаканне, што будуць стасункі.
Да 2000 года дакладна быў ціск, што ўжо каля 20 год жанчына павінна выйсці замуж, а як выйшла, дык абавязкова адразу павінны з’явіцца дзеці.
Таксама мы падзяліліся тым, што калі ўжо ў 14-16 год няма партнёра ці партнёркі, вакол ёсць меркаванне, што з табой нешта не так.
А ці ёсць вакол нас рэпрэзентацыя людзей без рамантычных стасункаў? У большасці кніг, кіно, серыялах, мультфільмах ёсць рамантычная лінія, а герой ці гераіня абавязкова ў пошуку кахання.
На жаль мы ўжо звыклі да таго, што рэпрэзентацыя ЛГБТК вакол таксама вельмі маленькая і што рэпрэзентацыя людзей з іншых уразлівых груп амаль адсутнічае. Але нібыта нікому нават не прыходзіць у галаву, што можна паказаць самадастатковую асобу ў публічнасці.
Як і сола-мацярынства, якое таксама не рэпрэзентуецца у пазітыўным кантэксце вакол. Замест таго, каб называць жанчын з дзецьмі «самастойная маці», называюць маці-«адзіночка». Ды ўвогуле не ўбачыш у гэтых рэпрезентацыях прыкладаў таго, якія насамрэч гэтыя жанчыны самастойныя, моцныя і робяць шмат.
Нашае меркаванне — гэта адбываецца менавіта праз ціск, што ўсе нібыта «павінны быць у стасунках» і што «павінны ладзіць вяселле», а пасля яго «павінны быць дзеці». Менавіта праз то, што гэта «павінна быць», а не «я жадаю» і адбываецца столькі разводаў. Людзі часта паддаюцца грамадскаму ціску болей, чым адчуваюць сябе і тое, чаго жадаюць яны.
А потым адбываецца распаўсюджаная сітуацыя — гэта псіхалагічнае бясплоддзе. Бо калі адразу ж не адбываецца цяжарнасць, значыць, менавіта з жанчынай нешта не так (насамрэч не, бо нават у абсалютна здаровых людзей цяжарнасць можа наступіць цягам году).
І ці насамрэч патрэбны менавіта рамантычныя стасункі? У нашым грамадстве вельмі недаацэнены сяброўскія стасункі з добрай прывязанасцю, а таксама вельмі сэксулізаваны любыя дотыкі. Шмат хто не любіць паўсядзённага фізічнага кантакту, але вялікая колькасць людзей мае ў гэтым патрэбу і нібы «легальна» гэта можна атрымаць толькі ў рамантычных стасунках.
І каб агулам зразумець: а чаго менавіта кожная і кожны жадаюць у сваім жыцці вельмі вялікае значэнне мае самастойнае жыццё. Але ў нашым грамадстве гэтага перыяду амаль не бывае. Часцей за ўсё з бацькоўскай сям’і людзі з’язджаюцца ў свае сем’і, нават не ведаючы, а як і што яны любяць, як ім зручна і камфортна жыць.
Паразмаўлялі пра розніцу паміж гетэра- і гомасексуальным шлюбам і пра размеркаванне бытавых абавязкаў у сям’і з дзвюх жанчын. Хаця тут важней не тое, што мы дзве жанчыны, а тое, што мы шукаем баланс і робім усё разам.
Будзем рады прачытаць у каментарах, з якімі чаканнямі ад грамадства сустракаліся вы ў сваім падлеткавым узросце, а таксама якімі былі вашы чаканні ад стасункаў, вяселля і дзяцей.