ЗАВАЛЯЦЬ УСІХ: як паступіць у ВНУ ў Беларусі

Паслухаць
Уступныя кампаніі-2021 і 2022 праваліліся: сёлета на ЦТ зарэгістравалася надзвычай нізкая колькасць абітурыентаў і ў ВНУ засталіся вольныя месцы, а ў 2021 годзе нават трэба было абвяшчаць дадатковы набор. Таму міністэрства адукацыі рашуча пачалі займацца абітурыентамі. Ідэя аб’яднаць выпускныя экзамены з ЦТ з’явілася не зараз, але дагэтуль справа так і не распачалася. І вось, у 2023 годзе нам абяцаюць новы фармат — ЦЭ. Без увагі не засталіся і 9 класы: іх чакаў неспадзяваны «сюрпрыз» у выглядзе дадатковага модуля — Вялікай Айчыннай вайны.

У календары кастрычнік, а гэта значыць, што навучальны год распачаўся даўно. Аднак адказу, як будзе праходзіць уступная кампанія, дагэтуль няма. Але мы паспрабуем разабрацца.

Што змянілася ў выпускных экзаменах?

Пачнем з пытання прасцей. Як было ў 2022 годзе і як будзе ў 2023:

2022 год

2023 год

9 клас
• руская мова (дыктоўка)
• беларуская мова (дыктоўка)
• матэматыка (кантрольная)
9 клас
• руская мова (пераказ)
• беларуская мова (пераказ)
• матэматыка (кантрольная)
• гісторыя Беларусі (вусны іспыт)
11 клас
• рус/бел мова (пераказ)
• матэматыка (кантрольная)
• замежная мова (вусны іспыт)
• гісторыя Беларусі (вусны іспыт)
11 клас
• рус/бел мова (ЦЭ)
• матэматыка (ЦЭ)

ЦЭ — Цэнтралізаваны экзамен, так званая альтэрнатыва Цэнтралізаванаму тэсту (ЦТ)

Інакш кажучы, гісторыя Беларусі цяпер здаецца ў 9 класе, а замежная мова не здаецца зусім. Міністэрства адукацыі, як бачна, лічыць, што замежная мова беларускаму абітурыенту не надта патрэбная. Але патрэбны дадатковы модуль «Вялікая Айчынная вайна», які быў даданы да навучальнага прадмета «Гісторыя Беларусі». Бо гэта адна з асноўных тэм, на якой будуецца ідэалогія рэжыму сёння.

Чым матываваныя такія змены?

Каб даць адзнаку гэтай рэформе, трэба высветліць матывацыю. Па словах міністра адукацыі Андрэя Іванца, такая форма атэстацыі выконвае наступныя задачы:

  1. паніжэнне ціску на выпускніка 11 класа (не трэба здаваць двойчы мову і матэматыку)
  2. матывацыя настаўнікаў (адзнака ў атэстаце складаецца з выніковай адзнакі ды выніку ЦЭ, што павінна матываваць настаўнікаў рыхтавацца больш сур’ёзна)

Па-першае, адчувальна ціск знізіўся толькі для тых выпускнікоў, хто так ці інакш збіраўся здаваць ЦТ па матэматыцы, бо ім сапраўды зараз не давядзецца здаваць непатрэбныя выпускныя экзамены. Зрэшты, для тых, хто не планаваў здаваць гэты прадмет у такім фармаце, звычайную кантрольную змянілі сур’ёзным тэстам, да якога шмат хто рыхтуецца 1-2 гады. (Зазначце гэты момант, мы да яго яшчэ павернемся)

Па-другое, міністр часам робіць крыху дзіўныя выказванні ў дачыненні да настаўнікаў. Звярнемся да пастановы міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2022 года № 184, а менавіта – дадатку 28:

Згодна гэтай шкале, каб атрымаць, напрыклад, 8 балаў па мове і матэматыцы, на ЦЭ дастаткова набраць 54 і 55 тэставых балаў, адпаведна.

Тэставы бал — выніковы ў сертыфікаце, дзе найвышэйшая адзнака — 100. Тэставы бал вылічваецца з першаснага. У сваю чаргу, першасны бал — гэта сума балаў з кожнага выкананага задання ў тэсце. Напрыклад, у матэматыцы з кожнага задання часткі A можна атрымаць 0 альбо 1 бал.

Зыходзячы з табліцы адпаведнасці першасных ды тэставых балаў за 2022 год, на васьмёрку патрэбна набраць 42 і 15 першасных балаў.

  • Па мовах з кожнага задання можна атрымаць ад 0 да 2 балаў (па некаторых можна атрымаць 1 бал пры часткова правільным адказе), то бок, на адзнаку 8 патрэбна выканаць без памылак 21 заданне будзь-якой складанасці з 40. Гэта крыху больш за палову тэсту.
  • У матэматыцы, дзе разам 32 заданні, на адзнаку 8 дастаткова выканаць 15 заданняў часткі А, дзе адказ трэба выбраць з прапанаваных варыянтаў. Тут яго можна і адгадаць.

Пра якую матывацыю настаўнікаў у такім выпадку кажа міністр, незразумела. Таксама павернемся да пытання ціску: магчыма, такая дзіўная шкала — гэта спроба надаць сэнс ідэі пра неабходнасць здаваць ЦЭ тым, каму ён не патрэбны? Быццам спачатку адрэзалі, а потым пачалі вымяраць.

Але далей Іванец адзначае, што плануецца змяненне структуры тэсту, і заданняў, дзе адказ трэба выбраць з прапанаваных, стане менш. «Кантрольная ў выглядзе тэсту, дзе ад ЦТ застанецца толькі аўтаматычны кантроль». У выніку пытанняў з’явілася яшчэ больш:

  • калі складанасць тэсту будзе паніжана да ўзроўню звычайнай кантрольнай, то навошта тады наогул ЦЭ, калі з такім жа поспехам палова навучэнцаў магла б здаваць выпускны экзамен, а палова — ЦТ;
  • а калі складанасць тэсту застаецца ранейшай, то ў чым тут «паніжэнне ціску» для гуманітарыяў?
Абітурыентаў зараз будуць прыймаць па характарыстыцы са школы?

7 верасня міністр адукацыі Андрэй Іванец, старшыня цвк Ігар Карпенка (былы міністр адукацыі) і старшыня рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Вадзім Богуш абмяркоўвалі, як будуць прыймаць у ВНУ. Можа тут мы нарэшце знойдзем адказы на ўсе пытанні?

Мы таксама разглядаем магчымасць атрымання характарыстыцы ад педсавета па ўсталяванаму ўзору, яна будзе абавязковай пры заліке ва ўніверсітэт. Хто бачыць школьніка ўсе 11 год? Настаўнікі. Але характарыстыка не будзе несці бальнасць. Атэстат, унутраны экзамен, ЦЭ — так. Гэта як штрых да партрэта абітурыента пры заліку ўнутранага экзамену. Зазірнуць у душу чалавека за 15 хвілін немагчыма, а адказнасць сур’ёзная. (А. Іванец)

Але што жадаюць знайсці ў гэтай характарыстыцы? Сяброўства БРСМ, удзел у «патрыятычных» акцыях? А згодна інфармацыі ад выдання «Зеркало», у кіраўніцтве адукацыі Маскоўскага раёна Мінска навогул паведамілі, што характарыстыка неабходная і будзе дадаваць балы. Гэта значыць, не прайшло і месяца, як дзеянні пачалі разыходзіцца са словамі.

У ВНУ плануецца ўвесці ўнутраны экзамен, як гэта было да з’яўлення ЦТ. Аднак да гэтага часу не было прадстаўлена дастатковай інфармацыі пра рэгламент правядзення і спецыфікацыі. На сайтах ВНУ інфармацыя таксама адсутнічае. Няшмат ад таго, што вядома: унутраныя іспыты будуць праводзіцца ў агульны дзень па кожным навучальным прадмеце для ўсіх ВНУ.

З-за чаго такі падыход — найлепшы? Прасцей кажучы, спынім летаніну паміж універсітэтамі. Выдалім «кашу» з пункту гледжання трохкрокавай сістэмы. І матывуем абітурыента зрабіць усвядомлены выбар. (А. Іванец)

«Каша», мабыць, у галаве асабіста міністра, альбо ён робіць выгляд, быццам не разумее, чаму абітурыенты, якія паступаюць на бюджэт, у апошні дзень пераносяць дакументы ў іншую ВНУ — і справа тут не ў неўсвядомленым выбары. Замест таго каб разгледзець магчымасць падаваць дакументы да некалькіх універсітэтаў, як адбываецца пры паступленні ў еўрапейскія ВНУ, чыноўнікі толькі наракаюць на эміграцыю спецыялістаў за мяжу.

Як разважаюць у іншых краінах: навошта марнаваць грошы на працяглую старанную падрыхтоўку сваіх спецыялістаў, калі можна змахляваць, перавабіўшы іх з-за мяжы. Вось вам працоўная схема. Калі раней у гэтых краінах патрабавалі пацвердзіць дыплом і веданне мовы, дык сёння толькі прыязджай… (І. Карпенка)

У беларускіх ВНУ сёлета сапраўды быў недабор: па словах міністра адукацыі, ён складаў 214 месцаў. Ва ўніверсітэты залічылі ўсіх і нават засталіся месцы. Таксама пасля правальнай уступнай кампаніі-2021, калі давялося аб’яўляць аб дадатковым наборы, зачыніліся некаторыя спецыяльнасці, напрыклад, на Механіка-матэматычным факультэце БДУ, што дазволіла павяртаць конкурс да ўзроўня 2020 года.

Пажадана было б запытаць старшыню цвк, які праводзіў Канстытуцыйны рэферэндум-2022: «Так перавабце й вы спецыялістаў з Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швецыі і іншых краін, „схема“ ж працоўная. Ці ня здольныя?» Таму што пабудаваны вамі і рукамі вашага гаспадарніка «лукалэнд» не патрэбны таленавітым людзям ні з іншых краін, ні з Беларусі.

Час адзначыць працу міністэрства адукацыі. Чаканне: паніжэнне ціску на выпускнікоў 11 класаў ды правядзенне выніковай атэстацыі якую трэба зрабіць значна прасцейшай, але пры гэтым захаваць якасць падрыхтоўкі. Рэчаіснасць: перспектыва павяртацца на дзясяткі год таму, калі для паступлення была патрэбна характарыстыка са школы; паніжэнне ціску з павелічэннем ціску для паловы выпускнікоў і адсутнасць паразумення абітурыентамі, як яны будуць паступаць у ВНУ, калі ў календары ўжо сярэдзіна кастрычніка.

Вядучы
Belarus FM

Некамерцыйная арганізацыя ў Літве, якая аказвае падтрымку ўсім незалежным СМІ, вымушаным пакінуць Беларусь праз небяспеку для іх жыцця і свабоды. Наша місія складаецца ў тым, каб дапамагчы гэтым сродкам масавай інфармацыі працягваць выпускаць высакаякасны кантэнт і заставацца на сувязі са сваёй аўдыторыяй.
Чытайце аб гэтым падрабязней тут👈