Сёння мы гутарым з Аленай Грыбанавай, псіхолагам-кансультантам, крызісным псіхолагам, спецыялістам па працы з траўмай. Алена мае вялікі вопыт вядзення перагаворных працэсаў пры суіцыдальных спробах у грамадзянскага насельніцтва. І сёння мы будзем гаварыць аб траўматычным стрэсе і псіхалагічнай дапамозе для людзей, якія знаходзяцца ў траўматычным стрэсе.
Траўматычны стрэс заўсёды звязаны з такім паняццем як крызіс. Крызіс – гэта кропка адліку, сітуацыя моцнага эмацыйнага, разумовага і фізічнага стрэсу, якая патрабуе значнай змены ўяўлення аб сабе і навакольным свеце за кароткі прамежак часу.
У сусветнай класіфікацыі ёсць наступныя групы пацярпелых у крызісе і траўме:
- ахвяры – пацярпелыя непасрэдна фізічна або маральна і сваякі зніклых без звестак;
- сваякі ці блізкія непасрэдна пацярпелых;
- відавочцы, сведкі, назіральнікі жорсткіх трагедый;
- тэлегледачы або карыстальнікаў сацыяльных сетак.
Трэба разумець, што любыя рэакцыі на траўматычны стрэс – нармальныя. Гэта нармальныя рэакцыі на ненармальныя абставіны. У дадзеным выпадку праблему пагаршае тое, што людзі знаходзяцца ў стане фрустрацыі – да траўматычнага стрэсу дадаецца хранічны. Фрустрацыя – стан сталага чакання нейкіх падзей, якія ўсё ніяк не адбываюцца.
У перыяд стрэсу ўзнікае востры эмацыйны стан, блакавальны на нейкі час для мэтанакіраванай жыццядзейнасці чалавека. Чалавек апынаецца разгубленым перад сітуацыяй траўмы, якая на яго навалілася. Крызіс – гэта заўсёды момант выбару з некалькіх магчымых альтэрнатыў. Тут два выйсця: выбар рэгрэсіі або прагрэсіўнае вырашэнне развіцця чалавека.
Ёсць пэўныя прынцыпы працы або зносін з людзьмі, якія знаходзяцца ў такім стане. Рэакцыі, якія выклікае траўматычны стрэс, вельмі моцныя і вельмі негатыўна пафарбаваныя. Гэтыя рэакцыі часцей палохаюць людзей, прымушаюць крытычна ставіцца да іх. Таму мы засяродзімся ў першую чаргу на прынцыпах і аспектах валанцёрскай дзейнасці ў такіх сітуацыях.
ПРЫНЦЫПЫ ВАЛАНЦЁРСКАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
- Ўласная бяспека – захаванне межаў уласнай бяспекі.
- Пэўная вытрымка – рэакцыі людзей не павінны палохаць, здзіўляць або раздражняць. Усе рэакцыі нармальныя.
- Не нашкодзь – не рабіць таго, у карысці чаго вы не ўпэўненыя. Не браць на сябе тое, што вы зрабіць не можаце, перанакіраваць да спецыяліста. Не браць на сябе больш, чым ты можаш пацягнуць. Лепш абмежавацца спачуваннем і радай звярнуцца да іншага спецыяліста. Лепш дапамагчы менш, але якасней.
АСПЕКТЫ ВАЛАНЦЁРСКАЙ ДЗЕЙНАСЦІ
- Валанцёрская дзейнасць не павінна перашкаджаць асноўнай працы, не павінна ісці на шкоду ёй (не перашкаджаць заробку на жыццё).
- Не павінна ісці на шкоду сям’і.
- Не павінна ісці на шкоду здароўю.
ПАМЯТКА ДЛЯ ВАЛАНЦЁРАЎ
Як неабходна сябе паводзіць падчас працы па аказанні дапамогі?
- Даць магчымасць вымавіцца, для гэтага усталяваўшы даверныя адносіны (факт прыватнасці).
- Пазбягаць дакучлівых парадаў, пытанняў.
- Кантраляваць свой эмацыйны стан (пастава, міміка, выраз твару).
- Нельга падтрымліваць абвінавачванні, гнеў, страхі.
- Нельга выяўляць сваю разгубленасць, паніку, сумневы.
ПАМЫЛКІ ПСІХОЛАГАЎ І ВАЛАНЦЁРАЎ
- Жаданне дакучліва даваць парады і запытваць.
- Моцнае эмацыйнае ўключэнне ў стан пацярпелага.
- Адсутнасць рэфлексіі (адлюстравання стану).
- Праца па ўзоры. Ужыванне сваіх падрыхтаваных пратаколаў без уліку прыватных асаблівасцяў чалавека.
РЭКАМЕНДАЦЫІ
- Не даваць невыканальных абяцанняў, адключыць словы «усё будзе добра», называць рэчы сваімі імёнамі (тое, што адбылося, гэта вельмі дрэнна, але з гэтым трэба навучыцца жыць, на гэта спатрэбіцца шмат сіл). Асцярожна выкарыстоўваць словы-трыгеры. Напрыклад: гвалт, збіццё, катаванні.
- Крытыка, адзнака дрэннай працы іншых валанцёраў або спецыялістаў – недапушчальныя.
- Нельга маляваць сябе усёведным настаўнікам.
- Нельга крытычна ставіцца да паводзін чалавека (ануча, трымайся, што ты размазаўся), не адзначаць з пазіцыі сябе.
Таксама неабходна разбірацца ў тых рэакцыях чалавека, які зведвае траўматычны стрэс:
- Рэакцыя плачу – самая прадуктыўная рэакцыя. Гэта вельмі карысна, выходзяць усе негатыўныя эмоцыі.
- Істэрычная рэакцыя – нармальная сітуацыя, якая выклікае асуджэнне навакольных, але якая мае месца быць.
- Рэакцыя гневу – напрыклад, як могуць хадзіць па рэстаранах падчас такой сітуацыі?
- Апатыя – усе рухі і дзеянні даюцца з цяжкасцю.
- Рэакцыя псіхамоторнага ўзбуджэння – узнятая, рухацельная актыўнасць (трэба бегчы, але не ведаю куды).
- Ступар – патрабуе прафесійнай медыцынскай і медыкаментознай дапамогі.
- Суіцыдальныя паводзіны.
Траўматычны стрэс зведавюць многія, але не кожны траўматычны стрэс прыводзіць да псіхалагічнай траўмы.
Напрыклад:
Чалавек зламаў руку. Гэта балюча, непрыемна, патрабуе працяглага аднаўлення. Але рука зраслася, функцыянальнасць адноўлена, і гэта не ўплывае на жыццядзейнасць чалавека.
Фізічная траўма – калі рука няправільна зраслася, функцыянальнасць парушаная, і гэта паўплывала на жыццядзейнасць.
У наш час усе мы схільныя псіхалагічным стрэсам. І вось мэтай працы валанцёраў і псіхолагаў з’яўляецца не дапусціць трансфармацыю псіхалагічнага стрэсу ў псіхалагічную траўму, якая ўжо будзе аказваць адмоўны ўплыў на жыццядзейнасць.
Падчас нашай гутаркі з Аленай Грыбанавай прагучала нямала важных пытанняў – мы вылучылі самыя актуальныя.
ПЫТАННЕ: Ці можна звяртацца да псіхолага самастойна?
АДКАЗ: Крызісная дапамога адрозніваецца ад звычайнай псіхалагічнай дапамогі. У крызісны момант можна звярнуцца і да блізкага чалавека (псіхолага), калі ён у рэсурсе, калі ён упэўнены, што можа дапамагчы, калі ён сам не залучаны ў гэты стрэс.
ПЫТАННЕ: Больш эфектыўна працаваць псіхолагам афлайн ці анлайн?
АДКАЗ: Я люблю працаваць афлайн ў крызісах, але не заўсёды гэта магчыма. Для мяне асабіста пераважна працаваць з чалавекам ужывую. Акрамя таго, што я ўжываю пэўныя метады і падыходы, дадаецца праца з целам кліента, бо адбываецца праца пэўных эмацыйных станаў праз цела. Але калі такой магчымасці няма, даводзіцца працаваць анлайн.
ПЫТАННЕ: Пасля гэтага трэша (выбараў 2020) не магу прыйсці ў сябе. Асабіста я фізічна не пацярпела, блізкія адкараскаліся лёгка, але да гэтага часу «на кручку». Вонкава ўсё спакойна, але дагэтуль няма цікавасці ні да бізнэсу, ні да сям’і, ні да іншых падзей. Вонкава ўсё ў парадку: праца працуецца, добразычлівыя зносіны прысутнічаюць (хаця зносіны не па маёй ініцыятыве). Усе інтарэсы круцяцца вакол палітыкі. Паводзіны беларусаў у краіне, якія аднаўляюць бізнэс, гуляюць вяселлі, ходзяць у рэстарацыі, размаўляюць не пра палітыку, успрымаюцца калі не варожа, то ледзь не як здрада. Разумею розумам, што жыццё працягваецца, але не магу прыняць. Як быццам выкінутая на ўзбочыну і там затрымалася. Гэта норма? Гэта пройдзе? Ці трэба нешта рабіць?
АДКАЗ: На жаль, гэта пытанне для цэлай кансультацыі.
ПЫТАННЕ: Калі патрэбна дапамога псіхолага, А калі псіхіятра? У якіх выпадках пасля паходу да псыхіятра можна трапіць у лякарню? Як вызначыць псіхатраўмы?
АДКАЗ: Для пачатку давайце разбярэмся ў класіфікацыі саміх лекараў:
- Псіхіятр – гэта доктар з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, які працуе з псіхічнымі парушэннямі, з тымі захворваннямі псіхікі, якія патрабуюць медычнага, медыкаментознага лекавання з магчымасцю шпіталізацыі (псіхозы: трызненне; галюцынацыі; дэманстратыўныя суіцыды).
- Псіхатэрапеўт мае вышэйшую медыцынскую адукацыю і займаецца здаровымі людзьмі, якія маюць пэўныя (памежныя) станы: дэпрэсіі, неўрозы. Яны працуюць як медыкаментозна, так і праводзяць сеансы псіхатэрапіі.
- Псіхолаг можа не мець вышэйшай медыцынскай адукацыі, а толькі псіхалагічную, займаецца не медыкаментознымі метадамі псіхакарэкцыі (не прызначае лекаў).
Дык каго неабходна адпраўляць да псіхолага?
– Чалавека, які сам заяўляе аб жаданні атрымаць псіхалагічную дапамогу, а вы некампетэнтныя ў аказанні патрэбнай яму дапамогі або ўсведамляеце недахоп рэсурсаў.
– Таксама чалавека, які скардзіцца на доўгі стан прыгнечанасці, безнадзейнасці, бездапаможнасці, на парушэнне сну (бяссанне, кашмары), на пагаршэнне разумовых працэсаў, дрэнную памяць, на немагчымасць канцэнтрацыі ўвагі, на страту цікавасці да жыцця, на з’яўленне думак пра суіцыд, на прысутнасць флэшбэкаў (дакучлівых успамінаў), на прысутнасць трывожнасці, на значную страту вагі.
ПЫТАННЕ: Калі людзі не хочуць размаўляць пра сённяшнія падзеі ў краіне, замоўчваюць, хаваюцца ад рэальнасці, ці трэба іх пакінуць у спакоі, каб не траўмаваць. Ці такія людзі заганяюць праблему ўнутр, і потым будзе яшчэ горш? Ці патрэбна праца з псіхолагам або само пройдзе?
АДКАЗ: Калі чалавек знаходзіцца ў стане працяглага посттраўматычнага стрэсавага засмучэння (ППСЗ) і не надае сур’ёзнага значэння гэтаму, а спрабуе вырашыць праблему сыходам ад рэальнасці, жаданнем забыцца, то існуе верагоднасць не пазбегнуць негатыўных ускладненняў, якія могуць доўжыцца ўсё жыццё і якія вельмі цяжка паддаюцца карэкцыі.
Спробы самастойна справіцца з станамі ППСЗ шляхам сыходу ад рэальнасці, адмаўлення яе, жадання забыцца, нівеляваць тое, што здарылася з ім прыводзяць да негатыўнага стану, ускладненняў, якія пераходзяць у хранічныя і цяжка паддаюцца лячэнню. Спробы ўцячы ад вяртаючыхся ўспамінаў звачайна прыводзяць да дэструкцыі (алкаголь, наркотыкі, таблеткі).
Неабходна пераконваць людзей у неабходнасці сур’ёзнага стаўлення да гэтай сітуацыі, бо ад таго, як яны будуць ставіцца да яе, дзейнічаць, будзе залежыць не толькі іх здароўе, але і здароўе іх дзяцей.
Сітуацыя росту ППСЗ ў насельніцтва па ўсіх прагнозах не прайшла і будзе адбывацца далей, што будзе выклікаць павялічэнне выпадкаў ускладнення. Адбываецца гэта па прычыне дрэннай інфармаванасці людзей, неразумення неабходнасці атрымання псіхалагічнай дапамогі. Кожны абірае для сябе як глядзець на гэтую сітуацыю: ці ён – ахвяра, пацярпелы, ці ён пераадолеў, уключыў усе свае рэсурсы (асноўныя, дадатковыя, знешнія, унутраныя) для актыўнай барацьбы з праблемай.