Як жывуць дзеці ў турмах і пасля іх?

Паслухаць
Нямала беларускіх падлеткаў апынуліся на лаве падсудных з 2014 года – года, калі свет пабачыў Дэкрэт №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». Пасля выбараў 2020 года хлапчукі і дзяўчынкі сталі трапляць у месцы несвабоды яшчэ і за гвалт над сілавікамі, каментары ў інтэрнэце, удзел у масавых мерапрыемствах. Але дзеці знаходзяцца ў зняволенні яшчэ і ў інтэрнатах, дыспансерах і дзіцячых дамах. У галасавы чат «Нашага Дома» зазірнуў украінскі праваабаронца, каардынатар маніторынгавай кампаніі «Паліцыя пад кантролем» Сяргей Пернікоза, які больш за сем гадоў наведвае месцы несвабоды дзяцей. Мы пагаварылі пра тое, як жывуць дзеці ў месцах несвабоды, ці дапамагае дзяржава падлеткам у складанай жыццёвай сітуацыі і што чакае ўкраінскіх хлопцаў пасля інтэрнатаў ды калоній.

– Сяргей, у Беларусі вельмі шмат дзяцей-сірот, выйшаўшы з дзіцячага дома або пазбавіўшыся бацькоў, адгукаюцца на прапановы лёгкага заробку і трапляюць у турму. Раскажыце, калі ласка, як украінскія дзеці апынаюцца ў месцах зняволення?

– Калі паглядзець на сістэму ўвогуле, дзіця спачатку трапляе ў дзіцячы дом, дзе знаходзіцца да пэўнага ўзросту, затым апынаецца ў навучальнай установе, дзе яму даюць жытло толькі на час навучання. Дзяржава ўтрымлівае дзяцей, але не імкнецца іх сацыялізаваць, падтрымаць. У дзіцячых дамах і інтэрнатах няма праграм па навучанні абыходжанню з фінансамі. Чалавек атрымлівае дапамогу і не ведае, што з ёй рабіць, бо не меў магчымасці расходаваць грошы. Ён ідзе па шляху найменшага супраціву і марнуе грошы на атрыманне імгненных задавальненняў. Пад уплывам дэпрэсіі ён выбірае шлях наркотыкаў і сыходзіць з жыцця. У рамках сваёй дзейнасці я наведаў мужчынскую калонію ў Днепрапятроўскай вобласці. Мы пабачылі спіс людзей, якія там знаходзяцца, жадалі пагутарыць. Адзін зняволены распавёў, што знаходзіцца ў турме за захоўванне наркотыкаў. У яго быў пацверджаны ВІЧ, яму павінны былі прызначыць тэрапію, але лекаў не давалі, і жыць яму засталося няшмат. Распавёў, што сірата, быў у доме-інтэрнаце, пасля яго пайшоў у вучылішча, трохі адвучыўся і пачаў ужываць наркотыкі. Грамадства не ўбачыла, што чалавек – наркаман, не адрэагавала. Іншы выпадак – у СІЗА мы пазнаёміліся з чалавекам, які выхоўваўся ў дзіцячым доме. Калі яму споўнілася 18 гадоў, ён пачаў бадзяцца, з-за таго што жытла ў яго не было. Не паступіў у каледж, апынуўся на вуліцы, прыбіўся да адной з рэлігійных установаў, дзе над ім здзейснілі сэксуальны гвалт. Гэта паўплывала на яго псіхіку, прымусіла здзейсніць злачынства.

– У Беларусі толькі адна падлеткавая калонія – выхаваўчая калонія №2 ў Бабруйску. Дзяўчынкі адбываюць пакаранне з дарослымі жанчынамі. Ці ёсць ва Украіне асобная турма для непоўнагадовых дзяўчат і чым у прынцыпе адрозніваюцца месцы несвабоды для дзяўчынак і хлопчыкаў?

– Вялікага адрознення паміж месцамі несвабоды для дзяцей рознага полу няма. Вельмі часта хлопчыкі і дзяўчынкі знаходзяцца ў адным будынку, толькі ў розных сектарах або на розных паверхах. Прынцыповага адрознення ў дачыненні да іх з боку персаналу таксама няма – яны ў аднолькавых умовах. Хіба што ў СІЗА я дзяўчынак не сустракаў: злачынствы здзяйсняюць пераважна хлопчыкі. У дзіцячых дамах і інтэрнатах падзелу няма – тут хлопчыкі і дзяўчынкі, як правіла, знаходзяцца, у агульных групах. У псіханеўралагічных лякарнях дзяўчынкі і хлопчыкі таксама знаходзяцца разам. Дарэчы, калоніі ва Украіне зачыняюцца, там скарачаюць колькасць зняволеных шляхам лібералізацыі крымінальнага кодэксу. Для людзей абіраюць іншае пакаранне: штраф, папраўчыя працы. Дзіцячых калоній ва Украіне цяпер дзве. Але дзяўчынак-злачынцаў, якія ўчынілі асабліва цяжкія злачынствы, не так шмат. Нягледзячы на тое, што калоніі называюцца папраўчымі, а не працоўнымі, людзі там працуюць па 10-12 гадзін і атрымліваюць існыя капейкі. За месяц працы ў лепшым выпадку яны могуць купіць сабе пачку цыгарэт – гэта, шчыра кажучы, рабская праца.

– У Беларусі катаванні над дзецьмі ў месцах зняволення не з’яўляюцца чымсьці незвычайным. Напрыклад, Мікіта Залатароў, Эміль Астраўко, Віталь Прохараў. А як часта ўкраінскія падлеткі ў канфлікце з законам сутыкаюцца з катаваннямі ў турмах?

– Факты катаванняў над дзецьмі ў турмах ва Украіне не сістэмныя, але яны ёсць. Пад катаваннямі мы разумеем не толькі гвалт з боку адміністрацыі, але і гвалт з боку іншых дзяцей-зняволеных. У нашай практыцы была гісторыя працы з маладым чалавекам, над якім у дзіцячай калоніі здзекаваліся яго раўналеткі пад пратэкцыяй адміністрацыі. У яго не было іншага выйсця, акрамя як забіць дзіця, якое яго катавала. І ён паехаў адбываць пакаранне ўжо за забойства, ведаючы наперад, што так адбудзецца. Ён прызнаўся, што здзейсніў злачынства, таму што трываць ужо не было сіл, а адміністрацыя і дзяржава не маглі яму дапамагчы. Гэта жудасна, што дзяржава не занепакоілася тым, што будзе з гэтым чалавекам, і падштурхнула яго да такога рашэння. Але таксама востра стаіць пытанне пакарання дзяцей у месцах несвабоды. Універсальнага падыходу ва ўстановах не было. Персанал распавядае, што яны не даюць дзецям цукеркі, калі яны не слухаюцца. Пра гэта наўпрост не гавораць, але па вялікім рахунку, ёсць фізічныя пакаранні. Пры гэтым дзіця не можа растлумачыць, што яго каралі, і атрымліваецца псіхалагічная траўма на ўсё жыццё.

– Выйшаўшы з турмы, многія дзеці (сіроты, дзетдомаўцы, з няшчасных сем’яў) застаюцца адны, іх няма каму падтрымаць, ім трэба шукаць працу – а супрацоўніка з даведкай аб судзімасці ніхто браць не хоча. Як дзіцяці, якое прайшло праз турму, не вярнуцца туды зноў у такіх абставінах?

– Па вялікім рахунку, такія дзеці асуджаныя. Калі дзіця выйдзе з месца несвабоды і інтэгруецца, гэта цуд. Грамадству глыбока напляваць на такія сітуацыі, і, як правіла, чалавек вяртаецца ў тую ж калонію, адкуль выйшаў, бо варыянтаў асабліва няма. Або калонія, або вуліца, дзе людзі доўга не жывуць, або псіханеўралагічны інтэрнат, дзе ў картку запісваюць засмучэнне псіхікі, і чалавек застаецца там да канца жыцця. Вельмі часта ў калоніях сядзяць тыя, хто трапляў туды з дзіцячага ўзросту і вяртаўся чатыры-пяць разоў. Мы жадаем зрабіць праэкт пра дзяцей-выпускнікоў інтэрнатаў, распавесці, як склалася іх жыццё. Ёсць вялікія падозры, што ўсе яны, як правіла, апынаюцца ў калоніях. Дзяржава імі не цікавіцца: як толькі яны сталі поўнагадовымі – хай круцяцца як хочуць. Ёсць варыянт трапіць у псіханеўралагічны інтэрнат, дзе будзе дах над галавой, дзе будуць карміць. Найгоршае становішча – менавіта ў дзяцей, якія знаходзяцца ў псіханеўралагічных лякарнях і інтэрнатах. Выводзіць іх з гэтай сістэмы ніхто не жадае, бо чым больш пацыентаў ва ўстановах, тым больш фінансаў. Матывацыі працаваць з людзьмі, навучаць, дапамагчы ім у жыцці, няма. Праграмы сацыяльнай рэабілітацыі ёсць толькі на паперы, але насамрэч іх нічому не навучаюць. Дзіця, якое трапіла ў гэтую сістэму, не можа выйсці адтуль і сацыялізавацца – гэта пажыццёвы прысуд. Установы падобнага тыпу павінны змяніць вектар дзейнасці, каб іх эфектыўнасць вызначалася па тым, да чаго там змаглі навучыць людзей. Дзеці нашмат менш абаронены ў параўнанні з дарослымі. У нас была сітуацыя, калі ў псіханеўралагічнай установе знайшлі дзяцей, якія чатыры месяцы не выходзілі на вуліцу. Калі мы спыталі, чаму, нам сказалі, што гэта праз каранавірус. Высвятлілася, што адно дзіця паспрабавала уцячы, і таму дзяцей наогул перасталі выпускаць на вуліцу.

– У Беларусі наогул ёсць нямала фактаў ужывання карнай псіхіятрыі да жанчын і дзяўчат, але дзяржава імкнецца хаваць іх. Як адбываюцца справы з карнай псіхіятрыяй ва Украіне, дзе, як вы сказалі, шмат дзяцей утрымліваюцца ў псіханеўралагічных інтэрнатах?

– Калі ва Украіне адбываюцца такія выпадкі, у грамадстве ўзнікае велізарны рэзананс. Але дзеці, якія знаходзяцца без бацькоўскай апекі, не маюць сваякоў, не цікавыя медыям. Таму такія факты праходзяць міма. Тым больш, многія паступаюць у псіханеўралагічныя інтэрнаты добраахвотна, у абмен на ежу і дах над галавой. Варта заўважыць, што такія ўстановы не знаходзяцца ў цэнтрах гарадоў. Ёсць будынкі, якія знаходзяцца за 80-90 кіламетраў ад абласнога цэнтру, гэта значыць выйсці адтуль, атрымаць адукацыю нерэальна.

– Яшчэ адно немалаважнае пытанне, якое немагчыма не запытаць. Як часта ў месцах несвабоды для дзяцей здараюцца падлеткавыя цяжарнасці?

– У пачатку свайго адказу адзначу, што цяжарнасць – гэта адзін з метадаў змякчэння пакарання ў СІЗА або калоніі. Калі зняволеная зацяжарыць, суддзя можа змяніць ёй меру стрымання. У маёй практыцы быў выпадак, калі зацяжарыла жанчына, якая знаходзіцца ў СІЗА два гады толькі са зняволенымі свайго полу. Адносна падлеткавай цяжарнасці – сітуацыя катастрафічная. Дзеці знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах да 16 гадоў, а часам і даўжэй (да заканчэння школы). У гэтым узросце яны могуць весці палавое жыццё, і гэтыя моманты ніхто не кантралюе, безумоўна думаючы, што дзеці сэксам не займаюцца. Такія факты не становяцца рэзананснымі, грамадства пра іх ня ведае. Адэкватнай працы з дзецьмі з нагоды засцярогі няма. Сітуацыя вельмі сумная. Мы не ведаем пра факты падлеткавай цяжарнасці ў месцах несвабоды, але гэта не пазітыўны момант – хутчэй, гэта насцярожвае. Бо факты палавых адносін паміж дзецьмі ёсць, але іх хаваюць ад нас ці вырашаюць іншым чынам. Гэтай тэмай варта заняцца больш дэталёва, бо незразумела, па колькі такая цяжарнасць была пажаданай, ці хацела непоўнагадовая дзяўчына рабіць аборт, куды потым трапляюць народжаныя малыя.

– І апошняе. Як вы думаеце, як можна змяніць сістэму падтрымання дзяцей у месцах несвабоды, бо цяпер яна не эфектыўная?

– Гэтая сістэма павінна змяняцца, але варыянт узяць сістэму іншай краіны і рэалізаваць у нашым грамадстве, няправільны, бо сітуацыі і людзі розныя. Трэба браць сваю метадалогію, якая грунтуецца на агульназразумелых прынцыпах і адэкватных арыенцірах. Напрыклад, колькі дзяцей выйшлі з месцаў несвабоды і змаглі ўладкавацца ў жыцці, як дзяржава ўплывала на гэта. Пасля гэтага можна рэфармаваць сістэму далей. Чаму такое неабходна? Таму што раней ці позней дзеці з гэтых месцаў выходзяць і трапляюць да нас у грамадства. І часцей за ўсё пачынаюць здзяйсняць злачынствы. Ці гатовае грамадства траціць грошы на тое, каб побач жыў чалавек, над якім здзекаваліся, які знаходзіўся ў жудасных умовах?

На прыканчэнне галасавога чату Сяргей Пернікоза падкрэсліў, што грамадская ўвага да пытання жыцця дзяцей у месцах несвабоды зніжае ўзровень бязмежжа, якое там адбываецца. Каманда МЦГІ «Наш Дом» працуе паводле такога ж прынцыпу – менавіта таму яны расказваюць пра дзяцей-328, дзяцей-палітвязняў у Беларусі. Мы ўсе лічым, што ні адно дзіця не мае права быць пазбаўленае волі, тым больш незаконна, з ужываннем катаванняў і гвалту, невыкананнем элементарных правоў і свабод. І гэтая сістэма абавязкова павінна змяніцца.

Вядучы
Наш Дом

Міжнародны Цэнтр Грамадзянскіх Ініцыятыў «Наш Дом» у супрацоўніцтве і пры тэхнічнай падтрымцы Belarus FM выпусціў мноства подкастаў у якіх асаблівая ўвага надаецца жанчынам і дзецям, якія лёгка становяцца ахвярамі парушэнняў правоў чалавека ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў.
Чытайце аб іх місіі тут👈